Спробы дзяржаўнага рабунку
Спробы дзяржаўнага рабунку Публіцыстыка Аўтар: Рамуальд Зямкевіч 1919 год Крыніца: Беларуская Думка. — 5 мая 1919. — №4; бач. 1-2 |
Спробы дзяржаўнага рабунку
Пад вечар 2-га мая паявілася з Вільні ніжэйпаданая польская адозва, расклееная па мурох, якую прыводзім у верным перакладзе на беларускую мову:
Бацькаушчына Касьцюшкі, Міцкевіча і Траўгута належыць да Польшчы, як частка непадзельная.
Устаноўчы Сойм Рэчыпаспалітае ў дні 29 красавіка 1919 г.
пастанавіў безадкладнасьць вось якога праекту Нацыянальна-Дэмакратычнага Саюзу, Польскае Народнае Злучнасьці і іншых паслоў.
„Дзеля шчасьлівага асвабаджэньня пабедным польскім аружжам паўночна-усходняе правінцыі Польшчы з сталіцаю Вільняй з-пад чужога ўціску, падпісаныя прапануюць: Высокі Сойм хай захоча пастанавіць:
1. Сойм выказывае сваю радасьць па поваду пабеднага асвабаджэньня з-пад бальшавіцкай улады паўночна-усходняе правінцыі Польшчы з сталіцаю Вільняй і выказавае сваё прызнаньне і падзяку пабеднай польскай арміі і яе камандуючым.
2. Сойм прызывае ўрад, каб у духу пастановы з 25 пасяджэньня Сойма зрабіў канешныя крокі, каб землі гэтыя, некалісь Люблінскай Уніяй 1569 году на векі з Польшчай злучаныя, а Канстытуцыяй 3-га мая 1791 году ў адзін гасударственны арганізм з Каронай зьвязаныя, пасьля апошняга цяпер ад чужога ўціску асвабаджэньня ў адну гасударственную цэласьць з Рэчайпасполітай Польскай ізноў былі злучаны згодна з аб‘яўленай ужо шмат разоў воляй насяленьня“
Дзеля пастановы Сойму з дня 4 красавіка, вышэй высказанай, ніякае апавяшчэньне, ні пастанауленьне, з гэтым нязгоднае, не мае нідзе юрыдычнай моцы.
Праект Варшаўскага Польскага Сойму намагаецца адным пацягам пяра на паперы зніштожыць праклямаваную ўсяму сьвету Незалежнасьць і Непадзельнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі і такую-ж самую — Рэспублікі Літвы.
Аб спробах шырэньня ідэі: Polska, Białoruś, і Ukraina — to jedno чулі мы даўно. Шмат брашур ў гэтай справе надрукавана ў Варшаве, Кракове і Львове. Усе аўтары брашур выяўляюць абсалютнае няведаньне, як нашае гісторыі так нашых палітычных абставін. Такі „напрыклад пан Вацлаў Васілеўскі, як узьвялічываюць яго: „знаўца беларускіх адносін“, мае сьмеласьць пісаць, што: lud białoruski nigdy własnej państwowości nie pisiadał. Іншыя, як вядомы паляком немцафіл Вацлаў Студніцкі, прафэсары Кутшэба і Буяк даюць уселякія рацыі, выцягнутыя з стасункаў 15—16 сталецьцяў, што Беларусь і беларусы —гэта фікцыя. Паном гэтым адказаць трэба: „Рукі проч ад белае, чыстае Беларусі! З такімі яснавяльможнымі панамі, якія хочуць нас навучыць сфальшаванай імі гісторыі, мы гаварыць ня будзем“.
Нягодная крутадушная іх палітыка, неахвота пазнаёміцца з праўдзівымі беларускімі адносінамі на мейсцы, неразуменьне духа часу і заваяваньняў рэвалюцыі — усё гэта б‘ець у вочы і прымушае нас глядзець на іх з пагардай.
Ня ведаем, як Польскі Сойм прыйме пажаданьні гэтых паноў, дзяржаўных боа-вужакаў, мы толькі цьвёрда перакананы, што Беларускі Народ ніколі не адрачэцца ад ідэі свае Народнае Незалежнае Беларускае Рэспублікі. Хай сабе ўсе польскія надгакатысты, як браты Студніцкія, Обст, Гласко і іншыя Васілеўскія пішуць і крычаць, „lud białroski obojętny i bierny, usiłowań niezależności nie rozumie i nie popiera, a nielicznych (?) przywódców i pionerów ruchu od siebie odpycha“ — усё гэта ня толькі не паможа а наадварот узмацуе і злучыць у вадну вялікую грамаду усіх беларусоў і не пазволіць ім быць гноем пад рост панскае культуры і панаваньня.
Фундамэнтам гэтага служыць нам нашае сучаснае запраўднае палітычнае жыцьцё і яго здабыткі, сьветлая памятка нашага I-га усебеларускага зьезду, работы нашых рад, Рады Рэспублікі і яе зносін з усімі дзяржавамі, дзе прынцыпы правоў навет найменьшых народаў прызнаны і шануюцца.
Дзеля гэтага мы глядзім сьмела і ясна у сваю сьветлую будучыню і верым, што:
Жыве Беларусь і жыць будзе!
Саўка Барывой.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.