Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

галінцы яго будзе вісець касьцяны пярсьцёнак. Гэты пярсьцёнак ты забяры з сабою. Калі прыдзеш да хаты, малады Роры будзе гутарыць з тваёй жонкай на кухні. Ты не заходзь на кухню, а ідзі ў хлеў і ўсадзі пярсьцёнак у ноздру карове; потым ціхутка паляжы на мейсцы, і скора ў цябе будзе плэшэм, які ты і пагоніш у прынцаў замак.

Шэмус падзякаваў Рыжага Дзядка і ў тую самую ноч пайшоў у Даліну Фей. На аднэй галінцы Чарадзейнага Цярноўніка ўбачыў ён пярсьцёнак, узяў яго з сабою і пайшоў дамоў. Праз кухеннае вакно ён прымеціў Нэнсі і Роры. Яны сядзелі каля печкі і вясёла гутарылі аб тым, як гэта добра ім будзе, калі яны пазбавяцца яго. Шэмус не сказаў ні слова і пайшоў сабе ў хлеў. Там ён засунуў пярсьцёнак у ноздру сваёй каровы і, як толькі ён гэта зрабіў, карова пачала кідацца ўва ўсе бакі і падняла страшэнны гвалт. Зрабіўшы сваё дзела, Шэмус схаваўся ў куточку ў купе сена. Праз хвіліну ўбегла ў хлеў Нэнсі, каб паглядзець, што гэта непакоіць пярэстую. Яна ўдарыла карову кулаком, каб яе заспакоіць, але як толькі яна дакранулася да яе, як рука прырасла да каровы, і яна не магла яе адарваць.

На помач да Нэнсі выбег Роры, пачуўшы яе адчаяны крык:

— Роры, Роры, адарві мяне ад каровы!

Роры ўхапіўся за Нэнсі, каб адарваць яе, але ледзьве ён гэта зрабіў, як яго рукі прырасьлі да Нэнсі, і ён ужо ня мог іх адарваць.

Тут Шэмус выбег з свайго кутка, з кучы сена.

— Гоп, гоп, плэшэм, — крыкнуў Шэмус, — паганяй, ня стой!

І выскачыла з хлява карова з прыросшымі да яе Нэнсі і Роры дый кінулася проста да замку. Карова раўла і брыкалася. Нэнсі і Роры крычалі і вішчалі, як няпрытомныя. Разам яны рабілі вялікі шум і ўзбурылі ўсю вёску, якая збеглася паглядзець, што такое здарылася.

Карова прабегла каля хаты Роры, і маці яго, бачучы, што ён прырос да Нэнсі, выбегла, каб адарваць