Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што гэта за замак? — зацікавіўся Джэк.

— Гэта замак асілка Бліскучага Мяча, — адказаў рыжы карлік.

— А, — сказаў Джэк, — чуў я аб гэтым страшным асілку і аб яго мячы. Не шкодзіла-б нам ісьці хутчэй адгэтуль прэч.

— Ніколі яшчэ я не ўцякаў ні перад кім з сьмяротных, — сказаў карлік, — і цяпер гэтага не зраблю. Калі мы ўжо прыйшлі сюды, дык і пераначуем тутака.

І ён пастукаў у браму; адтуль выйшаў страшны асілак з трыма вялікімі галавамі і гэтак грозна зароў, што аж горы задрыжалі.

— Чаго вам трэба?

— Мы два бедныя падарожнікі, — адказаў руды карлік. — Ноч напаткала нас у дарозе, і мы просім накарміць нас і даць прытулак на ноч.

— Ха, ха, ха! — грозна зарагатаў асілак. — Я сам добра павячэраю вамі і высьплюся на вашых костачках.

З гэтымі словамі ён выхапіў з похвы свой страшны Бліскучы Меч, зьзяньне якога тройчы абягала кругом сьвету, як толькі яго выймалі з похвы, а самы лёгкі ўдар насьмерць забіваў усякую жывую істоту. У гэтую-ж хвілю рыжы карлік накінуў на асілка Плашч-Нявідзімку, які закрыў яму вочы, і, схапіўшы свой меч, пачаў рубіць, калоць і рэзаць яго. Асілак-жа з закрытымі вачамі ня мог папасьць у яго, і скора рыжы карлік праткнуў мячом яго сэрца і асілак зваліўся мёртвы.

Карлік з Джэкам увайшлі ў замак, дзе знайшлі добрую вячэру і мягкую пасьцель, на якой салодка выспаліся, а раніцай зноў пайшлі далей, захапіўшы з сабой Бліскучы Меч.

Маючы пры сабе Бяздонную Кеску, яны цяпер ужо былі ўсім забясьпечаны і вясёлыя йшлі сабе ды йшлі, пакуль, урэшце, дайшлі да замку Каралеўны. Не даходзячы да замку, яны завялі сваіх коней (цяпер яны ўжо езьдзілі на добрых конях) у кузьню і падкавалі іх золатам, потым селі на іх і паехалі да замку.