Спрэчка стыхіяў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Спрэчка стыхіяў
апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
1911
Крыніца: http://knihi.com/Ciska_Hartny/Sprecka_stychijau.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З халоднае, сівернай поўначы, з краю адвечных лядоў і снягоў, падуў сіберны страшны вецер: ліхамыслая, злая сіла поўначы ўздумала выявіць свой заўсёдны дзікі капрыз і не на жарт дыхнула магучымі грудзямі супроць летняга цяпла, святлосці і красы жыцця. Зашугаў-завыў нагла сіберны вецер, ахапіў, як ланцугом жалезным, шырокі абшар зямлі і панёсся-паляцеў з усёй сілы.

Хто ці што яго стрымае, што спыніць? Дзе для яго перашкоды? — Ніхто і нішто — і перашкод мала!

Вось ён уздзёр пясчаную зямлю, закруціў віхрам пясок, зарагатаў злыдным смехам нячыстае сілы, нібы над рабскай пакорай зямлі і ўсяго на ёй знаходзячага; паляцеў на цёмны вяковы бор, шыбнуўся лбом аб яго моцную сталёвую сцену і… прабіў! Дзед стагодні, магучы дуб, смяяўшыся вечна над сілай і моцай прыродных стыхіяў, — паў, застагнаўшы гучным апошнім, бо перадсмертным стогнам, які зычным рэхам раскаціўся наўкола далёка-далёка, і лёг на халоднай і бездыханнай зямлі. Гэтаму гулкаму стогну-крыку багатыра-дуба заўтуравалі ценькія піскі, плач і енкі маладых і светлых дзярэўцаў ды кустоў, якіх прыдавіў цяжарны дуб…

Дарога праложана. Вецер з большай энергіяй, самаўвераней панёсся далей.

І вось рэчка! Магучая, бурлівая рэчка, упорна нясучая свае хуткія воды пуцінай, указанай ёй ад веку законам царыцы Прыроды. Бо хто і што могуць змагацца з гэтай сібернай стыхіяй — швыдкім цячэннем вады аграмаднае ракі?

Але вецер, сур’ёзны і сярдзіты дух бога Сівера, гардага, незгамоннага бога, захацеў павясці вайну з рэчкай і раптам нахальна рынуўся зверху к вадзе і, загарадзіўшы ёй дарогу, пачаў барацьбу.

Забрызгаў, заплюхаў вадою, спыніў на момант цячэнне і ад злосці выў, свістаў і смяяўся. Але рэчка не злякалася ветру: запляскала, заласкацела ад сэрца; натужылася і з новай сілай напялася плыць-бегчы. Пустыр руіны, чырвоны смех, касцістасць смерці — павіслі над арэнай бітвы! Вецер выў, скрыгітаў, плюхаў вадою наўкола і толькі на хвіліны стрымоўваў напор вады. Але пруткасць і свежасць нестарэючай сілы ракі прыбывала і прыбывала, і ветру не пад сілу станавілася. Яшчэ гадзіна страшнай схопкі, і вецер быў зборан…

Вада цешылася: з поўнай сілай, ужо радасці і шчасця, а не сэрца і злосці, памчалася яна па сваёй пуціне. Ап’янелая пабедай, рэзвілася яна на зыркім сонцы, выйшаўшым з-за хмар, уміляючыся плыўшымі хвалямі, якія весела ганяліся адна за другой і мяккім плюхам спявалі вітанне.

(1911)