Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— І глыбокая-ж ваша старасьць, — зьдзівіўся судзьдзя. — Беднаму Тэгу, спадзяюся, вас не дагнаць.

— І я не адстану, — сказаў Тэг.

— Як, і ты стары?

— На дваццаць першым годзе я купіў цэлы карабель брытваў і ўчора прытупіў апошнюю, як галіўся.

— Ну, — сказаў судзьдзя, — прыходзілася мне часам чуць аб старых людзёх, але такой глыбокай старасьці сьвет ня бачыў яшчэ з таго часу, як здохла Мафусаілава кошка. Хто з вас старэй, ні за што не магу сказаць. Але ведаеце што, я сенажаць аддам таму, у каго лепшая памяць.

— Калі так, — адазваўся Кональ, — дык сенажаць мая. Я памятаю яшчэ тыя часы, калі чалавек, наступіўшы кошцы на хвост, ня меў яшчэ звычаю пацяшаць яе піханьнем нагі.

— Так, — сказаў судзьдзя, — ты памятаеш папраўдзе незапомныя часы, мусіць сенажаць астанецца за табой, Кональ.

— Ня сьпяшайцеся! — сказаў Дональ. — Я памятаю часы, калі кабета не казала ніводнаго кепскаго слова аб сваей прыяцельцы.

— Дзіўная-ж у цябе памяць, Дональ, калі ты памятаеш такую старыну. Не спадзяюся, Тэг, каб твая памяць была такая самая, як у тваіх братоў.

— Чаму ня так, — сказаў Тэг. — Я памятаю часы, калі з дзесяцёх чалавек не знаходзілася і дзевяці лгароў.

— Ого-го! — аж крыкнуў судзьдзя. — Дык у цябе, Тэг, казачная памяць. Ня ведаю, што і рабіць з вамі. А вось што: я прысуджу сенажаць таму, у каго вострыя вочы.

— Тады сенажаць мая, — сказаў Дональ. — Каб на верхавіне вунь тэй гары, за пятнаццаць вёрст, сядзела муха, дык я-б мог вам сказаць, ці яна моргае вачыма, ці не.

— У цябе дзіўны зрок, Кональ, — сказаў судзьдзя. — Здаецца, што сенажаць будзе твая.

— Ня сьпяшайцеся! — пачаў Дональ. — У мяне зрок ня горшы: я магу вам сказаць, ці яна моргае ад сьмяцьцінкі ў воку, ці ад якой іншай прычыны.