хатку і ўбачыла ў ёй старую Ведзьму. Ведзьма запыталася ў яе, куды яна йдзе, а дзяўчына адказала, што йдзе шукаць шчасьця.
— Мо’ ты засталася-б у мяне, — сказала Ведзьма. — Мне якраз патрэбна цяпер служанка.
— А што я буду ў цябе рабіць?
— Будзеш умываць мяне, апранаць, замятаць печку. Але-ж вялікую будзеш мець бяду, калі ўздумаеш паглядзець у комін.
— Згаджаюся, — сказала дзяўчына.
На другі дзень, як Ведзьма прадзёрла свае вочы, дзяўчына памыла і апранула яе, а калі Ведзьма выйшла з хаты, яна чыста падмяла пячурку і падумала пры гэтым: ня будзе вялікае бяды, калі я адным вокам гляну ў комін. Яна падняла вочы, і ўбачыла, што ў коміне вісела скураная торба з золатам і срэбрам, украдзеная ў яе маці. Яна схапіла яе, закінула на плечы і, як мага, пабегла да хаты.
Не пасьпела яна далёка адбегчыся ад ведзьмінай хаткі, як спаткала каня, які пасьвіўся ў полі. Убачыўшы дзяўчыну, конь загаварыў чалавечым голасам: — Паскрабі мяне, паскрабі мяне! Вось ужо сем гадоў, як мяне ніхто ня скроб.
Але яна толькі ўдэрыла яго кіем, які мела ў рукох, і прагнала з дарогі.
Скора спаткалася яна з авечкай, якая сказала: — Пастрыжы мяне, пастрыжы мяне! Ужо сем гадоў, як мяне ня стрыглі.
Але дзяўчына ўдэрыла аўцу і сагнала яе з дарогі.
Далей спаткала яна спутанага казла, каторы прасіў яе: — Зьмяні мае путы, зьмяні мае путы! Вось ужо сем гадоў, як мне не зьмянялі путаў.
Яна шыбанула каменем у казла і пайшла далей.
Яшчэ далей па дарозе да яе зьвярнулася печка: — Вычысьці мяне, вычысьці мяне! Ужо сем гадоў, як мяне ніхто ня чысьціў.
Але дзяўчына злосна глянула на печку і пабегла далей.
Потым спаткала яна карову: — Падой мяне, падой мяне! Мяне не даілі ўжо сем гадоў, — сказала карова.