Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Амадан бачыў увесь сьвет, а над яго галавой нічога ня было.

Жабрак кінуўся к Амадану і зароў гэтак страшна, што аж зоркі на небе задрыжалі. Ён запытаўся ў Амадана, хто ён такі і што вялікае ён зрабіў, што пасьмеў зьявіцца сюды.

Амадан адказаў:

— Мяне завуць Амадан Цеставік; я забіў Слэт Мора, Слэт Мара, Слэт Біга, Ведзьму Скал і яе чатырох ведзьмароў, Чорнага Быка Рудога Лесу і Белага Барана з Гары Вадаспадаў, а яшчэ не надойдзе ноч, як заб’ю Жабрака швэдзкага караля.

— Гэта табе ніколі ня здарыцца зрабіць, — сказаў Жабрак, — ты сам памрэш. Выбірай, што табе лепш: ці памерці ў маіх абоймах, ці ад удару мяча.

— Калі паміраць, — адказаў Амадан, — то лепш я памру ад удараў мяча.

— Добра, — сказаў Жабрак і выцягнуў свой меч. У тую-ж хвілю Амадан выцягнуў свой, і пачалася бойка.

Калі ранейшыя бойкі былі цяжкія, то гэтая была страшней ад усіх. Доўга яны біліся. У канцы Жабрак змарыўся і заслаб. Ён сьвіснуў і ля яго пачаў зьбірацца туман. Не пасьпеў Амадан апамятацца, як Жабрак падняўся на неба.

Адпачыўшы крышку, ён зноў спусьціўся на зямлю, кінуўся на Амадана і бойка зноў пачалася. Праз нейкі час Жабрак зноў змарыўся, сьвіснуў, і туман ужо пачаў яго абхінаць.

Тутака Амадану прыйшлі на памяць словы рудой кабеты, ён падскочыў угару, праткнуў Жабраку сэрца і той упаў мёртвы. Аднак-жа, паміраючы, ён наклаў на Амадана зарок, каб Амадан адшукаў і забіў Серабрыстую кошку Сямёх Далінаў.

Амадан залячыў свае раны жывой вадой і здаровым вярнуўся да рудой кабеты. Яна з радасьцю спаткала яго і запыталася, што з ім было.

Амадан сказаў ёй, што ён забіў Жабрака і што той наклаў на яго зарок забіць Серабрыстую Кошку Сямёх Далінаў.