Перайсці да зместу

Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі
Аўтар: Францішак Кушаль
Крыніца: http://www.jivebelarus.net/history/new-history/bka.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




[Пачатку няма]

Варункі былі наступныя:

1) Камандзір батальёну і ўсе ніжэйшыя камандзіры — беларусы. 2) Каманднай і службовай мовай у батальёне — беларуская. 3) Кандыдатаў на камандзіраў прадстаўляе галоўны вайсковы рэфэрэнт БСА пры Самапомачы. 4) Маральную апеку над батальёнам і прапаганду маюць беларусы. 5) Узбраеньне, абмундзіраваньне і выжывеньне нямецкае, паводле нямецкіх вайсковых нормаў. 6) Адзнакі на мундзірах павіны быць аднак беларускія, на шапках Пагоні, а бел-чырвона-белыя сьцяжкі на левым рукаве. 7) Батальён можа быць ужыты толькі на Беларусі й толькі супроць ворагаў беларускага народу бальшавіцкіх партызанаў.

Калі Шлегель прачытаў гэтыя варункі, ён сказаў, што на ўсё згаджаецца, апрача таго толькі, што камандзір батальёну павінен быць беларус. Усе іншыя камандзіры, сказаў ён, будуць беларусы, але камандзір батальёну павінен быць немец. Калі я і Саковіч адказалі, што мы згаджаемся на гэтую зьмену, калі інакш ня можна, то Шлегель сказаў: «Калі так, дык я ў вашай прысутнасьці падпісваюся пад вашымі варункамі». «А цяпер, падпісаўшы паперу, зьвярнуўся ён да мяне, — жадаю вам удачы ў арганізацыі новага беларускага батальёну».

На наступны дзень я выехаў у вакругі, каб на месцы паразумецца з акруговымі рэфэрэнтамі БСА і кіраўнікамі Самапомачы. Як тыя, так і другія пайшлі мне цалкам на руку. Запэў-ніўшы пэўную колькасьць добраахвотнікаў з кожнае акругі, я вярнуўся ў Менск і пачаў чакаць іхнага прыбыцьця.

У пачатку лютага 1943 г. добраахвотнікі пачалі прыбываць. Немцы далі мне сапраўды быццам цалкам свабодную руку ў арганізацыі батальёну. із афіцэраў прыбылі ў батальён падлейтэнант Мазур, падлейтэнант Орсіч, лейтэнанты Мялешка, Дрозд, Мохарт, Калька, Бандык і пазьней іваніцкі. Камандзірамі ротаў былі вызначаныя Мазур і Орсіч. У першай палове сакавіка батальён быў гатовы. Складаўся ён з дзьвюх ротаў па 200 чалавек у кожнай. Калі батальён быў зааргнізаваны, прапагандыстам прызначылі на маю прапанову лейтэнанта Чабатарэвіча.

Батальён гэты быў добра абмундзіраваны й знаходзіўся на ваенным харчаваньні. Справа ўзгадаваньня жаўнераў была пастаўленая вельмі высока. Усё беларускае грамадзянства зьвяртала на батальён вялікую ўвагу, для батальёну ладзіліся тэатральныя паказы, вечарыны й іншае. Саюз моладзі з свайго боку даваў для жаўнераў аматарскія паказы. Адным словам, гэта быў узорны вайсковы аддзел — улюбёнец беларускага грамадзянства.

У маі 1943 году батальён пайшоў у вакцыю супроць партызанаў. У вакцыі як камандзіры, так і стральцы паказалі сябе з найлепшага боку. Пасьля колькітыднёвай акцыі батальён вярнуўся ў Менск. Камандзір батальёну немец і іншыя немцы вельмі хвалілі нашых стральцоў і камандзіраў. У часе акцыі былі ахвяры сярод сральцоў і падафіцэраў. Гэтыя ахвяры вельмі ўрачыста былі пахаваныя ў Менску пры ўдзеле беларускага грамадзянства й немцаў. Адным словам, батальён цалкам здаў эгзамен і мы спадзяваліся, што атрымаем дазвол на арганізацыю далейшых беларускіх батальёнаў.

У гэтым самым часе, калі здавалася, што ўсё на як найлепшай дарозе, пачалі здарацца канфлікты паміж камандзірам батальёну — немцам і нашымі афіцэрамі. Я, як апякун гэтага батальёну, мусіў выступаць пры кожным канфлікце як пасярэднік паміж камандзірам батальёну й нашымі афіцэрамі.

Прычыны для канфлікту галоўным чынам былі дзьве: адна тая, што немцы папрыдзялялі да ротаў сваіх падафіцэраў, якія называліся шэфамі ротаў і інструктарамі. Вось гэтыя шэфы ротаў і пачалі ўваходзіць у кампэтэнцыі камандзіраў ротаў і зьвязаў. Нашыя афіцэры не хацелі зрачыся сваіх правоў і прывілеяў камандзіраў на карысьць нямецкіх падафіцэраў. ізноў нямецкія падафіцэры пры кожным асаджэньні іх, у выпадку, калі яны мяшаліся ў правы нашых камандзіраў, жаліліся камандзіру батальёну. Немец, камандзір батальёну, заўсёды прымаў бок сваіх нямецкіх падафіцэраў і нападаў на афіцэраў беларусаў, хоць бы яны мелі стопрацэнтовую рацыю. Нашыя афіцэры ў такім выпадку адклікаліся да мяне.

Другая прычына канфлікту была тая, што на ўсіх гаспадарскіх функцыях у батальёне стаялі нямецкія падафіцэры, якія абкрадалі нашых жаўнераў. Я асабіста сцьвердзіў некалькі раз крадзеж нямецкімі падафіцэрамі харчоў, аб чым дакладваў нямецкім вышэйшым уладам. З гэтай прычыны камандзір батальёну меў частыя няпрыемнасьці й канфлікт гэты паміж ім і намі што раз больш паглыбляўся. Найбольш няўступлівым быў камандзір 2-гой роты падлейтэнант Мазур, шчыры беларус, чалавек вельмі амбітны і імпульсыйны.

Камандзір батальёну прасіў мяне, каб я адклікаў Мазура й даў на ягонае мейсца іншага афіцэра. Аднак я просьбы ягонай здаволіць ня мог із прынцыпу. Праз некаторы час каман-дзір батальёну паведаміў мне, што Мазур высылаецца ў афіцэрскую школу ў Бэрлін на перашкаленьне. Такі зварот у дачыненьні да Мазура мяне вельмі зьдзівіў, аднак я гэтаму паверыў. Хутка Мазур «быў высланы ў Бэрлін». Перад ад’ездам ён пайшоў у СД па дакумэнты: і як увайшоў у будынак СД, так з таго моманту ніхто яго больш ня бачыў. Тыдні прыблізна праз два пасьля гэтага выпадку камандзір батальёну паведаміў афіцэрам батальёну, што Мазур быў забіты ў часе бамбардаваньня Потсдаму, дзе знаходзілася ягоная школа, але, як вядома, Потсдам ніколі ня быў бамбардаваны, і сьмерць Мазура засталася загадкай.

Усё лета 1943 году батальён прымаў удзел у вакцыях. Былі ахвяры ў людзях, але батальён стаўся нязвычайна баёвай адзін-кай. У восені таго году яго папоўніла рота, якая была створаная пры СД у Вялейцы пад камандаваньнем камандзіра гэтае роты лейтэнанта Качана Аркадзія. Апрача таго, з Глыбоцкае акругі прыбыло каля 150 чалавек на чале з лейтэнантам Якубёнкам. Гэтай жа восеняй батальён быў пераведзяны з Менску ў Вялейку. Тут батальён яшчэ папоўніўся аддзеламі, якія былі зарганізаваныя пры іншых СД на Беларусі. Такім чынам у Вялейцы батальён разгарнуўся ў вялікую адзінку ў складзе каля тысячы чалавек. Афіцэрскі склад батальёну быў наступны: надлейтэнант Орсіч, лейтэнанты Мялешка, Бандык, Дрозд, Калька, іваніцкі, Качан, Якубёнак, Бобка, Мохарт, Сасукевіч, Кушнеровіч, Клінцэвіч. У Вялейцы батальён атрымаў нумар 13 і афіцыйна называўся 13-ты Беларускі Паліцыйны Батальён пры СД. Беларусы звычайна называлі яго батальёнам СС. Пасьля кароткага збіраньня батальёну ў вадну цэласьць, невялікія часткі батальёну, звычайна ня больш зьвязу, былі паразсыпаныя па акруговых СД, дзе несьлі ахоўную службу. Большая частка батальёну засталася ў Вялейцы й усьцяж прымала ўдзел у супроцьпартызанскіх акцыях. Гэтак сама бралі ўдзел у супроцьпартызанскіх акцыях і зьвязы, якія знаходзіліся пры акруговых СД. Камандзірам аднаго зьвязу, выдзеленага із 13-га батальёну, быў лейтэнант Мялешка, які выконваў службу ў Лідзе. Вось гэты самы лейтэнант Мялешка, вельмі вартасны афіцэр, згінуў сьмерцяй героя пры вельмі цікавых абставінах.

У студзені 1944 году акруговы начальнік нямецкае паліцыі ў Лідзе хацеў правесьці акцыю супроць партызанаў. З гэтай мэтай ён папоўніў зьвяз, якім камандаваў Мялешка, рознай зьберанінай, як ОТ, паліцыя, урадаўцы з гэбітскамісарыяту й інш. Сабралася досыць вялікая група людзей, якой і меў камандаваць у часе акцыі Мялешка. Кіляметраў прыблізна за дзесяць ад Ліды стаяла нямецкая рота, якая сама мела ўзяць удзел у акцыі. Нямецкі камандзір абудвух аддзелаў не паведаміў дакладна камандзіру роты, калі і зь якога кірунку прыбу-дзе аддзел із Ліды, каб злучыцца з ротай для супольнай акцыі. Затое той атрымаў ад раніцы паведамленьне ад свае варты, што да вёскі набліжаецца падазроны аддзел. Камандзір роты выйшаў на скрай вёскі й пачаў праз бінокль наглядаць падозраны аддзел. Калі ён пільна прыгледзіўся, дык пабачыў узброеных людзей у розных вопратках. ОТ насіла вопраткі, калёрам падобныя да польскага вайсковага абмундзіраваньня, а дзеля таго, што ў Лідчыне было шмат польскіх партызанаў, то ня дзіва, што камандзір роты палічыў незнаёмы аддзел за польскіх партызанаў і, падпусьціўшы на адпаведную адлегласьць, скамандваў роце адкрыць агонь. На чале аддзелу адважна крочыў лейтэнант Мялешка, і ён жа першы быў цяжка паранены. Жаўнер, які пасьпяшаўся на помач свайму улюбёнаму камандзіру, быў забіты. Непаразуменьне хутка высьвятлілася, але Мялешка тут жа памёр. Такім недарэчным чынам згінуў наш адважны, малады афіцэр, які падаваў найлепшыя надзеі.

Большасьць батальёну знаходзілася стала ў Вялейцы. Тут ён вельмі часта прымаў удзел у супроцьпартызанскіх акцыях. Аднак камандзір батальёну, немец, вельмі тэндэнцыйна ставіўся да нашых афіцэраў. Значэньня беларускіх афіцэраў ён увесь час стараўся зьвесьці да нуля, супроцьстаўляючы ім нямецкіх падафіцэраў. Гэткія адносіны давялі да адкрытага бунту нашых афіцэраў пры наступных абставінах.

Начальнік Вялейскага СД обэрштурмфюрэр Гравэ наехаў на міну і быў забіты. На пахаваньне Гравэ прыгатавалася ісьці й рота беларускага батальёну. Камандзір гэтае роты лейтэнант Бандык выстраіў яе і, калі прыйшоў да роты камандзір батальёну, здаў таму рапарт. Але камандзір батальёну загадаў Бандыку ўступіць у строй, а камандаваньне ротай перадаў падафіцэру немцу. Бандык у строй не ўступіў. Бачучы гэта, камандзіры зьвязаў лейтэнанты гэтаксама выступілі із строю й далучыліся да Бандыка. Ротай камандаваў нямецкі падафіцэр, а нашыя афіцэры на пахаваньні былі прысутныя асобнай групай, прыватна. Гэты ўчынак Бандыка й ягоных афіцэраў камандзір батальёну палічыў за адкрыты бунт, прыгразіў ім палявым судом і напісаў адпаведны рапарт начальніку СД Беларусі ў Менску.

На другі дзень пасьля гэтага інцыдэнту я прыехаў у Вялейку на інспэкцыю батальёнаў БКА. Лейтэнант Бандык зьявіў-ся да мяне із сваімі афіцэрамі й расказаў аб інцыдэнце. Я неадкладна напісаў адпаведны рапарт Прэзыдэнту БЦР і прасіў Прэзыдэнта зьвярнуцца па гэтай справе да начальніка СД. Прэзыдэнт інтэрвэньяваў і ў рэшце рэштаў нашым афіцэрам была прызнаная слушнасьць. Камандзір батальёну сказаў Бандыку, што ён пагарачыўся, але адносіны паміж імі яшчэ пагоршыліся.

У гэтым самым часе адзін зьвяз 13-га батальёну стаяў у Глыбокім. Камандзірам гэтага зьвязу быў надлейтэнант Орсіч, адзін з найвыдатнейшых афіцэраў батальёну. Орсіч меў ня толькі выдатныя камандзірскія здольнасьці, але й быў чалавекам уплывовым, духовым правадыром афіцэраў і стральцоў батальёну. Ягоны зьвяз праводзіў вучэбнае вострае страляньне зь мінамёту. Адна міна ўзарвалася ў мінамёце, так што ўсе людзі, якія знаходзіліся блізка, былі цяжка параненыя. Быў цяжка паранены і надлейтэнант Орсіч. Асколак прабіў яму лёгкія навылёт. Калі я наведаў яго ў лязарэце, стан ягоны быў амаль безнадзейны, хаця ў гэты мамэнт, па чутках, ён паправіў-ся і знаходзіцца ў лязарэце ў Баварыі на вылячэньні.

У канцы чэрвеня 1944 г. распачалася эвакуацыя з Беларусі. 13-ты батальён пачаў адступаць на захад разам зь нямецкім войскам. Па дарозе далучаліся да яго часткі, якія былі ад батальёну аддзеленыя. Адносіны паміж камандзірам батальёну немцам і нашымі афіцэрамі што раз горшалі і зрабіліся нарэшце немагчымымі. Нямецкія афіцэры былі поўнымі панамі палажэньня ў ротах. Гэты стан давёў да распачлівага кроку нашых афіцэраў. У Аўгустове на пастою лейтэнант Бандык заалярмаваў сваю роту. Да роты далучыліся афіцэры іваніцкі, Дрозд і Мохарт і пад камандай Бандыка адлучыліся ад батальёну й пайшлі ў лес. Такім чынам 150 стральцоў і 4-х афіцэраў ад батальёну адпала. Пасьля гэтага факту камандзір батальёну сабраў рэшту афіцэраў і накіраваў іх у РОА. Лейтэнанты Сасукевіч, Кушнеровіч і Клінцэвіч замест РОА прыехалі ў Бэрлін у БЦР, дзе й былі прыдзеляныя да 1-га Кадравага Беларускага Батальёну.

Афіцэры, якія пакінулі батальён у Аўгустове, ня мелі намеру здрадзіць. Да гэтага распачлівага кроку яны былі вымушаныя толькі неадпаведнымі адносінамі да іх немцаў. Аб гэтым сьведчыць той факт, што два афіцэры, лейтэнант Дрозд і Мохарт, пакінуўшы батальён, далучыліся да калёны ўцекачоў і разам з калёнай адступілі ў Нямеччыну. Калі даведаўся аб гэтым камандзір батальёну, то паслаў патруль, зложаны з немцаў, каб арыштаваць Дразда й Мохарта. Патруль прыбыў у калёну, забраў лейтэнанта Дразда й Мохарта, і, адвёўшы іх ад калёны, на вачох бежанцоў, абодвух застрэліў. Кажуць, што быццам лейтэнант Мохарт быў толькі паранены й уцёк. Ці гэта праўда, ня ведама.

Калі лейтэнант Сасукевіч і іншыя прыбылі ў БЦР і расказалі аб гэтых падзеях, я неадкладна паехаў на месца пастою батальёну, каб праверыць усё на мейсцы. Было гэта ў кастрычніку 1944 г. Частка батальёну стаяла ў мясцовасьці Альбрэтс-дорф каля Брандбэргу. Гэта была толькі адна рота. Камандзір гэтае роты гаўптштурмфюрэр немец вельмі ўсцешыўся з майго прыезду, бо трэба было падняць настрой у людзей, які быў вельмі ўпаў. У гутарцы са мною камандзір батальёну на мае запытаньні, чаму гэтак здарылася, што нашых афіцэраў няма ў батальёне, даў вельмі неясны адказ. Ён абвінаваціў нашых афіцэраў у тым, што яны не хацелі падпарадкавацца нямецкім падафіцэрам. Камандзір батальёну загадаў сабраць усіх людзей, каб я мог зь імі гаварыць. Калі я пачаў гаварыць зь людзьмі, то сьцьвердзіў сапраўды благі настрой у іх. Першае, на што мне жаліліся стральцы, гэта на адсутнасьць пры іх сваіх афіцэраў. «Мы жадаем, казалі мне стральцы, каб БЦР прылажыла ўсіх стараньняў, каб нашыя афіцэры вярнуліся да нас».

У гэтым часе ў батальёне было яшчэ каля 600 чалавек, але людзі былі падзеленыя на адзінкі й раскінутыя па ўсёй Нямеччыне: 1 рота ў Лебрэхсдорфе — 85 чалавек; 1 рота ў Ніхачове — 89 чалавек; 2 роты ў Лесляў — 260 чалавек; 1 рота ў Трыесьце — 112 чалавек; 1 зьвяз у Бэрліне — 21 чалавек.

Арганізацыя Чыгуначнага Беларускага Батальёну У канцы верасня 1942 г. дырэкцыя чыгункі ў Менску зьвярнулася праз Гэнэральны Камісарыят Беларусі да доктара Ярмачэнкі, як да галоўнага Каманданта БСА з запытаньнем ці мог бы ён зарганізаваць беларускі батальён для аховы чыгункі. Варункі, якія дырэкцыя паставіла для батальёну, былі, з беларускага пункту гледзішча, вельмі дагодныя. Як камандзір батальёну, так і ўсе камандзіры меліся быць беларусы, каманды беларускія й іншае. Доктар Ярмачэнка згадзіўся зарганізаваць батальён.

Згадзіўшыся зарганізаваць чыгуначны батальён, ён пачаў раіцца са мной, як канкрэтна прыступіць да рэалізацыі прынятага на сябе абавязку. У гэтым часе зарганізаваць батальён было не цяжка, дзеля таго, што існавала сетка для пакліканьня БСА, былі перашколеныя два афіцэрскія й падафіцэрскія курсы, так што кадра была гатовая, а дзеля таго, што для БСА ячшэ ня было зброі, то набор кадры й людзей не прадстаўляў цяжкасьці. На камандзіра батальёну д-р Ярмачэнка пачаў прасіць мяне, пераконваючы прыняць на сябе гэтую функцыю з адначасовым выконваньнем абавязкаў галоўнага рэфэрэнта, прынаймся на час арганізацыі. Я на гэта згадзіўся.

Аднэй нядзелі д-р Ярмачэнка запрасіў мяне да сябе на прыватную кватэру. Калі я прыйшоў туды, там знаходзіліся ўжо два прадстаўнікі з аховы чыгункі на Беларусі. Адзін зь іх па прозьвішчу Штрымкэ, прадставіўся мне, як камандзір чыгуначнай аховы. Ярмачэнка прадставіў мяне, як камандзіра чыгуначнага беларускага батальёну. Мэтай нашага сходу было абгаварыць ужо самую тэхніку арганізацыі батальёну. Пры гэтай гутарцы немцы былі вельмі ўступлівымі. Усе варункі, якія мы ім паставілі, яны прынялі, так што д-р Ярмачэнка й я, будучы вельмі задаволенымі вынікам размоваў, пастанавілі на наступны дзень выехаць у акругі, каб на месцы даць указаньні акруговым вайсковым рэфэрэнтам аб вярбоўцы дабраахвотнікаў у чыгуначны батальён. Па дарозе мы затрымоўваліся ў тых мясцовасьцях, у якіх мелі быць закватэраваныя аддзелы батальёну і аглядалі прыгатаваныя немцамі казармы.

Пры перамовах із Штрымкэ было ўстаноўленае наступнае: разьмяшчэньне батальёну: 1 рота ў Менску, 1 рота ў Стоўп-цах, 1 рота ў Баранавічах, 1 рота ў Лідзе і 1 рота ў Крулеўшчыне, Глыбоцкае акругі. Апрача таго, у Менску мелася быць арганізаваная падафіцэрская школа для прыгатаўленьня падафіцэраў чыгуначнай аховы. Разам патрэбна было набрацца 800 чалавек. Кожная зарганізаваная рота павінна была прайсьці 4-х тыднёвае перашкаленьне, пасьля чаго магла ўжывацца да службы на чыгунцы.

Не задоўга пасьля нашага звароту з аб’езду пачалі прыбываць ахвотнікі. Першая партыя прыбыла ў Менск са Слонімшчыны, дзе й пачалася арганізоўвацца першая рота. Камандзірам роты ў Менску быў вызначаны лейтэнант Чайкоўскі Дзімітры. Чайкоўскі выказаў у арганізацыі роты шмат энэргіі й ініцыятывы, ягоная рота ў пачатку сьнежня 1942 году пры-ступіла да нармальнага вышкаленьня. У сьлед за Менскай ротай пачала арганізоўвацца рота ў Баранавічах. Камандзірам роты ў Баранавічах быў вызначаны лейтэнант Барбарыч. Наагул, арганізацыя чыгуначнага батальёну пайшла вельмі спраў-на.

Калі аб гэтым пераканаліся немцы, то адносіны іх да нас грунтоўна зьмяніліся. іхная першапачатковая ўступлівасьць зьмянілася на неўступлівасьць. Першае, што яны нам аб’явілі, гэта тое, што чыгуначная дырэкцыя не згадзілася, каб камандзірам батальёну быў беларус і што камандзір батальёну бу-дзе вызначаны Штрымкэ, а зь беларускага боку ім патрэбны толькі афіцэр для сувязі. Д-р Ярмачэнка на гэта згадзіўся. Афіцэрам для сувязі быў вызначаны Мікула Віталь. Над самім д-рам Ярмачэнкам яны сыгралі проста злосную шутку.

На самым пачатку арганізацыі Менскай роты, яны да-зволілі Ярмачэнцы ўзяць дзесяць абмундыраваных людзей для сваёй асабістай аховы. Людзі былі ўзятыя. Узбраеньне яны атрымалі з запасаў БСА, так што пры ўваходзе ў Галоўнае кіраўніцтва самапомачы, стаяў узброены жаўнер. Калі прыхо-дзіў інтарэсант, то ён накіроўваўся вартаўніком на вартоўню, дзе мусіў атрымаць пропуск на права ўваходу ў якую-небудзь канцылярыю. Але ня доўга давялося Ярмачэнку цешыцца вайсковай аховай. Прыблізна ў тым самым часе, калі немцам стаў-ся непатрэбным камандзір батальёну беларус, Штрымкэ заявіў д-ру Ярмачэнку, што ён мусіць забраць ад аховы абмундзіраваньне, бо няможна праўна апраўдаць ягоную выдачу. Ярмачэнка мусіў на гэтае згадзіцца, але жаўнеры не згадзіліся трымаць пры ім ахову без абмундзіраваньня і пайшлі ў роту. Ярмачэнка застаўся без аховы.

У студзені 1943 году зарганізавалася рота ў Лідзе. Камандзірам гэтай роты быў вызначаны лейтэнант Сажыч Язэп.

Тым часам Менская рота скончыла свой курс перашколеньня й была разьдзеляная групамі на асобныя станцыі для аховы чыгункі. Групы гэтыя былі больш-менш у сіле аднаго зьвязку, якія знаходзіліся на вузлавых станцыях і неслі ахову на пэўных чыгуначных адрэзках. Такім чынам, адна група была адпраўленая ў Полацак пад камандай лейтэнанта Маслава, адна група ў Унечу пад Арлом і адна група засталася ў Менску. На мейсца выбыўшых людзей у Менскую роту пачалі набірацца новыя кандыдаты.

Баранавіцкая рота мела вялікія цяжкасьці матар’яльнага характару. Галоўным недахопам была нестача абутку. У часе майго пабыту ў Баранавічах камандзір роты лейтэнант Барбарыч жаліўся мне, што 50% людзей ня ходзяць на практычныя заняткі, бо мусяць босыя сядзець у казарме. Але напалову зь бядой і гэтая рота скончыла курс перашколеньня й была разьдзеляная групамі й накіраваная на Палесьсе. Адна моцная група знаходзілася ў Калінкавічах і вяла бязупыннае змаганьне з партызанамі, якія знаходзіліся ў палескіх лясах. Апошняй ротай, якая скончыла перашколеньня, была рота Лідзкая, якая гэтак сама была разьдзеляная групамі на паасобныя адрэзкі чыгунак.

Да вясны 1943 году было набрана ў батальёны разам з тымі, што былі перашколеныя і нясьлі службу на чыгунках із новабранымі ў Баранавічах і Менску — каля 1000 чалавек. Усе чыгункі на Беларусі ад Арла да Берасьця й ад Полацку да Калінкавіч ахоўвалася беларусамі. Людзі вельмі сумленна, нават ахвярна выконвалі свае абавязкі, верачы, што яны служаць сваёй Бацькаўшчыне. Шмат зь іх аддалі свае жыццё, стоячы на пастох у часе бамбардаваньняў і ў змаганьні з партызанамі. У гэтым самым часе немцы пачалі выціскаць нашых афіцэраў з камандных становішчаў і замяняць іх сваімі падафіцэрамі. Усе мае й д-ра Ярмачэнкі інтэрвэнцыі ў гэтым кірунку ня мелі ніякага выніку. Прадстаўнікі нямецкіх чыгуначных паліцыйных уладаў згадзіліся з намі ў гутарцы, аднак пасьлядоўна рабілі сваю працу. Афіцэры з большай амбіцыяй самі выходзілі са службы. Такім чынам, былі выціснутыя са службы Барбарыч, Чайкоўскі, Сажыч і інш., а Мікула, пабачыўшы нямецкую палітыку адносна нашых камандзіраў, кінуў сваё становішча афіцэра для сувязі і паехаў у Несьвіж на настаўніка нямецкае мовы ў настаўніцкую семінарыю. Месца ягонае заняў Чайкоўскі, але таксама ня доўга на ім застаўся.

«Беларусы зрабілі сваю справу, беларусы могуць адыйсьці».

Пасьля вялікіх цяжкасьцяў мне ўдалося пераканаць Штрымкэ аб неабходнасьці пакінуць пры батальёне хоць аднаго беларускага афіцэра, як прапагандыстага. На гэтае становішча, не без адпору, згадзіўся Сажыч Язэп. Атрымаў ён тытул кампаніфюрэра і на гэтым становішчы заставаўся аж да эвакуацыі Беларусі. Мейсцам ягонага ўрадаваньня былі Баранавічы.

Адносіны немцаў да людзей былі вельмі благія. Нямецкія падафіцэры білі іх, акрадалі іхны паёк і да т. п. Дзякуючы такім адносінам, шмат падафіцэраў звольніліся лягальна, а некаторыя, разжаленыя, дэзэртыравалі з батальёну. Міма ўсяго, дзякуючы працы Сажыча, батальён захаваўся й сумленна выконваў свае абавязкі датуль, покуль не адыйшоў апошнні нямецкі цягнік зь Беларусі.

Пасьля эвакуацыі з Беларусі, батальён быў эвакуаваны ў Надрэнію. Тут людзі батальёну былі ўжытыя, як працоўная сіла на чыгунках Надрэніі. Частка трапіла і ў брыгаду Зіглінга. Ужо ў жніўні 1944 году, даведаўшыся аб лёсе чыгуначнага батальёну, БЦР і я пачалі рабіць стараньні каб выратаваць адтуль людзей. Удалося выцягнуць толькі аднаго Сажыча. Лёс рэшты людзей нам невядомы.

Беларуская Краёвая Абарона (БКА) Калі аканчальна ўканстытуавалася Беларуская Цэнтральная Рада, то на першым яе паседжаньні 22.1.1944 году Прэзідэнт Рады прафесар Астроўскі ў сваёй дэклярацыі між іншым сказаў, што галоўным заданьнем БЦР будзе арганізацыя ўсіх беларускіх сіл для барацьбы з бальшавіцкай партызаншчынай і, наагул, з бальшавізмам. Ясна, што змаганьне з партызаншчынай у першую чаргу павінна было быць збройнае.

У той час на Беларусі беларускай збройнай сілай была паліцыя, якая налічвала каля 20 000 чалавек і цалкам знаходзілася ў распараджэньні нямецкіх паліцэйскіх уладаў. Апрача таго, існавала яшчэ некалькі батальёнаў самааховы, якія знаходзіліся ў стане ліквідацыі іх немцамі. Так што, каб збройна змагацца, трэба было ў першую чаргу стварыць нейкую збройную сілу. БЦР тады і пастанавіла прыступіць да арганізацыі беларускай збройнай сілы пад назовам Беларускай Краёвай Абароны.

Гэнэральны камісар Беларусі і камандзір войск СС і паліцыі на Беларусі гэнэрал — лейтэнант паліцыі і СС групэнфюрэр фон Готбэрг, які фактычна паклікаў да жыцця БЦР, ахвотна на гэта згадзіўся. Сьпярша сярод БЦР і сярод нямецкіх дзейнікаў вяліся дыскусыі, ці БКА арганізоўваць дарогай дабраахвотніцкага зацягу, ці дарогай мабілізацыі. У рэшце рэштаў было пастаноўлена арганізоўваць БКА дарогай прымусовай мабілізацыі.

Правядзеньне мабілізацыі на Беларусі прадстаўніцтвам беларускага народу, якім тады з’яўлялася БЦР, было надзвычайна важнай справай. Гэта быў першы факт у гісторыі Беларусі, калі беларускі народ паклікаўся ў беларускае войска беларускімі ўладамі. Трэба было сьпярша правесьці разьведку, намацаць грунт на мяйсцох, даведацца, як на гэта будуць заглядацца шырэйшыя беларускія кругі. З гэтай мэтай Прэзыдэнт БЦР і пастанавіў зрабіць падарожжа па Беларусі.

Яшчэ ў сьнежні 1943 году, калі прафесар Астроўскі прыняў на сябе абавязкі Прэзыдэнта БЦР і пачаў дабіраць сяброў у склад рады, то запрапанаваў і мне ўвайсьці ў склад сяброў рады з тым, што калі пачнецца арганізацыя беларускага войска ў якой-небудзь форме, то я буду стаяць на чале гэтага войска. Я на гэта згадзіўся, так што быў уважаны Прэзыдэнтам БЦР за кандыдата на камандзіра будучага беларускага войска. Калі Прэзыдэнт выбіраўся ў аб’езд Беларусі, з мэтай атрыманьня дадзеных аб мажлівасьці мабілізацыі на Беларусі, то забраў з сабою і мяне. Такім чынам, у пачатку лютага 1944 году Прэзыдэнт Астроўскі, я, Нэронскі, як сакратар Прэзыдэнта і прадстаўнік штабу Готбэрга капітан Куммэр Эміль, немец, які знаў добра расейскую мову, выправіліся ў падарожжа.

Першай мэтай нашага падарожжа была Слуцкая акруга. Калі мы прыбылі ў Слуцак, то гэбітскамісар Слуцку, папярэдня паведамлены немцамі аб нашым прыезьдзе, вельмі ветліва прыняў нас. Прэзыдэнт папрасіў гэбітскамісара, каб той склікаў на першы дзень нашага побыту ў Слуцку начальнікаў раёнаў, якія былі ўсе беларусамі, а на другі дзень — агульны сход беларускага насельніцтва акругі.

На сабраньні начальнікаў раёнаў, калі Прэзыдэнт прадставіў справу мабілізацыі, усе начальнікі, апрача Капыльскага, які рабіў засьцярогі адносна мажлівасьці правядзеньня мабілізацыі з погляду на моцную партызаншчыну ў ягоным раёне, запэўнілі Прэзыдэнта, што гэтая справа зусім магчымая і што насельніцтва ахвотна пойдзе на заклік Прэзыдэнта ў беларускае войска.

На наступны дзень адбыўся сход насельніцтва. Народу прыбыло вельмі шмат. Шмат было людзей із вёсак. Вялікая заля кіна не магла зьмясьціць усіх удзельнікаў сходу, народ запоўніў ня толькі ўсе карыдоры, але шмат было прымушана стаяць на вуліцы. Прэзыдэнт быў прывітаны бурнымі авацыямі. У Случчыне Астроўскі быў асабліва папулярны, як сам Случчанін. Прамова Прэзыдэнта зрабіла на ўсіх вялікае ўражаньне. Арганізацыю беларускага войска ўсе вельмі віталі. Паасобныя прамоўцы із удзельнікаў запэўнілі Прэзыдэнта, што на ягоны заклік уся Случчына стане як адзін чалавек. Уражаньне ад Слуцку засталося як найлепшае. З гэтым добрым уражаньнем выехалі мы ў Баранавічы.

На прыезд Прэзыдэнта Баранавічы прыгатовіліся па сьвяточнаму. Пры ўезьдзе ў горад Прэзыдэнта спаткалі ганаровая рота, складзеная з беларускае паліцыі, Старшыня гораду Русак Аляксандар і шмат народу з хлебам і соляй. Гэбітскамісар прыняў нас вельмі гасьцінна. Тут, як і ў Слуцку, сьпярша адбыўся сход раённых начальнікаў, пасьля — беларускага насельніцтва. і тут, гэтак сама было пастаноўлена праводзіць мабілізацыю і тварыць беларускае войска.

З Баранавіч мы паехалі ў Слонім. У Слоніме гэтак сама спаткалі нас урачыста, адбыліся гэткія самыя сходы і гэтак сама было пастаноўлена праводзіць мабілізацыю і арганізоўваць беларускае войска. Тут трэба адзначыць, што слонімская акруга асабліва вітала арганізацыю БКА, бо мела за сабой прыгожую традыцыю змаганьня з партызаншчынай за часы існаваньня самааховы.

Пасьля аб’езду слонімскае акругі мы вярнуліся ў Менск. Цяпер можна было прыступіць да працы з пэўнасьцю, што мабілізацыя безумоўна ўдасца.

А праца чакала нас вельмі вялікая. Каб правесьці мабілізацыю, трэба было арганізаваць штаб БКА, які б падрыхтоўваў плян мабілізацыі, трэба было арганізоўваць адміністрацыйную і вайскова-адміністрацыйную ўладу на ўсім абшары Гэнэральнага Камісарыяту Беларусі, каб можна было правесьці мабілізацыю.

Прэзыдэнт БЦР неадкладна пачаў дабіраць кандыдатаў на намесьнікау ў акругах. Я пачаў арганізоўваць штаб і дабіраць кандыдатаў на акруговых вайсковых начальнікаў БКА.

Адносна штабу, то ў самым пачатку пачалася паміж БЦР і адпаведнымі нямецкімі ўладамі разнагалосіца. Немцы ўважалі, што абавязкам БЦР з’яўляецца толькі правесьці мабілізацыю, а кіраваньне змабілізаванымі людзьмі належыць да іх. З гэтым не згаджалася БЦР, уважаючы, што пасьля мабілізацыі ў кіраваньні БКА павінна браць удзел і БЦР пры дапамозе свайго собскага штабу. Па доўгіх перамовах паміж прадстаўніком Готбэрга доктарам і гаўптштурмфюрэрам Маркусам, які з’яўляўся палітычным рэфэрэнтам Гэнэральнага Камісарыяту Беларусі з аднаго боку і Прэзыдэнтам БЦР — з другога, было пастаноўлена, што пры БЦР будзе ўтвораны аддзел БКА, які прыгатуе мабілізацыю, правядзе яе і будзе супрацоўнічаць із штабам Готбэрга ў справах прапаганды, гаспадарчых, санітарных і вайсковай падрыхтоўкі. Уся аперацыйная справа належыць толькі да нямецкага штабу Готбэрга. Пры гэтых перамовах ужо ясна выявілася, што немцы зусім ня мелі намеру дазволіць беларусам стварыць нейкую беларускую збройную сілу, ім патрэбны былі толькі людзі, якіх беларусы павінны ім даць, а кіраваць людзьмі меліся яны самі без нашай помачы.

З гэтым жа самым Маркусам было дагаворана, што Готбэрг прыймае на сябе абавязак усё БКА належна ўзброіць, а што справу абмундзіраваньня БЦР прыймае на сябе.

Прэзыдэнт Астроўскі прыняў на сябе абавязак абмундзіраваньня БКА, дзеля таго, што ўважаў, што супраць партызанскіх бандаў можна змагацца толькі партызанскім спосабам. Гэта значыць, што аддзелы БКА добра ўзброеныя тварылі бы, як ён называў іх, «белыя банды». Гэтыя «белыя банды», якія складаліся б із мясцовага насельніцтва і якія зналі б добра родныя пушчы, проста хадзілі бы ў лес як партызанскія банды і нішчылі бы чырвоных партызанаў. Немцам сьпярша гэтая думка спадабалася, аднак пасьля яны ад яе адыйшлі, за выняткам толькі таго, што БЦР павінна БКА апрануць.

Прыблізна ў другой палове лютага 1944 году ўсе пытаньні адносна БКА паміж штабам Готбэрга і БЦР былі ўзгодненыя. Я прыступіў да арганізацыі штабу, ці як немцы жадалі, аддзелу БКА пры БЦР. Справа гэтая была незвычайна цяжкая.

Я з самага пачатку зьвярнуў увагу Прэзыдэнта і ўсяе Рады на тое, што мы будзем мець вялікія цяжкасьці з прычыны слабасьці беларускага афіцэрскага корпусу, бо з арганізацыі Самааховы я знаў амаль кожнага афіцэра-беларуса асабіста. Кадравых афіцэраў у нас ня было амаль зусім. Адзіны афіцэр штабовы з вышэйшай вайсковай асветай, гэта быў падпалкоўнік гэнэральнага штабу царскай арміі Гуцька Язэп, але той, спасылаючыся на слабасьць свайго здароўя, адмовіўся прыняць на сябе якую-колечы працу ў БКА.

Для прыгатаўленьня пляну мабілізацыі ў тым маштабе, у якім праектавала БЦР, патрэбна было прынаймі некалькі афіцэраў-спэцыялістых у гэтай справе, у нас жа ня было ніводнага. Увесь цяжар працы і адказнасьць спалі на мяне. Трэба было аднак дзейнічаць. Я пачаў арганізоўваць штаб. Першы службовы мой тытул быў Начальнік Штабу БКА. На свайго заступніка я паклікаў падпаручніка польскае арміі Мікулу Віталя. Гэта быў кадравы афіцэр польскае арміі. Ён скончыў польскі кадэцкі корпус і артылерыйскую ваенную школу. Быў гэта чалавек адданы беларускай справе, вайскова добра прыгатаваны, вельмі працавіты, але малады, з малым жыцьцёвым і вайсковым пазнаньнем і ніколі не працаваўшы ў штабе. На кіраўніка агульнай канцылярыі штабу быў пакліканы Васіленя Аляксей, вельмі добры тэхнічны кіраўнік канцылярыі. На рэфэрэнта пэрсанальнага аддзелу Раманчук Сымон, на начальніка санітарнай часьці БКА доктар Пражога, пазьней Багдановіч Глеб. На кіраўніка прапаганднага аддзелу Гуцька Уладзімер. На гаспадарчыя функцыі былі пакліканыя Плескачэўскі, Скуратовіч Ян і Касьпяровіч.

Вось і ўвесь склад штабу. Ніводнага чалавека апрача кіраўніка санітарнай часьці, ня было спэцыялістага ў прынятай на сябе функцыі. З гэтым штабам я прыступіў сьпярша да прыгатаўлення мабілізацыі, а пасьля да кіравання БКА. Між іншым, мушу сказаць, што БЦР ніяк не магло пагадзіцца з накінутым немцамі назовам «аддзел БКА», а дзеля таго, што на назоў «штаб» немцы не хацелі згадзіцца, то БЦР вырашыла наш штаб называць «Галоўным Кіраўніцтвам БКА».

У прыгатаўленьні пляну мабілізацыі прыймалі ўдзел апрача штабу і радныя БЦР. Праектаў, якія паступалі ў Галоўнае кіраўніцтва БКА, было шмат, але ўсё ж аканчальны плян апрацоўвалі я з Мікулай. Плян быў апрацаваны вельмі падрабязна, з мінутовым падзелам дзейнасьці намесьнікаў БЦР, акруговых начальнікаў, павятовых начальнікаў і камандзіраў батальёнаў і рот.

Другой вельмі важнай справай была абсада ў вокругах намесьнікаў і акруговых начальнікаў. Прэзыдэнтам былі вызначаныя на намесьнікаў наступныя асобы: Менская акруга — інжынер Жук, а дзеля часовай ягонай адсутнасьці да выкананьня абавязкаў намесьніка прыступіў Будзіловіч; Слуцкая акруга — Гінько, Баранавіцкая акруга — др. філ. Станкевіч Станіслаў, Слонімская акруга — Аўдзей, Наваградзкая акруга — Рагуля Барыс, Вялейская акруга — др. мэд. Малецкі і Глыбоцкая акруга — інжынэр Касяк іван, у Лідзкую акругу і Ганцавіцкую намесьнікі не вызначаліся дзеля таго, што гэтыя акругі былі вылучаныя з мабілізацыі. Акруговымі начальнікамі БКА былі вызначаныя: Менскай — капітан Пугачоў, кадравы ваенны савецкай арміі, які добра знаўся на вайсковай справе і быў вельмі энэргічным.

Слуцкае акругі — падлейтэнант Шнэк Сьцяпан — кадравы афіцэр савецкай арміі (апошніх некалькі год у арміі не служыў), чалавек вельмі разважны, на вайсковай справе добра знаўся.

Баранавіцкае акругі — лейтэнант Русак Уладзімер, падхарунжы польскае арміі, вайскова падрыхтаваны слаба, вызначаны на гэтае становішча намеснікам акругі з прычыны адсутнасьці іншага кандыдата.

Слонімскае акругі — Дакіневіч Язэп, падхарунжы польскай арміі, вайскова падрыхтаваны слаба, але знаны ў Слонімшчыне з працы па арганізацыі Самааховы.

Наваградзкае акругі — Рагуля Барыс, вайскова падрыхтаваны слаба, але адданы беларускай справе, вельмі энэргічны і знаны ў Наваградчыне як змагар за беларускую справу.

Вялейскае акругі — Бабіч, падхарунжы польскай арміі, вайскова слаба падрыхтаваны, але адданы беларускай справе, энэргічны.

Глыбоцкае акругі — Зыбайла Рыгор, падхарунжы польскай арміі, вайскова слаба падрыхтаваны, але адданы беларускай справе, знаны беларускаму грамадзтву, як змагар за беларускую справу.

Як відаць з гэтага сьпісу, вайсковымі начальнікамі акругоў былі людзі маладыя, вайскова слаба падрыхтаваныя, за выняткам капітана Пугачова, які да 1941 г. служыў у савецкай арміі, бяз жыцьцёвага дазнаньня. іншых кандыдатаў у нас ня было. Былі, праўда, яшчэ прапаршчыкі запасу царскае арміі, але гэта былі людзі старыя векам, вайскова зусім бязвартасныя і ў бальшыні чужыя беларускай справе. Ясна, што выбар наш мусіў затрымацца на людзях маладых, ідэёвых змагарох за беларускую справу і вайскова ўсё ж такі так-гэтак падрыхтаваных.

Галоўны цяжар па падрыхтоўцы мабілізацыі і ейным правядзеньні ўскладаўся на намесьнікаў. Па мысьлі першай інструкцыі, мабілізацыйныя намесьнікі, супольна з акруговымі начальнікамі і з павятовымі начальнікамі, павінны былі на мяйсцох выбраць камандзіраў батальёнаў. У кожным павеце праектаваўся адзін батальён у сіле 600 чалавек, значыцца яшчэ перад мабілізацыяй павінны былі быць пакліканыя камандзіры батальёнаў, якія супольна з павятовымі начальнікамі і мусілі прыгатаваць усё да мабілізацыі ў павеце.

У міжчасьсі, калі Галоўнае Кіраўніцтва БКА і Прэзыдэнт БЦР выконвалі вышэй апісаную працу, выйшаў загад Готбэрга аб арганізацыі БКА Для адчытаньня гэтага загаду адбыўся сход у габінэце Прэзыдэнта ў канцы лютага 1944 году. На сходзе з беларускага боку былі прысутныя: Прэзыдэнт БЦР, Першы Віцэпрэзыдэнт, ад Галоўнага Кіраўніцтва БКА я і Мікула, а з боку нямецкага прысутнічалі начальнік штабу Готбэрга падпалкоўнік Кляйнц із сваім ад’ютантам, кіраўнік чужа-нацыянальнай паліцыі на Беларусі падпалкоўнік Каўфман з ад’ютантам, кіраўнік палітычнага аддзелу пры СД у Менску штурмбанфюрэр Сэп, нямецкія акруговыя начальнікі паліцыі, акруговыя начальнікі БКА і намесьнікі. На гэтым сабраньні ад’ютант начальніка штабу Готбэрга прачытаў загад Готбэрга аб арганізацыі БКА. Зьмест гэтага загаду наступны:

(У арыгінале тэкст загаду адсутнічае. Дакумент гл. у дадатку на с. 202. — Рэд.)

Пасьля прачытаньня загаду адбылася дыскусыя на тэму тэхнікі правядзеньня мабілізацыі. Была вырашана дата мабілізацыі 10-га сакавіка 1944 г.

Як відаць із загаду Готбэрга, роля Галоўнага Кіраўніцтва БКА пры БЦР была вельмі малая, не гледзячы на тое, што ўся адказнасьць за мабілізацыю спадала на гэтае кіраўніцтва.

У сувязі з тым, што нашыя афіцэрскія і падафіцэрскія кадры былі слабыя, БЦР вырашыла, а немцы цалкам на гэта згадзіліся, правесьці перашкаленьне афіцэраў і падафіцэраў. З гэтай мэтай у Менску адчыніўся месячны курс перашкаленьня афіцэраў і падафіцэраў, разьлічаны на 50 афіцэраў і 150 падафіцэраў. Курсы меліся праводзіцца адзін за адным так доў-га, пакуль усе афіцэры і падафіцэры ня будуць перашколеныя. Пасьля гэтых курсаў плянавалася адчыненьне афіцэрскай школы з 6-месячным курсам для новых кандыдатаў на афіцэраў. У пляне мабілізацыі было прадугледжана ў першых днях мабілізацыі прыслаць у Менск на курс афіцэраў і падафіцэраў.

Камандзірам курсу з нямецкага боку быў вызначаны штабам Готбэрга капітан Шнайдэр. Трэба было вызначыць камандзіра курсу з нашага боку. Пасьля разгляду кандыдатаў Прэзыдэнт і я згадзіліся вызначыць на гэтае становішча маёра савецкае арміі Бедрыцкага. З гэтай мэтай Прэзыдэнт выклікаў Бедрыцкага з Баранавіч у Менск. Прэзыдэнт і я расцэньвалі становішча камандзіра, сьпярша афіцэрскіх і падафіцэрскіх курсаў перашкаленьня, а пасьля афіцэрскай школы, як адно з вельмі адказных становішчаў у БКА. Гутарка з Бедрыцкім адбывалася ў габінэце Прэзыдэнта. Калі Прэзыдэнт запрапанаваў Бедрыцкаму становішча камандзіра курсаў, то Бедрыцкі катэгарычна адмовіўся, матывуючы сваю адмову сваёй хвараблівасьцяй. Пры гэтым ён літаральна плакаў і гаварыў, што ён так кепска чуецца, што пэўна яшчэ ў гэтым годзе памрэ. Наагул, ён зрабіў на нас уражаньне нейкага духовага і фізычнага ўбоства.

Пасьля адмовы Бедрыцкага, адзіным кандыдатам застаўся ў нас Чабатарэвіч Віктар, які на маю прапанову ахвотна зга-дзіўся. Справядлівасьць, аднак, вымагае падкрэсьліць, што Чабатарэвіч вельмі энэргічна ўзяўся за працу, як у часе прыгатаў-леньня, так і шкаленьня курсу. Ён выказаў шмат волі і энэргіі, і здавалася, што зь яго вырабіцца добры камандзір. Далейшыя падзеі змусілі, аднак, горка ў Чабатарэвічу расчаравацца.

У акругах у гэтым самым часе праца па прыгатаўленьню мабілізацыі ішла поўным ходам. Намесьнікі і акруговыя начальнікі БКА і паветавыя начальнікі ўвайшлі ў курс спраў, разумелі важнасьць справы і рабілі ўсё, што ад іх залежыла. Гэбітскамісары і нямецкія начальнікі паліцыі, атрымаўшы загады ад Гэнэральнага Камісару Беларусі, працы ня толькі не перашкаджалі, а наадварот памагалі. Набіраўся загад Прэзыдэнта аб мабілізацыі. Дзеля тайнасьці справы набор рабіў Най-дзюк Язэп. Тэрмін мабілізацыі трымаўся ў таямніцы. Утаямнічаныя зь біцьцём сэрца чакалі 10-га сакавіка.

Нарэшце найдыйшоў дзень дзесятага сакавіка 1944 году. Ужо дзевятага сакавіка пад вечар у большай частцы Беларусі былі расклеяныя абвешчаньні Прэзыдэнта БЦР аб мабілізацыі ў БКА. Дзесятага па паўдні прыйшлі ў БЦР першыя весткі аб ходзе мабілізацыі. Весткі гэтыя былі вельмі добрыя. Народ масава пайшоў да прыймовых камісыяў. На колькі народ здаў эгзамен сваёй нацыянальнай і грамадзкай сьведамасьці, сьведчыць беларускае насельніцтва тых раёнаў, якія цалкам былі апанаваныя партызанамі. Улада а ні нямецкая, а ні беларуская туды не сягалі. Прызыўныя гадавікі маглі зусім безкарна да прыймовых камісыяў не з’явіцца, аднак усе з’явіліся.

Абвешчэньне мабілізацыі зрабіла на партызанаў вялікае ўражаньне. Не прадугледжваючы падобнай рэчы, партызаны ня мелі аднэй лініі адносінаў да прызыўнікоў, якія выконвалі загад Прэзыдэнта. Дзеля гэтага захоўваліся яны ў кожнай частцы Беларусі па-рознаму. Так, напрыклад, у некаторых мяйсцох яны павыстаўлялі на дарогах пасты, якія не прапушчалі прызыўнікоў да прыймовых камісыяў, у іншых наадварот, раілі прызыўнікам ісьці і браць зброю ў рукі, каб пасьля павярнуць яе супроць немцаў. З раёнаў у якіх партызаны патварылі кардоны, не прапушчаючы прызыўнікоў, апошнія пракраліся праз гэтыя кардоны праз лясы, каб з’явіцца перад прыймовай камісыяй. Адзінаццатага сакавіка я наведаў прыймовую камісію Менскага раёну. Вялікая плошча каля будынку, у якім працавала камісыя, была застаўлена вазамі, на якіх прызыўнікі чакалі сваёй чаргі. Настрой у людзей быў сьвяточны, усе спа-дзяваліся, што сапраўды створыцца беларуская збройная сіла, якая адваюе лепшае мейсца ў сьвеце для беларускага народу.

У часе мабілізацыі начальнік Менскай акругі далажыў мне, што часьць людзей, прызнаных здольнымі да вайсковай службы, немцы забіраюць і аддаюць у распараджэньне «ОТ». Гэтую вестку я зараз жа падаў да ведама Прэзыдэнту. Прэзыдэнт вельмі абурыўся гэтаму факту і неадкладна паехаў у Гэнэральны Камісарыят, каб злажыць пратэст супроць гэтага бяспраўя. Др. Маркус матываваў Прэзыдэнту свой учынак тым, што для немцаў была патрэбна рабочая сіла для паправы дарог на Беларусі. Прэзыдэнт тады падаў думку каб зрабіць гэта не нарушаючы папярэднія ўмовы адносна БКА, творачы сапёрныя батальёны. Немцы падхапілі гэтую думку і такім чынам паўстала ідэя арганізацыі сапёрных батальёнаў. Пры ўмове аб арганізацыі сапёрных батальёнаў з др. Маркусам было пастаноўлена арганізаваць 12 такіх батальёнаў. Батальёны гэтыя мелі знаходзіцца паўтары месяцы ў распараджэньні арміі, пасьля чаго мелі ўвайсці ў склад БКА. Пры гэтым сапёрныя батальёны павінны былі быць абмундзіраваныя і ўзброеныя арміяй.

Пачатак мабілізацыі быў надзвычайна добры, каб не нашыя апякуны — немцы. Гэнэральны Камісар Беларусі аддаў загад па нямецкай лініі, што ў выпадку неабходнай патрэбы могуць быць звольненыя ад мабілізацыі незамянімыя спэцыялістыя ў прадпрыемствах вайсковага значэньня. Пры гэтым у такіх выпадках мелі рэклямаваць адпаведныя кіраўнікі прадпрыемстваў, а звальняць меў права Гэбітскамісар. Дзеля таго, што ў часе вайны ўсё можна было падцягнуць пад вайсковае прадпрыемства, то загад гэты адчыніў дзьверы для злоўжываньняў. Чалавек, які даглядаў сьвіней ці курэй якога-колечы нямецкага ўрадоўца, аказаўся незамянімым спэцам. Працаўнік на земляных работах, які падарыў свайму начальніку-немцу кусок сланіны, гэтак сама рэклямаваўся як незамянімы спэц. Так што, у рэшце рэштаў амаль палова змабілізаваных была рэклямаваная і звальнялася. Шмат нэрваў каштавала БЦР пакуль гэтыя злоўжываньні трохі спыніліся.

Мабілізацыя цягнулася значна даўжэй, чым было праду-гледжана мабілізацыйным плянам. Прычынай гэтага было малое дазнаньне прыймовых камісыяў і перашкоды з боку пар-тызанаў і нямецкіх уладаў. У выніку пачалі арганізавацца 39 батальёнаў пяхоты, а таксама і сапёрныя батальёны, у якія людзі ішлі вельмі неахвотна. У некаторых мяйсцох людзі, пры-званыя ў сапёрныя батальёны разьбягаліся, як, напрыклад, у Нясьвіжы і Клецку. У пяхотныя ж батальёны людзі ішлі вельмі ахвотна, хочучы непасрэдна змагацца з бальшавіцкімі партызанамі, чаго не давалі ім сапёрныя батальёны.

Найслабейшым пунктам БКА была слабасьць афіцэрскага складу. Як у арганізацыі Самааховы, так і тут гэтая справа з самага пачатку пачала даваць благія вынікі. Трэба, аднак, прызнацца, што ў беларускіх умовах арганізацыя вайсковых адзінак напаткала б на шмат цяжкасьцяў навет і пры вельмі добрых афіцэрах. У нас ня было а ні вайсковых структураў, а ні штатаў, а ні праграмаў шкаленьня, а ні вайсковых традыцыяў, так што кожны камандзір павінен быў выявіць вялікі вайсковы вопыт, гэтага вопыту не хапала нашым камандзірам. Штаб БКА нахутка апрацоўваў усё неабходнае да арганізацыі і вайсковай падрыхтоўкі, аднак, гэта ня было тое, што мелі арміі суседніх дзяржаваў. Некаторыя сябры прэзыдыуму БЦР стараліся дашукацца віны за недахопы ў батальёнах, у штабе БКА. Так, напрыклад, Родзька Усевалад закідаў штабу, што штаб складаецца з вельмі маладых афіцэраў і выглядае непаважна. Я асабіста цалкам з ім згаджаўся і прасіў сяброў прэзыдыуму, каб далі мне больш паважных кандыдатаў на штабныя становішчы, аднак, ніхто мне такога кандыдата паказаць ня мог. Увага затрымоўвалася на адзіным кандыдаце на штабную працу — гэта на падпалкоўніку царскай арміі Гуцьку Язэпу. Прэзыдэнт напісаў пісьмо да Гуцькі, запрашаючы яго на начальніка штабу БКА. Гуцька свой прыезд у Менск адцягваў і прыбыў толькі ў пачатку траўня 1944 году разам з Якуцэвічам Паўлам. Пры першай гутарцы з Прэзыдэнтам падпалкоўнік Гуцька зга-дзіўся прыняць становішча начальніка штабу і на другі дзень зьявіўся да мяне, просячы, каб я даў яму акты для азнаямленьня. Прагледзеўшы акты, Гуцька пайшоў да Прэзыдэнта і катэгарычна адмовіўся ад працы ў БКА. У гутарцы са мною ён сказаў, што калі апэрацыйная частка штабу належыць не да штабу БКА, а да нямецкага штабу, то ён уважае, што гэты штаб ня ёсьць штабам у поўным значэньні і дзеля гэтага ён працаваць у такім штабе ня хоча. Гэткім чынам, адзіная надзея на наданьне штабу «паважнага выгляду» скончылася няўдачай. У штабе застаўся працаваць Якуцэвіч, якому Прэзыдэнт надаў рангу маёра. Якуцэвіч абняў становішча інспектара БКА.

Зброю для БКА узяліся даць нямецкія ўлады, якія абяцалі на пачатак па сто вінтовак на кожны батальён. Фактычна, пад канец мабілізацыі на кожны батальён было прыдзелена па сто італьянскіх вінтоўкаў. Вінтоўкі гэтыя былі, аднак, такой марнай якасьці, што мы сьпярша прынялі іх за вучэбныя.

Прайшло прыблізна з месяц часу. Мабілізацыя даўно скончылася. Людзі праходзілі ў батальёнах вайсковую падрыхтоўку із гэтымі ж італьянскімі вінтоўкамі. Адна вінтоўка прыпадала прыблізна на 6 −7 чалавек. Амуніцыі было вельмі мала. Даведаліся аб гэтым партызаны і пачалі нападаць на батальёны. Людзі ў батальёнах звычайна прыймалі бой, аднак мусілі ўступаць перавазе зброі ў ворага. Два батальёны ў Глыбоцкай акрузе былі разьбітыя зусім, людзі былі ўзятыя ў палон, рэшта разьбеглася. Гэтыя факты вельмі адмоўна адбіваліся на маральным стане ў батальёнах. БЦР із свайго боку рабіла націск на штаб гэн. Готбэрга, каб хутчэй давалі зброю. Акруговыя начальнікі БКА прысылалі ў штаб БКА мэльдункі, у якіх справу прадстаўлялі ў што раз чарнейшых колерах. Прэзыдыум БЦР вырашыў склікаць з’езд начальнікаў акругоў, каб супольна з БЦР знайсьці меры для паправы справы.

З’езд адбыўся ў канцы красавіка 1944 году. Заслухаўшы даклады з мейсцаў, некаторыя ўдзельнікі з’езду паставілі прапанову аб ліквідацыі БКА. Пасьля дыскусыі, аднак было па-станоўлена БКА не ліквідаваць, а зьменшыць згодна колькасьці зброі, гэта значыць на тры чвэрці. Гэн. Готбэрг пажадаў прыняць увесь з’езд у сваім службовым памяшканьні. Прыняў ён яго вельмі суха. Сьпярша прачытаў натацыю, што беларусы вельмі гарачыя і жадаюць рэчаў немагчымых і не ўлічваюць ваенных абставінаў, а пасьля сказаў, што транспарт зброі для БКА быў у дарозе, але разьбіты ворагам і што на зброю цяпер прыйдзёцца пачакаць даўжэйшы час. Аб рэдукцыі БКА гэн. Готбэрг не хацеў навет і слухаць. Аднак гутарка на з’ездзе аб ліквідацыі або рэдукцыі БКА зрабіла на немцаў пэўнае ўражаньне: зброя пачала прыбываць. Пры гэтым прыбывала зброя розных сыстэмаў, як вінтоўкі францускія, галяндзкія, расейскія, польскія і інш. Цяжкія кулямёты былі ў бальшыні польскія. Можна цяпер уявіць, якія цяжкасьці мелі камандзіры батальёнаў, маючы столькі сыстэмаў зброі, з вайсковай падрыхтоўкай, разьдзелам амуніцыі. Наагул, да самага бальшавіцкага наступу, БКА фактычна ўзброена не была.

Справа з абмундзіраваньнем прадстаўлялася яшчэ горш. Прэзыдэнт БЦР Астроўскі гэтай справы не даацэньваў. Ён усьцяж лятуцеў аб «белых бандах» і таму яшчэ пры ўступных перамовах згадзіўся абмундзіраваньне ўзяць на сябе. У чым людзі прыйшлі ў час мабілізацыі, у тым і засталіся. БЦР ня мела ніякіх магчымасьцяў абмундзіраваць БКА. Калі я, бачачы ў батальёнах абадранцаў, пачаў зьвяртацца да начальніка штабу гэн. Готбэрга і прасіць аб прыдзеле абмундзіраваньня, то заўсёды атрымоўваў адказ: «Ваш Прэзыдэнт узяў на сябе абмундзіраваць БКА, няхай ён гэта выконвае, мы свой абавязак у справе зброі выканалі».

Як я ужо вышэй успомніў, для прыгатаўленьня добра кваліфікаваных кадраў у Менску быў адчынены месячны курс перашкаленьня афіцэраў і падафіцэраў. Першы курс распачаў-ся ў сярэдзіне сакавіка 1944 году. На курс прыбыло 50 афіцэраў і каля 200 падафіцэраў. У сувязі з тым, што набліжалася 25 Сакавіка, гадавіна абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, БЦР пастанавіла ў гэты дзень правесьці прысягу БКА. Быў апрацаваны тэкст прысягі, разасланыя загады начальнікам акругоў, каб прысягу правесьці ў як найбольш урачыстых абставінах. У Менску мела быць урачыста праведзена прысяга курсу перашкаленьня афіцэраў і падафіцэраў. Прысяга гэтая вельмі ўрачыста, у прысутнасьці Прэзыдэнта БЦР, гэн. Готбэрга, прадстаўнікоў арміі і ўладаў цывільных і вялізарнага натоўпу менскага жыхарства, была праве-дзена на катэдральнай плошчы. Пасьля прысягі адбыўся парад. Курсанты прадстаўляліся вельмі добра. Была праведзена прысяга і ў іншых батальёнах, аднак не ва ўсіх, дзеля таго, што некаторыя батальёны яшчэ знаходзіліся ў стадыі арганізацыі.

Першы курс скончыўся ў палове красавіка. Пры заканчэньні быў праведзены эгзамен у прысутнасьці гэн. Готбэрга. Беларускі штаб БЦР прадстаўляў толькі я. Прэзыдэнт, будучы нездаволены із спосабу ўзбраеньня БКА немцамі, на эгзамен не прыбыў. На заканчэньне эгзамэну гэн. Готбэрг сказаў да курсу прамову, у якой паклаў спэцыяльны націск на тое, што не гледзячы на ўсе цяжкасьці, БКА будзе ўзброена, і адыграе гістарычную ролю ў змаганьні з бальшавізмам.

Пасьля заканчэньня першага курсу быў адчынены другі курс у канцы красавіка 1944 году. Галоўным заданьнем у прыгатаўленьні кадраў было, аднак, адчыненьне афіцэрскай школы для моладзі, якая яшчэ не была ў войску. Атрымаўшы згоду гэн. Готбэрга, БЦР правяла адпаведную прапаганду і роўналежна з трэцім афіцэрскім курсам у другой палове чэрвеня 1944 году з’ехалася 280 кандыдатаў у афіцэрскую школу. Былі гэта маладыя хлапцы, у бальшыні із скончанай сярэдняй асьветай. Курс навукі прадугледжваўся 6-месячны, пасьля чаго маладым кандыдатам мела быць наданая першая афіцэрская ранга. Маладыя кандыдаты зь вялікай верай і запалам узяліся за навуку. Нажаль, ня было суджана гэтым маладым беларускім патрыётам атрымаць афіцэрскія рангі беларускага войска. 28-га чэрвеня бальшавіцкая армія пачала набліжацца да Менску. Менск хутка эвакуіраваўся. Афіцэрская школа пешым маршам 29-га чэрвеня накіравалася на Вільню. Ужо ў часе маршу маладыя хлапцы, ня прывыкшыя да фарсіраванага маршу, пачалі адставаць. У Вільні трапілі яны пад бамбардаваньне, пры гэтым 6 вучняў было забітых і некалькі параненых. У Вільні афіцэрская школа заладавалася ў цягнік і пасьля доўгага падарожжа ў канцы ліпеня была прыдзеленая да гэтак званай брыгады Зіглінга. Зіглінг, гэты злы дух беларускай вайсковасьці пры немцах, падзяліў школу на паасобныя пададдзелы і такім чынам школа была зьліквідаваная.

Пры самым пачатку арганізацыі БКА немцы стараліся як найбольш абмежаваць кампэтэнцыі беларускага штабу. Ужо тое, што пры беларускім штабе ня было апэрацыйнага аддзелу, зводзіла ягоную ролю на другараднае мейсца. Паводле нямецкага пляну, заданьнем беларускага штабу, апрача правя-дзеньня мабілізацыі, была праца прапагандовая. З гэтым по-глядам беларускі штаб бязупынна змагаўся. У рэште рэштаў беларускі штаб складаўся з наступных аддзелаў:

Аддзел арганізацыйны, Аддзел прапагандовы, Аддзел санітарны, Аддзел гаспадарчы, Агульная канцылярыя. Свабода руху беларускага штабу была вельмі зьвязаная. Беларускі штаб ня меў у сваім распараджэньні ніякіх сродкаў лучнасьці. Калі штаб высылаў у акругі пасланцоў, то прапускі для пасланцоў трэба было атрымоўваць з нямецкага штабу, пры гэтым трэба было ўматываваць неабходнасьць пасылкі пасланцоў, а нямецкі штаб мог прапускі даць, а мог і ня даць, што часта здаралася.

Я загадам Прэзыдэнта БЦР быў назначаны начальнікам беларускага штабу. Маім заданьнем было прыгатаваць і правесьці мабілізацыю. Калі мабілізацыя была скончаная, Прэзыдэнт БЦР сваім дэкрэтам вызначыў мяне камандзірам БКА. Ува ўсіх справах БКА начальнік штабу гэн. Готбэрга зьвязваўся беспасрэдна са мной. Я часта ў гэтым выпадку пасылаў да начальніка штабу майго заступніка — маёра Мікулу. У другой палове чэрвеня 1944 году загадам гэн. Готбэрга быў вызначаны нямецкі штаб лучнасьці, у складзе аднаго маёра, двух капітанаў і 4-х падафіцэраў. Вызначаны штаб атрымаў памешканьне для працы ў будынку беларускага штабу. Заданьнем штабу лучнасьці было ня толькі тэхнічна ўтрымоўваць лучнасьць паміж беларускім штабам і штабам гэн. Готбэрга, але і ўнікаць ва ўсе патрэбы БКА і палягчаць цяжкасьці беларускага штабу адносна матар’яльных патрэбаў БКА. Як выглядала бы ў практыцы супрацоўніцтва са штабам лучнасьці сказаць цяжка, дзеля таго, што штаб гэты яшчэ не пасьпеў увайсьці ў курс сваіх абавязкаў, як падзеі на ўсходнім фронце прымусілі ўсё адвярнуцца ўверх дном.

Прыблізна ў канцы красавіка 1944 году БКА прыняло выразна акрэсьленае аблічча. Было арганізавана 39 батальёнаў пяхоты і 6 батальёнаў сапёрных. У кожным раёне быў адзін батальён пяхоты. Сапёрныя батальёны былі раскватэраваныя наступна: адзін батальён у Барысаве, два батальёны ў Менску, два батальёны ў Слуцку і адзін батальён у Баранавічах. Яшчэ трэба было арганізаваць пяць батальёнаў сапёрных, але гэта не ўдалося выканаць, дзякуючы ад’емным адносінам людзей да гэтых батальёнаў.

Зараз пасьля заканчэньня мабілізацыі, я распачаў праводзіць інспэкцыю ў батальёнах. Нямецкі штаб ставіўся да маіх інспэкцыйных падарожжаў вельмі прыхільна, справе гэтай дапамагаў. У тых батальёнах, у якіх прысяга ня была праведзеная 25-га Сакавіка, яна складалася ў часе маіх інспэкцыяў у маёй прысутнасьці. У гэтым выпадку немцы выразна імкнуліся выкарыстаць мяне, як прапагандзістага. Батальёны выстрайваліся на мой прыезд, я прыймаў рапарт камандзіраў батальёнаў, праводзіў перагляд і абавязкова мусіў закончыць цырымонію прапагандовай прамовай. Нямецкі прадстаўнік звычайна трымаўся набаку. У некаторых выпадках мая роля прапагандзістага і роля немцаў, пад поглядам аперацыйным занадта падкрэсьлівалася. Так напрыклад, у Слуцку пасьля маёй прамовы да сапёрнага батальёну і пасьля прысягі, камандзір сапёрнага нямецкага палка зараз жа аддаў батальёнам загады апэрацыйнага характару. Гэткім чынам, роля мая, як камандуючага БКА была вельмі няпрыемная, тым больш, што а ні жаўнеры Б. К.А, а ні беларускае грамадзянства не разумела фактычнага майго палажэньня.

У часе маіх інспэкцыйных аб’ездаў, я сьцвердзіў нязвычайную ахвярнасьць і адданасьць справе беларускіх жаўнераў. Ня гледзячы на тое, што жаўнеры БКА ня былі абмундзіраваныя, а былі апранутыя вельмі марна ў свае самадзелкі, у бальшыні босыя, яны вялі нармальныя вайсковыя заняткі, выконвалі вартавую службу і хадзілі на партызанаў. У Капылі, Слуцкай акругі, у дажджлівы і вельмі халодны дзень я засьпеў жаўнераў БКА на пастох. Яны былі босыя, стаялі вышэй косткаў у халодным балоце па некалькі гадзін бяз змены. Ня гледзячы на такія ўмовы, жаўнеры БКА вельмі сумленна выконвалі свае абавязкі. Да канца траўню 1945 году былі абмундзіраваныя цалкам толькі сапёрныя батальёны, але зброі яны так і не пабачылі.

Як толькі батальёны сяк-так былі ўзброеныя, яны пачалі весьці змаганьне з партызанамі. Змаганьне гэтае выглядала так, што моцныя аддзелы БКА абходзілі свае раёны, заганяючы партызанскія банды ў глыб лясоў і гэтым даючы мажлівасьць сялянам свабодна апрацоўваць сваю зямлю.

У другой палове траўня нямецкі штаб прыйшоў да перакананьня, што батальёны БКА можна ўжываць у апэрацыях супраць партызанаў. Першы выбар паў на 15 батальён Гара-дзішчанскага раёну, які стаяў у вёсцы Вольная. Нямецкі штаб, які засьцярог сабе права апэрацыйна ўжываць батальёны, навет не паведаміў у беларускі штаб аб сваім намеры, а выдаў загад Гэбітспаліцайкамэнданту Баранавіцкае акругі, што 15 батальён належыць неадкладна заладаваць на цягнік у Баранавічах і адправіць у Менск з мэтай абмундзіраваньня і пераўзбраеньня. Гэбітспаліцайкамандант знайшоўся ў цяжкім становішчы. Ён ведаў, як захоўваліся жаўнеры БКА пры арганізацыі сапёрных батальёнаў, калі людзі, каб не трапіць у сапёрныя батальёны, разьбягаліся. Гэбітспаліцайкамандант ня быў пэўны 15-га батальёну, які мог таксама разьбегчыся, даведаўшыся аб вывазе яго ў Менск немцамі. Гэбітспаліцайкамандант зьвярнуўся тады з запытаньнем да намесьніка БЦР у Баранавічах д-ра Станіслава Станкевіча, ці яму вядома аб загадзе адносна 15-га батальёну. У гэты самы мамэнт я, будучы ў Баранавічах, знаходзіўся якраз у д-ра Станкевіча. Ні мне, ні д-ру Станкевічу нічога не было вядома аб гэтым загадзе. Гэбітспаліцайкамандант зараз жа прыбыў да нас, паінфармаваў аб атры-маным з Менску загадзе і прасіў нас, каб мы згадзіліся паехаць супольна з ім у Вольную і пераканаць батальён аб неабходнасьці выкананьня загаду. На наступны дзень мы з ім паехалі. У Вольнай ужо ведалі аб нашым прыездзе. Прыгатавалі трыбуну, з якой мы меліся прамаўляць. Пасьля перагляду батальёну прамаўлялі да яго я і др. Станкевіч. Пасьля гэтага пад’ехалі самаходы, у якія батальён бяз слова заладаваўся да ад’езду. У Менску 15 батальён быў абмундзіраваны, пераўзброены і рэарганізаваны. Камандзірам гэтага батальёну быў былы падхарунжы польскай арміі Мануей, мне асабіста мала знаны як камандзір. Каб мець пэўнасьць добрага камандаваньня батальёнам у часе акцыі быў вызначаны падлейтэнант Родзька Усевалад спэцыяльна-упаўнаважаным ад беларускага штабу пры батальёне. Батальён быў прыдзелены да апэрацыйнай групы, якая пад камандаваньнем гэн. Готбэрга праводзіла ачышчэньне мясцовасьці ад партызанаў у раёне Лепеля і Барысава. У часе акцыі батальён павыказаў вялікую баявую вартасьць. Пасьля акцыі падлейтэнант Родзька, які быў фактычным камандзірам у часе акцыі, атрымаў Жалезны Крыж, другія камандзіры і шмат падафіцэраў і стральцоў атрымалі баявую ўзнагароду для ўсходніх народаў.

У палове чэрвеня 1944 году быў узяты ў акцыю 34-ы батальён са Стоўпцаў, які атрымаў сьцяг з рук Прэзыдэнта БЦР і прыймаючы ягонае імя. Нямецкі штаб і ў гэтым выпадку па-ступіў так, як і з 15-тым батальёнам, гэта значыць не паведаміўшы беларускі штаб выслаў загад Гэбітскпаліцайкаманданта. і ў гэтым выпадку а ні я, а ні др. Станкевіч паведамлёныя не былі. Калі Гэбітспаліцайкамандант прыбыў у Стоўпцы, каб заладаваць батальён у чыгуначны транспарт, то жаўнеры батальёну, якія ня бачылі прадстаўніка беларускага камандаваньня разьбегліся. Нямецкі штаб у Менску, даведаўшыся аб гэтым факце, заявіў прэтэнзію да беларускага штабу. Але тут умяшаўся ў справу Прэзыдэнт БЦР, які катэгарычна заявіў прадстаўніку гэн. Готбэрга, што ні адзін аддзел БКА ня можа быць узяты бяз папярэдняга паведамленьня беларускага штабу. Справу ў 34 батальёне мусіў вырышаць маёр Мікула, які як мой заступнік паехаў у Стоўпцы і выправіў батальён на акцыю.

Ня гледзячы на марны прыадзевак, на марнае ўзбраеньне, на адсутнасьць добра кваліфікаваных камандзіраў і іншыя недахопы БКА, што раз мацней станавілася на ногі, што раз больш давала адпор партызанскім бандам і бяз сумніву сталася б крыніцай кадраў для будучай беларускай арміі, каб не падзеі на беларускім фронце ў другой палове чэрвеня і наступных месяцаў 1944 году, падзеі, якія вырашылі лёс ня толькі БКА, але і ўсяе Беларусі.

22-га чэрвеня 1944 году чырвоная армія перайшла ў наступ на ўсім беларускім фронце. Як цывільныя нямецкія ўлады перад БЦР, так і нямецкі штаб перад беларускім штабам посьпехі чырвонай арміі на фронце старанна хавалі. У гэтым часе БЦР была занятая прыгатаўленьнем 2-га Беларускага Кангрэсу. 27-га чырвеня 1944 году ў Менскім гарадзкім тэатры пад аховай беларускай афіцэрскай школы быў адчынены 2-гі Усебеларускі Кангрэс. У гэты ж самы дзень нямецкія ўлады атрымалі загад аб эвакуацыі Менску. Пад вечар 27-га чэрвеня начальнік нямецкага штабу палкоўнік Родэ папрасіў мяне ў штаб і сказаў такую рэч: «Па аўтастрадзе Барысаў — Менск цягнуцца цэлыя масы дэзэртыраў з нямецкай арміі, палявая жандармэрыя ня можа зь імі даць рады, трэба, каб вы далі батальён БКА, які абыйме паліцыйную службу на гэтай аўтастрадзе і пад камандай начальніка палявой жандармерыі будзе дапамагаць у затрымваньні гэтае масы». У маім распараджэньні былі два батальёны БКА, якія знаходзіліся ў беспасрэднай блізкасьці да гэтай аўтастрады: батальён у Рудзенску і батальён у Менску, але батальёны гэтыя ня былі абмундзіраваныя. Гэта быў першы выпадак, калі начальнік нямецкага штабу папрасіў у мяне батальён для ягонага апэрацыйнага ўжыцьця. Аднак, здаволіць ягоную просьбу я ня мог, бо неабмундзіраваных жаўнераў ужыць у такой акцыі было немагчыма.

28-га чэрвеня Гэнэральны Камісарыят Беларусі афіцыйна паведаміў Прэзыдэнта БЦР аб эвакуацыі Менску. Для БЦР быў прызначаны Кэнігсбэрг.

Нямецкі штаб не паведаміў беларускі штаб аб эвакуацыі Менску. із штабу лучнасьці ўжо 27-га чэрвеня ніхто да працы не зьявіўся. Штаб лучнасьці загінуў, па сяньняшні дзень для мяне няведама куды. Калі я даведаўся ад Прэзыдэнта БЦР аб эвакуацыі Менску, я з маёрам Мікулам неадкладна адправіліся да начальніка нямецкага штабу, каб узгодніць зь ім эвакуацыю БКА. Начальнік штабу ясна і катэгарычна адказаў нам: «Вы ня маеце чаго клапаціцца аб эвакуацыі БКА. Гэн. Готбэрг ужо аддаў загад, каб БКА адступала на захад супольна зь нямецкай паліцыяй пад камандай Гэбітспаліцайкамандантаў. Як далёка яны будуць адступаць, сёньня я прадугледзіць не магу». А ні тэлефону, а ні тэлеграфу, а ні радыё я ня меў, навет, паслаць ганцоў мог толькі праз нямецкі штаб, бо наш штаб ня мог сам навет выпісаць дакумэнтаў да падарожжа. Дый выслаць ганцоў было бязсэнсоўна, бо падзеі разгортваліся так хутка, а на чыгунцы панаваў такі хаос, што сумліўна, ці маглі б ганцы асягнуць батальёны. Урэшце, загады мае, якія я мог бы выслаць, не маглі быць супярэчнымі з загадамі гэн. Готбэрга, бо гэта выклікала б яшчэ большы хаос.

Аб палажэньні я далажыў Прэзыдэнту БЦР. Прэзыдэнт вырашыў, што штаб БКА мае ехаць з БЦР у Кэнігсбэрг. Я меў выязджаць із Менску з транспартам БЦР, з тым, што калі транспарт асягне Ліду, я з іншымі сябрамі БЦР застаемся ў Лідзе, дзе ў гэтым часе ўжо будзе знаходзіцца Прэзыдэнт з гэн. Готбэргам. Далейшыя загады я меў атрымаць у Лідзе. Прэзыдэнт у таварысьцве Нэронскага і сваіх ад’ютантаў Радзевіча й Пласкачэўскага самаходам паехалі ў Вільню, адкуль меўся ехаць у Ліду, куды, па вестках, якія ён атрымаў, меўся эвакуавацца штаб гэн. Готбэрга. У выпадку, калі б Прэзыдэнта ня было б у Лідзе, я мусіў бы ехаць у Кэнігсбэрг, дзе мела сабрацца ўся БЦР. Транспарт БЦР асягнуў Ліду 2-га ліпеня. Першы Віцэ-Прэзыдэнт Шкелёнак і я тэлеграфічна зьвязаліся са станцыі з горадам, але а ні штабу Готбэрга, а ні Прэзыдэнта там ня было. Нічога не заставалася, як ехаць у Кэнігсбэрг.

28-га чырвеня 1944 году нямецкі фронт разваліўся. Бальшавіцкія танкавыя часьці ішлі на захад. Нямецкай паліцыі было не да БКА — яна кідала ўсё і ратавала сваю скуру. Шмат дзе нямецкія каманданты, каб пазбыцца клопату, аб’явілі батальёнам, што яны дэмабілізуюцца і могуць разыходзіцца дахаты, з чаго жаўнеры і скарысталі. іншыя батальёны былі абкружаныя і разам з немцамі ўзятыя ў палон. Некаторыя батальёны адступалі ў поўным парадку, бяручы ўдзел у баёх.

5-га ліпеня БЦР прыехала ў Кэнігсбэрг. Пасьля колькіх дзён чаканьня Прэзыдэнта, я зь некалькімі афіцэрамі паехаў на фронт. На фроньце я хацеў арганізаваць зборныя пункты, на якіх афіцэры зьбіралі б БКА у групы і накіроўвалі б у Лодзь, дзе ў глыбокім тыле можна было б пераарганізоўваць іх у баёвыя адзінкі. Першы пункт, у які мы прыбылі, быў Беласток. Праз Беласток праходзіла маса нямецкага войска, якое адступала ў непарадку з фронту. Гэтак званае «Frontstelle» у Беластоку паведаміла мяне, што па звестках, якія ў іх маюцца, чужа-нацыянальныя вайсковыя адзінкі накіроўваліся ў Кузьніцу каля Горадні, дзе яны зьбіраліся й пераарганізоўваліся. Але ў Кузьніцу ўжо ня можна было даехаць. Тады «Frontstelle» паслала нас у Ломжу, куды з Кузьніцы павінны былі накіравацца чужа-нацыянальныя вайсковыя адзінкі. Пакінуўшы двух афіцэраў у Беластоку для арганізацыі зборнага пункту, я з рэштай афіцэраў паехалі ў Ломжу. У Ломжы я знайшоў частку штабу гэн. Готбэрга. Там мне параілі ехаць у штаб гэн. Готбэрга, які знаходзіўся ў Плоцку. У Ломжы я таксама пакінуў двух афіцэраў для арганізацыі зборнага пункту, а сам паехаў у Плоцк.

У Плоцку я сапраўды знайшоў штаб Готбэрга і афіцэрскую школу, якая знаходзілася ў чыгуначным транспарце. Начальнік штабу ці сапраўды не арыентаваўся ў становішчы, ці не хацеў мне нічога гаварыць з погляду на вайсковую таямніцу, але факт той, што ніякіх вестак аб БКА ён мне даць ня мог. Мой плян аб канцэнтрацыі БКА у Лодзі ён пахваліў і абяцаў пераслаць туды і афіцэрскую школу. У гэтым жа штабе я даведаўся аб арганізацыі гэтак званага «Sperrbrіgade» Зіглінга. Гэтая «Sperrbrіgade» паводле словаў арганізоўвалася з нямецкае і чужа-нацыянальнае паліцыі, якая знаходзілася на Беларусі. Аб улучэньні ў гэтую брыгаду БКА і афіцэрскае школы, як запэўніў мяне начальнік штабу, не магло быць навет і мовы. Наадварот, начальнік штабу абяцаў мне загад сваім часткам, каб БКА накіроўвалі ў Лодзь.

Тымчасам, сталася іначай. Як толькі я выехаў з Плоцку, афіцэрская школа была адразу ж накіраваная да брыгады Зілінга. Гэтак сама і іншыя адзінкі БКА былі накіраваныя да гэтае брыгады. Злачынная брыгада і была канчальнай магілай БКА.

Сапёрныя батальёны БКА, якія знаходзіліся пад камандай арміі, эвакуаваліся ўсе шэсьць у Бедруск пад Пазнанем. Там яны былі рэарганізаваныя ў два гэтак званых «Baubataіllon» і былі па-за ведаю БЦР далучаны да складу нямецкае арміі. Гэтыя батальёны існавалі аж да канца вайны.

Дадатак Вышэйшы СС і Паліцэйфюрэр Цэнтральнай Расіі і Беларусі МП 23.іі.1944

Толькі для службовага карыстання

Адносна: Утварэння Беларускай Краёвай Абароны

1. На прапанову Прэзідэнта БЦР ад 18.іі.44 загадваю ўтварэнне БКА для барацьбы супраць бальшавізму.

2. Утварэнне БКА праводзіць паступова крок за крокам па ўсіх Акругах Генеральнага Абшару Беларусі за выняткам акругі СС і Паліцэйфюрэра Прыпяці і Акругі Ліда. Ва ўжо ўтво-раных ці меркаваных абаронных вёсках мабілізацыя не праводзіцца. Далей выключаюцца ад мабілізацыі:

у Менскай акрузе — раёны Узда і івянец;

у Вялейскай акрузе — раёны Валожын і Мядзел;

у Глыбоцкай — раён Браслаў;

у Слонімскай акрузе — Казлоўшчына і знаходзячаяся на ўсход ад Шчары частка Дзярэчынскага раёну;

у Наваградскай акрузе — знаходзячаяся на захад ад Маў-чадзі частка Дзятлаўскага раёну.

3. БЦР праводзіць праз сваіх акруговых намеснікаў най-самперш мабілізацыю ўсіх былых афіцэраў ва ўзросце да 57 гадоў і былых падафіцэраў ва ўзросце да 55 гадоў, якія не знаходзяцца на кіруючых становішчах, ці не працуюць як спэцыялістыя ў нямецкіх установах.

Аб вызваленні ад службы вырашае Акруговы Камісар у паразуменні з акруговым камэндантам паліцыі.

4. Для набору мабілізаваных афіцэраў і падафіцэраў у кожнай акрузе ўводзяцца прыймовыя камісіі ў складзе :

а) намесніка БЦР — як старшыні;

б) вызначанага Прэзідэнтам БЦР афіцэра (акруговага афіцэра);

в) аднаго павятовага старшыні гэтай акругі або старшыні Акруговага гораду;

д) двух лекараў.

5. Намеснік цераз Акруговага Камэнданта паліцыі падае фюрэру СС і Паліцыі і БЦР колькасьць мабілізаваных афіцэраў і падафіцэраў. БЦР паведамляе Акруговым Камэндантам Паліцыі цераз намеснікаў, колькі афіцэраў і падафіцэраў і дзе затрымаць дзеля вышкалу радавых і колькі накіраваць неадкладна дзеля вышкалу ў Менск.

6. Намеснік са згодаю акруговага камэнданта Паліцыі пры-дзяляе затрыманых у акрузе афіцэраў і падафціэраў павятовым прыймовым камісіям, вызначаючы адначасова павятовага афіцэра.

7. Афіцэры і падафіцэры, прызначаныя для праводжання мабілізацыі, праходзяць спецыяльны інструктаж у акруговым цэнтры пад кіраўніцтвам намесніка.

8. Падрыхтоўку да мабілізацыі праводзіць намеснік цераз павятовых старшыняў.

Мабілізацыя пачынаецца ў 3 дні пасьля заканчэння інструктажу афіцэраў і падафіцэраў і абымае годнікі 1908 да 1917 і 1921 да 1924. [Годнікі 1925, 1926, 1927 мабілізуюцца ў СБМ. Дата мабілізацыі апошніх 3-х гадавікоў будзе пададзена пасьля]*

  • Гэтыя два сказы ў арыгінале перакрэсленыя. — Рэд.

9. Для мабілізацыі радавых творацца ў паветах прыймовыя камісіі ў складзе:

а) павятовага старшыні, як старшыні камісіі,

б) павятовага афіцэра (пункт 6);

в) аднаго іншага афіцэра;

г) двух лекараў.

10. З кожнага раёну, паводле выдадзеных БЦР інструкцыяў, будзе паклікана каля 500 чалавек, аб якіх начальнік раёну складае спіс з кароткай апініяй аб палітычнай надзейнасці кожнай асобы.

11. Вышкаленне радавых пачаць зараз-жа ў раённым цэнтры пад адказным кіраўніцтвам камандзіра афіцэра і Акруговага афіцэра. Вышкаленне знаходзіцца пад наглядам Акруговага Камэнданта паліцыі.

12. Пасланыя ў Менск афіцэры і падафіцэры павінны пра-йсці трохтыднёвыя курсы вышкалу, лік курсантаў не павінен перавышаць 50 афіцэраў і 250 падафіцэраў. Раскватараванне мае быць у паўночных казармах. Вайсковы і тэхна-зброявы вышкал праводзіць СС — Паліцэйфюрэр Беларусі, палітычны вышкал — БЦР у паразуменні з капітанам «шуцпаліцыі» Кумэрам. Як афіцэр вышкалу прадстаўляецца ў распараджэнне СС і Паліцэйфюрэр Беларусі капітан шуцпаліцыі Швайдэр, Нахкаманда СС — Паліцай, Рэгімэнт2.

13. Скіраваныя ў Менск афіцэры і падафіцэры атрымліваюць дакумэнты на выезд ад намесніка Акруговага Камэнданта паліцыі, перад ад’ездам яны павінны прайсці санапрацоўку. іх суправаджае нямецкі праваднік. Пасля заканчэння першага курсу склікаецца другі курс і г. д., пакуль усе афіцэры і падафіцэры не пройдуць вышкалу.

14. Удзельнікі курсаў атрымліваюць зброю ад аддзелу 1 Bad. Вышэйшага СС і Паліцэйфюрэра Цэнтральнай Расіі і Беларусі, сцягнутыя ў раённыя цэнтры радавыя праз Акруговага Камэнданта паліцыі ў паразуменні з аддзелам 1 b.

15. Па сканчэнні вышкалу афіцэры і падафіцэры размяркоўваюцца па раёнах і прымаюць ад павятовага афіцэра ўтвораныя аддзелы. Пасля вышкалу, раней прызначаны павятовы афіцэр прымае ўзноў свой аддзел.

16. Удзельнікаў курсаў прымае СС і Паліцэйфюрэр Беларусі на час курсаў на ваеннае харчаванне. Харчаванне аддзелаў праводзіць начальнік раёну ў паразуменні з Акруговым Камэндантам.

17. Афіцэры і падафіцэры застаюцца ў цывільнай вопратцы, але дзеля адзнакі атрымліваюць запраектаваныя Цэнтральнай Радай пагоны.

18. СС і Паліцэйфюрэр Беларусі да дня 29.іі.44 падае плян вышкалу ў паразуменні з БЦР на працягу 3-х тыдняў.

Падпісаў Курт фон Готбэрг, СС Групэнфюрэр і Гэнэраль-лейтэнант Паліцыі

Копія загада знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ), ф. 382, воп.1, спр.8, арк.3-4. Дакумент выявіў і прадставіў Аляксей Ліцвін

ПРАЦЯГ:

Спэцыяльны ўпаўнаважаны Калі нямецкая армія ачысціла ў 1941 г. Беларусь ад савецкай улады, беларускі народ паверыў, што надыйшло сапраўднае ягонае вызваленьне ад зьненавіджанага савецкага ладу. Ня хочучы толькі карыстаць з вызваленьня здабытага ахвярнасьцю нямецкага жаўнера, беларусы жадалі самі ўзяць дзейны ўдзел у змаганьні з бальшавізмам і са свайго боку гэтак сама гатовыя былі несьці крывавыя ахвяры. Аб гэтым сьведчаць бязупынныя стараньні прадстаўнікоў беларускага грамадзянства перад нямецкімі ўладамі аб дазволе на арганізацыю беларускага войска, а гэтак сама й ахвярнасьць беларусаў, якія добраахвотна ўступілі ў рады паліцыі й самаахвярна аддалі сваё жыцьцё ў змаганьні з бальшавіцкай партызаншчынай.

Адмоўнае нямецкае становішча ў гэтай справе, асабліва дазнаньні з беларускай самааховай, прычыніліся да таго, што шырокія беларускія масы што раз больш разчароўваліся ў немцах. Вынікам гэтага разчараваньня было ў першую чаргу тое, што беларусы пачалі пакідаць рады паліцыі. Тымчасам бальшавіцкая прапаганда стала выкарыстоўваць нямецкія памылкі, гаворачы людзям аб нямецкай няшчырасьці, ашуканстве і г. д. Нічога дзіўнага, што больш лёгкадумныя й менш сьведамыя беларусы пачалі пераходзіць з паліцыі да партызанаў.

Дазнаньні з арганізацыяй 49, 48 і інш. Беларускіх Паліцыйных Батальёнаў пераканалі нямецкія вышэйшыя паліцыйныя ўлады ў тым, што калі пры беларускіх арганізацыях знаходзяцца прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, а асабліва беларускія камандзіры, то там ня толькі няма дэзэрцыі, але наадварот беларусы ахвотна прыходзяць і ўмеюць сумленна служыць, біцца з партызанамі, а ў разе патрэбы паміраюць як героі.

Выходзячы із гэтага абгрунтаваньня, нямецкія вырашальныя дзейнікі ў Менску пастанавілі паклікаць беларуса на становішча, як яны называлі, гаўптбэтроера, які б для вока быў нібы начальнікам усей беларускай паліцыі, а фактычна прапагандыстым. На гэтае становішча немцы ўгледзелі мяне, дзеля таго, што яны мяне добра зналі, як галоўнага рэфэрэнта БСА, акурат у гэтым часе зьліквідаванага.

Першы чалавек, які запрапанаваў мне гэтае становішча, быў кіраўнік палітычнага аддзелу Гэнэральнага Камісарыяту Беларусіі Лянгер, пасьля запрапанаваў мне гэтае становішча й кіраўнік палітычнага аддзелу СД у Менску Шлегель. Абодва яны абяцалі мне вялікія магчымасьці працы.

З папярэдняй сваёй працы я ўжо добра знаў немцаў: шчыра кажучы, абяцанкам іхнім ня верыў, міма гэтага параіўшыся зь беларускімі дзячамі, я прыняў новае становішча з наступных мяркаваньняў: усей беларускай паліцыі на Беларусі было дваццаць тысяч чалавек, прычым усе яны былі вайскова добра падрыхтаваныя й узброеныя, а бальшыня зь іх былі выпрабаваныя ў баёх супроць партызанаў. Мець безпасярэдні ўплыў на гэтых людзей (каля дзвюх дывізіяў войска), мець зь імі сутычнасьць было справай вельмі важнай.

Калі я даў згоду прыняць становішча гаўптбэтроера, то па пэўным часе выйшаў загад Камандзіра войск СС, начальніка паліцыі Беларусі й Сярэдняй Расеі й Гэнэральнага камісара Беларусі Групэнсфюрэра Годбэрга ў справе арганізацыі камандаваньня й прапаганды сярод паліцыі на Беларусі й Сярэдняй Расеі. У гэтым загадзе Готбэрг паклікаў мяне, як спэцыяльна ўпаўнаважанага ў справах чужа-нацыянальнай паліцыі на Беларусі й сярэдняй Расеі за выняткам літоўцаў і латышоў. Па гэтаму загаду я зьяўляўся асобай, якой даручалася апека над усёй паліцыяй, што складалася з беларусаў, украінцаў і расейцаў на абшары Беларусі й сярэдняй Расеі. Апека гэтая павінна была выяўляцца ў арганізацыі матар’яльнага палажэньня паліцыянтаў і прапаганды. Я павінен быў наладзіць апеку ў такі спосаб, каб кожны паліцыянт сапраўды адчуваў гэтую апеку. Пры гэтым Готбэрг ускладаў на мяне абавязак выдаваць паліцыйны беларускі часапіс пад маёй асабістай рэдакцыяй і маёй адказнасьцю за зьмест.

Прапанову абняць гэтае становішча Лянгер і Шлегель зрабілі мне яшчэ ў чэрвені 1943 г,, але покуль гэтая справа канчальна аформілася, мінула два месяцы, так што да выкананьня абавязкаў, узложаных на мяне Готбэргам, я прыступіў ужо ў жніўні 1943 г. Загад Готбэрга даваў мне вялізарныя магчымасьці працы й трэба аддаць справядлівасьць, што ўсімі паліцыйнымі чынамі я быў вельмі рэспэктаваны.

Начальнік палітычнага аддзелу пры СД прэдставіў мяне камандзіру чужа-нацыянальнай паліцыі падпалкоўніку Каўфману, зь якім я меўся супольна працаваць. Перш за ўсё мной быў складзены плян арганізацыі апекі згодна з загадам Готбэрга. Плян гэты быў апрацаваны наступна: на чале ўсяго бэтроюнгу стаяў я із сваім штабам, які складаўся з сакратара, перакладчыка, машыністкі, кіраўніка асьветы й пэрсаналу рэдакцыі часапісу. У кожнай адміністрацыйнай акрузе павінен быў знаходзіцца акруговы апякун (гэбіцбэтрояр) із сваім невялікім штабам у кожным раёне і пры кожным паліцыйным аддзеле, апякун, які падлягаў акруговаму бэтроеру. Кандыдатаў на бэтроераў павінен быў знайсьці я. Усе бэтрояры былі адказнымі перада мной за працу на сваіх становішчах. Я маю права й абавязак кантраляваць працу бэтрояраў і ставіць прапановы на звальненьне, пераводы і г. д. Праэкт гэты быў нямецкімі ўладамі прыняты. Хутка штаб Готбэрга выдаў загад да ўсёй паліцыі на Беларусі аб увядзеньні бэтроюнгу ў жыцьцё.

З пачатку верасьня 1943 г. падпалкоўнік Каўфман запрапанаваў мне зь ім зрабіць інспэкцыйнае падарожжа па Беларусі з мэтаю скантраляваньня арганізацыі бэтроюнгу на мясцох. Забясьпечыўшы адпаведную колькасьць машын і моцную ахову з кулямётамі, Каўфман з цэлым сваім штабам і я выехалі на інспэкцыю. Падарожжа было вельмі небясьпечнае з погляду на партызаншчыну, міма таго мы аб’ехалі ўсю Беларусь за выняткам Глыбоцкае акругі. Загад аб арганізацыі дайшоў тым часам да ўсіх акругаў і акруговыя начальнікі паліцыі, даведаўшыся аб нашым інспэкцыйным падарожжы, стараліся як найхутчэй арганізаваць апеку на мяйсцох. У большасьці выпадкаў мы знаходзім ужо ўсё заарганізаванае, пры гэтым я сьцвердзіў зьдзіўляючае незразуменьне сэнсу загаду нямецкімі паліцыйнымі вырашальнымі дзейнікамі.

Ані сам Каўфман, ані акруговыя начальнікі паліцыі немцы зусім не ар’ентаваліся ў нацыянальных дачыненьнях на Беларусі. Яны заглядаліся на справу так, як яе насьвятлялі ім людзі, пад уплывам якіх яны знаходзіліся. У Заходняй Беларусі яны знаходзіліся ў бальшыні пад уплывам польскім. Палякі працавалі пры акруговых начальніках паліцыі пераважна як перакладчыкі, але былі палякі гэтак сама й начальнікамі паліцыі. Усе яны, амаль, ведалі нямецкую мову й дзеля гэтага мелі большы ўплыў чымся беларусы. У ўсходняй частцы Беларусі былі вялікія расейскія ўплывы, так што немцы, якія прыйшлі адміністраваць Беларусь, ня мелі ніводнага паняцьця аб ей. У найлепшым выпадку яны ставіліся да беларускага нацыянальнага пытаньня абыякава.

Мы засталі, як я ўжо сказаў, бэтроюнг зарганізаваны, але як. Акруговыя начальнікі паліцыі павыбіралі на гэтае становішча паліцыянтаў, якія ім найбольш падабаліся, гэта значыцца людзей, якія ім былі найбольш паслухмяныя, найлепш выконвалі службовыя абавязкі й стараліся прыпадабацца немцам. Дзеля гэтага на бэтрояраў трапілі шмат дзе палякі, расейцы й беларусы нацыянальна мала сьведамыя. Калі я сьцьвердзіў гэты факт, то пераканаў Каўфмана аб неабходнасьці зьбіраць усіх бэтрояраў данае акругі ў адно месца, дзе я асабіста мог бы ім даваць інструкцыі аб іхняй працы. Каўфман згадзіўся на гэта і перад нашым прыездам у акругу даваліся радыёграмы начальнікам акруговай паліцыі аб зборцы ўсіх бэтрояраў у вадно месца.

Як гэтая справа прадстаўлялася на мясцох, можа сьведчыць прыклад Ганцэвіцкае акругі, дзе на сем бэтрояраў быў толькі адзін беларус, адзін расеец, а рэшта — палякі.

Калі я сказаў Каўфману, што гэта абсалютна няправільна й можа даць адваротныя вынікі, Каўфман сам пачаў вытыкаць акруговым начальнікам гэткую іхнюю працу. Акруговыя начальнікі паліцыі хутка раскусілі мой слабы бок і адказвалі: «Дык няхай Кушаль дае нам сваіх кандыдатаў».

У часе аб’езду ўсюды, дзе мы толькі затрымоўваліся, я заўсёды ўваходзіў у сутычнасьць з мясцовымі беларускімі грамадзкімі прадстаўнікамі, як із старшынямі самапомачы, начальнікамі раёнаў, старшынямі гарадоў, школьнымі інспэктарамі і іншымі і прасіў іх аб помачы ў набраньні мне кандыдатаў на бэтрояраў. Звычайна мне прадстаўлялі цэлыя спіскі кандыдатаў, але ні адзін зь іх на мой заклік не прыходзіў. Прычынай гэтага зьявішча было тое, што нашая інтэлігенцыя заўсёды ставілася няпрыхільна да паліцыі наагул, а асабліва да гэтак званай «чорнай паліцыі», гэта значыць да арганізаванай немцамі і апранутай у чорныя мундзіры, дзеля таго, што паліцыя гэтая была вельмі скампраметаваная ў вачох беларускага грамадзянства. Апрача таго, немагчымыя адносіны немцаў да мясцовага насельніцтва адстрашвалі нашую інтэлігенцыю ад супрацоўніцтва зь імі. Адзіны чалавек, які згадзіўся пайсьці на гэтую цяжкую й адказную працу, быў школьны інспэктар і кіраўнік самапомачы Ганцэвіцкай акругі Антон Сокал-Кутылоўскі.

У сілу неабходнасьці я мусіў выбіраць бэтрояраў зь ліку паліцыянтаў. У шмат выпадках мне ўдалося вышукаць вельмі сьведамых беларусаў, якія пасьля сканчэньня курсу былі зусім добрымі беларускімі прапагандыстымі. Шмат лепш можна было б паставіць справу апекі, каб я знайшоў большае падтрыманьне ў нашай інтэлігенцыі.

Нашае падарожжа мела ня толькі характар інспэкцыйны, але гэтак сама й прапагандовы. Усюды, дзе мы толькі прыязджалі, Каўфман загадваў зьбіраць усіх паліцыянтаў. Калі паліцыянты былі выстраеныя, то Каўфман, адабраўшы рапарт ад камандзіра, звычайна гаварыў праз перакладчыка між іншым наступнае: «У маім штабе знаходзіцца беларускі афіцэр капітан Кушаль, ён зараз будзе да вас гаварыць, выслухайце яго ўважна». Пасьля гэтага я гаварыў да людзей прамову. Мая прамова звычайна рабіла на паліцыянтаў вялікае ўражаньне. Паліцыянты ніколі ня чулі перад гэтым, каб да іх гаварыў хто небудзь па-беларуску й пры гэтым на такую тэму, на якую я да іх гаварыў. Звычайна гаварылі да іх адны немцы і то праз перакладчыкаў, якія перадавалі ім нямецкія словы, што датычылі выключна службы, або па-польску, або па-расейску.

Тут яны сустрэліся зь нечым небывалым. Афіцэр-беларус у нямецкім мундзіры ня толькі гаварыў да іх па-беларуску, але называў іх беларускімі жаўнерамі і ўспамінаў аб Незалежнасьці Беларусі. Гэта мела вялікае прапагандовае значэньне. Мушу прызнацца, што я й сам хваляваўся, асабліва калі прамаўляў да цэлых батальёнаў. У Урэччы быў выстраены перада мной цэлы 36 беларускі паліцыйны полк. «Жыве Беларусь!» — пачынаў і канчаў я свае прамовы, і моцнае «Жыве!» вылятала з грудзей беларускіх паліцыянтаў, якія па праўдзе былі першымі беларускімі жаўнерамі.

Вельмі цікавае палажэньне было ў Лідзе. Яшчэ перад зборкай паліцыянтаў начальнік акруговай паліцыі ў Лідзе прасіў мяне, каб я гаварыў так, каб не паглыбіць польска-беларускі антаганізм, які там існаваў. Калі паліцыянты былі выстраеныя, то я перш за ўсё сказаў, каб беларусы паднялі ўверх рукі. Калі беларусы паднялі нясьмела рукі, то аказалася, што іх было ня больш 20%, рэшта былі палякі і трохі расейцаў. Разумеецца, што прамова мая тут не магла быць такой, як заўсёды. Былі мы гэтак сама й ў украінскіх батальёнах, дзе я таксама мусіў прамаўляць.

Вярнуўшыся ў Менск, я меў поўнае ўяўленьне аб бэтроюнгу сярод беларускае паліцыі. Быў ён, бязумоўна, нездавальняючы. Каб яго паправіць, даць яму ўказаньні, выясьніць ягоныя заданьні, я запрапанаваў Каўфману адчыніць двутыднёвыя курсы для акруговых бэтрояраў, пасьля чаго акруговыя бэтрояры правядуць такія курсы для ніжэйшых бэтрояраў у сваіх акругах. Каўфман на гэта згадзіўся. Гэта было ўжо ў канцы кастрычніка 1943 г. Я прыступіў да апрацаваньня праграмы курсаў і да выданьня паліцэйскага часапісу, які я назваў «Беларус на Варце». Першы нумар «Беларус на Варце» выйшаў у пачатку сьнежня 1943 г. Нумар аказаўся вельмі ўдалы. У ліку 2500 экзэмпляраў ён разыйшоўся па ўсёй Беларусі. Далейшыя нумары часапісу «Беларус на Варце» выходзілі перыядычна ў меру падбору матар’ялу. Ад сьнежня 1943 г. да мая 1944 г. выйшла 10 нумароў, з таго дзевяць пад маёй рэдакцыяй і адзін пад рэдакцыяй Гуцькі Уладзімера. «Беларус на Варце» распаўсюджваўся пры дапамозе нямецкай паліцыйнай сеткі, дзеля гэтага даходзіў ува ўсе куткі Беларусі, туды, дзе ніякае іншае беларускае друкаванае слова не даходзіла. «Беларус на Варце» быў вельмі папулярны сярод беларускага грамадзянства, як на вёсцы, так і ў горадзе.

У першай палове студзеня 1944 г. распачаўся ў Менску двутыднёвы курс для бэтрояраў. На курс прыбыло па аднаму бэтрояру з кожнай акругі, як акруговыя бэтрояры, і па аднаму з кожнага паліцыйнага аддзелу. Разам прыбыло 18 слухачоў. Нягледзячы на ўсе папраўкі на мясцох, усё ж такі на курс прыбыло двух расейцаў і адзін паляк, рэшта беларусы. Пасьля заканчэньня гэтага курсу курсанты, вярнуўшыся ў свае акругі, правялі гэткія ж курсы ў акругах, так што пад вясну 1944 г. цэлы бэтроюнг на Беларусі быў перашколены. Праца пачала вельмі карысна разгортвацца. Паліцыянты пачалі пісаць зь мейсцаў у «Беларус на Варце». Я быў у лучнасьці з усёй беларускай паліцыяй і проста ня мог адзін даць рады з карэспандэнцыяй, якую атрымліваў з мейсцаў. Тут гэтак сама выявілася паэтычная беларуская душа, 80% карэспандэнцыі пісанай радавымі паліцыянтамі, пісалася вершам. Нягледзячы на цяжкасьці й абмежаваньні, якія я меў ад немцаў, усё ж такі з гэтай працай я меў вялікае маральнае задаволеньне.

У лютым 1944 г. Прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады паклікаў мяне на становішча Камандуючага Беларускай Краёвай Абаронай. Я прыняў гэтае становішча й сьпярша, покуль было магчыма, выконваў гэтыя дзьве функцыі адначасова, але ўжо ў маі 1944 г. я цалкам адыйшоў ад працы сьпецыяльна ўпаўнаважанага ў справах беларускае паліцыі, аддаючыся працы ў БКА. Рэдактарства «Беларус на Варце» пераняў тады Гуцька Уладзімер.

Нацыянальная сьведамасьць паліцыянтаў, дзякуючы працы бэтроюнгу, была вельмі высокая. Паліцыянты пачалі сапраўды ўважаць сябе за беларускіх жаўнераў і зусім іначай ацэньваць свае абавязкі і адносіны да немцаў.

Калі пачалося нямецкае адступленьне з Беларусі ў чэрвені 1944 г., то, нягледзючы на тое, што ў шмат выпадках немцы кінулі нашу паліцыю на ласку лёсу, як паліцэйскія батальёны, гэтак і паліцыя раённая ў поўным парадку адступіла на Захад, часта ставячы наступаючым бальшавікам зацяты адпор. Толькі ў раёне Горадні Годберг пачаў арганізоўваць беларускую паліцыю ў рэгулярныя баявыя адзінкі і кідаць іх у бой пад камандай нямецкіх афіцэраў. Так, напрыклад, прарыў у раёне Аўгустова быў затрыманы выключна беларускай паліцыяй. Шмат паліцыянтаў загінула там гераічнай сьмерцю, верачы, што яны змагаюцца за Беларусь.

Пазьней, прыблізна ў жніўні 1944 г., Годбэрг загадаў Обэрштурмбанфюрэру Зіглінгу сьцягнуць усю беларускую паліцыю й нямецкую жандармэрыю ў раён Лангры і арганізаваць гэтак званую «шпэрбрыгаду» Зіглінга. Пазьней гэтая брыгада была папоўненая яшчэ ўкраінцамі й расейцамі і была названая 30 расейскай дывізіяй СС. Гэта дывізія была перасунутая з раёну Лангры сьпярша ў раён Ціханава, а пазьней у раён Дойчэляў ува ўсходняй Прусіі.

У канцы жніўня 1944 г. я паслаў у штаб Зіглінга 16 беларускіх афіцэраў з тым, што яны будуць магчы абняць камандныя становішчы ў тых аддзелах, дзе бальшыня беларусаў. Зіглінг, аднак, нашых афіцэраў ня прыняў, гаворачы ім, што ў ягонай дывізіі няма месца на нацыянальны падзел. Тады я прыбыў асабіста ў штаб Зіглінга. Апошняга я не застаў, але справу прадставіў начальніку штабу, просячы Зіглінга, каб ён выдзеліў беларусаў у асобныя палкі зь беларускай каманднай абсадай. Шэф Штабу перадаў мне, што аб гэтым ня можа нават быць і гутаркі. «Мы творым адзін моцны кулак і дзяленьне па нацыянальнасьцях можа яго толькі аслабіць», — сказаў ён. Стан дывізіі быў 11600 чалавек, у тым ліку 7000 беларусаў.

Пазьней гэтая дывізыя была перакінутая ў Францыю. Тут, дзякуючы неадпаведнаму падыходу да нацыянальнага пытаньня і дзякуючы адсутнасьці сваіх камандзіраў, дывізыя распалася.

Аб нацыянальнай сьведамасьці беларускіх паліцыянтаў сьведчыць вялікая колькасьць іхніх лістоў у Беларускую Цэнтральную Раду ў Бэрліне, у якіх яны дамагаюцца перавесьці іх у беларускае войска. Той факт, што беларуская паліцыя была змарнаваная для беларускай справы, віноўнымі зьяўляюцца не беларусы, а толькі выключна немцы, якія ня ведалі беларуса, няўмелі да яго падыйсьці, а беларусам не давалі ніякай магчымасьці мець на іх свой уплыў, асабліва ў такія рашаючыя часы, як ад чэрвеня 1944 г.

Беларускае войска на эміграцыі У канцы чэрвеня 1944 г. бальшавіцкая армія прарвала нямецкі фронт на Беларусі і хутка пачала займаць Беларусь. Усё сьведамае беларускае грамадзянства, як з усходняй часткі краю, так і з заходняй, масава пачало ўцякаць на Захад. Такім чынам, прыблізна да паловы ліпеня 1944 г. на тэрыторыі Нямеччыны знайшлося шмат як беларускай інтэлігенцыі, так і сялян і работнікаў. Гэтыя масы беларусаў апынуліся ў вельмі благіх умовах. Нямецкія вайсковыя ўлады затрымоўвалі гэтых уцекачоў ва усходняй Прусіі, зачынілі ў імправізаваныя лягеры і выкарыстоўвалі як рабочую сілу пры пабудове вайсковых умацаваньняў. Частка ўцекачоў, а асабліва сялян з собскімі коньмі й вазамі, заставаліся на працу ў вясковых гаспадарках, дзе мусілі із сваімі коньмі працаваць толькі на марнае выжыўленьне. Беларусы вайсковыя, як БКА, Самаахова, паліцыя і інш. сілаю прыдзяліліся да брыгады Зіглінга. Знайшлася на тэрыторыі Нямеччыны і БЦР са сваім выканаўчым апаратам. Прыблізна каля паловы ліпеня 1944 г. сябры Рады на чале з Прэзідэнтам Астроўскім сабраліся ў Бэрліне. Тут Рада была падпарадкаваная Міністэрству ўсходніх абшараў.

Першаю справаю, якая, на думку БЦР, уважалася за найважнейшую, была арганізацыя беларускага войска. БКА, якая на Беларусі, як ніяк, станавіла паважную вайсковую сілу, перастала існаваць. Брыгада Зіглінга ў ніякім выпадку не магла разглядацца як беларускае войска, дзеля таго, што туды заганяліся й іншыя нацыянальнасьці і, апрача таго, Зіглінг (думаю, што гэта была ня толькі ягоная думка) не хацеў прызнаваць ніякіх нацыянальнасьцяў. Калі я паслаў у ягонае распараджэньне 16 афіцэраў БКА з тым, каб яны былі камандзірамі беларусаў у ягонай брыгадзе, то Зіглінг іх проста ня прыняў. Ён заявіў ім, што ў ягонай брыгадзе падзелу на нацыянальнасьці няма, брыгада ў цэласьці зьяўляецца нямецкай збройнай сілай і яны мусяць камандаваць адзінкамі незалежна ад іх нацыянальнасьці. Бальшыня афіцэраў на гэтыя варункі не згадзілася і ў брыгадзе не засталася.

Першая думка БЦР аб рэстаўрацыі БКА на эміграцыі сталася немагчымай да рэалізацыі. Таму было пастаноўлена дамагацца ад нямецкіх уладаў дазволу на арганізацыю беларускага легіёну. Магчымасьць арганізацыі такога легіёну была поўная. Як першы пачатак легіёну бралася пад ўвагу тое беларускае войска, якое знайшлося на тэрыторыі Нямеччыны (сапёрныя батальёны БКА, 13-ы беларускі паліцыйны батальён, рэшткі батальёнаў БКА, якія знайшліся ў брыгадзе Зіглінга і інш.). Можна было разьлічаць разам на якіх-небудзь 10 000 чалавек вайсковых, у тым ліку і афіцэрская школа. Апрача таго, у войска вельмі ахвотна пайшлі б уцекачы з Беларусі, усходнія работнікі беларусы і інш. Калі б немцы далі магчымасьць сабраць усіх гэтых людзей, то можна б было разьлічаць на тры дывізіі войска. Беручы ўсё гэта на ўвагу, Прэзідэнт БЦР выступіў перад немцамі з хадатайніцтвам аб дазволе на арганізацыю Беларускага легіёну.

Гэтак званае «беларускае ляйтштэльле» пры Міністэрстве ўсходніх абшараў праект арганізацыі беларускага легіёну спаткала вельмі прыхільна. Кіраўнік «Ляйтштэльле» др. Люббэ са свайго боку рабіў усё, што мог, каб легіён паўстаў. Першаю вайсковаю ўладаю, да якой Прэзідэнт зьвярнуўся, складаючы спецыяльны мэмарыял, быў штаб «Фрэмдфолькішэфрайвіллігфэрбэндэ», на чале якога стаяў гэнэрал Кістрын. Мэмарыял быў зложаны прыблізна ў палове ліпеня 1944 г. Праз якія тры тыдні Прэзідэнт атрымаў адказ ад гэнэрала Кістрына, у якім ён паведаміў, што мэмарыял атрыманы і што ў хуткім часе ён запросіць Прэзідэнта для абмеркаваньня тэхнічнага боку арганізацыі легіёну. Я ня буду пералічваць тут, колькі разоў я наведаў штаб гэн. Кістрына, каб прыпомніць яму справу арганізацыі беларускага легіёну.

Тымчасам, беларускае грамадзянства даведалася аб тым, што БЦР знаходзіцца ў Бэрліне, і вайсковыя беларусы, асабліва афіцэры, пачалі зьяўляцца да мяне, сьцвярджаючы ахвоту ўступіць у беларускі легіён. Я знайшоўся ў клапатлівым палажэньні. Я верыў абяцанкам Міністэрства ўсходніх абшараў і штабу гэнэрала Кістрына, што справа беларускага легіёну будзе разьвязана пазытыўна й хутка, і таму трымаў у надзеі й вайсковых беларусаў, просячы іх аб перачаканьні нядоўгага часу, пакуль выйдзе загад нямецкіх уладаў. Яны мне верылі й чакалі, знаходзячыся ў вельмі благіх матар’яльных абставінах.

Час праходзіў вельмі хутка. Кіраўніцтва вайсковымі справамі пры БЦР Прэзідэнт даручыў Канстанціну Езавітаву. Наступіла гэта ў жніўні 1944 г. Езавітаў энэргічна ўзяўся за працу. І Прэзідэнт, і Віцэ-прэзідэнт, і Езавітаў бязконца абівалі парогі розных нямецкіх чыноў, а справа легіёну стаяла на мёртвым пункце.

БКА ня было ўрадава немцамі разьвязанае і я далей уважаўся афіцыяльна за камандуючага БКА. У гэткім характары я й выступаў перад нямецкімі ўладамі. У пачатку верасьня 1944 г. я із сваім ад’ютантам зьявіўся ў Вайсковай Камандатуры Бэрліна і запатрабаваў прыдзелу кватэраў для БКА. Запатрабаваньне сваё я матываваў тым, што шмат жаўнераў БКА прыбывае й са шпіталяў у штаб БКА і для іх няма кватэраў. Камандатура прыдзяліла нам тады школьны будынак пры Ліхэнэрштрасэ 50, з поўным уладжаньнем за кватэраваньня трохсот чалавек. З гэтага моманту вайсковыя беларусы й пачынаюць канцэнтравацца на Ліхэнэрштрасэ 50.

Адцягваньне выдачы загаду немцамі аб арганізацыі легіёну непакоіла сябраў БЦР. На адным паседжаньні Прэзыдыюму Рады выступіў Езавітаў з праектам, каб прыступіць да арганізацыі першай вайсковай адзінкі, не чакаючы на дазвол немцаў. Свой праект ён матываваў наступна: афіцыяльна існуе БКА, кватэра ёсьць, выжыўленьне можа быць тымчасова арганізаванае па харчовых картках, гэтак сама жаўнеры могуць тымчасова быць у собскіх вопратках, так што пад фірмай БКА можна паклікаць людзей і прыступіць да арганізацыі першага школьнага батальёну БКА.

Я асабіста не згаджаўся з праектам Езавітава. Знаючы добра немцаў, я ведаў, што яны з дакананым фактам могуць ня лічыцца і што загад аб арганізацыі легіёну можа прыйсьці вельмі няскора, або наагул ня прыйсьці, тымчасам склікаючы людзей, мы бярэм на сябе адказнасьць за іх. БЦР ніякіх матарыяльных сродкаў ня мае апрача грошай, з якіх мусіла адчытвацца перад Міністэрствам усходніх абшараў, якое магло выдаткі на школьны батальён ня прызнаць. Наагул, арганізацыя войска бяз ніякай падставы праўнай і бяз базы матарыяльнай выглядала, па-мойму, непаважна.

Праект Езавітава, аднак, Прэзідэнту спадабаўся й было пастаноўлена арганізаваць школьны батальён пад фірмай БКА ў Бэрліне. На гэтую мэту было асыгнавана 12 000 нямецкіх марак. Наколькі я прыпамінаю, пастанова гэтая была прынятая 13 верасьня 1944 г.

З гэтага мамэнту Езавітаў, арганізаваўшы сабе адпаведна моцную канцалярыю, пачаў паклікаць людзей у беларускае войска.

Людзі пачалі зьяўляцца. Адзін із старэйшых афіцэраў, які першы прыбыў у батальён быў капітан Пётра Касацкі, ён і быў вызначаны на камандзіра батальёну.

Згодна з першым праектам батальён павінен быў складацца: 1) з афіцэрскага курсу, на якім павінны былі дасканаліцца афіцэры, 2) падафіцэрскага курсу для дасканаленьня падафіцэраў, 3) афіцэрскае школы, у якой павінны былі вучыцца на афіцэраў маладыя людзі, што ня мелі ніякай афіцэрскай школы, 4) падафіцэрскае школы, для кандыдатаў на падафіцэраў, што ня мелі падафіцэрскае школы і 5) гаспадарскае роты. Дзеля таго, што батальён гэты арганізоўваўся, як батальён БКА, то ён быў у маім падчыненьні.

Батальён пачаў арганізоўвацца ў пачатку верасьня 1944 г. і паводле думкі Езавітава й некаторых сябраў Рады, афармленьне яго перад нямецкімі ўладамі павінна было мець месца не пазьней, як праз два тыдні. Тымчасам прыйшоў і сьнежань 1944 г. і нягледзячы на ўсе стараньні Рады аб дазволе на арганізацыю легіёну, а праз гэта й уключэньне батальёну ў гэты легіён, засталося бяз выніку. У батальён прыбыло каля 300 чалавек, у тым ліку 50 афіцэраў. Кватэры былі адносна добрыя, харчаваньне па харчовых картках гэтак сама магчымае, але з вопраткай справа прадстаўлялася катастрафальна: людзі прыбылі ў летніх вопратках. У лістападзе ўжо было вельмі холадна. Людзі прастуджваліся, а нямецкія вайсковыя ўлады ўсьцяж абяцалі, але нічога не рабілі. У батальёне пачаўся разлад. Людзям трэба было ўсьцяж абяцаць, што не сягоньня так заўтра выйдзе загад аб арганізацыі легіёну і што яны атрымаюць вопратку й зброю. Людзі верылі й чакалі.

Вышкаленьне гэтак сама праводзілася. Была арганізаваная афіцэрская школа, якая пад камандай маёра Барыса Рагулі нягледзячы на адсутнасць зброі й вопраткі праходзіла праграму афіцэрскай школы. Гэтак сама была арганізаваная й школілася падафіцэрская школа. Праходзіў перашколенне й курс афіцэрскі. Час ішоў. Халады большалі й трэба было з боку так камандзіраў, як і падуладных жалезнай волі й самаахвярнасці, каб у такіх умовах утрымоўваць дысцыпліну й школіцца.

Прыблізна ў палове сьнежня 1944 г. штаб «Фрэмдфолькішэфрайвіллігфэрбэндэ» адмовіўся ўзяць пад сваю апеку беларускі легіён і справу перадаў «СС Гаўптамту». Апошні згадзіўся арганізаваць беларускі легіён пад сваёй камандай. З гэтага моманту беларускія вайсковыя справы перайшлі да «СС Гаўптамту». У «СС Гаўптамт» была арганізаваная беларуская «ляйтштэльле», якая й занялася беларускай вайсковай справай. «СС Гаўптамт» згадзіўся арганізаваць беларускую дывізію. Гэты факт быў імпульсам для вайсковага кіраўніцтва падвоіць энэргію. Пішучыя машынкі дзень і ноч трашчэлі бяз упынку. Шафы што раз больш напаўняліся паперай, а справа й далей стаяла на мёртвым пункце.

Прэзідэнт і вайсковае кіраўніцтва дамаўляліся з «СС гаўптамтам» адносна варункаў, на якіх мелася арганізавацца беларуская дывізія. Урэшце дамовіліся, што камандзірам дывізыі будзе немец, штаб дывізыі мяшаны, гэта значыць, што побач з кіраўнікамі аддзелу штабу немцаў маюць быць і беларусы. Камандзіры палкоў і ўсе ніжэйшыя камандзіры меліся быць беларусы. Пры кожнай адзінцы меліся быць аднак нямецкія афіцэры, як афіцэры сувязі. Каманды зацьвярджаліся беларускія. Назоў дывізыяў (дывізыі) меўся быць наступны: СС дывізія «Беларусь». Дывізыя мелася быць ужытая толькі на ўсходнім фронце. Было яшчэ і шмат іншых пунктаў меньшага значэньня. Цяпер «СС Гаўптамт» падшукваў адпаведнага кандыдата на камандзіра дывізіі.

8 студзеня 1945 г. зьявіўся ў БЦР СС Обэрштурмбанфюрэр Зіглінг, які заявіў, што ён СС Райхміністрам Гімлерам вызначаны на камандзіра СС дывізыі «Беларусь» і што прыбыў ён сюды, каб пазнаёміцца з Прэзідэнтам БЦР і абгаварыць з вайсковым беларускім кіраўніцтвам справу арганізацыі гэтае дывізыі.

Дзеля таго, што Зіглінг адыграў вельмі вялікую й ад’емную ролю ў арганізацыі беларускага войска ў Нямеччыне, я хачу коратка затрымацца на ягонай асобе.

Зіглінг належаў да войск СС. На мяне рабіў ён уражанне чалавека маладога, недасьведчанага й няўстрыманага. Выплыў ён наверх толькі дзякуючы пратэкцыі. Кажуць, што нейкая бліжэйшая сувязь, ці сваяцтва лучыла яго з Гімлерам. Як я ўжо ўспамінаў тут, ён быў вызначаны за камандзіра гэтак званай шпэрбрыгады, якая арганізоўвалася ў раёне Ломжы, у ліпені 1944 г. зь недабіткаў нямецкай жандармерыі, якая акупавала Беларусь, з розных іншых нацыянальнасьцяў, якія служылі на Беларусі як дапаможная паліцыя. Было туды ўключана й трохі БКА, і беларускае самааховы. Паводле слоў беларускіх афіцэраў, якія безпасрэдна сутыкаліся з гэтай брыгадай, было там разам 11 000 чалавек, з чаго 7 тысяч было беларусаў. Пазьней брыгада гэтая атрымала назоў 30-й расейскай СС дывізыі. Афіцэрскі склад гэтай дывізіі быў вельмі разнастайны. Былі там афіцэры нямецкай жандармерыі, афіцэры дапаможнай іншаземнай паліцыі й трохі афіцэраў БКА. Зіглінг, не прызнаючы нацыянальнага прынцыпу ў арганізацыі дывізіі, і як немец трымаўся расыстаўскае тэорыі, усіх афіцэраў і падафіцэраў ня немцаў запхнуў на другарадныя становішчы, да камандзіра рот уключна і вышэй паставіў немцаў. Гэтыя немцы ня ведалі псыхалёгіі сваіх падуладных і апрача таго, ня былі афіцэрамі баявымі, так што зь месца наставілі да сябе жаўнераў ня немцаў варожа. Гэтыя нямецкія афіцэры, як сапраўдныя паліцыянты, думалі ўтрымліваць дысцыпліну ў сваіх пададзелах пры помачы караў. Увесь гаспадарчы апарат дывізіі быў абсаджаны выключна немцамі, якія бязьлітасна абкрадалі жаўнераў ня немцаў. Усё гэта разам выклікала вельмі благі настрой жаўнераў дывізыі. Але міма ўсяго, усе ня немцы пакінулі сваю бацькаўшчыну, уцякаючы перад бальшавікамі й былі ворагамі бальшавікоў. Усе яны хацелі біцца з бальшавікамі, і незважаючы на ўсе недахопы дывізіі, з бальшавікамі біліся б. Але, ці з собскай ініцыятывы Зіглінга, ці з вышэйшага загаду, сталася іначай.

У верасьні 1944 г. дывізія была адпраўлена ў Францыю на заходні фронт. Беларусы, якія хацелі біцца з бальшавікамі, каб магчы вярнуцца на сваю Бацькаўшчыну, гналіся немцамі ў бой з англа-амерыканамі. Ані да Амэрыкі, ані да Англіі беларусы ня мелі ніякіх прэтэнсыяў і біцца зь імі не хацелі. Яшчэ далёка ад фронту на францускай тэрыторыі больш сьведамыя беларускія жаўнеры пачалі лучыцца ў невялічкія групы, навязваць сувязь з францускімі гэтак званымі «тэрарыстамі» і пераходзіць да іх, а калі дывізія заняла адрэзак фронту, то адзін батальён, зладжаны з беларусаў, цалкам перайшоў на амэрыканскі бок. Гэты факт пераканаў немцаў аб небясьпецы трыманьня дывізіі ў Францыі й яны, зьняўшы дывізію з фронту, арыштавалі частку афіцэраў і растралялі іх. З рэшты афіцэраў і жаўнераў былі створаныя гэтак званыя «Шанцрэгімэнты» і пасланыя ў Заходнюю Нямеччыну на працу пры будове палявых умацненняў. Немцаў, якія належалі да дывізіі, і частку іншых нацыянальнасьцяў, якія яшчэ засталіся пры дывізіі, адвялі ў раён Вайдэна і разкватэравалі па вёсках, Штаб дывізіі памясьціўся ў Гіршаў. Калі восяньню 1944 г. зрабілася йзноў актуальнай справа Уласава, то Зіглінг па загаду Гітлера ўсіх іншанацыянальных вайсковых, якія знаходзіліся яшчэ пры дывізіі, адаслаў у аддзелы Уласава. Такім чынам, Зіглінг застаўся безпрацоўным.

Вось гэты самы Зіглінг зьявіўся 8-га студзеня 1945 г. у БЦР як камандзір дывізіі «Беларусь».

Вызначэньне Зіглінга камандзірам беларускае дывізіі зрабіла на беларусаў, як вайсковых, так і цывільных, як найгоршае ўражанне. Прэзідэнт БЦР звярнуў увагу «СС Гаўптамт» аб непапулярнасці Зіглінга як камандзіра беларускае дывізіі, але «СС Гаўптамт» не зьвярнуў на гэта ніякае ўвагі. 8-га студзеня Зіглінг вёў гутарку толькі зь Езавітавым як кіраўніком вайсковых спраў, заявіўшы, што ён яшчэ раз прыедзе, каб пазнаёміцца з Прэзідэнтам.

У другой палове студзеня 1945 г. Зіглінг прыслаў у школьны батальён у Берлін «Штумбанфюрэра» (маёра) Генігфэльда, які, прыбыўшы ў батальён, як у падуладны яму аддзел, выбраў наймаладзейшых і найлепшых афіцэраў і падафіцэраў, паглядзеў на стральцоў і заявіў, што хутка яны паедуць на месца арганізацыі дывізіі. На афіцэраў і падафіцэраў гэты факт зрабіў як найгоршае ўражаньне. Яны выразна вычулі, што беларускае вайсковае кіраўніцтва зыходзіць на другі плян.

Неўзабаве прыехаў у Бэрлін другі раз Зіглінг. Гэтым разам ён прыбыў на прыватнае памяшканьне Прэзідэнта БЦР. У гутарцы з Прэзідэнтам ён быў вельмі ўступлівым. Прэзідэнт улажыў на пісьме ўмовы, на якіх мае быць арганізаваная дывізія. Адносна ўмоваў Зіглінг меў вельмі незначныя засьцярогі. Ён абяцаў Прэзідэнту афіцэрскую й падафіцэрскую школы, якія існавалі ў школьным батальёне ў Бэрліне, захаваць на месцы арганізацыі дывізіі. Адным словам, Прэзідэнт і Зіглінг дайшлі да поўнае згоды. Між іншым, гэныя ўмовы былі цалкам апрабаваныя й «СС Гаўптамтам».

У канцы студзеня 1945 г. афіцэрскія і падафіцэрскія школы, афіцэры, якіх выбраў Гэнігфэльд, і частка стральцоў выехалі з Бэрліна на месца арганізацыі дывізіі. Афіцэрам для сувязі паміж Зіглінгам і жаўнерамі беларускімі быў вызначаны вайсковым кіраўніцтвам маёр Рагуля Барыс. Пад ягонай камандай транспарт і выехаў з Бэрліна.

У школьным батальёне ў Бэрліне засталіся старэйшыя векам афіцэры й трохі стральцоў. Бальшыня з гэтых людзей былі не прыдатныя да вайсковай службы. Тут я мушу выясьніць, якім чынам у школьным батальёне знайшліся людзі, не прыдатныя да вайсковай справы.

Вайсковае кіраўніцтва хацела выказацца прадуктыўнай працай перад БЦР і «СС Гаўптамтам». З гэтай мэтай яно паклікала людзей, ня лічачыся ні зь векам, ні з станам здароўя. Асабліва было шмат людзей старых і хворых сярод афіцэраў. Гэтых афіцэраў не хацеў прыняць Зіглінг, гэтак сама не хацеў іх мець і «СС Гаўптамт», так што, пасьля ад’езду першай партыі з Бэрліна, зпасярод застаўшыхся афіцэраў былі выбраны людзі, якія надаваліся на вярбоўшчыкаў, а рэшта ў ліку 18-ці чалавек былі з войска звольненыя.

Пасьля выезду транспарту школьнага батальёну з Бэрліна, даўжэйшы час ня было аб ім ніякіх вестак. Ня было нават ведама дакладна месца, куды яны выехалі. Прыблізна пасьля трох тыдняў першыя весткі прывезлі стральцы, якія былі звольненыя із дывізіі лекарскай камісыяй. Стральцы гэтыя расказалі, што Зіглінг афіцэрскую школу абнізіў да падафіцэрскай, а падафіцэрскую школу падзяліў на розныя гаспадарчыя функцыі ў дывізіі. Афіцэраў беларусаў выдзяліў у асобную групу дзеля перавышкалення. Камандную абсаду ў афіцэрскай школе здэградаванай на падафіцэрскую, зрабіў толькі з немцаў. Скора прыехаў у Бэрлін і маёр Рагуля, які гэтыя весткі цалкам пацвердзіў. Гэты факт не датрымання ўмоваў Зіглінгам абурыў усю БЦР. Але гэтае абурэнне ніякага выніку ня мела. Раз намечаны плян немцамі кансэквэнтна праводзіўся ў жыццё. Роля вайсковага кіраўніцтва пры БЦР абмежавалася толькі для вярбоўкі людзей у дывізію Зіглінга й то пад дакладнай кантроляй «СС Гаўптамту». Такім чынам, кіраўнік вайсковых справаў, які выабражаў сябе ваенным міністрам і гэнеральным інспэктарам беларускіх узброеных сілаў, быў менш чымся кіраўнік вярбунковага бюро. У пачатку сакавіка 1945 г. былі разасланыя вярбоўнікі і ў лягеры ўсходніх работнікаў для вярбоўкі беларусаў у войска. Аднак вынікі гэтай вярбоўкі былі вельмі нязначныя. Прычынай гэтага было, у першую чаргу, агульнае ваеннае палажэньне Нямеччыны ў гэтым часе, недавер да немцаў з прычыны іхняй папярэдняй палітыкі адносна беларускіх спраў, і асобы Зіглінга, як камандзіра дывізіі.

Пасьля адпраўкі першае партыі людзей і школьнага батальёну ў дывізію, было адпраўлена туды яшчэ некалькі партыяў значна меншых. Школьны батальён існаваў да паловы красавіка 1945 г. На нямецкае харчаванне ён быў узяты ў канцы лютага 1945 г. Афіцыйна батальён пачаў сваё існаваньне ад 13-га верасня 1944 г., так што больш як 5 месяцоў прайшлі, покуль немцы ўзялі яго на сваё харчаваньне, а абмундзіраваны і ўзброены ён ня быў і да канца свайго існаваньня.

Жаўнеры школьнага батальёну БКА ў Бэрліне выказалі за час існаваньня батальёну нязвычайную цярплівасць і ахвярнасць адносна сваіх жаўнерскіх абавязкаў. Будучы вельмі блага апранутымі (большасць у летніх і марных вопратках, асабліва хлопцы з Саюзу Беларускае Моладзі), вельмі блага аджыўляючыся, зусім не ўзброеныя, ператрывалі яны вострую зіму 1945 г. і сумленна выконвалі вымаганыя ад іх абавязкі. Яны верылі, што ў рэшце рэштаў беларускае вайсковае права прыйме іншы, лепшы зварот. Гэтак аднак не здарылася і ў гэтым няма віны ані БЦР, ані вайсковага беларускага кіраўніцтва.

Яшчэ у лютым 1945 г. я хацеў выехаць у дывізію, каб быць у курсе ўсіх спраў, якія там дзеюцца і мець на іх свой уплыў. Прэзыдэнт цалкам падтрымліваў маю думку й напісаў пісьмо у «СС Гаўптамт», у якім прасіў аб адпаведныя для мяне на выезд дакуманты. Але на вялікае нашае зьдзіўленьне, «СС Гаўптамт» катэгарычна адмовіўся выпісваць дакуманты і спрацівіўся майму выезду ў дывізію. Прэзыдэнт вельмі абурыўся гэтаму і заявіў, што ён гэты факт разглядае як справу прынцыповага значэньня. Прэзыдэнт даручыў 1-му Віцэ-прэзыдэнту Шкялёнку інтэрвэнцыю ў гэтай справе ў Міністэрстве ўсходніх абшараў.

Віцэ-прэзыдэнт Шкялёнак і кіраўнік вайсковых спраў Езавітаў былі ў гэтай справе ў д-ра Люббэ. Др. Люббэ падзяліў погляд «СС Гаўптамту» і, такім чынам, дарога ў дывізію для мяне была зачыненая.

Тымчасам выпадкі на фронтах разгортваліся так, што катастрофа Нямеччыны набліжалася шпаркім крокам. Гэтая акалічнасьць змусіла мяне ужыць хітрасьці, каб за ўсялякую цану дастацца ў дывізію й у крытычны мамэнт быць пры сваіх людзях. Я запрапанаваў «СС Гаўптамту» сваю ўслугу на вярбоўку людзей у дывізію, на што «СС Гаўптамт» згадзіўся і выпісаў для мяне дакуманты на выезд ў паўднёва-заходнюю Нямеччыну. Езавітаў гэтак сама мне запрапанаваў, каб я, па выкананьні свайго заданьня па вярбоўцы людзей, паехаў у дывізію і ад ймя вайсковага кіраўніцтва выпісаў мне дакументы, як спецыяльна-упаўнаважанаму ад БЦР пры дывізіі. Справа гэтая была ў даны момант вельмі актуальнай дзеля таго, што маёр Рагуля, як гастырлівая муха, бязупынна гудзеў у вушы Зіглінга аб не выкананьні ім прынятых на сябе ўмоваў адносна арганізацыі дывізіі «Беларусь», быў высланы на афіцэрскі курс для перашкаленьня.

3-га красавіка 1945 г. я прыбыў у дывізію. Зіглінг можа й шчыра прывітаў мой прыезд з задавальненьнем. У гэты момант як раз вялася рэарганізацыя дывізіі. Рэарганізацыя гэтая складалася з наступнага.

Немцы арганізоўвалі новую СС дывізію, якую называлі «СС дывізія Нібелунгаў». Дывізію «Нібелунгаў» яны арганізоўвалі зь нямецкае, якую прымусова забіралі з пакіданых іхняй арміяй абшараў. Большасьць нямецкіх афіцэраў і падафіцэраў яны забралі сюды з дывізіі «Беларусь», як кадраў для дывізіі «Нібелунгаў», дзеля гэтага ў дывізіі «Беларусь» не хапала нямецкага каманднага складу. У сілу неабходнасьці немцы былі прымушаны немцаў камандзіраў замяніць беларускімі камандзірамі. У сувязі з гэтым яны ўсіх беларусаў выдзялілі ў васобныя тры батальёны, у якіх пачынаючы ад камандзіра батальёну ўніз былі вызначаныя беларусы. Камандзірам цэласнасьці быў вызначаны немец штурмбанфюрэр (маёр) Гэнігфэльд. У дывізіі «Нібелунгаў» не хапала зброі і інш. Дзеля гэтага немцы адабралі ад беларускіх жаўнераў зброю, прылады і начыньне, пакідаючы на двух жаўнераў адзін кацялок. Месцам арганізацыі беларускіх батальёнаў была вызначаная ваколіца Вайнэргамэр. У гутарцы са мной Зіглінг прадставіў справу рэарганізацыі дывізіі «Беларусь» зусім у іншым сьвятле, так што зь ягоных слоў рэарганізацыя рабілася на нашу карысьць. Зіглінг запрапанаваў мне, каб неадкладна паехаў з Гэнігфэльдам, які ў гэты час быў у штабе дывізіі, у Вайнэргамэр і там супольна зь ім арганізаваў тры беларускія батальёны.

Калі я прыехаў у Вайнэргамэр, то на месцы засьпеў яшчэ афіцэрскі курс перашкаленьня. Школы афіцэрскай, здэградаванай Зіглінгам на падафіцэрскую, ужо ня было. Яна была зьліквідаваная. Такім чынам Зіглінг зьнішчыў і другую беларускую афіцэрскую школу. У штабе Гэнігфэльда я, на маю радасьць, засьпеў капітана Орсіча, які паінфармаваў мяне аб фактычным стане рэчаў, якія прадстаўляліся вельмі дрэнна. Яшчэ ў першы дзень майго пабыту пры штабе Гэнігфэльда я зрабіў сабраньне часткі афіцэраў найпэўнейшых зь беларускага пункту гледжаньня. Афіцэры як адзін заявілі мне, што ў сувязі з раззбраеньнем беларусаў і выдзяленьнем іх у асобныя групы ходзяць чуткі, што будуць яны выкарыстаныя толькі як працоўная сіла пры будове абаронных умацаваньняў, што беларускія батальёны ня будуць вайсковымі адзінкамі, а проста працоўнымі аддзеламі, што гэта рэарганізацыя ёсьць нішто іншае, як проста ліквідацыя беларускае дывізіі. На гэта паказваў і той факт, што пры беларускіх батальёнах застаюцца ўзброеныя аддзелы немцаў у сіле да 50 чалавек, якія падлягаюць безпасярэдна афіцэрам немцам, што прыдзяляюцца да беларускіх батальёнаў як афіцэры лучнасці паміж камандзірам батальёну і Гэнігфэльдам. Значыцца панам палажэння ў беларускім батальёне будзе афіцэр немец, які, кіруючыся на ўзброенай адзінцы, можа з абязброяным батальёнам зрабіць што ён захоча. У сувязі з гэтым настрой сярод афіцэраў, падафіцэраў і стральцоў вытварыўся вельмі благі. Як афіцэры, так падафіцэры й стральцы, хочуць разбегчыся. Людзі менш стрыманыя ўжо дэзэртыруюць. На іхныя разважаньні я ня меў супроць ніякага аргумэнту. Выглядала, што сапраўды беларускія абязброеныя батальёны будуць замененыя ў працоўныя аддзелы. Я выйшаў із таго гледзішча, што катастрофа Нямеччыны хутка набліжаецца і, што пры найгоршым становішчы, у якое паставілі б нас немцы, мы мусім быць арганізаванымі. Супраць Ангельшчыны й Амерыкі мы ніколі ня будзем ваяваць, бо беларусы ня маюць да гэтых народаў ніякіх прэтэнзіяў. Немцы не датрымалі ўмовы адносна ўжыцьця нас на усходнім фронце й дзеля гэтага мы маем разьвязаныя рукі. Мы мусім ужыць усіх сілаў, каб усе мы, вайсковыя беларусы, трымаліся разам хоць бы нават як працоўныя аддзелы й пры першай магчымасьці арганізавана перайшлі на Англа-Амэрыканскі бок. Гэтыя разважаньні пераканалі афіцэраў і мы разышліся, вырашыўшы трымацца арганізавана за ўсялякую цану.

На наступны дзень я правёў гутарку з усімі афіцэрамі, якія былі ў Вайергамэры, з падафіцэрамі і стральцамі пададдзелаў. Не магу тут не адзначыць вельмі добрую паставу эскадрону, якім камандаваў ротмістр Айбнэр, немец. Нягледзячы на тое, што Айбнэр быў немцам, аднак беларуская нацыянальная сьведамасьць ягоных жаўнераў была вельмі высокая, гэтак сама эскадрон добра прадстаўляўся пад поглядам баёвасьці, як і дысцыпліны.

Аб вышэй апісаным палажэньні ў дывізіі «Беларусь» нічога ня ведала беларускае войскавае кіраўніцтва пры БЦР, ані сама БЦР. Таму я быў прымушаны неадкладна выехаць у Бэрлін, каб аб усім паінфармаваць.

Прыблізна каля 10-га красавіка я вярнуўся з Бэрліну ў дывізію. Гэнігфэльд ішоў мне вельмі на руку і ва ўсім са мною раіўся. Камандірамі батальёну былі вызначаныя:

1-м маёр Сокал-Кутылоўскі, 2-м капітан Чайкоўскі й 3-м капітан Таміла. Дух сярод жаўнераў падняўся. Батальёны, хоць і бяз зброі, пачалі праходзіць вайсковую падрыхтоўку.

У часе рэарганізацыі дывізіі Зіглінг выбраў найлепшых афіцэраў, падафіцэраў і стральцоў і арганізаваў зь іх асобны аддзел, гэтак званы Ягдкамандэ, куды былі забраныя капітан Зыбайла Рыгор, падлейтэнант Трусаў і інш. У склад Ягдкамандэ ўвайшоў і эскадрон Айбнэра. Ягдкамандэ быў прыдзеляны да дывізіі «Нібелунгі», месца пастою яго для мяне ня было ведамым, яно было заканспіраванае, так што я ня меў з Ягдкамандэ ніякай лучнасьці. Камандзірам Ягдкамандэ быў немец. Пазьней я даведаўся ад стральцоў, якія ўцякалі з Ягдкамандэ, што пры наступленьні амэрыканцаў Ягдкамандэ была кінутая немцамі ў абароне аднае мясцовасьці. Аднак ідэя не вясьці бою з амэрыканцамі ўжо была так пашыраная сярод жаўнераў, што пры сутычцы з амэрыканцамі частка жаўнераў паддалася ім бяз бою, а частка разьбеглася. Тады немцы сабралі ўсіх афіцэраў-беларусаў і вывязьлі ня ведама куды.

15-га красавіка 1945 г. Гэнігфэльд атрымаў загад перавесьці беларускія батальёны ў раён Вальдмюнхэн. У часе прыгатаўленьня да маршу прыбыў у Вайергамэр палкоўнік Шувалаў, як кіраўнік вайсковых справаў пры БЦР. Вальдмюнхэн знаходзіцца каля 60-ці км на паўднёвы ўсход ад Вайергамэру. Марш трываў двое сутак і адбыўся ў поўным парадку. Батальёны атрымалі новае месца пастою ў вёсцы Нэпамук у Судэтах. Дзеля таго, што Нэпамук вельмі малая вёска, то батальёны закватэраваліся ў лесе пад адкрытым небам. У гэты самы час прыйшлі халады, выпаў сьнег, людзі, што ня мелі палатак), вельмі мерзлі.

Тым часам фронт ішоў у сьлед за імі. 21-га красавіка 1945 г. Гэнігфэльд атрымаў загад перавесьці батальён у мясцовасьць Пассаў, дзе будзе атрыманае далейшае накіраваньне. Для мяне сталася ясным, што немцы хочуць перакінуць нашыя батальёны ў Тырольскія горы, дзе немцы меліся бараніцца да канца. Для нас, беларусаў, ня было ніякага інтарэсу загінуць разам з войскам СС у безнадзейнай барацьбе з Англа-Амэрыканцамі. Трэба было нешта прадпрыняць для ратаваньня нашых жаўнераў. Але пакуль што нічога ня можна было зрабіць, бо пры кожным батальёне быў аддзел узброеных немцаў, апрача таго недалёка ад нас знаходзілася СС дывізія Нібелунгаў, таксама моцна ўзброеная. Трэба было падпарадкавацца загаду. Вызначаны загадам маршрут праз Кам у апошні мамэнт быў зьменяны дзеля таго, што Кам быў ужо заняты амэрыканцамі. Сталася ясным, што да Пассаў мы не дамаршаруем. Я, параіўшыся з палкоўнікам Шувалавым, аддаў загад камандзіру батальёну, каб яны пад рознымі пратэкстамі адцягвалі час вымаршу й каб машэравалі, як найпавальней. Згодна распарадку Гэнігфэльда трэці батальён вымашэраваў 22-га красавіка ўвечары, другі й першы батальён вымашэравалі 23-га красавіка пад раніцу. Палкоўнік Шувалаў меў у сваім распараджэнні самаход Прэзыдэнта, якім і выехаў 23-га красавіка раніцай. У сьлед за Шувалавым выехаў самаходам і Гэнігфэльд. Я меў у сваім распараджэньні параконную брычку і выехаў ёй з Ненамук пасьля адмаршу батальёнаў. Праз цэлы час маршу я знаходзіўся пры сваіх батальёнах.

Ужо ў часе маршу пачалі даходзіць да нас весткі аб пагрозьлівым палажэньні на фронце. Па осі нашага маршу машыравалі ў безпарадку нямецкія аддзелы і аддзелы РОА . 25-га красавіка трэці батальён асягнуў мясцовасць Эйзэнштайндорф. Я знаходзіўся пры трэцім батальёне. У Эйзэнштайндорф батальён зрабіў даўжэйшы адпачынак. Чатыры км ад Эйзэнштайндорф знаходзіўся Эйзэнштайнмаркт. Там было поўна нямецкіх дэзэртыраў, якія расказвалі аб поўным разьбіцьцю фронту амэрыканцамі.

У Эйзэнштайндорф я аканчальна пераканаўся, што далейшы марш будзе бязмэтным. Тымчасам афіцэр для сувязі трэцяга і другога батальёну, які знаходзіўся для таварыства пры афіцэры трэцяга батальёну, настойліва патрабавалі машыраваць далей. Супроцьставіцца ім было цяжка, дзеля таго, што пры іх знаходзіўся ўзброены аддзел немцаў. Апрача таго ў ваколіцы было шмат войскаў СС, якія ў кожную часіну, у выпадку застасаваньня якога колечы гвалту з нашага боку адносна немцаў маглі прыйсьці ім на дапамогу.

У момант майго разважаньня, як выйсьці з палажэньня, мае афіцэры далажылі, што ў Шпібэргу, які знаходзіўся каля двух кілёмэтраў ад нас, знаходзіцца штаб гэнэрала Мальцава, камандзіра дывізіі РОА. Я пастанавіў перагаварыць з гэнэралам Мальцавым і зараз жа ў таварыстве камандзіра трэцяга батальёну капітана Тамілы і майго ад’ютанта надлейтэнанта Сасукевіча выправіўся ў штаб гэнэрала Мальцава.

Будынак штабу гэнэрала Мальцава быў абстаўлены вартаўнікамі, узброенымі ў аўтаматы. Даступ у штаб быў вельмі цяжкім, аднак, даведаўшыся аб маім прыбыцьці да яго, Мальцаў прыняў нас неадкладна. Ён быў вельмі ветлівы і гутарка мая зь ім адбылася ў прысутнасці ня толькі двух маіх афіцэраў, але і афіцэраў штабу Мальцава. Я прадставіўся яму, як камандзір беларускае дывізіі.

Перадусім я папрасіў гэнэрала Мальцава, каб ён паінфармаваў мяне аб палажэньні на фронце. Гэнэрал Мальцаў сказаў мне, што мясцовасьць Цьвізэль, якая ляжыць на маім маршруце, а таксама й на маршруце дывізіі гэнэрала Мальцава, занятая амэрыканцамі, і што агульнае палажэньне фронту безнадзейнае. Дзеля гэтага, казаў гэнэрал Мальцаў, ня толькі далейшы марш, але й далейшае трыманьне зь немцамі зьяўляецца бязмэтным. Калі я запытаўся гэнэрала Мальцава, што ён думае рабіць ў сувязі з такім палажэньнем, гэнэрал Мальцаў мне адказаў, што ён ужо знаходзіцца (праз сваіх упаўнаважаных) у сувязі із штабам амэрыканскага корпусу, якія вядуць перамовы аб пераходзе ягонае дывізіі на амэрыканскі бок і што гэтыя ўпаўнаважаныя прыгатаўляюць спатканьне яго з камандзірам амэрыканскага корпусу. На гэтым спатканьні ён асабіста абмяркуе варункі ганаровай капітуляцыі дывізіі на карысьць амэрыканцаў. Я яму адказаў, што я цалкам падзяляю ягоную думку аб пераходзе на амэрыканскі бок і дзеля таго, што ў нас у гэты момант аднолькавыя думкі ў справе стварыўшагася палажэньня, у якім знаходзяцца нашыя дывізіі, то будзе мэтазгодным, калі мы супольна будзем пераходзіць нямецкі фронт. Тут я запрапанаваў гэнэралу Мальцаву свае варункі, на падставе якіх мы будзем супольна дзеіць. Варункі гэтыя былі наступныя:

1. Супольны пераход нямецкага фронту нашымі дывізіямі, пры гэтым на выпадак калі б немцы ставілі супраціў, то пераламаць яго супольнымі сіламі.

2. Супольная абарона ад войск СС да часу пераходу нашых дывізіяў на амэрыканскі бок.

3. Пасьля пераходу нашых дывізіяў на амэрыканскі бок, нашыя дывізіі робяцца самастойнымі.

Гэнэрал Мальцаў згадзіўся на пастаўленыя мною варункі, запрапанаваўшы мне, каб ягоны штаб пры маім удзеле апрацаваў апэрацыйны плян на першы й другі выпадак, на што я згадзіўся. Пасьля гэтага я запрапанаваў гэнэралу Мальцаву, каб ён вёў перамовы з амэрыканцамі і ад імя беларускае дывізіі.

Гэнэрал Мальцаў ахвотна згадзіўся задаволіць маю просьбу. Ён пачаў пераконваць мяне, што беларусы й рускія гэта адно й тое самае. Я адказаў на ягоныя доказы, што я толькі жаўнер і на палітычных справах не знаюся і зьвяртаюся да яго гэтак сама, толькі як да жаўнера. Гэнэрал Мальцаў падзяліў маю думку й сказаў што ад гэтага моманту я магу ва ўсялякім выпадку разьлічваць на ягоную дапамогу. На гэтым нашая гутарка закончылася.

Калі я вярнуўся на месца свайго пастою, то трэці батальён па загаду афіцэра сувязі быў ужо гатовы да далейшага вымаршу. Я папрасіў да сябе абодвух афіцэраў сувязі і запытаўся афіцэра сувязі пры другім батальёне, ці ведае ён, дзе знаходзіцца ягоны батальён. На гэтае запытаньне ён ня мог даць мне задавальняючага адказу. Тады я сказаў абодвум афіцэрам сувязі, што дзеля таго, што ня ведама дакладна дзе знаходзяцца першы й другі батальёны, трэці батальён ня рушыцца і датуль, пакуль не далучацца да яго першы й другі батальёны. Я даў загад камандзіру трэцяга батальёну разкватэраваць батальён на месцы, бо далейшы марш наступіць толькі на мой загад. Афіцэры сувязі зрабілі вялікія вочы ад зьдзіўленьня й, папярэдзіўшы мяне, што за наступствы маіх загадаў буду адказваць толькі я, з абражанымі мінамі пайшлі на сваю кватэру.

У гэты момант я пачуўся сапраўдным камандзірам беларускае дывізіі.

Дзеля таго, што палажэньне было яшчэ ня зусім яснае, я не хацеў часова сьцягваць усю дывізію ў Эйзэнштайн і выслаў камандзірам 1-га і 2-га батальёнаў загад наступнага зьместу:

«Із сваімі Батальёнамі застацца на месцы закватаравання і чакаць на далейшыя загады. Прыслаць дакладнае месца свайго кватаравання. Я знаходжуся пры 3-м батальёне у вёсцы Эйзэнштайн. Трымаць з намі злучнасьць. Выслаць разведку на бакі ад шашы і разьведаць мажлівасьць кватараваньня воддаль ад шашы.

Калі б гэты загад застаў Вас у маршы, то закватаравацца ў бліжэйшых вёсках. Навязаць са мной лучнасьць і чакаць загадаў.

Вёска Візэнштайн.

25.04.1945 г. Кушаль Падпалкоўнік»

Калі вярнуліся пасланцы, якія даручылі гэты загад камандзірам батальёнаў, то аказалася, што 1-шы батальён знаходзіўся ў вёсцы 35 км ад Эйзэнштайн Дорф, а другі батальён у вёсцы Быстрыца за 30 км. Гэтакія адлегласьці ад 3-га батальёну былі завялікія і я 26-га мая * выслаў камандзірам 1-га й 2-га батальёнаў другі загад наступнага зьместу:

«Батальёны неадкладна машэруюць у Эйзэнштайн Дорф. Машыраваць так, каб Эйзэнштайн Дорф асягнуць не пазьней 15 гадзін сёньнешняга дня. Да Эйзэнштайн Дорф давесьці поўныя станы батальёнаў. Тут ужо прынятае рашэньне адносна далейшага лёсу нашае дывізіі.

Эйзэнштайн Дорф 26.04.1945 г. гадз.3.30. Кушаль»

На гэты загад 2-гі батальён прымашыраваў у Эйзэнштайн Дорф у гэты ж дзень увечары, 1-шы батальён не прымашыраваў і камандзір батальёну прыслаў мэльдунак наступнага зьместу:

«Ваш загад я атрымаў у 12.50 26-га красавіка. Вырушыць у Эйзэнштайн мой батальён не можа, бо не мае абозу. Немцы забралі тры лепшыя фурманкі з харчовымі запасамі і, пакінуўшы нас, паехалі кудысьці. Батальён без фурманак і харчаваньня ня можа зрабіць 35-ці км. Да гэтага маем да 15-ці чалавек хворых, якіх кінуць нельга. Мы стаім у лесе за адзін км ад вёскі Лоўгым. Калі ўдасца вырушыць, то толькі ўначы. Аднак гэта яшчэ не канчаткова вырашана.

13. 26.04.1945 г.

К-р 1-га б-ну маёр Сокал-Кутылоўскі»

У адказ на гэты мэльдунак я выслаў камандзіру 1-га батальёну загад наступнага зьместу:

«Ваш мэльдунак атрымаў. Я ўвайшоў ў паразуменьне з РОА з гэн. Мальцавым, які вядзе перамовы із штабам амэрыканскай арміі аб пераходзе РОА на іхні бок. Наша дывізія пераходзіць на амэрыканскі бок на тых самых ганаровых умовах, як і дывізія РОА. Далейшае трыманьне Вашага батальёну ў вёсцы Лоўгым можа быць для вас згубным, тым больш, што Чэхія падлягае сфэры савецкіх уплываў і будзе акупавацца савецкай арміяй. Вы павінны неадкладна далучыцца да 2-га і 3-га батальёнаў, якія знаходзяцца у мясцовасці Эйзэнштайн Дорф. Для перавозкі маёмасці батальёну фурманкі трэба рэквіраваць.

Камандзіры 2-га і 3-га батальёнаў сваіх абозаў немцам не аддалі, ужываючы сілу.

Загад гэты павінен Вамі без засьцярогі быць выкананы.

Эйзэнштайн Дорф 27.04.1945 Кушаль Падпалкоўнік Камандзір 1-га белнацпалка.

П. С. Харчаваньне зарэквізаваць на месцы на два дні.»

Пасьля гэтага загаду 1-шы батальён 28.04.1945 г. прымашыраваў у Эйзэнштайн Дорф. Такім чынам разлеглую вёску Эйзэнштайн Дорф і прылежныя ваколіцы акупавала беларуская дывізія, якая ня мела над сабой ніякай іншай улады, апрача свайго камандзіра дывізіі.

На сходзе афіцэраў я высьвятліў афіцэрам нашае палажэньне, прычыны, якія прымусілі мяне ўвайсьці ў паразуменьне з гэн. Мальцавым і паведаміў аб нашых плянах на прышлае. Гэтак сама я правёў перагляд і гутаркі ў батальёнах. Так афіцэры, як падафіцэры і стральцы былі ў паднятым настроі і вельмі цешыліся, што нарэшце вызваліліся з-пад апекі немцаў, як яны ў насьмешку называлі іх «караблёў». Адно ўсіх вельмі непакоіла, гэта адсутнасьць зброі. Але лёс быў да нас трохі ласкавы і ў гэтай справе. Нашыя афіцэры выведалі, што на чыгуначнай станцыі знаходзіцца транспарт зброі. Я зараз жа паслаў роту забраць зброю з транспарту. Пакуль немцы агледзіліся, нашыя жаўнеры пасьпелі забраць 80 вінтовак, некалькі ручных кулямётаў і трохі амуніцыі. Гэты факт пазволіў нам сьмялей трымацца з немцамі.

Тым часам немцы ня спалі. З першага батальёну немцы, забраўшы зброю з харчамі, уцяклі з самага пачатку. З другога батальёну гэтак сама, па няўдалай спробе забраць абоз з харчамі, скора адыйшлі. Найдаўжэй трымаліся немцы пры 3-м батальёне. Афіцэр сувязі бачучы, што абоз з харчамі яму забраць не ўдаецца, дзякуючы энэргічнай паставе камандзіра батальёну, зьвярнуўся з просьбай да камандзіра батальёну, каб ён выдаў немцам на дарогу «маршфэрфлегунг». Па задаволеньні ягонае просьбы немцы спакойна адыйшлі, але па дарозе пажалаваліся моцна ўзброенаму аддзелу СС, які стаяў у Эйзэнштайн Маркт. Гэты аддзел СС і ўплянаваў напасьці на нас і зьнішчыць, як здраднікаў. Я, даведаўшыся аб гэтым, прыбыў у штаб гэнэрала Мальцава. Начальнік штабу палкоўнік Ванюшын апрацаваў са мной плян абароны, бо і ім пагражаў аддзел СС і мы гатовыя былі прыняць бой. Аднак абыйшлося бяз гэтага. Справа скончылася на СС-скіх пагрозах.

Для павялічэньня афіцэрскага стану дывізіі неабходным было правесьці наданьне афіцэрскіх рангаў, дзеля гэтага я ад імя Прэзыдэнта надаў рангі лейтэнантаў усім падафіцэрам, якія камандавалі зьвязамі. Гэтак сама былі павышаныя на адзін ступень усе падафіцэры ў дывізіі. Вычувалася, што перад намі стаіць неякае важнае дзеяньне. Дывізія да гэтага рыхтавалася.

29-га красавіка гэн. Мальцаў запрасіў у свой штаб мяне з камандзірамі батальёнаў і ротаў. Калі мы прыйшлі, то ўжо былі сабраныя камандзіры пададдзелаў дывізіі Мальцава. Нашая група афіцэраў, якія занялі месца на салі, рэзка выдзяляліся ад афіцэраў РОА, з сваімі беларускімі адзнакамі. Калі прыбыў гэн. Мальцаў, то, аглядаючы з цікавасьцю беларускія адзнакі, з іроніяй сказаў: «Вот вам и Сан-Франциско, вот представители иной национальности».

На гэтым сходзе гэн. Мальцаў абвесьціў нам, што ён асабіста быў у штабе амэрыканскага корпусу й асабіста дамовіўся адносна варункаў пераходу ягонае дывізіі й дывізіі беларускай на амэрыканскі бок і што варункі гэтыя вельмі карысныя для нас, што камандзір амэрыканскага корпусу абяцаў узяць нас у амэрыканскую армію, як дапаможнае войска пры акупацыі Нямеччыны. Праўдападобна, гаварыў далей Мальцаў, на самым пачатку амэрыканцы пасадзяць нас у лягер, як ваенна-палонных, але гэта будзе трываць нядоўга. Урэшце рэштаў, закончыў сваю прамову гэн. Мальцаў, што б нас там не чакала, то нам зь немцамі заставацца няма ніякага сэнсу, пераход выканаем заўтра 30-га красавіка а паўдні ў мясцовасьці Цьвігэль. Тут начальнік штабу адчытаў загад апэрацыйнага характару, зьвязаны зь пераходам. Гадзінаю вымаршу вызначаная была 5-я з раньня. Дзеля таго, што наша дывізія кватэравала на лініі маршу, то павінна была, згодна загаду, а 5-й раніцы быць выстраянай пры шашы і чакаць на марш дывізіі РОА, у якую ўключыцца ў вызначанае ёй месца.

30-га красавіка 1945 г. беларуская дывізія выстраілася ўздоўж вуліцы Эйзэнштайн Дорф. На правым флангу кожнага батальёну разьвяваліся бел-чырвона-белыя сьцягі. Усе жаўнеры мелі вельмі добрыя постаці й выглядалі сьвяточна. Усе ўзброеныя жаўнеры былі выдзеляныя ў асобны аддзел, які гатовы быў кожную часіну ўступіць у бой.

«Жыве Беларусь!» голасна разлягалася ў вакалічных горах. Гэты мамэнт быў сапраўднай узнагародай за 4-х гадовую працу ў беларускай вайсковай справе ня толькі для мяне, але й для кожнага беларускага жаўнера тут прысутнага. Гэта быў канцовы вынік працы ўсіх беларусаў, якія самааддана працавалі пры арганізацыі беларускага войска ў вельмі цяжкіх умовах пры нямецкай акупацыі на Беларусі, а пасьля ў Нямеччыне. Лік дывізіі ў гэты дзень быў наступны:

1. Афіцэраў — 50

2. Падафіцэраў — 132

3. Стральцоў — 912

Разам 1094

4. Каней — 50

5. Вазоў — 16

6. Кухняў — 6.

Хутка паказалася калёна дывізіі гэнэрала Мальцава. У першай тройцы машыраваў сам гэн. Мальцаў із сваім начальнікам штабу й 1-м афіцэрам штабу, за імі йшлі ў тройках рэшта афіцэраў штабу. Усе яны былі ўзброеныя ў аўтаматы зь вялікай колькасьцю амуніцыі. Далей машыравалі ўзброеныя пададдзелы адзін за другім. Выгляд нашае дывізіі гэнэралу Мальцаву вельмі спадабаўся. Нашая дывізія ўключылася ў калёну й мы з разгорнутымі беларускімі сьцягамі, якія разьвяваліся над калёнай дывізіі, бадзёра памашыравалі.

Пасьля прыблізна 10-ці кіламетровага маршу калёну пачаў мінаць самаход, у якім сядзеў нямецкі гэнэрал Ашэнбрэнэр, афіцэр сувязі пры гэн. Мальцаве. Выехаўшы на чало калёны, гэн. Ашэнбрэнэр затрымаў марш і распачаў гутарку з гэн. Мальцавым. Скончыўшы гутарку, гэн. Мальцаў павярнуўся і памашыраваў назад, за ім пайшла назад уся калёна. Гэта мяне вельмі зьдзівіла й я са сваім начальнікам штабу капітанам Орсічам дагнаў гэнэрала Мальцава і запытаўся яго, што значыць гэты паварот назад. Гэнэрал Мальцаў выясьніў мне, што гэн. Ашэнбрэнэр паведаміў яму аб тым, што да яго ёсьць радыёграма ад гэн. Уласава, які просіць яго ўстрымаць пераход на амэрыканскі бок, пакуль ён не атрымае ад гэн. Уласава новыя указаньні. У сувязі з гэтым ён змушаны пераход устрымаць, выслаць свайго начальніка штаба да Уласава і толькі пасьля павароту начальніка штабу зробіць так, як загадвае гэн. Уласаў. Да часу, пакуль вернецца начальнік штабу, выясьняў гэн. Мальцаў мы пачакаем у вёсцы 10 км адгэтуль. (Тут ён назваў вёску, назву якой я не памятаю.) З гэтай пастановы гэн. Мальцава я быў вельмі не задаволены, тым больш, што капітан Орсіч знаў гэтыя ваколіцы й гаварыў, што гэтая вёска знаходзіцца ў горах і што зь яе няма нават іншага выхаду апрача тэй дарогі, па якой мы будзем машыраваць. Калі гэтую дарогу перарэзаць, то мы ўсе знойдземся ў пастцы. Адразу прыйшла нам у галаву думка, што тут можа мець месца хітрасьць немцаў, каб звабіць нас у гэтую вёску, а пасьля абязброіць усе дывізіі і, такім чынам, не дапусьціць нашага пераходу на амэрыканскі бок.

Сьпярша прыйшла нам думка пакінуць дывізію Мальцава й перайсьці фронт толькі із сваімі сіламі, аднак, дзеля малой колькасьці зброі было б гэта занадта рызыкоўна. Выхаду ня было, мы мусілі трымацца дывізіі Мальцава. Пасьля прыблізна двугадзіннага маршу ў адфронтавым накірунку дывізія затрымалася. Калі мы прыйшлі да гэн. Мальцава, то там былі ўжо ўсе камандзіры палкоў. Ад’ютант Мальцава чытаў голасна пісьмо ў нямецкай мове, толькі што атрыманае са штабу амэрыканскае дывізіі. Пісьмо гэта прывёз спэцыяльны пасланец на матацыклю. Зьмест яго быў наступны: «Сягоньня на паўдні мая цяжкая артылерыя пачне абстрэльваць нямецкія пазыцыі. Пад яе прыкрыцьцем вашыя дывізіі даканаюць пераходу на амэрыканскі бок на лініі Эйзэнштайн-Цьвізэль. Нямецкія часткі, якія займаюць фронт на гэтай лініі вашых дывізіяў, павінны быць разбітыя. У выпадку патрэбы, мае часткі дапамогуць вам у разьбіцьці немцаў. Гэтак сама будзе дзейнічаць маё лётніцтва. Пры яго паяўленьні вывясьце белыя сьцягі. Пасьля пераходу дывізіі на наш бок, адносіны да вас будуць як да ваенна-палонных згодна Жэнэўскай канвэнцыі». Падпісаў камандзір дывізіі.

Прачытаўшы гэтае пісьмо, гэн. Мальцаў ня ведаў што рабіць. З аднаго боку загад гэн. Уласава, з другога боку гэтае пісьмо. Камандзіры палкоў усе былі тэй думкі, што належыць застасавацца да пісьма камандзіра амэрыканскай дывізіі, бо калі мы будзем далей машэраваць ад фронту, то амэрыканцы могуць палічыць гэта за здраду ўмове, якую гэн. Мальцаў заключыў зь імі і пры дапамозе свайго лётніцтва нас могуць разьбіць. Гэты аргумэнт пераканаў гэн. Мальцава й дывізіі йзноў накіравалі свой марш у накірунку Цьвізэля.

Марш быў вельмі павольны, дзеля таго, што ўся дарога была замініраваная й забудаваная супрацьтанкавымі перашкодамі. На чале машыравалі сапёры, якія ўсе перашкоды нішчылі. Нямецкія пазыцыі аддзяляліся ад амэрыканскіх ракою Рэген. Найбольш небяспечным пунктам быў мост праз гэтую раку.

Наша дывізія, якая да гэтага часу машыравала за дывізіяй гэн. Мальцава, за некалькі кілёмэтраў ад мосту атрымала загад ад г. Мальцава выйсьці наперад, абняць ахову гэтага маста й ахоўваць яго да таго часу, пакуль не пройдуць праз яго абедзьве дывізіі з абозамі, пасьля чаго машыраваць за абозам, як тыльная ахова. Дзеля таго, што фактычная небясьпека была на гэтым масьце і за мастом і дзеля таго, што большае праўдападабенства нападу немцаў на дывізіі было ззаду, ясна, што на першы ўдар была выстаўленая беларуская дывізія. Рака Рэген няшырокая, але як горная мае вельмі шырокае карыта. Мост быў падмінаваны, і калі б яго ўзарваць, то пераход праз раку быў бы немагчымы.

Нашыя жаўнеры хутка занялі мост і разброілі немцаў, якія знаходзіліся блізка мосту. Ахова была вельмі дэнэрвуючая, дзеля таго, што дывізія мела вялічэзны абоз ня толькі з ваенным матар’ялам, а і з сем’ямі і маёмасьцяй афіцэраў РОА. Абоз быў везены на быках і дзеля гэтага пасоўваўся вельмі паволі. Аднак усё скончылася шчасьліва. Нямецкія часткі СС, якіх тут было досыць шмат, не адважыліся на нас напасьці. Мажліва, што тут адыграла ролю амэрыканская артылерыя, якая фактычна ад поўдня абстрэльвала іхныя пазыцыі.

Вечарам гэтага ж дня мы пабачылі Цьвізэль, а на яго ўскраі амэрыканскія танкі із скіраванымі на нас гарматамі й кулямётамі. У Цьвізэлі разброілі нас амэрыканцы й закватаравалі ў будынках аднае фабрыкі.

На наступны дзень зраньня зьявіўся ў мяне амэрыканскі афіцэр, які папрасіў мяне ў штаб. У штабе я атрымаў загад ад камандзіра амэрыканскай дывізіі пастроіць сваю дывізію асобна ад дывізіі гэн. Мальцава й чакаць на далейшыя загады. Дывізія выстраілася, як у Эйзэнштайне ў дзень пераходу фронту. На правым флянгу кожнага батальёну разьвяваўся беларускі нацыянальны сьцяг, ува ўсіх быў сьвяточны настрой, усе чакалі ад амэрыканцаў нечага новага й цікавага. Той факт, што нашую дывізію амэрыканцы аддзялілі ад РОА, вельмі мяне цешыў. Гэта было доказам, што беларусаў амэрыканцы разглядалі як асобную ад расейцаў нацыю.

Па нядоўгім чаканьні прыбыў амэрыканскі вышэйшы афіцэр з перакладчыкам. Пастава дывізіі яму вельмі спадабалася. Пахваліўшы дывізію, ён сказаў, што зараз прыбудуць самаходы, якія завязуць людзей у лягер. Абоз, коні й іншы матарыял застаюцца на месцы. Праз хвілін 15 самаходы фактычна прыехалі, мы ўсе на іх паладаваліся й паехалі. Ад’ехаўшы якіх-небудзь кілёмэтраў 60 ад Цьвізэля, мы прыехалі ў мясцовасьць Кам. За горадам на чыстым полі, па калены ў балоце, за калючым дротам, стаяў вялікі натоўп ваеннапалонных немцаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў, якія супрацоўнічалі зь немцамі. Тут самаходы затрымаліся, нас выладавалі і загналі за гэты дрот.

З гэтым мамэнтам закончылася беларуская вайсковая эпапэя ў Нямеччыне.