Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ці ў цябе ёсьць памоцніцы? — запытаўся ён.

— Колькі хочаш, — адказала яна.

— А нут-ка, пакажы мне іх.

Ведзьма стукнула сваім кіем па ачагу і раптам зьявіліся дзевяць другіх ведзьмаў, такіх самых старых і страшных, як яна сама. Ізноў стукнула кіем, і перад Сіадам стаялі дзевяць найпрыгажэйшых дзяўчын, якіх ён ніколі і ня бачыў.

— Калі ты застанешся жыць са мной, — сказала ведзьма, — дык можаш выбраць сабе ў жонкі якую захочаш з гэтых красуняў.

Але Сіад успомніў францускую каралеўну Чорнае Вочка і свае абяцаньне вярнуцца да яе і адмовіўся жыць у ведзьмы. Яна са злосьці стукнула аб землю кіем і дзяўчыны згінулі. Сіад-жа папрасіў павячэраць і пераначаваць.

Ведзьма пачаставала яго кролікавым языком і лапкамі, а замест пярыны паклала яму калючую траву, а ў сябры дала чорнага ката.

Раніцай ён запытаўся ў ведзьмы, дзе яму знайсьці царыцу вострава.

— Я царыца вострава, — адказала ведзьма.

— Вось яно што, — зьдзівіўся Сіад. — Дык хутчэй давай-жа мне бутэлечку з жывой вадой і сусьветныя скарбы.

— Гэтага ты не дастанеш.

— А калі не дастану, — сказаў Сіад, — дык вазьму твой кій, і пакрышу ўсе твае косьці.

— Відаць адразу, што ты праўдзівы герой, — кпіла ведзьма. — Але ты не падблізішся к жывой вадзе і к сусьветным скарбам і на паўвяршка, калі і зьмелеш мяне на муку. Ці-ж ты ня ведаеш, што Фіч-Ан-Крук, страшэнны чарадзей, што жыве ў горах, ужо дзьве сотні гадоў, як адабраў ад мяне і жывую воду і скарбы.

— Гэта — мана, — сказаў Сіад.

Але ведзьма паказала яму сьляды капцюроў Фіча, у якіх яшчэ ня высахла вада ад дажджу, што ішоў уночы.

— А дзе ён жыве?

— Ён жыве на канцы сьвету.