Старонка:Ірляндзкія Народныя Казкі (1923).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але руды карлік раптам выхапіў свой меч і кінуўся на асілка, а асілак схапіў свой і кінуўся на карліка. Доўга яны біліся з вялікай злосьцю, аж пакуль карлік не праткнуў асілка і забіў яго.

Потым карлік павёў Джэка ў замак, дзе яны знайшлі добрую вячэру і мягкія ложкі. На заўтра раніцаю яны пайшлі далей. Рыжы карлік захапіў з сабою Плашч-Нявідзімку ў забітага асілка.

Яны йшлі праз увесь дзень і да ночы падыйшлі да другога замку.

— Чый гэта замак? — запытаў Джэк.

— Гэта, — адказаў рыжы карлік, — замак асілка, які мае Бяздонную Кеску.

— А, я чуў аб гэтым страшным асілку. Пойдзем далей і застановімся дзе-небудзь у іншым мейсцы.

— Не, — мы застанемся толькі тутака, — сказаў карлік. — Ніколі не баяўся я небясьпекі, а цяпер мне ўжо позна вучыцца баяцца.

І перш, чым Джэк пасьпеў адказаць, ён пастукаў у браму; адтуль паказаўся асілак з дзьвюма галавамі і зароў:

— Чаго вам трэба, скуль прынясло вас сюды?

— Нам патрэбна ня многа, — тое, што і кожнаму падарожніку, — паесьць і выспацца, — адказаў рыжы карлік.

— Мне самому патрэбна гэтае, — сказаў асілак. — Я зраблю сабе смачную вячэру з вашаго мяса і салодка высьплюся на вашых костачках. — І ён гэтак страшэнна зарагатаў, што задрыжаў замак і аж валасы пасталі ад страху на галаве беднага Джэка.

Але ў гэтую-ж хвілю рыжы карлік выхапіў свой меч і кінуўся на асілка, а той схапіўся за свой, і пачаўся вялікі, страшны бой. Нарэшце рыжы карлік праткнуў мячом сэрца асілка і забіў яго.

Потым яны пайшлі ў замак, дзе знайшлі добрую вячэру і мягкую пасьцель і спакойна праспалі да раньня.

На другі дзень яны пайшлі далей, захапіўшы Бяздонную Кеску. Увесь дзень яны йшлі, а ўночы падышлі да трэцяга замка.