Перайсці да зместу

Старажовы курган (п’еса)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старажовы курган
П’еса
Аўтар: Карусь Каганец
1910
Крыніца: https://knihi.com/Karus_Kahaniec/Starazovy_kurhan_pjesa.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АСОБЫ

Орка — шынкар.

Хэйна — яго дачка.

Ваявода.

Казанак Мікола.

Вульяна.


3'ява І

[правіць]

У мястэчку прасторная карчма. Чуваць топат, людскія галасы і пырханне коней. Орка кашляе ў бакоўцы; Хэйна глядзіць у акно, потым ідзе к дзвярам і ў дзвярах спатыкаецца з ваяводаю.

Ваявода (уваходзячы, заступае Хэйне дарогу). А, Хэйначка! Дакуль жа так бяжыш?

Хэйна. Няхай вяльможны пан мяне пусціць! Я, як дыхнуць, прыйду.

Орка (выходзіць з бакоўкі, ляскае языком і кланяецца). Ой-вай! Сцаслівы дзень — яснавяльмозны пан да нас! Я думаў, сто пан узэ запомніўся на старога Орку...

Ваявода. А вот бачыш, помню. Але на цябе, Орка, і старасці няма! (Пачакаўшы.) Мядок маеш?

Орка. Ой! Зацым, каб для такі ясны пан мёд не было! Е... файн, цымес! Як золата!

Ваявода (казаку). А ты, дурню, кабол нясі і торбу дай сюды! (Казак выходзіць. К Орку.) Ну, а дачкі замуж яшчэ не аддаеш?

Орка. Ой! Ясцэ цас, няхай тата з мама пацесыць. І замуз — трэба пасаг, а дзе яго ўзяць, як няма?

Ваявода. Ну, хіба ўжо і няма? (Садзіцца за стол, гладзіць вусы, барабаніць пальцамі па стале, а далей кажа.) Ну, што ж мёд бо?

Орка. Ураз! Вось узэ Хэйна нясе. (Уваходзіць Хэйна з гляком.) О, проса пана яснага пабачыць. Як золата! (Налівае ў шклянку перад ваяводаю.) Такі мёд яснамяльмозны пан нідзе не знайдзе. (Уваходзіць казак з каболам і торбаю.)

Ваявода (смакуе). Ну, гэта ўжо брэшаш! Але, само сабой, мёд нішто. (П’е і закусывае.) Вот, Орку, пайдзі ты, пастарайся, каб коні былі накормлены, і людзям гарэлкі дай. Чуеш?

Орка (не спяшаючыся натачыў гарэлкі ў глячок і ўзяў чарку). Ой, ураз! Сто ясны пан каза, усё будзе. (Выходзіць.)

Ваявода. Хэйна!

Хэйна. Што пан кажа?

Ваявода. Хадзі сюды! (Хэйна падходзіць.) Да хадзі ж бліжэй!

Хэйна (падступіўшы шаг). Ну? А навошта бліжэй? Я не глухая!..

Ваявода. Але я хачу з табою пагаварыць — чуеш?! Хадзі сядзь! (К казаку.) А ты, хам, чаго стаіш? Пайшоў да коней, жыва!

Хэйна. А можа, пан скажа яму гарэлкі даць?

Ваявода. Дай ды няхай убіраецца к бесу!

Хэйна. Чакай, Мікола! Хадзі, на выпі! (Маргае яму, потым стала так, каб ваявода не бачыў, налівае ды, пакаштаваўшы, дае казаку.)

Мікола (выпіў адну чарку, другую ды, крэкнуўшы, абцёр тубы). Дзякуй! (Выходзіць.)

Ваявода. Ну, хадзі, Хэйна, сядзь!

Хэйна. Дзякую! Які ясны пан да мяне ласкаў... Але як мне пры такім пану сядзець? Гэта ж усе смяяцца з яснага пана будуць.

Ваявода (сярдуе). Не тваё дзела! Ну!.. Вот так! (Хоча абняць.)

Хэйна (адпіхае руку). Ну, а на што рука? (Пачакаўшы.) Ой, тата ідзе! (Вырываецца і адбягае за стойку. Уваходзіць Орка.)

Ваявода (моцна дыхае). Ну? А што?

Орка. Ніцагутка! (Азіраецца па карчме.) Усё добра! Орка для яснавяльмозны пан і з-пад зямля дастане.

Ваявода (падышоўшы і расчыніўшы дзверы, моцна гукае). Гэй, Мікола! (Казак убягае.) Прыбяры гэта! (Ваявода апраўляецца і выходзіць. Мікола збірае са стала, выносіць у стадолу кабол з торбаю і, вярнуўшыся, садзіцца на лаве. Орка ідзе ў каморку і, чуваць, моліцца богу. Хэйна кратаецца па карчме.)

Хэйна (падходзіць, садзіцца каля Міколы і ціха пытае). Чаму гэта так доўга не відаць цябе было?

Мікола. Ездзіў ганцом к гетману да Вільні.

Хэйна. А я думала, што ты, можа, захварэў. Я дужа неспакойна была...

Мікола (бярэ яе ўпол і кажа жартуючы). Праўда? Няўжо ж ты мяне такі любіш?

Хэйна. Ой, а як такога малайца не любіць? (Абнімае яго за шыю, і цалуюцца.)

Мікола. Даў бы мне мой пан, каб убачыў, як я з табою абнімаюся!

Хэйна. А чаму ён сам лезе абнімацца?! Стары бугай гэты!

Мікола. А ты як ад яго вывернешся?

Хэйна. О, я яму дам рады! Я не ваша дзеўка, што ўсякі пан здзекуецца колькі хоча. (Цалуюцца.)

Ваявода (уваходзіць і, убачыўшы пацалункі, кажа). Гэ, гэ, гэ! А ты, хаме, тут дзеўку баламуціць будзеш?! Вон!!! (Ходзіць па карчме і моцна дыхае.)

Хэйна (пачакаўшы, зазірае ваяводу ў вочы, пасміхаецца). Можа, ясны пане мёд піць будзе?

Ваявода. Адчапіся! (Пачакаўшы.) Хораша, хораша, Хэйна! Пабачым, што бацька на тое скажа? І з кім? З хамам, з халопам лядашчым?! Хораша!

Хэйна. Ну, няхай! А калі ясны пан з жыдоўкаю займаецца? Ну, што цяпер будзе?

Ваявода. Маўчы! (Пачакаўшы.) Дай мёду!

Хэйна. О, рэхт! І чаго там на каго злавацца?

Ваявода. Ну, я гэтаму мужыку не дарую!

Хэйна. Ой, чаму не?! Ясны пан усё можа. Бо хіба сам гетман і кароль нават пану нічога зрабіці не могуць... Але ці пан... такі ясны пан будзе такім глупствам займацца? Што такому пану можа абходзіцца, што мужык з жыдоўкаю пацалуюцца? Я ведаю, што гэта пан толькі жартуе. Пан — такі пан... вялікі пан...

Заслона.


З’ява ІІ

[правіць]

Палянка ў глухім лесе, дзе атабарыліся з сям’ёю тры беглых селяніны перад татарвою. Адзін гадоў пад 90, двох па —50; пара падросткаў хлопцаў, некалькі дзяўчат, паміж каторых адна, Вульяна-красуня; тры гаспадыні, з каторых адна ўдава, матка Вульяны; адна баба старэнькая і найміт лет 25. На палянцы агонь; людзі збіраюцца вячэраць. Сабакі ўсхватываюцца і кідаюцца ў лес, брэшучы. Старэйшы гаспадар, узяўшы сякеру, ідзець у лес, за ім другія пабралі сякеры і прыгатаваліся к абароне. Потым першы гаспадар варочаецца з лесу, а за ім казак на кані выязджае.

Казак. Пахвалёны...

Галасы. На векі векаў!

І гаспадыня. Балазе свой чалавек, а то ж вельмі напалохаліся.

ІІ гаспадыня. Думалі, Ліпок ці турчын які.

Ст. гаспадар. Не павінен, здаецца, ён сюды папасці, бо ім у чужой старане боязна адлучацца, хіба ватагаю, да і то яны там едуць, дзе пажывіцца могуць. А ў лесе — што яны знойдуць? Хіба жалезца або кульку з-за пня...

2-гі гаспадар. Вось сядзь, казача, супачынь крыху! (Казак злазіць, разглядаецца па людзях і, убачыўшы Вульяну, часта на яе паглядае.)

1-я жонка. Сядзь вот, з намі павячэраеш!

1-шы гаспадар. Толькі вялікіх дастаткаў не спадзявайся, бо мы адно тое з сабою ўзялі, што панесці наўздужалі, а ўсё дома пазакопвалі. Мы бо ці ж загадзе дазналі, што да нас госць люты прыбывае?!

Казак. Спасібог! Балазей добрых людзей напаткаў, а то дужа ўтаміўся. (Садзіцца каля пасланага бабамі абруса, на каторым стаяць глячок, міска, хлеб, чарпачок і лыжкі. Такіх засцілаў тры. Выпіўшы з глячка па чарпачку, сталі чэрпаць з місы лыжкамі.)

Баба. Што гэта цябе, саколіку, бог нясе пад нашу татарву?

Казак. Паслалі, бабуся, у старожу на гасцінец Слабодку.

Галасы. Што ты?!

1-шы падростак. Гэта ж нашая Слабодка ўжо спалена, і татарва на гэты бок рэчкі ляжыць.

Казак. Яны ведаюць, затым мяне і паслалі сюды, каб я стаў, пакуль вораг не рушыць, а потым чым дуж, каб сваім даў знаць, дакуль ён направіцца. Тут, за лесам, нас паўтары сотні стала, і па ўсіх дарогах варты пастаўлялі, а мяне сюды ваявода паслаў.

Дзед. А чый ты, хлопча?

Казак. Сакальчукоў — можа, чулі?

Дзед. Га? А ты мацней гавары, бо я трохі недачуваю.

Казак. Я Сакальчукоў Мікола.

Дзед. Аа! Сакальчукоў Мікола. А якога ж, бо я трох знаў?

Казак. Юра.

Дзед. Юра, кажаш, Юра... Не знаю, не знаю. (Ківае галавою і мармоча.)

1-шы гаспадар. А гэта ты заўсёды нашаму ваяводу прыслугуеш?

Казак. Але... бывала.

1-шы падростак. А як татарын цябе агледзіць ды заб’е?

Казак. Ну, што ж, ваявода нечага рад будзе.

1-я жонка. Чаму так? Як та можа быць? Мы чулі, ты ў яго ў ласцы.

Казак. Было дый прайшло.

1-я жонка. Чаму так? Завошта?

Казак. Да так, на перашкодзе стаў.

1-шы гаспадар. Ат, што ты байдурыш!

Казак. Я не байдуру, адно казаць сорамна.

1-я жонка. Кажы, маладзец, не бойся! Усе тутака людзі свае.

Казак (падумаўшы). Бачыце, людцэ добрыя, ё ў Ляхавіч жыдоўка, Хэйна завецца,— і дужа ўдалася яна ваяводу, а яна яго ані блізка. І вось тая Хэйна стала мне падморгіваць. Ну, я, вядома... да таго ж яна і вельмі красна... (Паглядвае бокам на Вульяну.) І звёў нас нячысты пацалавацца, а ваявода на тое найшоў. І было б мне, каб не яна, пэўня б, ужо дзе землю парыў.

1-шы гаспадар. Як жа яна цябе абараніла?

Казак. Як? Яно-та і штука! Як стала яму дакладаці ўсё жарцікам да кепствам, так той сядзіць, як бурак чырвоны, і сам не рад, што заняўся, і зло на мяне ў сэрцы затаіў. Перш, бывала, ён без мяне нікуды, а цяпер — ані на вочы. (Устаўшы, хрысціцца.) Дзякую вам, людцы добрыя, за вячэру! А мне пара на становішча, бо як бы ні было, а выпаўніць трэба.

1-шы гаспадар, 1-я жонка. Выбачай, саколіку. Чым багаты, тым і рады.

2-гі гаспадар. А як жа, скажы, ты да нас патрапіў?

Казак. Гасцінцам. Бачыце, я баяўся ехаць, каб на каго не паткнуцца; так я ўсё бакамі прабіраўся, ды далёка ў лес заехаў, вядома, папацёмку. Бачу, агонь свеціцца. Я ціхенька туды... прыглядаюся здалёку, бачу — свае. Я тады ўжо смела. (Садзіцца на каня, азіраецца на Вульяну і кланяецца.) Ну, бывайце здаровы! Адно ці патраплю цяпер?..

1-шы гаспадар. Чакай, я цябе на дарогу выведу. (Ідзе наперад, за ім казак ідзе.)

Заслона.


З’ява III

[правіць]

Курган. За курганом управа — лес; з-за лесу выязджае казак. Прыехаўшы да кургана, прывязвае каня за ялоўцавы куст; сам стаў на кургане, успёршыся на піку. Потым азіраецца на каня, працірае вочы, мармоча штось пра сябе і, махнуўшы рукою, ідзе ўніз, навязвае каня на аркане, а сам кладзецца на кургане ад стараны лесу. Далей — як бы світае. Выходзіць Вульяна з лесу і, крадучыся, падходзіць да казака; вырывае травінку і водзіць ёю казака па твары. Той падымаае голаў, азіраецца кругом, носам чмыхае, працірае вочы, а дзяўчыны не бачыць. Потым сам да сябе кажа.

Казак. М-гг! А такі ўжо, здаецца, свет. Не так неяк вусцішна...

Вульяна. А ўжо ж!

Казак. Хто тут? (Узіраецца.) Дзяўчына... Што ты тут робіш?

Вульяна. А што ты спіш, як у сябе на печы? Ці ты, казача, не знаеш, што там, у лагчыне над рэчкаю, вораг люты ляжыць?

Казак. Так гэта ты, дзеўча, мяне пабудзіла? Мне перш паказалася, што хтось мяне па твары выцяў, а потым думаю, што сасніў, ажна гэта — ты! Чакай, я ж бо няйначай у лесе цябе бачыў?

Вульяна. А калі бачыў, то што?

Казак (засаромеўшыся). Нн... нічога. (Пачакаўшы.) Але чаго ты аж сюды зайшла?

Вульяна. Чаму?

Казак. Ды так...

Вульяна. А ты чаго спаў?

Казак. Бо сон змарыў.

Вульяна. Ая цябе пабудзіць.

Казак. І не баялася ні звера лютага, ні татарына паганага?

Вульяна. Я ішла цябе перасцярэгчы, а аб тое не думала. Але ты моцна не гавары, бо ў татарвы вушы чуткія.

Казак. То што — усё роўна я на смерць пасланы.

Вульяна. Ат, пакінь гаварыць пустое. (Вульяна шчыпле траву, казак мне раменьчык у піцы.)

Казак. Не, але скажы праўду, ці ты б кожнага гэтак будзіць пашла?

Вульяна. Можа, і не, не ведаю. (Маўчыць.)

Казак. Няўжо ж табе шкода мяне?

Вульяна. Каб не шкода, дык бы не будзіла.

Казак. Няўжо ж я табе ўдаўся?

Вульяна. Не ведаю. (Пачакаўшы.) Адно ведаю, што за табою ўсюды б пайшла.

Казак. Але ўсё ж ты такі дурненькая.

Вульяна. Можа... А чаму?

Казак. Ці ж ты нашага жыцця казацкага не знаеш? Паложым, і ты мне дужа ўдалася... шчэ ў лесе. Але ўсё ж такі, бачыш, я слуга, маю над сабою пана, ды яшчэ якога пана! Пан мяне дзе хоча пашле, што хоча — загадае, а я мушу слухаць. На тое я служу. (Пачакаўшы.) А ты адно долю сваю праклінацімеш. (Падслухвае.)

Вульяна. Ты кажаш, што мяне спадабаў, а я цябе кахаю,— дык каго ж нам трэба болей? Ты перада мною, я перад табою, а бог над намі... (Абнімаюцца і цалуюцца.)

Казак. Ну, але ты, мая галубка, бяжы да свайго таборышча, каб часам паганцы не згледзелі. Ужо, чуваць, варушацца...

Вульяна. Так ідзема разам!

Казак. Не, галубка, не можна! Я мушу сваё дастаяць. Што ж бы я тагды за казак быў?! (Падцягвае папругі і прывязвае каня за повад.)

Вульяна. Дык глядзі, шануйся!

Казак. Добра, кветачка! Цяпер маю надзею, што не ўловяць, бо і конь перакусіў, і я трохі супачыў. Ну, ідзі ўжо! Я калі, дасць бог, жыў буду, то першым дзелам да вас прыеду.

Вульяна. Ну глядзі ж! Бывай здароў! (Бяжыць у лес.)

Казак. Бягай здарова! (Прылёгшы за курганам, углядаецца ўдаль. Тым часам штораз відней становіцца.)


Завеса.

1910