Перайсці да зместу

Спатканьні (1925)/Песьні зурновыя/Каўказ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Каўказ
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1925 год
Зурна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каўказ (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАЎКАЗ

Даўно аб краі я гэтым марыў,
Хацеў я бачыць край чар — Каўказ,
Дзе Дэмон колісь з красой-Тамарай
Вялі аб жыцьці чароўны сказ.

Цяпер стаю я на вышы ўзгор‘я
З красой абшараў, нібы абрус,
Адкуль відочан узор Пяцьгор‘я,
Адкуль відочан сівы Эльбрус.

Я повен сілы ў чароўным краі,
Дзе зырка сонца у дзень пячэ,
А ў ночы вецер зурной іграе
Ды месяц ясны малюнак тчэ.

Прастор прыгожы шмат родзіць думак,
Ўлівае ў сэрца ён сілы шмат,
Між гор бруіцца, журчыць Падкумак —
Ніколі ўпынку яму няма,

З-пад гораў рвуцца упартай плыньню
Руччы-крыніцы жывой вады, —
Калі нап‘ешся — боль сэрца гіне
І гіне змрочнасьць нямой жуды.

І вось я повен ўсім тым сугуччам,
Што тут разьліта, што тут жыве,
І сьпее, сьпее напеў жывучы,
А радасьць шчасьця сьпяваць заве,

Заве і кліча, як постаць жніва;
А дзесь-та колас паклон мне б‘е,
Вярнуся хутка, жыцьцём шчаслівы
Я к новай працы і барацьбе…

Кіславодзк.
1925.