Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бутэлечку з жывой вадой і сусьветныя скарбы для Сіада, якому трэба было аддзякаваць за яго заслугі.

І сказаў Пэрсідзкі Цар:

— Нікому ў сьвеце не аддаў-бы я гэтых скарбаў, але слаўнаму Сіаду аддаю іх ад шчырага сэрца.

Гэтую ноч Сіад і Шпаркі Меч пераначавалі ў замку Пэрсідзкага цара, а раніцай паехалі дамоў. Прыехаўшы да Раўніны Крыві, яны брызнулі кропельку жывой вады на войска Шпаркага Мяча, і ўсё войска адразу аджыло.

Тутака Шпаркі Меч са сваім войскам пайшоў заваёўваць Усход, а Сіад, не марнуючы дарма часу, простай дарогай скіраваўся дамоў.

У вечар таго дня, які быў яму вызначаны, — роўна праз тры гады і адзін дзень, Сіад стаяў на тым мейсцы, адкуль пачаў сваю дарогу. Чорнае Вочка ўжо чакала яго на беразе мора. Ён даў ёй бутэлечку з жывой вадой, і чары злой мачахі спалі з яе. Разам паехалі яны на востраў, дзе засталіся браты Сіада, — Сэуд і Мітсэуд. Аджывіўшы іх, яны ўсе чацьвёра з жывой вадой і сусьветнымі скарбамі прыехалі да замку бацькоў Сіада.

Неўзабаве быў пасланы ў Францыю зьвястун, каб паклікаць караля і яго двор на вясельле дачкі. Другі пасланец павёз да Друіда Ірляндзкага караля чарадзейную сетку і трэцюю частку сусьветных скарбаў і запрашэньне да караля, каб зьявіўся са сваім дваром на вясельле.

За вясельным сталом сядзела сто каралёў. Вясельле гулялі дзевяцьдзесят дзевяць дзён і дзевяцьдзесят дзевяць ночаў, і кожны дзень быў вясёлейшы за папярядні.

Сіад і Чорнае Вочка пражылі сабе вясёлыя і шчасьлівыя аж да глыбокае старасьці.