Перайсці да зместу

Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях
Артыкул
Аўтар: Мітрафан Доўнар-Запольскі
1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




1. Структура народнае гаспадаркі XVI—XVIII сталецьцяў

Перад намі вялізная краіна, якая перавышае памерамі сваімі Вялікабрытанію альбо Норвэгію. Цалкам раўнінная, пакрытая вялікім лікам рэк і азёр, аграмаднымі, імшарыстымі прасторамі і векавым нечапаным лесам. Гэта ёсьць наша Беларусь і злучаныя з ёю Літва і Жамойць. Глеба мала ўрадлівая і шмат у якіх мясцох пяшчыстая.

Яшчэ ў канцы XIX сталецьця ў межах верхняе Дзьвіны было 51% лясное плошчы, у мясцовасьці Пінска-Бярэзінскага Палесься— 11%, і нават у Менскай губэрні, дзе лясы ў той час былі вельмі пасечаны, яны ўсё-ткі займалі 25% усяго абшару. Нават у гэтыя позьнія часы, калі насельніцтва ўзрасло да 9½ мільёнаў, усё-ж яшчэ ў Падзьвіньні ральля складала 14,7%, у межах Пінска-Бярэзінскага Палесься — 19,7% і толькі ў межах Меншчыны—41,6%. Нявыгадных зямель быў вялікі %, які для паасобных паветаў даходзіў часам да 30% і зьніжаўся да 7%.

Усе гэтыя ўмовы рабілі краіну мала праходнай. Шмат чалавечае працы патрабавалася-б на пракладку шляхоў, і да канца XVIII сталецьця гэтая балоціста-пяшчыстая краіна ня мела абы-якіх выгодных сухаземных шляхоў. Толькі рэкі і рэчкі былі шляхамі, якія злучалі часьціны Беларусі паміж сабою і са знадворным сьветам. Але на апошнім шляху стаялі перашкоды, якія выпадкова разьвіліся з прычыны гістарычных умоў. Вялікі вадазбор Дзьвіны, які цягнуў да сябе вадазбор верхняга Дняпра, меў выхад да мора праз вузкую паласу, у якой жылі латышы і якая політычна належала да немцаў. Вясёлыя воды Нёмну з яго зялёнымі берагамі ўваходзілі ў межы Прускага Ордэну, г. зн. ізноў-жа ў варожы лягер. З глыбіні Палесься, з прытокаў Прыпяці і верхняга Пабуж'я адчыняўся шлях у шырокую Віслу, і толькі вусьце гэтае ракі да канца Рэчы Паспалітае было ў межах аб'яднанае дзяржавы. Але гэты водны шлях кратаў вельмі невялічкую частку Беларусі. У кожным разе, простых беспасрэдных зносін з морам у Беларусі ня было.

У водах гэтае краіны быў вялікі лік рыб, аб чым кажуць крыніцы. Відавочна, яе многа ўжывалі, як харчовы продукт, бо рэкі і азёры былі пакрыты езамі, месцы ловаў строга разьмежаваны і абараняліся законам і звычаем. Ловы рыбы, г. зн. запас харчовых продуктаў, быў справаю грамадзкай, і цэлы шэраг звычайна-праўных устаноў адзначаюць час і спосабы ловаў цэлым сялом альбо нават цэлай воласьцю. Але рыбныя продукты не маглі быць прадметам вывазу. Гэта былі звычайныя пароды рачное рыбы, на якія ня было запатрабаваньня з-за мора.

Лясы, пры ўмовах вельмі экстэнсыўнае гаспадаркі, г. зн. пры ўмовах надзвычайнае раскіданасьці насельніцтва, давалі хутры пушных зьвяроў, воск і мёд. Гэта ўжо тавары, на якія былі вялікія запатрабаваньні. Але каштоўны пушны зьвер адышоў адсюль, відавочна, яшчэ ў старадаўні пэрыод. У XVI сталецьці засталася куніца, якая ўрэшце хутка зьнікала, як прамысловы зьвер, бо ўжо ў пачатку XVI сталецьця даніна ёю замяняецца грашыма. Засталася лісіца, аднак, ня першарадная, ваўкі, лані, лосі і асабліва бабры. У Падзьвіньні, у Піншчыне і шмат у якіх іншых мясцох лавілі баброў, бабровыя гоны былі вельмі важнымі заняткамі жыхарства. Таксама вельмі важным прадметам промыслу было пчалярства. Яшчэ ў першай палове XVI сталецьця цэлыя мясцовасьці Падзьвіньня і Прыпрыпяцьця цалкам займаліся бортніцтвам і баброўніцтвам, а сельская гаспадарка, здабываньне хлеба, была толькі падможным заняткам. Але ўсё гэтае, калі пчалярства мае форму бортніцтва, ёсьць, зразумела, способы вельмі экстэнсыўнае гаспадаркі. Для бортнага пчалярства патрэбны быў глыбокі лес і адбор векавых дрэў, якія былі-б на вялікай адлегласьці адно ад аднаго. Каб атрымаць два „камені" воску (76 фунтаў), трэба было заняць ад 70 да 100 гэткіх дрэў.

Але ўжо ў палове XVI сталецьця насельніцтва, якое павялічвалася, павінна было пераходзіць да інтэнсыўнейшага тыпу гаспадаркі,—да сельскае гаспадаркі. Промыслы застаюцца толькі там, дзе для іх зьнішчэньня яшчэ ня прышла чарга. Прамысловая лясная гаспадарка ёсьць часовая форма гаспадаркі, якая абумоўліваецца рэдкасьцю насельніцтва.

У краіне, прыродныя ўмовы якой мы толькі што апісалі, хлебаробства і жывёлаводзтва зьяўляюцца натуральнай формай ужываньня чалавечае працы, і ўзрастаньне інтэнсыфікацыі знаходзіцца ў залежнасьці ад узрастаньня насельніцтва. Аграмадны абшар, заняты Беларусьсю, быў абшарам рэдка залюдненым. Зразумела, падрахунак насельніцтва для гістарычных эпох ёсьць справа надзвычайна цяжкая і часта безнадзейная, калі не зварочвацца да фантазыі. Дзеля гэтага аб малой залюдненасьці трэба рабіць вывады ў залежнасьці ад нагляданьняў над тымі ці іншымі зьявішчамі жыцьця. У кожным разе, калі верыць лічбам вядомага расійскага статыстыка Германа, чалавека вельмі асьцярожнага, да лічбаў якога ўжо можна аднесьціся з некатораю верай, дык на рубяжы XVIII—XIX сталецьцяў насельніцтва Беларусі і Літвы налічвала каля 3.800.000—3.900.000. Гэта ёсьць лічба насельніцтва былога „Паўночна-Заходняга краю". Гэта дало-б на адну квадратовую мілю каля 800 чалавек, г. зн. шчыльнасьць насельніцтва была роўная прыблізна са шчыльнасьцю тагачаснае ўва ўсіх адносінах беднае краіны каля 1700 году. Але гэтая шчыльнасьць больш як у 3 разы меншая за шчыльнасьць Бэльгіі на рубяжы XVII—XVIII сталецьцяў. Беларусь была значна бяднейшая за Англію канца XVII сталецьця. Калі рост насельніцтва ў XVII і XVIII сталецьцях быў такім-жа павольным, параўнальна з іншымі часткамі былой Расіі, як і ў XIX сталецьці, асабліва ў першай яго палове (і Герман, і іншыя сьведчаць аб былым росьце беларускага насельніцтва), дык, відавочна, каля 1700 году насельніцтва Беларусі і Літвы бадай не пераходзіла 1,6 мільёнаў. У XVII— XVIII сталецьцях, у гады ўзрастаньня прыгону, рэлігійнае барацьбы, цяжкіх войн і экономічнага зьбядненьня, на павялічаны рост нельга і разьлічваць. Некалькі іншы малюнак трэба прыпушчаць для XVI сталецьця, і, мабыць, у канцы XVI сталецьця насельніцтва ўсяе дзяржавы было ня меней за 1 мільён. Попісы войск пачатку і сярэдзіны XVI сталецьця даюць агульны малюнак досыць сталага ўзрастаньня насельніцтва.

Якія-б ні былі здагадныя гэтыя лічбы, усё-ж такі яны пацьвярджаюць нагляданьні іншых крыніц, якія кажуць аб аграмадных абшарах лесу, вод і аб слабой залюдненасьці краіны.

2. Агульны ход гаспадарчага жыцьця Беларусі.

Пэрыод утварэньня Літоўска-Беларускае дзяржавы быў балючым процэсам у гісторыі Беларусі, які ня мог дапамагчы разьвіцьцю гаспадаркі, а наадварот, даваў некаторае зьніжэньне. Старыя гандлёвыя сувязі з поўднем парваліся. На поўначы друзьлела Ганза. З унутранага боку краіна разьдзіралася політычнай і нацыянальнай барацьбой. Усё гэта вяло да заняпаду старое гарадавое Беларусі, да перавагі сельскагаспадарчага промыслу і да панаваньня натуральнае гаспадаркі.

З выплаты далін, адбываньня сялянамі павіннасьцяй, з агульнага колёрыту складу панскага двара ня цяжка зрабіць вывад аб поўным панаваньні спажыўных мэт кожнае гаспадаркі. Сувязь з рынкам нязначная, і ажыўленьне пачынаецца толькі каля, паловы XVI сталецьця. Да гэтага часу гаспадарка ў агульнай масе мае безабменны характар. Грошы былі рэдкія і дарагія. Дзяржаўная служба аплачвалася наданьнем зямель і іншых прыбыткаў. Скарб вялікага князя Казімера, выдаткавыя запісы якога захаваліся за некалькі дзесяцілецьцяў, складаўся з футра, жыта, сена, шуб, з сукнаў, вымеценых на футра. Гатоўка ў ім была рэдка. Нават у пачатку XVI сталецьця, калі ваявода віленскі прымаў у сябе Жыгімонта І, дык ён зрабіў свайму гаспадару падарунак, годны буйнога магната—60 флёрынаў.

Асноўнай вытворчай адзінкай быў панскі двор. Сам пан плаціў сваім слугам таксама, як і вялікі князь сваім, г. зн. даваў ім зямлю. Ад сваіх падданых пан атрымліваў даніну ў выглядзе продуктаў натураю. У гэтых разрахунках грошы ролі ня граюць і ўваходзяць у ўжытак пазьней. Дзеля цяжкасьці даць ясную справаздачу аб гаспадарцы краіны ў гэты пэрыод, мы возьмем некалькі вазаў і характарызуем іх у самым сьціслым відзе.

Усходнія краіны даўжэй захавалі рысы архаічнага быту. Дапраўды, Полацкая рэвізія 1552 году паказвае вельмі архаічную будову гаспадаркі, якая вырабляла галоўным чынам для спажываньня самых вытворцаў,—сялян і панскага двара.

Мы падлічылі склад 10-ці буйных панскіх двароў, што цалкам выстарчае для характарыстыкі ўсяго раёну. Панская маёмасьць складаецца з вельмі рознастайнага насельніцтва, якое знаходзіцца не ў аднолькавых адносінах да свайго пана. У маёмасьцях буйных паноў ёсьць мястэчкі. Гэта невялічкія паселішчы з насельніцтвам ад 6 да 65 дымоў. Заняткі мяшчан— гандаль півам і гарэлкай, але галоўным чынам яны займаюцца таксама земляробствам з чацьвёртае долі ўраджаю, г. зн. на ўмовах палоўніцкае арэнды. Сярод падлічанага насельніцтва такіх мяшчан аказалася 7%. Але асноўную масу насельніцтва двароў складаюць бадай што ў роўнай долі дзьве групы: людзей „тяглых отчизных", г. зн. ужо прымацаваных сялян, і людзей „вольных", г. зн. вольных арандатараў, якія даюць зямляўласьніку таксама чацьверты сноп. Першых аказалася каля 26%, а другіх роўна 30%. Астатняе насельніцтва разьбіта на драбнейшыя групы згодна абавязкаў іх да двара. Так, „слуг путных" аказаласа 8%. Нямногім менш за З0% аказалася „бояр“, якія несьлі конную вайсковую службу ў „почтах" панов. Баяры карысталіся зямлёю за сваю службу. Яны мелі сваіх „отчизных" сялян і гароднікаў, у сярэднім па адным двары на 1 баярскі двор. Быў і яшчэ контынгент слуг вышэйшага парадку, якія выходзілі на вайну, пасылаліся з лістамі (3%), яле гэта ня былі „путные" слугі ў звычайным сэнсе. Яны набліжаліся да баяр-шляхты і мелі сваіх людзей. Часам яны называюцца „домовыми" слугамі. Такога-ж тыпу „люди домовые" (2%), якія маюць свае землі, але „с сукни" служаць, г. зн. за плату, якая даецца натурай, адзеньнем. Характар іхняе службы няясны, але, праўдападобна, гэта была прыдворная служба. Нарэшце, у дварох сустракаюцца ў зусім невялічкім ліку арандатары—сяляне, якія сядзяць на волі, на куніцах, людзі— рамесьнікі, павіннасьцю якіх было рамяство на двор, і людзі „ў заставе". У падлічаных маёнтках няма „чэлядзі", але дзе-ні-дзе ў іншых мясцох яна сустракаецца ў вельмі невялічкім ліку.

Ва ўсёй гэтай гаспадарцы пераважваюць разрахункі натурай. Паншчына яшчэ мала разьвілася, пануе палоўніцкая арэнда. Панская ральля нязначная, яе адбываюць гароднікі, а, часам, арандатары адбываюць таксама „талокі“. Нават у дробных баяр, якія маюць 1—2 двары, ральлі няма, і іхнія сяляне даюць свайму баярыну 4-ты сноп з узоравага палетку.

Затое рэшткі прамысловае вытворчасьці яшчэ захоўваюцца пры двары. Так, пры дварох мы сустракаем у даволі вялікім ліку псяроў, што паказвае на рэшткі прамысловага паляваньня. Бабровымі тонамі заняты самі зямяне. Яны-ж маюць і дваровыя борці. Відавочна, існавала таксама і дваровая гадоўля жывёлы, бо сялянскія даніны складаюцца толькі з хлеба, мёду, баброў і куніц.

Даўнейшыя акты Падзьвіньня яшчэ болей падкрэсьліваюць натуральны характар павіннасьцям на двор сяляне валочуць возера, забіваюць езы, замест павіннасьцяй даюць мёд, сокала, куніцу, даюць піва, мёд, жыта, даюць баброўшчыну альбо грошы за баброў. Калі Сьвіслацкая воласьць робіць адноску да старадаўніх парадкаў эпохі Вітаўта, дык яна называе выключна натуральныя даніны ў відзе мёду, жыта, аўса, вяпрукоў, куніц, сыру, масла. Грашовая даніна зьбіраецца толькі замест нялюднага, старадаўняга „палюдзьдзя". Такі-ж парадак мы прыкмячаем і ў Магілёўскай воласьці.

Заходнія двары маюць гэткую-ж будову, але тут уласная гаспадарка паноў мае, відавочна ў ранейшы пэрыод, большае значэньне. Вось для прыкладу склад двара Радашковічай (Вілейскага павету). Тут таксама мы сустракаем, мяшчан, якія займаюцца трыманьнем карчом, баяр-шляхту, якія маюць сваіх сялян і гароднікаў, баяр путных. Дваровыя патрэбы абслугоўваюцца парабкамі, г. зн. нявольнымі людзьмі, якія маюць свае землі, але атрымліваюць і месячыну. Але апроч таго, пры двары жыве чэлядзь, якая ня мае ўласнае гаспадаркі. Па вёсках мы сустракаем цяглых сялян, бортнікаў і гароднікаў. Палоўніцкая арэнда, плата куніцаю— тут рэдкае зьявішча.

Такая гаспадарка была слаба зьвязана з рынкам. Яна выпушчала на рынак вельмі невялічкі лік продуктаў, і гэта былі пераважна продукты зьвералоўства і бортніцтва. Так, напрыклад, прыдняпроўскія сяляне прадавалі „куницы, лисицы, бобры“ і наогул „зверь косматый", а таксама мёд прэсны. Побач з гэтым яны прадаюць і жыўнасьць, якая мае, аднак, другараднае значэньне.

Аднак, водпуск на рынак продуктаў сельскае гаспадаркі ўсё-ткі пачынае паступова іграць ролю. Перш за ўсе высоўваецца продаж жывёлы. Сяляне многіх Прыдняпроўскіх поласьцям скардзяцца на тое, што „дзяржаўцы" забараняюць ім вольны гандаль „жывоцінай", сярод якой яны называюць ялоўцаў, бараноў, сьвіней. Самі дзяржаўцы прымушаюць сялян прадаваць ім гэтую жыўнасьць не па рыначных цэнах. Гэта значыць, што рынак жывёлы пачынае цікавіць і сялян і паноў.

У Бабруйскай воласьці бярэцца чынш, а потым даніны хлебам, курамі, гусямі, ільном, сенам, мёдам. Апроч таго, валашчане адбываюць падводы, двохдзённую паншчыну, талокі, варту. Здабыча мёду і воску мае яшчэ большае значэньне. У воласьці водзяцца бабры, і бабровыя тоны зьяўляюцца падмогай да сялянскае гаспадаркі. Аднак, „устава“ ўжо забараняе сялянам прадаваць баброў на старану. Урад купляе баброў па „справядлівых" цэнах, і толькі ў выпадку яго нежаданьня купіць дазваляецца прадаваць на старану. „Вялікага" зьвера ўжо няма ў бабруйскіх пушчах, і толькі выпадкова гэты зьвер зьяўляецца пераходам. У бабруйскай уставе строга забараняецца пабудаваньне новых шляхоў. Тая-ж устава апавядае, што на вёсках былі свае скупнікі продуктаў сялянскае вытворчасьці, былі сельскія гандляры, якія скуплялі мёд, бабровыя футры і інш. Апроч таго, у сёлы прыяжджалі гандляры з Бабруйску, а таксама і чужыя. Гэткім чынам, селяніну ня трэба было перасоўвацца ў горад. Устава паўстае супроць гэтага звычаю, бо наежджыя гандляры крыўдзяць сялян, зьніжаючы цану, і патрабуюць, каб сяляне свае продукты адвозілі ў Бабруйск у дні гандлю. Значыцца, з рынкам злучаны толькі такія формы вытворчасьці, якія існавалі яшчэ ў глыбокай старадаўнасьці і якія залежаць ад надта экстэнсіўнага выкарыстоўваньня прыродных багацьцяў—лясоў.

Цікава, што захаваньне старадаўніх формаў вытворчасьці вяло за собой захаваньне старадаўніх спосабаў промыслу. Гэта, урэшце, было зусім натуральна ў такіх промыслах, як зьвералоўства, бортніцтва і рыбалоўства. Напрыклад, бабровыя і рыбныя ловы рабіліся ўсёю грамадой супольна на адведзенай грамадзе дзялянцы. Існуюць яшчэ асобныя звычаі бортніцкія, якімі кіруюцца, каб зьберагчы бортнае дрэва, і якія часткова замацаваны Літоўскім статутам. Але гэткія экстэнсіўныя формы вытворчасьці магчымы толькі пры ўмове надта рэдкага насельніцтва, і покуль слабы попыт на грошы пакрываецца рыначным попытам на продукты бортніцтва і зьвералоўства. Абедзьве гэтыя ўмовы зьмяніліся ў палове XVI сталецьця. Рынак, уласна заходні рынак, пачаў патрабаваць продукты сельскае гаспадаркі і лясныя.

Колькасны склад насельніцтва ня мог заставацца нязьменным, хаця мы кепска ведаем гісторыю росту насельніцтва Беларусі. У кожным разе аб згушчэньні насельніцтва каля гэтае эпохі магчыма дагадвацца з таго факту, што распад старых служб і дворышч даў значны наплыў земляробскага насельніцтва ў новыя селішчы. Дзеля гэтага мы прыкмячаем пералом у гаспадарцы краіны, зьмену вытворчых формаў, імкненьне да рынку і да грашовага звароту.

Пад уплывам гэтых умоў зьмяняюцца погляды на кіраўнікоў гаспадаркі, уласьнікаў буйных маёнткаў і, перш за ўсё, гаспадарскага скарбу, які стаяў на чале буйнейшых домэнаў (маёмасьцяй). Так, і вялікія князі, і паасобныя зямляўласьнікі пераводзяць старыя даніны на грошы. Пры рэвізіі Пінскага староства старыя даніны пераведзены на грошы, але па складзе данін былога Пінскага княства можна судзіць аб пераважнай тут паляўнічай і жывёлаводнай гаспадарцы і аб слабым разьвіцьці земляробства. Рэвізія лушч дае шэраг добрых ілюстрацый такога-ж становішча. Яна кажа аб сёлах, якія займаліся выключна паляваньнем і гадоўляй жывёлы, і якія павінны даваць даніну аўсом у тым выпадку, калі будуць займацца земляробствам. Праўда, у гэтай самай рэвізіі прыметны ўжо імкненьні ўзмацніць дваровую гаспадарку, напрыклад, праз тое, каб гароднікаў зрабіць прыгоннымі сялянамі. Гэткія-ж зьявішчы прыкмячаюцца і ў Горадзенскай экономіі, г. зн. перавод павіннасьцяй на грошы і імкненьне завесьці дваровую гаспадарку. Наагул, у заданьне дзейнасьці рэвізораў гаспадарскіх маёмасьцяй уваходзіла імкненьне высьветліць, дзе карысьней завесьці дваровую гаспадарку і паставіць сялян на паншчыну, дзе карысьней браць з сялян даніну натурай альбо грашыма і інш.

Адзін наказ гаспадарскага скарбу ў палове XVI сталецьця старастам і дзяржаўцам адбівае ў сабе рысы новага напрамку ў галіне сельскае гаспадаркі. Ён цікавіцца разьвіцьцём уласна сельскае гаспадаркі. Гэтая ўстава імкнецца ўтрымаць сялянскае насельніцтва на ральлі. Яна імкнецца да таго, каб праца чэлядзі пры дварох была выкарыстана рацыянальна. Яна кляпоціцца аб пабудаваньні шляхоў, млыноў, аб разьвіцьці лясных прац, імкнецца да распрацоўкі жалезных руд. Яна клапоціцца аб тым, каб узмацніць разьвіцьцё рамёстваў на вёсцы, дзеля чаго старосты павінны аддаваць сялянскіх дзяцей рамесьнікам. Яна імкнецца да павялічэньня цяглага сялянства праз зьмяншэньне ліку асочнікаў, рыбаловаў і іншых спэцыялістых. Яна клапоціцца аб дваровай гадоўлі жывёлы, прапануе гадаваць валоў для продажы. Гадоўля сьвіней, відавочна, была пастаўлена шырака. Устава клапоціцца аб тым, каб увесь хлеб быў правільна разьмеркаваны на патрэбы двара, а рэштка яго была адвезена ў Кралявец ці Гданск, альбо, нарэшце, прадана на мясцовых рынках.

У канцы канцоў гэтыя імкненьні зрабіць гаспадарку болей продукцыйнаю выявіліся ў пераходзе на валокі. Гэты пераход абазначаў унутраную колёнізацыю, распрацоўку лясных лушч, пераход ад лядовае альбо пераложнае сыстэмы да сталага трохпольля. Праўда, у пачатку гэты трохпольны севазварот быў досыць няправільным, прынамсі ў некаторых дварох, але прынцыпова, зразумела, пераход на валокі вёў да паляпшэньня тэхнікі гаспадаркі. Праўда, гэтая тэхніка была яшчэ нявысокая, панавала старадаўняя саха, угнаеньне бадай ня грала паважнае ролі, але, у кожным разе, пан са зьбіральніка данін робіцца сельскім гаспадаром і гандляром сельскагаспадарчымі і ляснымі продуктамі. Прытым гэты пан, асабліва буйны, зьяўляецца чалавекам начытаным у тагачаснай экономічнай літаратуры, ён імкнецца да новатарства. Нават у прыватных статутах 60-х гадоў даецца шэраг загадаў войтам адносна паляпшэньня некаторых бакоў гаспадаркі. Напрыклад, патрабуецца, каб землі сялянскіх сядзіб, якія ляжаць у нізінах, абсушваліся. Загадваецца будаваць добрыя шляхі, масты, найстражэй прадпісваецца захоўваць трохпольную сыстэму. Сустракаем наказы будаваць для жывёлы хлявы і аборы. У канцы XVI сталецьця сустракаем ужо маёнткі, у якіх засаджаны такія сады, якія, калі судзіць па памерах, могуць мець прамысловы характар. Рыбаводныя пруды робяцца досыць звычайным зьявішчам.

Побач з упарадкаваньнем палявое гаспадаркі, выяўляецца імкненьне да пляновага выкарыстоўваньня лясоў. Скарб пачынае клапаціцца аб выясьненьні памераў лясных багацьцяў і аб даглядзе лясных плошч. Раней гаспадар шырака раздаваў правы на ўваходы ў пушчы, г. зн. на права паляваньня, бортніцтва альбо рыбных ловаў у лясных азёрах. Гэта ўтварала заблытаную сетку сэрвітутных уладаньняў. Гэтыя старыя парадкі па магчымасьці цяпер ліквідуюцца, альбо прынамсі сэрвітуты прыводзяцца да вядомасьці і параўноўваюцца з выдадзенымі прывілеямі, каб унікнуць злоўжываньняў. Рэвізія лушч і пераходаў зьвярыных, якая была зроблена ў 1559 годзе Рыгорам Багданавічам Валовічам, дае паняцьце аб аграмадных памерах лясное плошчы. Лясы цягнуліся, пачынаючы на поўнач ад Кіева, да Кобрынскай і Белавескай лушч, потым з поўдня падымаліся на поўнач. Рэвізія мела на мэце ўстанавіць законнасьць сэрвітутных праў, разьмежаваць гасподзкія пушчы ад прыватных уладаньняў, выясьніць правы прыватных уласьнікаў, азначыць характар аховы лушч. Рэвізія паказвае мноства злоўжываньняў, якія дапушчаліся суседнімі ўласьнікамі. Рэвізія дапамагла ўпарадкаваць дзяржаўную лясную гаспадарку. Пры гэтым часам яна абменьвала дзяржаўныя лясы на прыватныя, каб упарадкаваць граніцы. Яна ўстанавіла прыбыткі з сенажацям і сялянскіх зямель, якія ляжаць сярод путч. Уся справа лясное гаспадаркі была закопчана выданьнем „лясной уставы" ў 1567 годзе, якая мела на мэце дакладна азначыць організацыю лясное адміністрацыі і правілы эксплёатацыі пушч і дагляду іх.

У галіне гадоўлі жывёлы раней за ўсё зьвярнулі ўвагу на стан конскага статку, і з гэтаю мэтай была выдадзена ў 1571 годзе, пры каралі Генрыху, „ординация стадная", якая давала наказы адносна ўтрыманьня конскага статку і наагул давала падрабязную інструкцыю адміністрацыі статкаў.

Такія былі новыя зьявішчы, якія мы наглядаем у тагачаснай гаспадарцы пад уплывам зьмен, што адбыліся ў ёй у залежнасьці ад знаёмства з рынкам.

Наагул, калі вызначыць коратка ўсе вынікі новых формаў гаспадаркі, дык у васноўным гэта было ўцягненьне сельскагаспадарчае вытворчасьці ў рыначны зварот. Прыбытак маёнткаў падымаўся, але суадносіны ў самых маёнтках набывалі нездаровы характар. Разьвіцьцё дваровае гаспадаркі вяло да зьмяншэньня плошчы сялянскага землякарыстаньня і да прыцягненьня сялян да паншчыны.

І запраўды, першыя-ж посьпехі ў разьвіцьці гаспадаркі павінны былі зрабіць уплыў у паказаным сэнсе на яе кіраўнікоў. У канцы XVI сталецьця прыбытак Кобрынскага стараства ад чыншаў, млыноў, за дзякла і інш. даў усяго нямнога менш за 11 тысяч польскіх злотых. Гэты-ж прыбытак у 30-х гадох XVII сталецьця даваў 47 тысяч, але цяпер у гэтым прыбытку вялікую ролю грае самостойная гандлёвая дзейнасьць кіраўніка стараства. У канцы XVI сталецьця рэвізоры былі няпэўныя ў тым, што значнае разьвіцьцё ў Кобрыне дваровае гаспадаркі будзе карысным. А цяпер водпуск у Гданск хлебу дае палову прыбытку. Гэта значыць, што былі падняты выплаты з сялян, бо іхняя доля ў прыбытку ад стараства падвоілася і адначасна вельмі ўзрасла дваровая гаспадарка, але і тое і другое падала, зразумела, на плечы цяглага сялянства.

Каб як-мага выразьней высьветліць гэты рост панскага двара, мы прывядзем некалькі пасьлядоўных даных з гісторыі Берасьцейскага стараства. Гэтае стараства, згодна рэвізіі паловы XVI сталецьця, мела І фальварак і З двары. Урадавая гаспадарка гэтых двароў давала нязначны прыбытак, крыху болей за 1%. Увесь астатні прыбытак складаўся з чыншавых і іншых плат, пераведзеных на грошы. Усяго каля 30% насельніцтва зьвязана было паншчынай, якая выяўлялася у 2-х днях працы ў тыдзень і ў 4-х талоках у год з аднэй валокі, г. зн. з вялікае плошчы, якая ў большасьці выпадкаў занята была не аднэй сям‘ёй.

Але ўжо згодна рэвізіі 1588 году, г. зн. праз 20 год пасьля рэвізіі Зьмітры Сапегі, прыбытак з фальваркаў узрос у 7 раз. Рэвізія таго-ж стараства ў 1682 годзе дае шэраг цікавых рыс. Папершае, мы сустракаем новае зьявішча: досыць многа зямлі перайшло ў рукі дробнае шляхты, якая жыве на валоках побач з сялянствам. Сустракаем некалькі новых двароў: старыя разрасьліся. Як і ў XVI сталецьці, досыць многа пустых валок, але яны здаюцца сялянамі з 3-яе долі ўраджаю. Лік выплат і павіннасьцяй сялян вельмі ўзрос, наагул—драбязьлівая аптэкарская такса за паборы і павіннасьці, якія разрасьліся. Разраслася дваровая гаспадарка; на гумнах хлеб лічаць соткамі і тысячамі калён. Прыбыткі стараства ўзрасьлі ў шмат разоў, ня гледзячы на зьніжэньне грошай. Люстрацыя таго-ж стараства 1747 году ведае ўжо паншчыну з цяглае валокі па 8 дзён у тыдзень. Апроч цягла, сяляне адбываюць: „заорки“, „оборки“, „зажинки“, „обжинки", „закоски", „обкоски", г. зн. лішнія дні працы. Справаздача рэвізора 1755 году кажа ўжо аб зруйнаваньні цэлых сёл. У пляне Берасьцейскага стараства канца XVIII сталецьця, які дайшоў да нас, ужо шмат гаспадарскіх двароў побач з прывілейнымі землямі. Гэта пацьвярджае люстрацыя 1783 году. Усё сялянства прыцягнута да цяглае павіннасьці, да абслугоўваньня фальварку. Кобрынская экономія таксама складаецца з ключоў, г. зн. з двароў і фальваркаў. Тут такая-ж многалікасьць павіннасьцяй і інш., але падрахунковыя даныя паказваюць вельмі значнае зьбядненьне сялянства, аб чым яшчэ будзе гутарка. Гэткім чынам, багацьце пана было адносным. Фактычна ён бяднеў, бо зьніжаліся сяляне, якія трымалі панскую гаспадарку.

Але запраўды, з пункту погляду заданьняў гаспадаркі, панскі двор апошняе эпохі, г. зн. другое паловы XVIII сталецьця, значна адрозьніваўся ад свайго папярэдніка, двара XVI сталецьця. Нават знадворны выгляд двара меў на сабе адзнакі гаспадарнасьці. Лік пабудоў павялічыўся, як для мяшканьня, так і не для мядненьня. Апроч панскага двара, альбо двара кіраўніка, быў дом адміністрацыйны, г. зн. дом, адкуль выходзіла кіраўніцтва. Потым ішоў большы ці меншы шэраг шпіхляраў, стаень, стадол, камор, вазоўняў, маштарань і іншых майстэрань, кузьні, псярні. Хлеб хаваўся ў гумнах. Будаваліся асобныя адрыны для жывёлы, птушнікі для маладых і дарослых птахаў. Пры кухні былі склепы і ледавікі. Тут-жа пры двары сустракаем бровар. Карчомная справа давала паважную частку прыбытку. Карчмы ставіліся ў мястэчках, сёлах, на шляхох.

Часам пры карчме быў асобны бровар. Пры карчме будаваліся стадолы, сьвірны і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Карчма будавалася так, каб яе нельга было аб'ехаць,—уезд і выезд на шлях былі праз браму карчмы. Кожная карчма мела сваю акругу, чым зьнішчалася конкурэнцыя між карчмамі.

Апроч карчом, часам пры дварох сустракаем і іншыя прамысловыя прадпрыемствы, напрыклад, цагельні, і нават у вадным маёнтку сустракаем паперню з машынамі (у Навагрудзкім ваяводзтве, у маёнтку „Катлова" Вайніловічаў).

Пры дварох сустракаем рыбную гаспадарку, сажалкі, пладовыя сады, гароды. Лік жывёлы вельмі значны, прычым часам выдзяляецца украінская жывёла, асабліва племянікі. Уся палявая праца ляжыць на прыгонных сялянах. Пры дварох чэлядзі няма, з рэдкімі выключэньнямі; толькі ў дробных паноў захоўваюцца сьляды яе. Двор абслугоўваецца нанятымі рабочымі. Гэта людзі, якія прышлі з розных месц і служаць за грошы і харчы. Кухаркі, службовыя дзеўкі, пастухі, чорнарабочыя, фурманы, віньнікі, гароднікі, гуменныя і іншыя,—усе набіраліся з гэтага люду.

Аднак, з пункту пагляду тэхнікі гаспадарка недалёка пашла ўперад. Гэта відаць перш за ўсе ў тым, што ўраджайнасьць, як і раней, засталася вельмі слабей. Напрыклад, па адным інвэнтары, які, праўда, апісвае маёнтак у Літве, ураджай жыта вылічаны ўтройчы, ячменя ў 2⅓, аўса ў 4, гароху ўдвойчы, ільнянага семя ў 2½, канаплянага семя ў 3½. Але гэткія-ж вынікі давала земляробства і ў беларускіх мясцовасьцях. Напрыклад, у Горадзенскім павеце лічылі на круг утройчы ўраджай усялякага зерня, прычым падлік зроблены на падставе шасьцілетніх нагляданьняў. У Ватманскім павеце жыта давала ўтройчы, яравая пшаніца ўдвойчы, ячмень ўдвойчы, таксама авёс, грэчка, гарох ўтройчы. У маёнтку Раканцішках, Віленскага павету, нават разьлічвалі ўраджай на жыта ўдвойчы. Лік прыкладаў можна было-б павялічыць, але яны нічога не дададуць да таго, што толькі што сказана.

Зразумела, зьмены ў кірунку гаспадаркі панскага двара з цягам часу аказваюцца значнымі, але гэтыя зьмены носяць даволі формальны характар. Прыгон не дапамагаў разьвіцьцю тэхнікі. Панаваў трохпольны севазварот, калі на захадзе ўжо меў вялікае пашырэньне шматпольны. Тая самая старадаўняя літоўская саха зьлёгка ўзорвала зямлю. Пытаньне аб угнаеньні бадай не пасунулася наперад. Панскі двор меў ажыўленыя зносіны з Гданскам, Кралеўцам і Рыгай. Але фактычна асноўныя патрэбы двара задавальняліся тым, што вытвараў маёнтак, і толькі рэчы раскошы прывозіліся за тыя грошы, якія атрымліваліся за прададзены хлеб. Накапленьня капіталу пры гэткіх умовах ня было. Гаспадарка нават буйнога двара насіла яшчэ ў значнай ступені натуральны характар, дзякуючы таму, што рамесьнік у тэй ці іншай форме захоўваў сваё значэньне. Апроч таго, трэба мець на ўвазе вялікую розьніцу ў градацыі розных тыпаў тагачаснае гаспадаркі. Вялікі панскі двор меў вялікшы размах. Ён быў абкружаны слугамі, часам у некалькі сот чалавек, меў большыя патрэбы, болей значную продукцыю хлебу альбо лесу, а значыцца, меў і ажыўленыя зносіны з мясцовым і закардоннымі рынкамі.

3. Пытаньне аб шляхоцкім зямляўладаньні.

Мы вызначылі асноўныя тыпы формаў гас падаркі. Цяпер нам трэба вывучыць формы разьмеркаваньня зямельнае ўласнасьці.

Зямля знаходзілася: ва ўладаньні скарбу, першапачаткова з падзелам на маёнткі, якія належалі вялікаму князю асабіста, і на двары і воласьці гаспадарскія, г. зн. дзяржаўныя; потым ва ўладаньні шляхты, і, нарэшце, царкоўных устаноў. У колькасных адносінах царкоўныя землі праваслаўных і каталіцкіх устаноў у нагульнай масе вялікага значэньня ня мелі. Разьвіцьцё царкоўных уладаньняў належыць да XVI, часткова да XVIІ сталецьцяў, але, на жаль, пакуль што няма ніякай магчымасьці вызначыць іхнія колькасныя адносіны да прыватнага і дзяржаўнага зямляўладаньня.

У гаспадарчых адносінах заўсёды была розьніца паміж буйным і дробным зямляўладаньнем у спосабе эксплёатацыі і ў характары адносін да рынку.

Становішча асноўнага рабочага элемэнту на зямлі таксама ня было аднолькавае ў буйным і ў дробным зямляўладаньні. Вялікая зямельная прастора буйнога зямляўладаньня карысна адбівалася на сялянскай гаспадарцы, хаця з цягам часу ўзмацнёная эксплёатацыя сялянскае працы і малазямельле, якое ўсё павялічвалася, зьнішчалі гэтую карысьць. Становішча сялян на гаспадарскіх землях, прынамсі ў XVI сталецьці, карысна адрозьнівалася ад прыватнага зямляўладаньня ўпарадкаваньнем і большай правільнасьцю ў раскладзе данін і павіннасьцяй. Але к XVIII сталецьцю гэтая розьніца зьнікае.

Прыватнае зямляўладаньне было вельмі рознастайным. Была вялізарная гаспадарчая розьніца паміж хатай шляхціца-земляроба і палацам буйнога магната. Сярэдзіна паміж гэтымі відамі зямляўладаньня была адносна вельмі невялікая. Магчыма даць некаторыя колькасныя суадносіны паміж рознымі тыпамі зямляўладаньня. Лятыфундыі паноў былі цэлымі княствамі. Вядомы магнат Радзівіл уладаў толькі ў межах гаспадарскіх зямель 16 местамі, 583 сёламі і 25 войтаўствамі. Шмат якія з нямецкіх князёў і гэрцогаў не маглі і марыць аб такім маштабе ўладаньня.

У XVI сталецьці ўрад зрабіў некалькі попісаў войска Вялікага Княства Літоўскага. Гэты матар'ял меў ваеннае прызначэньне. Але дзеля таго, што кожны шляхціц павінен быў з пэўнага ліку залюдненых „служб" альбо валок выстаўляць пэўны лік коньнікаў і сам выходзіць на вайну, дык па ліку выстаўленых коньнікаў магчыма судзіць аб памерах шляхоцкага зямляўладаньня. Зразумела, гэтыя матар'ялы трэба прымаць вельмі ўмоўна, бо полісы былі далёкі ад пажаданай паўнаты. Але ўсё-ж такі адносныя лічбы могуць даць выразнае паняцьце аб прадмеце і ў кожным разе ня будуць значна супярэчыць запраўднасьці.

Мы распрацавалі першы попіс войска, які належыць да 1528 году і складзены пры спакойных і нармальных умовах дзяржаўнага жыцьця. Ён дае малюнак найвялікшае рознастайнасьці шляхоцкага зямляўладаньня. Трэба толькі папярэдзіць, што ў далейшых падрахунках мы бярэм ня толькі беларускую тэрыторыю, але тэрыторыю літоўска-беларускую, г. зн. усю Літоўска-Беларускую дзяржаву за выключэньнем Украіны, якая лёгка выдзяляецца з агульнага статыстычнага матар'ялу. Выдзяляць Жамойць і Літву з Беларускае краіны было-б немэтазгодна ў гэтым выпадку, і нават немагчыма, і павяло-б да грубых памылак, да таго-ж з прычыны тоесамасьці гаспадарчае культуры гэта было-б і непатрэбна.

Выяўляецца, што першае месца ва ўсім шляхоцкім полісе займаюць 26 буйных паноў, і нават меней за 26, бо ў гэты маленькі лік уваходзяць 5 паняй і ўдоў, г. зн. такіх уладаньняў, якія зьяўляюцца часовымі адрэзкамі ад буйных. Нізы шляхты схадзіліся з сялянствам і ня мелі сваіх падданых. Бельская і Дарагіцкая шляхта, якую падганяў урад і надзвычайная дзяржаўная патрэба, зьявілася пад харугвы ў 1568 годзе ў ліку 15% пешай. Попіс 1528 году дае каля 45% падляскае шляхты, якая можа выставіць толькі групамі, супольна, 464 коньнікі на службу, г. зн. адзін коньнік прыходзіўся бадай што на 4 шляхоцкія сям‘і. Гэты аддзел шляхты альбо ня меў зусім падданых, альбо меў выпадковых „находнікаў". Нават тыя, якія самі выходзілі на кані на службу, маглі мець ня болей за 8 служб людзей, г. зн. прыблізна каля 24 дымоў, але запраўды далёка іх ня мелі. Калі гэтую дробную шляхту адкінуць з нашых разрахункаў, ўзяць толькі тую частку яе, якая мела ня меней як 8 служб сялян, г. зн. усё-ткі ўвесьці ў нашыя разрахункі вельмі дробных уласьнікаў, дык малюнак разьмеркаваньня шляхоцкага зямляўладаньня будзе наступны. Попіс 1528 году дае 97,8% шляхты Мельніцкае і Дарагіцкае зямель, якая нават ня выходзіла на вайну „конна", але выстаўляла супольна невялічкі лік коньнікаў, так што прыходзілася па 3,5 шляхціца на кожнага выстаўленага каня. У Бельскай зямлі толькі каля 2% выстаўлялі невялічкі лік коньнікаў, астатнія выходзілі „самі" на конях. Той, хто выходзіў „сам" на вайну, мог мець меней за 8 служб (каля 24 дымоў), але мог і нічога ня мець, і апошняе зьявішча было болей звычайным як першае. Усё гэта такія нізы шляхты, якія цяжка назваць „панамі": яны мелі сваіх людзей, сялян, гароднікаў, альбо кутнікаў, як і самі сяляне, якія таксама нярэдка мелі, як убачым, сваіх людзей. Калі ўсіх гэтых зямян-земляробаў падлічыць і адкінуць сялян, якія мелі меней за 8 служб, дык атрымаем такія суадносіны для ўсяе дзяржавы. Першых, г. зн. шляхты, якая рэзка аддзяляецца ад сялянства сваім экономічны.м базісам, ёсьць значна болей за палову (57,3%). Над ёю падымаецца яшчэ вельмі значная група дробнаўласьніцкае шляхты. Гэта ёсьць шляхта, якая мае ня меней за 8 і ня болей за 16 служб. Толькі астатнія 42,7% усяе шляхты могуць быць фактычна прылічаны да ліку ўласьнікаў, якія знаходзяцца ў аддзеле непрацоўнага элемэнту. Аднак, уладаньне 8 — 16 службамі сялян, г. зн. каля 24— 48 дымоў, яшчэ не давала заможнасьці. Між тым, гэтая група, якая ледзь аддзялялася ад нізоў, складала сабою масу ў ¾ ўсяе групы, што мела ад 8 і болей служб. Але яна ўладала толькі 26% сялян усяе гэтае групы. Далей падымалася наступая за гэтым зямянствам група, якая мела ня меней за 16 і ня болей за 24 службы. Яна складала 10,7% усяго зямянства і ўладала 7% сялянскіх служб. Гэта ёсьць дзьве найболей шматлікавыя групы, але ўсё яшчэ дробнае зямянства. У наступную групу мы аднясем тых, якія мелі ня меней за 24 службы і да 80. Яны будуць складаць 10,1% усяго зямянства, і яны мелі 16,4% сялянскіх служб. Верхнія пласты шляхты зьмяншаюцца колькасна. Група, якая мела ня менш за 80 і да 160 служб, складала ўсяго каля 2% (1,9%) і ўладала 10,1% усіх служб. Яшчэ болей нязначная група зямянства, якая мела ад 160 да 400 служб, складала ўсяго 0,8% панскае клясы і ўладала 8,8% сялянскіх служб. Нарэшце, верхавіну зямянства складала вельмі маленькая група пазапавятовых паноў, якая налічвала толькі 26 чалавек (усяго 0,5% усіх зямян) і мела 31,4% усіх сялянскіх служб, г. зн. 3-ю частку сялянскіх двароў; значыцца, і гэткая-ж частка ўсяе прыватна-ўласьніцкае плошчы належала да гэтае невялічкае купкі вышэйшага шляхецтва. У склад яе ўваходзілі кн. Слуцкі, Радзівіл, Гаштольд, Астыковіч, Заберазінскі, Хадкевіч, Казгайловіч, Корсакі і нямногія іншыя. Яны супольна ўладалі ня меней як 10.000 сялянскіх дымаў. Іхнія ўладаньні разам раўняліся прыблізна ўладаньням найбагацейшага яшчэ ў тыя часы зямляўласьніка, самога гаспадара вялікага князя. Гэта ёсьць тая ўласна купка магнатаў з 26 чалавек, якая фактычна кіравала дзяржавай. Яна давала каля чацьвёртае альбо пятае часткі ўсяго войска вялікага княства. Гэта была сіла экономічна-фізычная.

Такі стан рэчаў не зьмяніўся аж да канца Рэчы Паспалітае. Нават імёны буйных магнатаў мала зьмяніліся. У XVI сталецьці, у часы хцівага расхопліваньня гаспадарскіх добр, высунулася некалькі новых імён (Валовіч, Нарушэвіч) з ліку фінансавых дзеячоў. Некалькі старых фамілій распылілася. Але малюнак застаўся ранейшы. Мы ня маем даных за пазьнейшыя часы, але мы добра ведаем, што ў эпоху Лівонскае вайны гаспадарскі скарб зьбяднеў, шмат маёнткаў з яго выпала, часткова бязумоўна, часткова ўмоўна. Яны апынуліся ў заставе альбо ў спадчынным уладаньні прадстаўнікоў усё таго-ж магнацтва. Нават у эпоху канца Рэчы Паспалітае мы бачым даўгі сьпіс гаспадарскіх „дзяржаў", якія знаходзіліся ў заставе і ўсё яшчэ ня былі выкуплены з моманту іхняе заставы ў 60-х гадох XVI сталецьця.

Гэткім чынам, дыфэрэнцыяцыя шляхты была характэрнай рысай на працягу ўсяго пэрыоду, які мы вывучаем. Можна прывесьці для прыкладу сьпіс дымаў шляхты Аршанскага павету, які (сьпіс) належыць да 1717 году. Тут было мала буйных уласьнікаў. Але затое малюнак дробна шляхоцкага зямляўладаньня выяўляецца ў поўнай меры. Запраўды, у гэтым павеце да 8 буйных уладаньняў належала нямнога болей за ½ усіх дымаў, лічачы на гэты раз усе віды ўладаньня, г. зн. у тым ліку гаспадарскія сталовыя добры і царкоўныя землі. Гэта былі ўладаньні ад 100 да 2.400 дымаў. Да гаспадарскіх добр у гэтым павеце належала прыблізна чацьвёртая частка дымаў і нямнога меней за ¼ дымаў належала да сярэдніх і дробных уласьнікаў. Пры гэтым бадай што 90% дробных уласьнікаў, якія мелі ўсяго ад 1 да 10 дымаў, уладалі толькі 8,4% ўсіх дымаў. Але і ў гэтай групе дробнаўласьніцкае шляхты панавала група ўласьнікаў 1-га дыму. Лікам сваім яна складала болей за палову ўсіх дробных уласьнікаў, а належала ёй усяго 28% дымаў дробнае групы, г. зн. каля аднэй трэці, і 2,4% ўсіх сялянскіх дымаў у павеце. Значыцца, самая шматлікавая група шляхецтва была і самай беднай. Зразумела, трэба таксама памятаць, што па-за ёю стаіць група шляхоцтва, якая яшчэ ня выяўлена нашымі крыніцамі і якая ня мела аніводнага сялянскага дыму.

4. Сялянская гаспадарка Беларусі XVI—XVII сталецьцяў.

Перш за ўсё трэба ўмовіцца адносна таго, што разумеюць нашыя крыніцы пад адзінкай сялянскае гаспадаркі.

У даўнейшыя часы такімі адзінкамі былі дворышчы, службы, дымы. Гэта былі даўнейшыя адзінкі абкладаньня як для дзяржаўных мэт, так і для прыватнаўласьніцкіх. Дворышчы былі ў Піншчыне, службы сустракаюцца ўсюды, але найдаўжэй яны захоўваліся ў Падняпроўі і ў Падзьвіньні. Дымы ёсьць, пэўна, дворышчы і службы, якія распаліся. Яны характарызуюць заходнія воласьці і зьяўляюцца ўсюды там, дзе выяўляецца распад старое гаспадаркі. Дворышчы і службы вельмі неазначаныя адзінкі як адносна складу насельніцтва, так асабліва адносна складу ральлі і іншых зямель. Яны адрозьніваюцца ад валок, якія ёсьць ужо дакладна вымераныя плошчы ральлі. Калі ўводзілася валочнае мераньне і сялянам давалі пэўныя дзялянкі, дык выяўлялася, што са службы выходзіла ад 2 да 10 валок. Колькасьць дымаў у службе таксама вельмі неаднолькавая,— ад І да 18 дымаў, г. зн. служба была часам цэлым селішчам, прычым службы з 1-2 дымамі вельмі рэдкія. Згодна з нашымі вылічэньнямі, сярэдні памер службы - 3-4 дымы. Таксама адносна колькасьці насельніцтва, прынамсі мужчынскага, службы былі вельмі неаднолькавыя. Нават кожны дым быў у большасьці выпадкаў складанай сям'ёй, у якую ўваходзілі родзічы. Дзьве трэці дымаў маюць 23 дарослых мужчын на кожны дым, каля адной чвэрці двароў маюць ад 4 да 7 мужчын на кожны двор, і толькі 1.4% дымаў — 1 мужчыну на кожны дым. Гэткім чынам, служба складаецца з сяброў і падзяляецца на некалькі дымаў, якія ў сваю чаргу складаюцца з бліжэйшых родзічаў, а часам далучаюць і чужынцаў.

Літаральна тое-ж самае трэба сказаць і аб дворышчах. У склад дворышча ўваходзіла ад І да 23 дымаў, але ў сярэднім на яго прыходзілася 5-6 дымаў. Адносна абшару зямельнае плошчы, яно пры памеры давала ад І да 50 валок зямлі. Што датычыць насельніцтва дворышча і яго складу, дык трэба памятаць, што яно нічым не адрозьніваецца ад службы. Усё гэта паказвае, што старыя службы і дворышчы мелі досыць ральлі, сенажацяў лесу і рыбных ловаў. Гэта была старая форма гаспадаркі, у якой яшчэ ў значнай меры захоўваліся, побач з ральлёй,—бортная, зьвералоўная і рыбалоўная гаспадарка. Загэтым, мядовая і пунічная даніны граюць яшчэ значную ролю ў абкладаньні сялянскіх служб і дворніцкі.

У палове XVI сталецьця Беларусь пераходзіць у значнай частцы да валочнае памеры. Гэта значыла перш за ўсё зьнішчэньне старых гаспадарчых адзінак, служб і дворышч. Лядавая і пераложная гаспадарка зьмянялася трохпольлем і дакладным азначэньнем зямельных дзялянак, якія адводзіліся кожнаму дыму. Старая гаспадарчая адзінка раскладалася, і дым паступова пераходзіў з складанае сябравае сям'і ў простую. Як гаспадарская, так і прыватнаўласьніцкая гаспадарка, вымерыўшы свае землі валокамі, маглі падлічыць свае зямельныя ўладаньні дакладнымі адзінкамі мер. У пачатку другое паловы XVI сталецьця вялізарныя абшары, прыгодныя для гаспадаркі, яшчэ ня былі залюдненымі. Заставаліся ня толькі вялікія пушчы, абмежаваныя, хоць і ня вымераныя, але нават сярод сёл, якія ўжо былі адведзены пад валокі, было шмат „няпрынятых" валок, г. зн. незалюднёных, якія чакалі новага пакаленьня зямляўласьнікаў.

Так, сярод вялікіх гаспадарскіх добр у Віленскім павеце ня было залюднёна 20% зямель, разьбітых на валокі, а ў Троцкім павеце—43%. Значыцца, апошні павет быў залюднены нямнога больш як напалову. У географічных адносінах гэта значыць, што ў такім становішчы знаходзілася ўся Падляхія. У Віленскі павет уваходзіла ўся цэнтральная частка Беларусі. Праўда, у вабодва паветы ўваходзіла і частка Літоўскіх зямель. Колькі было зямлі нават у гаспадарскіх маёнтках Падзьвіньня, Падняпроўя і Мазыршчыны, цяжка сказаць, бо гэтыя мясцовасьці не вымяраліся. Яшчэ ў XVI сталецьці тут сустракаюцца цэлыя оазы, якія жывуць падаўнейшаму. Зямля лічыцца па службах, на кожнай службе сядзіць сабраная сям'я з 4-6 чалавек. Служба складаецца падаўнейшаму з некалькіх дымаў, але часам сялянская сям'я, з дольнікамі і „пасебрамі", даходзіць да 7-10 чалавек мужчынскага насельніцтва, сыноў і чужынцаў, і жыве ў аднэй хаце. Часам службы распадаюцца, і тады сям'я сядзіць на ¼ на ⅓ службы і г. д.

Усё паказанае кажа нам аб тым, што сялянская гаспадарка ў XVI сталецьці не магла адчуваць недахвату зямлі, і памер ральлі абмяжоўваўся рабочаю сілай сям‘і, колькасьцю жывёлы і падаткаў. Вядома таксама, што паны хціва лавілі кожнага селяніна, які хацеў узяць валочную дзялянку, і давалі яму ільготу. Выпрацаваўся нават асобны тып „асаднага“, г. зн. такога прыганятага, які склікаў і асаджваў селяніна альбо на „сыром корнн", альбо на раней ужо распрацаваных дзялянках ральлі. Да нас дашлі цэлыя апісаньні старастваў ад 60-х гадоў XVI сталецьця, і шэраг інвэнтароў прыватных маёнткаў. Дзялянка з аднэй валокі цяглае ральлі была надзелам, звычайным для сялянскае гаспадаркі. Але апроч цяглае дзялянкі сяляне бралі яшчэ дадатковыя землі, так званыя „засьценкі", „лішкі", карысталіся сенажацямі і ўваходам у лес. У Берасьцейскім старастве, напрыклад, на адну гаспадарку прыходзілася цяглае зямлі 1,1 валокі, а ўсяе зямлі, г. зн. з рознага роду прырэзкамі, 1,3 валокі. Тыя-ж суадносіны мы наглядаем і ў іншых стараствах.

Бабруйская воласьць была пераведзена на валокі ў другой палове XVI сталецьця. Як агульнае правіла, кожны сялянскі надзел складаўся зваднай, валокі. Але, апроч таго, сяляне ў шырокай меры мелі магчымасьць браць дадатковыя землі ў відзе засьценкаў, сенажацяй і арэнды азёр. Гэткім чынам, недахвату ў зямлі не адчувалася. Мала таго, было шмат пустых валок, — у паасобных сёлах аж да 50%. З другога боку, сустракаецца шэраг сёл, дзе садзяцца на адну валоку 2 і нават З гаспадары, не заўсёды родзічы. Так, усіх валок было вымерана 335, спаміж іх пустых 169.

Трэба, аднак, заўважыць, што ў гаспадарскіх маёнтках было болей зямлі, між у прыватных, дзе магчымы былі ўсялякія выпадковасьці. Але і ў прыватных гаспадарках пераважвалі валочныя дзялянкі на кожную гаспадарку, часткова поўвалочныя, а меншыя былі ўжо рэдка. Нарэшце, у гаспадарках абодвых тыпаў можна знайсьці нямалы % сялян, якія мелі болей за валоку.

Істотнай забясьпекай сялянскае гаспадаркі зьяўляецца жывёла.

Нашыя даныя тут ня зусім поўныя, але ўсё-ж Падляхія, Піншчына і цэнтральны Менскі раён выяўлены добра. Падрахункі, зробленыя на выбарках, далі наступныя памеры забясьпекі сялянскага двара рабочаю жывёлай. Двароў без рабочае жывёлы зарэгістравана 6%- Значыцца, уся астатняя маса сялянства, у большым ці меншым ліку, уладае рабочаю жывёлай. Бясконных (пры валох) 13,3% і пры конях, але без валоў 10%. Значыць, каля 70% двароў маюць і валоў і коняй. Паміж іх шматконных (ад З да 10 коняй, але ад 4 коняй ідуць ужо выпадковыя адзінкі) каля 10%. Тых, якія маюць болей за 5 валоў, нямнога, усяго 4,5%. Пераважваюць двары з 2 коньмі (26%) і 2 валамі (36%) альбо з дзьвюма парамі валоў (21%). Маюць аднаго каня 44% двароў і аднаго вала—усяго 17% двароў. Каля паловы двароў маюць злучэньне 2 валоў і 1 каня. Значыцца, пераважвае ўзорваньне валамі, а конь зьяўляецца толькі падмогай у гаспадарцы.

Значна болей цяжка высьветліць пытаньне аб забясьпецы двара малочнай і дробнай жывёлай, бо даных ня многа. Напэўна, трэба прыпушчаць бязумоўную перавагу дзьвюхкароўных двароў. У вывучаных намі матар'ялах зусім няма бескароўных двароў. Запас маладняку прыходзіцца ў сярэднім па 2-3 штукі на двор.

Авец нямнога, 3-4 штукі на двор, сьвіней яшчэ менш, 2-3 штукі на двор. Бяз сьвіней даволі часта сустракаюцца сялянскія гаспадаркі, без авец— вельмі рэдка. Козы зусім рэдкае зьявішча ў гаспадарцы.

Досыць нялёгка уявіць сабе агульны контур сялянскае гаспадаркі. Вогуле трэба лічыць, што зямлі ёсьць даволі, прынамсі для пераважнае большасьці гаспадарак і для тых, якія досыць забясьпечаны жывёлай. Але на сялянскіх гаспадарках ляжаў падатковы цяжар неаднолькавага маштабу для розных мясцовасьцяй. Падатковы цяжар да памеры на валокі быў такі рознастайны, што яго немагчыма падрахаваць. А з пераводам на валокі толькі ў гаспадарскіх добрах, прынамсі ў XVI сталецьці, рабіўся больш-менш азначаны падрахунак сялянскіх аброкаў і павіннасьцяў Так, у заходніх стараствах усе павіннасьці, у тым ліку і паншчына, пераведзеная на грошы, разьлічваліся ў залежнасьці ад „подлого“, сярэдняга і добрага грунту,—у 40, 55 і 80 грошай з валокі ў Пінскім старастве, у 73, 77 і 86 у Горадзенскім, ад 60 да 97 грошай у Берасьцейскім і г. д. Калі мы прыпомнім, што бочка жыта заўсёды расцэньвалася ў 60-х гадох XVI сталецьця па 8— 12 грошай, а бочка ячменя альбо аўса ад 6 да 10 грошай, дык, прыпушчаючы правільнае трохпольле, мы прыдзем да выніку, што сялянская гаспадарка з валокі аддавала 5-ю частку агульнага прыбытку. Гэта болей ільготнае обкладаньне, чымся тое, якое панавала ў Падзьвіньні і Падняпроўі, дзе, як мы ведаем, пану ішла звычайна чацьвёртая доля ўраджаю.

Але гэта зразумела, бо ўрад у сваіх вялікіх домэнах сьвядома рабіў ільготу сялянам, якія толькі што былі пераведзены на валокі, і атрымліваў усё роўна вялікі лішак з прычыны пераводу старых і неазначаных доляй на грошы.

Балянс сялянскае гаспадаркі звадзіўся да таго, што яна магла пракарміць з валокі дабрае глебы каля 10 чалавек свае сям‘і, прымаючы пад увагу невялікія патрэбы беларускае сялянскае сям‘і канца XVI сталецьця. Так, напрыклад, насельніцтва валокі складалася з аднэй вялікай альбо найчасьцей з 2, З малых сем'яў. А дзеля таго, што сялянская гаспадарка аддавала некаторую частку яравога жывёле, можна сказаць наогул, што вытворчасьць хлебнага продукту мела часта спажыўныя мэты. Гэта супадае з тым, што мы адзначалі раней, а ўласна, што рыначнымі продуктамі ў XVI сталецьці ў сялянскай гаспадарцы маглі быць толькі продукты пчалярства, зьвералоўства і, можа быць, часткова,— гадоўлі жывёлы. Трэба толькі памятаць, што на землях прыватных уласьнікаў селяніну жылося шмат горш.

Наш вывад аб тым, што селянін спажываў увесь зроблены ім хлеб і запасаў ня меў, знаходзіць сабе пацьвярджэньне ў вестках аб цяжкіх і частых галадаваньнях. Недарод і тым больш неўраджай расстройвалі сялянскую гаспадарку і павялічвалі ў некалькі разоў цэны. У канцы XVI сталецьця, на працягу 20 год, цэны на жыта і іншае збожжа падалі і падымаліся, у залежнасьці ад ураджаю, падвышаючыся ў 10— 17 раз. За гэты пэрыод тут трэба адзначыць тры галодныя і два добрыя ўраджайныя гады. Голад вёў з сабою жахі сьмерці, усюды валяліся трупы людзей, памёршых ад голаду. „Страшна было бачыць іх“. У наступны пасьля голаду год сяляне ў значнай меры жалі напоўзялёны хлеб. Шмат народу папіло на ніз, на Украіну. Баркалабаўскі летапіс, якім мы ў гэтым выпадку карыстаемся, надзвычайна маляўніча апавядае аб гэтых галодных гадох...

Далейшую эволюцыю сялянскае гаспадаркі мы ўжо часткова намецілі, калі гаварылі аб эволюцыі панскае гаспадаркі. Вогуле, гэта было паступовае зьбядненьне сялянскае гаспадаркі, якое выяўлялася ў яго абезьзямеленьні і ў зьяўленьні значнага ліку сялян бясконных і без рабочае жывёлы. Ужо ў палове XVII сталецьця мы бачым у некаторых маёнтках рэзкі спад сялянскага дабрабыту. Напрыклад, інвэнтар маёнтку „Долядыя“ над Нёмнам (аднаго з Радзівілаў) паказвае багаты панскі двор, дзе ў вокнах пераважвае вэнэцыйскае шкло, аздобы турэцкае і італьлянскае працы, добрая дубовая мэбля, часткова крытая шоўкам, дарагое чужаземнае начыньне. Апроч звычайных гаспадарчых будынкаў мы сустракаем тут 1 паляўнічыя хаткі, псярні. Бровары і карчмы разьлічаны на шматлікавага спажыўца, млын на абавязковы памол у ім сялянскага хлебу. Затое сялянскія надзелы спусьціліся ніжэй за поўвалоку (каля ¾ нашых гаспадарак). Болей за палову сялян ужо ня маюць рабочае жывёлы, а з тых, што маюць яе, толькі нязначная частка мае па 2 кані альбо болей за 2 валы. Сярод апошніх пераважваюць альбо І конь, альбо І вол на гаспадарку. Зразумела, гэтае зьніжэньне ішло ня ўсюды аднолькавым тэмпам. Але ў кожным разе, к канцу Рэчы Паспалітае, г. зн. у другой палове XVIII сталецьця, становішча сялянства было досыць сумным малюнкам і бяспраўя і экопомічнага згаленьня. Да высьвятленьня становішча сялянства гэтае эпохі мы цяпер і пяройдзем.

5. Сялянская гаспадарка БелаРусі XVIII сталецьця.

З дапамогаю падрахунку інвэнтароў зьявілася магчымасьць атрымаць шэраг вестак аб становішчы сялян у лічбавых суадносінах.

Зразумела, гэтыя весткі ахопліваюць толькі параўнальна невялікі лік сялянства. Але дзеля таго, што яны належаць да розных мясцовасьцяй Беларусі, процантавыя суадносіны ўсё-ж дадуць досыць дакладнае ўяўленьне аб экономічнай структуры сялянскае гаспадаркі.

Перш за ўсё нас цікавіць самая моц сялянскага двара. У сярэднім, на 1 двор прыходзіцца 4 чалавекі абодвух радоў, што вынікае з падрахунку болей як 14.000 двароў. Гэткім чынам, сялянскі двор наогул ня ёсьць складаная сям'я, і ў масе складаецца з простай сям'і. Аднак, у паасобных выпадках мы можам прыкмеціць групы мацнейшых сялянскіх двароў. Напрыклад, у Віцебшчыне некаторыя сёлы даюць у сярэднім 7 чалавек на 1 сям'ю, у Піншчыне таксама каля 7. Малалікавасьць сялянскага двара паказвае, што паны імкнуліся да ўтварэньня паасобных цяглых двароў,— пэўна, для лёгкасьці дагляду за сялянамі і іх эксплёатацыі.

Пры гэткіх умовах сялянскі двор у большасьці складаецца з мужа, жонкі і 2-3 дзяцей. Як выключэньне, сустракаюцца складаныя сем‘і. Яны складаюцца з сям'і дамаўляем ніка і яго родзічаў, зрэдка сустракаем як членаў сям'і сяброў, альбо „пасебраў", „здольнікаў", што ўсё роўна. Нарэшце, яшчэ радзей, ужо як выключэньне, у дварох сустракаюцца парабкі, службовыя дзеўкі. Гэткім чынам, нанятая праца ў сялянскай сям'і зьяўляецца вельмі рэдкім выключэньнем, і таксама досыць рэдкае зьявішча ёсьць здольніцкая альбо сяброўская організацыя двара.

Што датычыць суадносін мужчын і жанчын у двары, дык як агульнае правіла трэба заўважыць, што мужчынскі элемэнт па ліку пераважвае, і часам значна, жаночы элемэнт. Так, напрыклад, у Берасьцейскім старастве на 30.308 мужчын прыходзіцца 27.463 жанчыны. У Вядцах, Віцебскага ваяводзтва, на 330 мужчын прыходзіцца 302 жанчыны. І гэтак усюды, дзе ёсьць паасобныя паказаньні адносна мужчынскага і жаночага насельніцтва.

Суадносіны рабочага і нерабочага ўзросту, па тых нязначных матар'ялах, што захаваліся, выяўляюцца так, што насельніцтва ў дзіцячым веку займае палову ўсяго насельніцтва. Гэта, пэўна, павінна сьведчыць аб значнай дзіцячай сьмяротнасьці.

Ступень забясьпечанасьці сялянскае гаспадаркі перш за ўсё грунтуецца на зямлі, на велічыні зямельнае дзялянкі. У гэтых адносінах мы бачым значныя зьмены ў параўнаньні да папярэдняй эпохі. Асноўнаю сялянскаю дзялянкай зьяўляецца цяглая альбо асадная зямля. Гэта ёсьць тая дзялянка, з якой селянін адбывае паншчыну і нясе іншыя звычайныя падаткі і павіннасьці. Нарэшце, гэта такая дзялянка, на якую панская ўлада, відавочна, не замахваецца. Але дзеля таго, што наогул у большасьці маёнткаў ёсьць вялікі запас вольнае незанятае зямлі, дык сяляне на ўмовах чыншу бяруць дзялянкі гэтае зямлі. Гэта „приемные" землі альбо „куничные“. Апошні тэрмін пераважвае на ўсходзе.

Зямяне, баяры сядзяць выключна на „приемных“ альбо „куничных“ землях, бо яны паншчыны не адбываюць.

Памер цяглае сялянскае дзялянкі (аб чым можна судзіць па ліку 6.632 двароў, пры якіх ёсьць падлік зямель) у сярэднім—8,3 морга. Але тыя-ж двары, кожны ў сярэднім, мелі па 10,2 кунічнае-зямлі, г. зн. каля ⅓ валокі. Гэткім чынам, масавыя падлікі даюць у сярэднім нямнога болей за поўвалоку, г. зн. 11.7 дзесяціны.

Справа ідзе толькі аб ральлі, сенажатныя дзялянкі звычайна нават не памінаюцца ў швэнтарох альбо памінаюцца вельмі рэдка, бо сенажаці не падлягалі абкладаньню і сяляне карысталіся імі ў тэй меры, у якой было пажадана альбо магчыма. Карыстаньне лесам таксама не ўваходзіць у падлік. У лясной і балотнай краіне гэта ня мела вартасьці.

Зразумела, гэтыя агульныя даныя яшчэ вельмі мала гавораць аб забясьпечанасьці сялян зямлёю. Найболей дакладнымі данымі будуць тыя, якія гавораць аб процантавых суадносінах дзялянак большага ці меншага памеру. Тады будзе відаць, наколькі беларуская вёска была аднастайная па сваім складзе.

Тут мы павінны зрабіць маленькае адступленьне і яшчэ раз зьвярнуцца да нашых крыніц, да інвэнтароў панскіх і гаспадарскіх маёнткаў. Папершае, трэба памятаць, што мы ўвесь час опэруем з матар'ялам, які ня мае поўнае хронолёгічнае адначасовасьці. Надрукаваныя дагэтуль інвэнтары, а таксама тыя з ліку архіўных, з якіх у нас захаваліся прыгодныя для справы выпіскі, ахопліваюць час, прыкладам, за 2-ю палову XVIII сталецьця. Мы знаходзім магчымым абедняць гэты матар'ял у вадны зводныя табліцы перш за ўсё таму, што асноўная маса інвэнтароў належыць да 80-х і 90-х гадоў, і прытым найболей падрабязная і дакладная. Гэткім чынам, іншыя інвэнтары граюць толькі дапаможную ролю. У кожным разе, ад гістарычна-статыстычнага матар'ялу нельга патра­баваць сінхроністычнае дакладнасьці.

Групаваньне даных нам здавалася-б найболей мэтазгодным зрабіць па экономічна-геаграфічных раёнах. Пры невялікім ліку матар'ялу было-б цяжка драбіць раёны. Дзяленьне па ваяводзтвах было-б грубым дзяленьнем. Загэтым у далейшым мы дзялілі ўсю Беларусь на наступныя раёны: на Віленскі, куды ўносілі ўсе маёнткі з беларускім насельніцтвам гэтага раёну (Віленскі, Ашмянскі, Лідзкі паветы), на Віцебскі раён, куды ўваходзяць ўсе маёнткі Падзьвіньня і паўночнага Падняпроўя, на Берасьцейска-Горадзенскі раён разам з Дарагічынскім староствам і, нарэшце, на Менскі, на жаль, вельмі бедны докумэнтамі, да якога прышлося далучыць, апроч Наваградзкага, некаторыя мясцовасьці Пінскага і Рэчыцкага паветаў.

Згодна з паказанымі раёнамі, мы цяпер і пяройдзем да болей дэтальнага агляду разьмеркаваньня зямельных надзелаў сярод сялянскіх двароў. Мы маем падлік каля 2.000 сялянскіх двароў, раскіданых па ўсіх гэтых чатырох раёнах. Пераважнымі сялянскімі дзялянкамі цяглае зямлі, зьяўляюцца дзялянкі да ½ валокі. Нямнога болей за ¼ дзялянак прыпадаюць на поўвалочныя дзялянкі і ўжо зусім нязначны лік дзялянак болей за ½ валокі.

Усе гэтыя суадносіны дадуць наступны малюнак, выяўлены ў %%:

РАЁНЫ
Лік дымаў Менш за ¼ валокі ¼ ½ ¾ 1 в. Болей за 1 вал.
Віленскі 100 5,9 29,6 6,8 36,7 4,9 10,0 3,6 2,5
Віцебскі 100 2,3 20,0 2,5 43,1 0,3 9,0 20,3 2,5
Менскі 100 5,0 50,0 30,0 5,0 7,5 2,5
Берасьцейска-Горадзенскі 100 9,9 32,5 32,5 20,0 0,7 1,5 0,7 2,2

З гэтых лічбаў ясна, што, найбольшая забясьпечанасьць сялянскага двара наглядаецца у Віцебскім раёне, а найменшая ў Берасьцейска-Горадзенскім. Сярэдзіну займае Віленскі раён. Але затое Віцебскі раён бадай што пазбаўлены кунічных зямель, слаба імі забясьпечаны Берасьцейска-Горадзенскі і ў болей значнай меры яны існуюць у Віленскім раёне. Тут, праўда, частка насельніцтва, а ўласна баяры і зямяне, сядзяць цэлымі сёламі толькі на „приемных" чыншавых землях. Наогул, суадносіны паміж цяглымі і кунічнымі дзялянкамі вельмі неаднолькавыя.

Па Віленскім раёне няма адпаведнасьці паміж маланадзельнымі цяглымі дзялянкамі і дадатковымі кунічнымі. Напрыклад, Сьвятляны ня маюць кунічных валок, а між тым ⅔ сялян сядзяць на ¼ валокі. У Высокім двары з ліку 201 дымаў 25 маюць меней за ¼ валокі, 140 па ¼, і дадатковых кунічных дзялянак няма, але ў Дубох на ¼ мала забясьпечаных землёю двароў прыходзіцца 153 кунічныя дзялянкі і г. п.

Адным словам, лік і памеры кунічных дзялянак цалкам залежаць ад выпадковасьці, г. зн. ад велічыні неапрацаваных дваровых зямельных абшараў.

У Віцебскім раёне кунічныя землі ня граюць бадай што ніякае ролі. На 311 двароў прыходзіцца ўсяго 32 дзялянкі кунічныя. У Берасьцейска - Горадзенскім раёне на 715 цяглых дзялянак прыходзіцца 287 кунічных, г. зн. каля 7/10 усяго ліку.

У Горадзенскім раёне гэткае-ж выпадковае зьяўленьне кунічных дзялянак, як і ў Віленскім: уладаньні маланадзельныя часам ня маюць зусім кунічных дзялянак.

У Менскім раёне каля ⅓ цяглых двароў маюць яшчэ кунічныя дзялянкі, аднак, вельмі дробныя, меней за ¼ валокі.

Агляд пытаньня аб забясьпечанасьці сялян зямлёю выяўляе і яшчэ адну важную акалічнасьць.

Сялянства па сваёй заможнасьці ня было аднастайным, бо над селянінам сярэдняга дастатку падымаецца некаторая болей забясьпечаная група. Яна будзе складаць 15%, калі за здавальняючую забясьпеку лічыць надзел у 1 валоку і болей; ніжэй стаяла група бедных, якая апрацоўвала меней за ¼ валокі. Групай сярэдняга сялянства, серадняка, відавочна, трэба будзе лічыць тую, якая мае ад ¼ да ½ валокі, што складае 56% усіх двароў (г. зн. групу, якая мае ад 5 до 10 дзесяцін ральлі). Таксама важным зьяўляецца пытаньне аб забясьпечанасьці сялянскага двара рабочаю жывёлай. Аб гэтым у нас ёсьць досыць добрыя даныя, бо мы маем падлік бадай што 7.500 сялянскіх двароў.

Перш за ўсё трэба адзначыць, што ўвесь Усход, г. зн. Падзьвіньне і Падняпроўе, ня ведалі ўжываньня валоў і карысталіся толькі коньмі. У гэтым раёне ў сярэднім прыходзіцца на 100 двароў 300 коняй. А ў іншых раёнах у сялян ёсьць коні і валы, прычым першыя граюць другарадную ролю. Запраўды, у сярэднім на 100 сялянскіх двароў прыходзіцца 41 конь. Значыцца, толькі менш як палова сялян уладалі канём. Затое лік валоў болей забясьпечваў сялянскія двары, бо на 100 двароў прыходзілася 161,5 валоў.

І зноў-жа гэтыя сярэднія лічбы для ўсяе Беларусі выгадней разьбіць па раёнах і высьветліць колькасныя суадносіны двароў па ўладаньні рабочаю жывёлай. Тут мы маем падлік, які характарызуе каля 2 ½ тысяч двароў. Атрымліваем наступную табліцу:

РАЁНЫ
Лік дымаў Лік % двароў, якія маюць коняй Лік % двароў, якія маюць валоў
Па 1 кані Па 2-3 кані Па 4-6 коняй Па 7-9 коняй Бяз коняй Па 1 вале Па 2-3 валы Па 4 валы Па 5-6 валоў Бяз валоў
Віленскі 100 47,2 30 2,8 20,0 16 67,8 3,9 0,6 11,7
Віцебскі 100 20,2 50,4 23,6 2,0 3,8
Менскі 100 35,0 21,9 6,0 37,1 13,0 13,0 54,4 13,0 6
Берасьцейска-Горадзенскі 100 42,0 7,4 0,4 50,2 24,5 58,0 7,9 0,4 9,2

Тут перш за ўсё мы бачым, што болей як ¼ насельніцтва зусім ня мае коняй, тады як толькі 10-я частка двароў ня мае валоў. Далей, там, дзе коні рашуча пераважваюць, палова двароў мае па 2 кані і нават нямнога менш за ¼ двароў маюць па 4-6 коняй. Пры невялічкім ліку бясконных, трэба лічыць, што ў Віцебскім раёне пераважвалі сярэднезаможныя сяляне. Пад апошнімі мы разумеем тых, што маюць па 2-3 кані, прычым двохконныя ў гэтым ліку пераважваюць. Але гэты раён меў каля ¼ многаконных двароў, г. зн. двароў з 4-6 каньмі. Ува ўсіх іншых раёнах пераважваюць аднаконныя двары. Сярод двароў, якія аруць валамі, рашуча пераважвае запрэжка ў 2 валы. Лік тых, што маюць па З валы, зусім нязначны. Па 2 запражкі мае ўжо нязначны лік двароў, усяго 6,5%, прычым у Віленскім раёне ён зьніжаецца ўдвойчы, а ў Віцебскім ён удвойчы падымаецца. Аб ліку двароў, якія маюць болей за 5 валоў, таксама як і аб дварох з 7 і болей коньмі гаварыць нельга дзеля нязначнасьці лічбаў. Двары, якія мелі па 1 вале, карысталіся імі як рабочаю жывёлаю для ральлі і перавозак.

Трэба яшчэ мець на ўвазе, што незаможныя сяляне атрымлівалі ад двара скарбовых валоў, але колькасьць скарбовых коняй у сялян зусім нязначная, а колькасьць валоў азначаецца нямногімі дзесяткамі. Часьцей сустракаюцца сяляне, якія маюць аднаго свайго вала і атрымалі яшчэ аднаго ад двара. Але ёсьць некалькі такіх, што мелі толькі па адным скарбовым вале.

Што датычыць элемэнту, які ня меў зусім рабочае жывёлы, дык такі элемэнт наогул нязначны. Часам у актах ён фігуруе проста ў якасьці кутнікаў і бабылём, але лік іхні мізэрны. Толькі ў Віцебскім раёне, дзе побач з 2-ма кутнікамі на 500 двароў мы сустракаем каля б% сялян, што ня маюць, рабочае жывёлы, сустракаюцца паасобныя гнёзды, дзе сяляне сядзяць на „прыходах" альбо нават ня маюць хат (напрыклад, у сяле Галавачах). У Горадзенскім павеце, у Вясёлым двары, на 18 двароў ёсьць 24 двары, якія ня маюць рабочае жывёлы. Адным словам, поўная адсутнасьць рабочае жывёлы і, значыцца, зьявішча чыстага батрацтва наглядаецца спорадычна, напэўна ў залежнасьці ад мясцовых умоў.

Што датычыць малочнае жывёлы, дык перш за ўсё трэба адзначыць, што ў гэтых адносінах нашыя веды значна бядней матар'яламі, чым адносна ліку рабочае жывёлы. Але ўсё-ж такі ад гістарычнае крыніцы трэба ўзяць усё, што магчыма. Лік дойных кароў у сярэднім вельмі нязначны,—усяго па 1,1 на двор (за выключэньнем бабыльскіх двароў). Колькасьць маладняку яшчэ меншая. Суадносіны паміж лікам двароў і лікам маладняку выяўляюць, што на двор прыходзіцца ўсяго ў сярэднім 1,4 маладняку, прычым у гэты лік уваходзяць і ялавіцы; запас, значыцца, невялікі, і зусім ясна, што селянін павінен быў збываць маладняк.

Што датычыць падворнага разьмеркаваньня малочнае жывёлы і маладняку, дык перш за ўсё трэба адзначыць, што Менскі раён зьяўляецца найбяднейшым у гэтых адносінах. Нават лік бескароўных двароў у гэтым раёне дасягае 14%, тады як сярэдні % бескароўных двароў наогул складае 7,3. Наадварот, іншыя раёны даюць нават некаторы % многакароўных двароў. Калі лічыць, што 1 ці 2 каровы могуць быць толькі падмогай для сялянскага харчаваньня, а тры і болей ужо складаюць такі лік кароў, які можа мець рыначнае значэньне, дык выявіцца, што ў Віленскім раёне 76,3% кароў забясьпечваюць толькі харчаваньне сялян, а астатнія 27,3% маглі мець рыначнае значэньне, прычым мы можам нават адзначыць б% двароў, якія маюць па 4 каровы. У Берасьцейска-Горадзенскім раёне мы сустракаем суадносіны, якія недалёка адхіляюцца ад папярэдніх: 38% двароў маюць кароў болей як патрэбна для сям'і, % двароў з 4-ма каровамі бадай што такі самы.

Адносна маладняку становішча Віленскага раёну не зьяўляецца асабліва добрым, бо тут няма двароў, якія маюць балей за З штукі маладняку, а % двароў без маладняку— 12,5. Наадварот, Берасьцейска-Горадзенскі раён мае вельмі значны запас маладняку, прычым лік ад 3-х штук і вышэй складае 25%. Усё гэта паказвае, што апошні раён гадаваў рагатую жывёлу ня толькі для патрэб сялянскае сям'і, але і для рыначных мэт. Віцебскі раён знаходзіцца ў яшчэ болей выгадным становішчы і зьяўляецца самым многакароўным. На жаль, нашы крыніцы сыстэматычна не гавораць аб маладняку ў маёнтках гэтага раёну. Але ў кожным разе ў гэтым раёне % бескароўных усяго 8,5% двароў, якія маюць па 1-2 каровы— 40,5% і значыцца, 51% двароў трэба лічыць многакароўнымі, прычым % двароў, якія маюць 6 і болей кароў—7,5.

Пераходзячы да пытаньня аб дробнай жывёле, перш за ўсё трэба заўважыць, што казаводзтва ня мела вялікага пашырэньня, і толькі ў Віленскім і Віцебскім раёнах каля 1 двароў мелі коз. Гадоўля сьвіней мела невялічкі памер, бо на двор у сярэднім прыходзілася 1¼ сьвіньні, і толькі ў некаторых сёлах, галоўным чынам Віленскага раёну, гадоўля сьвіней альбо са збыткам задавальняла сялянскія патрэбы альбо нават вынікі яе маглі ісьці на рынак. Гэта-ж можна сказаць аб Рэчыцкім павеце і аб Дарагічанскім, бо ўва ўсіх гэтых мясцовасьцях можна налічыць часам вельмі бўныя маёнткі, дзе прыходзіцца па 4 сьвіньні на двор. У Віленскім раёне нават лік двароў з 5 і болей сьвіньнямі складае каля 20%.

Адносна авец раёны старое Беларусі неаднолькавыя. Сярэднія суадносіны даюць лічбу 3,3 аўцы на двор. Але гэтая сярэдняя лічба рэзка падвышаецца ў паасобных мясцовасьцях: у Дарагічанскім старастве да 5, у Равяціча-Горадзенскім павеце да 7, у Алексічах Рэчыцкага павету да 10, у Каморскім Віленскага павету таксама да 10 і г. д. Адным словам, лічбавыя даныя адразу-ж паказваюць пэўнага роду гнёзды, дзе гадоўля авец насіла прамысловы характар, часам далёка пераходзячы за межы патрэб сялянскае сям‘і. Найбяднейшыя гадоўляю авец былі Менскі і Віцебскі раёны. Вельмі багатыя Віленскі і Берасьцейска-Горадзенскі. Запраўды, калі лічыць, што лік авец ад І да 5 уключна можа да некаторай ступені забясьпечыць мінімальныя патрэбы сялянскае сям'і, дык ужо колькасьць ад 6 да 10 паляпшае яе становішча, а продукцыя авец ад 10 да 20 можа мець і рыначнае значэньне. Наогул выяўляецца, што каля ½ двароў мелі ад 1 да 5 авец (55,3%), а 5% двароў мелі ад 9 да 20 авец. Гэтыя лічбы адносяцца да ўсяе Беларусі. Але Менскі і Віцебскі раёны ў апошняй лічбе бадай што ня прымаюць удзелу. У Віленскім раёне 16% двароў мелі болей за 9 авец, а ў Берасьцейска-Горадзенскім гэты-ж лік мелі каля 9%.

Пчалярствам займаліся ўжо ня ўсе. Але ў паасобных мясцовасьцях яно грала значную ролю. Напрыклад, у Берасьцейскім старастве на 100 двароў прыходзілася 40 вульляў. У Галавачох, Горадзенскага павету, па 3 вульлі на двор бадай што гэткія-ж суадносіны ў маёнтку Дубее Пінскага павету і г. д. Але гэтыя даныя яшчэ мала характарызуюць значэньне пчалярства, проста таму, што яно рэдка бывала заняткам жыхароў усяго сяла. У сёлах, дзе сустракаецца пчалярства, ім займалася тая ці іншая група сялян. Часам пчалярства было толькі некатораю падмогай да гаспадаркі. У іншых выпадках па колькасьці вульляў можна судзіць аб тым, што пчалярства пераходзіла межы падможных заняткаў у гаспадарцы. Гэта галоўным чынам адносіцца да БерасьцейскаГорадзенскага раёну. Напрыклад, у Дарагічанскім старастве мы сустракаем сялянскія двары з лікам вульляў ад 12 да 25, ня кажучы аб дварох, якія мелі лепшы лік. У Вясёлым двары, Горадзенскага павету, сустракаем двары з лікам вульляў ад 10 да 36, але затое толькі некалькі болей за 10-ю частку двароў мелі пчол, прычым у гэтым вялікім маёнтку пераважвалі многапчаліныя двары, г. зн. прыблізна там былі гэткія-ж суадносіны, як і ў Дарагічанскім старастве. У Пінскім сяле Дубое каля ⅓ двароў мелі пчол. У некаторых сёлах Ашмянскага павету, напрыклад, у Дудымах, таксама заўважваем гнёзды пчалярства. Можам назваць яшчэ такія мясцовасьці, як Вілейка, Высокі двор. У Віцебскім раёне пчалярства разьвіта было слаба.

Дагэтуль мова ішла аб сялянскім двары, як аб некім адзіным цэлым. Аднак, расслоенасьць двара ў экономічнцх адносінах мы адзначалі ня раз. Таксама трэба адзначыць яшчэ і тое, што гэтая расслоенасьць прыкмячаецца і ў соцыяльных адносінах.

Беларускае сяло XVIII сталецьця ня было аднастайным, залюдненым выключна прыгоннымі сялянамі. Побач з прыгоннымі падданымі жывуць і іншыя элемэнты, вышэйшыя і ніжэйшыя за іх у соцыяльных адносінах. Вось некалькі прыкладаў. У войтаўстве Заснудзьдзе, Полацкага ваяводзтва, побач з цяглымі сялянамі і бабылямі жывуць шляхта і „агульнікі“. Шляхта з кожнае хатні плаціла падымнае і арэнду.

Перш за ўсё спынімся на вярхох беларускае вёскі. Да іх належалі зямяне і баяры. Становішча баяр і ў праўных, і, да некаторай ступені, у экономічных адносінах было горш як становішча сельскае шляхты. Баяры не заўсёды ўнікалі некаторых, праўда, болей палегчаных, формаў прыгоннае павіннасьці.

У Віленскім павеце, у Вілейцы, мы сустракаем баяр, якія адбываюць паншчыну па асобным разрахунку—42 дні ў год. Праўда, у інвэнтары гэтая праца не называецца паншчынай. Апроч таго, кожны баярын адбываў падводную павіннасьць у Вільню. Баяры даюць падымнае, чынш і дробныя падаткі курамі, яйкамі, гусямі.

У гэтым-жа маёнтку жывуць чыншавікі, якія прыцягваюцца да гвалтаў. Цікава, што ў гэткім маёнтку цяглыя таксама звольнены ад паншчыны і прыцягваюцца толькі да гвалтаў. Зямяне жылі цэлымі сёламі альбо разам з цяглымі. Напрыклад, у Таўрогенскім маёнтку Браслаўскага павету на землях віленскага біскупа мы сустракаем некалькі сёл, залюдненых выключна зямянамі. Іхняя забясьпечанасьць вышэй за сялянскую, бо наагул іхнія зямельныя дзялянкі складаюць адну валоку і апроч таго яны маюць даарэндаваныя „приемные" землі, прыблізна па ½ валокі на кожную гаспадарку, а часам і па цэлай валоцы. Усіх зямянскіх гаспадарак у гэтым маёнтку было 119, тады як цяглых лічылася 96 і кутнікаў 25, г. зн. палова насельніцтва, ня лічачы местачковых яўрэяў, складалася з зямян. Яны плацілі чынш і падымнае, паншчыны зразумела не адбывалі, але выходзілі на гвалты па 12 дзён у год і адбывалі дарогу ў Рыгу— па 20 дзён. Рабочаю жывёлай яны былі лепш забясьпечаны, чымся сяляне: 2 кані на двор і пара валоў рашуча пераважваюць у інвэнтары зямян. Але нярэдка сустракаецца вялікі лік рабочае жывёлы. Дзьвюхкароўная гаспадарка рашуча пераважвае. Гэткім чынам, зямянства ў гаспадарчых адносінах ёсьць тып сялянскае гаспадаркі, добра забясьпечанае зямлёй і жывёлай. З гэткім-жа зьявішчам мы сустракаемся і ў беларускіх маёнтках.

Аднак, для нас найважнейшым ёсьць тое, што розьніца паміж сялянамі з аднаго боку і зямянамі—баярамі з другога ёсьць розьніца праўная. Гэта былі арандатары, але іхняя гаспадарка па сваім маштабе нічым не адрозьнівалася ад гаспадаркі сялянскае. Так, напрыклад, у маёнтку Сьвятлянах Ашмянскага павету жывуць побач баяры і цяглыя сяляне. Большая палова тых і другіх сядзіць на аднэй чвэрці валокі, меншая— на палове валокі. Розьніца ў ліку рабочае жывёлы і ў ліку малочнае жывёлы на двор—нязначная.

6. Гандаль і гандлёвая політыка.

Мы ведаем, што ў старадаўні пэрыод Беларускае Падняпроўе і Падзьвіньне зьвязвалася з паўднёвым арабска-бізантыцкім гандлем, а пасьля яго зьнішчэньня—з ганзэйскім.

На гэтым шляху Смаленск, Віцебск і Полацак гралі значную ролю. Заходняя частка Беларусі не магла прымаць вялікага ўдзелу ў тым і другім гандлі. Частка яе прылягала да Літвы, якая тады яшчэ зусім ня выпіла з прымітыўнага стану быту, частка далучалася да Польшчы і Галіцыі, гандлёвыя сувязі якіх з сярэднім Падняпроўем, з Кіевам, былі слабыя, асабліва па меры спаду бізантыцкага гандлю.

У XIII і XIV сталецьцях намячаюцца зьмены перш за ўсё ў паўднёвым гандлі. Зьяўленьне татар расчысьціла поўдзень ад вандроўнікаў, якія нападалі на гандлёвыя караваны. Татарская ўлада дапамагала прывабленьню да берагоў Чорнага мора вэнэцыйскіх і генуэскіх гандляроў.

Гандаль з далёкім усходам набывае вялікае значэньне.

Каля гэтага часу перабудаваліся і шляхі ў глыбіні Азіі, якія вялі з Індыі і Кітаю ў далёкую Эўропу. Гандлёвым асяродкам робіцца Таўрыз, з якога тавары накіроўваліся праз Арменію і Трапэзунд, адсюль да паўднёвых берагоў Крыму. Касьпійскае мора ня зусім страціла сваё гадлёвае значэньне. З Таўрызу-ж праз Касьпій тавары ішлі да паўднёвае Волгі, да Астрахані, адсюль накіроўваліся ў татарскую сталіцу Сарай, але болей звычайны шлях ішоў на гірла Лону, да Таны (Азоў), а з Таны тавары зноў-жа ішлі да Крымскіх берагоў.

Судак і адноўленая генуэсцамі ў 1296 годзе пад імем Кафы Фэадосія былі галоўнымі разьмеркавальнымі партамі, адкуль усходнія тавары накіроўваліся ў заходнюю Эўропу, часткова морам праз італьянскія месты, часткова праз украінскія стэпы ў Польшчу, Чэхію і Нямеччыну. Гэтымі таварамі былі: карэньні, шоўк, пэрскія тканіны, а ў Італію адсюль ішлі яшчэ мясцовыя тавары, як хлеб, рыба і нявольнікі.

Найвялікшы росквіт гэтага гандлю належыць да XIV і пачатку XV сталецьцяў. Нават у XIII сталецьці частка гэтага гандлю накіроўвалася сухаземнымі караванамі з Крыма ў Кіеў. Згодна з паказаньнем Рубруквіса кіеўскія гандляры хадзілі ў Крым, і крымскія прыходзілі на Русь. З Кіева караваны ішлі на поўнач, адкуль праз Кіеў правозілі хутры ў Крым.

Гэты кіеўскі гандаль уцягваў і Беларускія мясцовасьці, праз якія ішоў транзітны шлях у Маскву за каштоўнымі хутрамі. Але гэтым гандлем захопліваўся толькі паўднёваўсходні кут Беларусі, бо шлях яго зварочваў у Маскву праз Пуціўль і Бранск.

Зруйнаваньне Кіеўшчыны татарскім ханам Мэнглі-Гірэем у канцы XV сталецьця павінна было зрабіць уплыў на аслабленьне гэтага гандлю. Але ён адраджаецца ў XVI сталецьці.

Вядомы пісьменьнік Міхал Літвін, які бываў і ў Крыме, вельмі яскравымі фарбамі апісвае багацьці Кіева чужаземнымі таварамі. Але, здаецца, гэтую вестку трэба прымаць з шмат якімі абмежаваньнямі. Рэч у тым, што ў другой палове XVI сталецьця італьлянскія колёніі ў Крыме прыходзяць у заняпад, пераважнае значэньне на Чорным моры атрымліваюць турэцкія гандляры, а таксама грэкі і армяне. Гэты турэцкі гандаль, аднак, ужо ня меў такога жывога характару. Галоўным заданьнем яго было дасягненьне зносін з Масквой. Але на гэтым шляху гандлёвыя караваны сустракалі цяпер сур'ёзныя перашкоды, бо іх рабавалі і татары, і украінскія казакі. І гэтыя рабункі праводзіліся сыстэматычна, тым болей, што рабункі Казакаў падтрымліваліся украінскімі старостамі, з якімі казакі дзялілі здабычу. Апроч таго, гандаль падлягаў вялікаму абкладаньню ў Чаркасах, Каневе і Кіеве.

Дыплёматычная перапіска XVI сталецьця ЛітоўскаБеларускага ўраду з Крымскім дае нам паняцьце аб структуры турэцкіх караванаў, якія накіроўваліся ў Маскву праз Кіеў і паўднёвую Беларусь, аб ліку гандляроў і нават часткова аб каштоўнасьці тавараў, што перавозіліся. Так, у вадным выпадку памінаюцца 15 цараградзкіх гандляроў з турэцкімі-ж таварышамі і з кафінцамі ў ліку 8 чалавек і з 5 перакопскімі гандлярамі, усяго 28 гандляроў. У другім выпадку памінаюцца 11 гандляроў. Страты, якія гандляры несьлі ад рабаваньня караванаў, выяўляліся ў некалькіх дзесятках тысяч залатых чарвленых альбо коп грошай літоўскіх, і толькі ў адным выпадку парабаваны караван ацэньваўся ў 862 тысячы монэт, але невядома якіх. Усе гэтыя даведкі паказваюць нам, што гандаль у крымскім кірунку кратаў толькі паўднёва-ўсходнюю частку Беларусі і вялікага значэньня ня меў. Зразумела, частка тавараў, якія накіроўваліся ў Маскву, напрыклад, кухцеры, тахта, шоўк, поўаксаміт і інш. заставаліся ў Беларусі, але тавар, за якім прыяжджалі турэцкія гандляры, г. зн. каштоўныя хутры, мог атрымлівацца толькі з далёкай Масковіі. Дый апроч таго, з другой паловы XVI сталецьця гэты гандлёвы кірунак для Беларусі траціць усякае значэньне.

Другі, паўднёвы кірунак гандлю, значнейшы па сваім размаху, датыкаўся толькі паўднёва-заходняе часткі Беларусі, але ён меў большае значэньне для ўсяго Беларускага гандлю. Гэты кірунак—з Кафія да Ўладзімера на Валыні, пазьней да Львова і Кракава. Рэч у тым, што для афінскіх гандляроў кіеўскія караваны мелі другараднае значэньне, бо тут яны не маглі разьлічваць на вялікі рынак. Іншая справа рынак Польшчы, Чэхіі і Нямеччыны. Тут гандаль накіроўваўся праз Акерман (Белгарад) альбо Ачакаў, потым гандляры падымаліся да .Уладзімера на Валыні, які адзін час быў цэнтральным разьмеркавальным пунктам і які прыцягваў да сябе гандляроў Польшчы і Прусіі і злучаўся гэткім чынам з Балтыцкім узьбярэжжам і Фляндрыяй.

З паловы XIV сталецьця, як конкурэнт Уладзімеру, вырастае Львоў, а пазьней з ім конкуруе Кракаў. Гэты кірунак гандлю цясьней зьвязваў Беларусь з заходня-эўропейскім гандлем. Ён даваў выхад беларускім таварам. Берасьце ў XV і XVI сталецьцях зьяўляецца самым важным пунктам гэтага гандлю. Пазьней вырастае значэньне Любліна з яго вядомымі кірмашамі. Атрымліваюць гандлёвае значэньне некаторыя з Прыпрыпяцкіх пунктаў, праз якія сьцягваліся тавары да Берасьця, напрыклад, Пінск, нават Давыд-Гарадок і некаторыя іншыя. Ува Ўладзімеры, а пазьней у Львове заходнія гандляры куплялі воск, хутры, шоўк і карэньні. Значыцца, тут зыходзіліся тавары Беларусі— воск і часткова хутры,— маскоўскія (каштоўныя хутры, галоўным чынам, праз Вільню) і ўсходнія. З карэньняў на першым месцы стаялі перац і імбір. Але, апроч таго, сюды-ж паступалі тавары з Прусіі і Фляндрыі. Гэтымі таварамі былі сукны. Другарадную ролю граў падвоз палатняных вырабаў і селядцоў. Гэты гандаль, відавочна, меў шырокі характар, судзячы, напрыклад, па закупках партый расійскіх хутраў. Заняпад Кафы ў 1475 годзе, захват туркамі Белгараду ў 1482 годзе і, нарэшце, заняпад Канстантынопалю былі момантам, калі гэты гандаль атрымаў моцны ўдар і страціў свой усходні характар. Але ўсё-ж такі для Беларусі гэты кірунак і на далейшы час захаваў сваё значэньне. Берасьце было тэю брамай, праз якую Беларусь зносілася з Польшчай і з паўднёвай Нямеччынай. На гэтым шляху Кракаў і Люблін у XVI сталецьці набылі вялікае значэньне. Гэты кірунак, як убачым, прыцягнуў да сябе беларускія тавары з глыбіні краіны.

Між іншым заўважым, што гэты-ж кірунак зьвязваў Беларусь з Малдавіяй і Валахіяй, але гандаль з гэтымі краінамі ня меў вялікага беспасрэднага значэньня. З дагавораў з валаскімі гаспадарамі відаць, што апошнія і іхнія гандляры цікавіліся больш за ўсё трапэзам у Маскву для куплі там сабалёў і рыбнага зубу. Для беларускіх гандляроў Малдавія і Валахія мелі значэньне рынку для продажы жывёлы, прычым умовы часам рабіліся на партыі ў тысячу галоў.

Ад паўднёвых кірункаў беларускага гандлю пяройдзем да паўночнага кірунку.

Гандаль Беларусі з Ноўгарадам адбываўся і ў XIV сталецьці. Ён ажывіўся пры Альгердзе. Ноўгародцы мелі на Беларусі свае канторы. У гэтую эпоху ноўгародзкія гандляры выяўлялі вялікую актыўнасьць дастаўляючы на Літву продукты ганзэйскага гандлю. З заняпадам ноўгародзкага гандлю пачынае пераважваць гандаль з Масквой. Як відаць, у канцы XV сталецьця пераважваў прыезд маскоўскіх гандляроў на Беларусь. Апроч таго, сюды прыяжджалі яшчэ гандляры з Цьверы, Ноўгарода і Пскова. Літоўска-Беларускі ўрад усяляк стрымліваў права маскоўскіх гандляроў беспасрэдна зносіцца з паўднёвымі гандлярамі. Літоўска-маскоўскія дагаворы звычайна абнаўляюць вольны пераезд гандляроў таго і другога боку. Але ў запраўднасьці сустракаўся цэлы шэраг перашкод: у Маскве не сароміліся зрабаваць гандляроў, зарэзаць іх. Іван Грозны не дапушчаў купцоў— яўрэяў. У Маскву з Беларусі ішлі тавары нямецкага пахаджэньня. З Масквы ў Беларусь ішлі каштоўныя хутры: собаль, куніца, гарнастай, лісіцы і інш.

Наагул гэты гандаль ня меў шырокага значэнья, бо Масква і Беларусь уладалі аднымі і тымі-ж нязручнымі для перавозкі таварамі. Апроч таго, політычныя адносіны паміж гэтымі дзяржавамі заўсёды былі варожыя, што адбівалася перапынкамі ў гандлі. Аб гэтым гандлі шмат клапаціліся дагаворы паміж Літоўска-Беларускім княствам і Масквой. Але гэта быў чыста тэорэтычны клопат, які ня прыводзіў да рэальных вынікаў.

Іншым характарам адзначаецца той кірунак гандлю Беларусі, які цягнуўся да Балтыцкіх партоў. Ад гэтага гандлю цалкам залежаў унутраны рынак, і гаспадарка краіны перабудоўвалася ў залежнасьці ад таго, якія патрабаваньні і прапановы рабіліся ў Балтыцкіх партох. Гэты гандаль зачапляў народныя гушчы і даходзіў да хаты селяніна.

Узьнікненьне яго належыць да пачатку XV сталецьця, і ўжо першыя вялікія князі літоўскія ацэньвалі значэньне партоў Рыгі, Гданску і Краляўца. Можна сказаць, што ад пачатку XV сталецьця да пачатку XVII літоўска-беларуская дыплёматыя цалкам прысьвячала свае інтарэсы пытаньням Балтыцкага ўзьбярэжжа, паколькі гэта патрэбна было ў гандлёвых мэтах. Ужо Вітаўт і Ягайла бароняць гандлёвыя інтарэсы ў зносінах з Ордэнам. Аб гэтым сьведчаць умовы 1402 і 1404 гадоў.

Патрэба для Польшчы і Літвы атрымаць назад вусьці Нёмну і Віслы прывяла да Грунвальдзкага бою. Пасьля 1410 гаду Ордэн ішоў насустрач запатрабаваньням вялікага князя літоўскага і караля польскага ў справе пашырэньня праў літоўскіх і польскіх гандляроў. Згодна далейшых умоў гандляры з Польшчы, Літвы, Жамойць Мазовіі і Беларусі маюць права вольнага гандлю і праезду па тэрыторыі Ордэна сухім ці морскім шляхам, з выплатам толькі старога мыта. Ім даецца права прыпынкаў і продажы тавараў на прыпынках. З свайго боку і Ордэнскія гандляры маюць права вольнае дробнае продажы сукнаў і права вольнага вывазу хлеба і жывёлы. Гэтыя ўмовы адчынялі вольны шлях да Гданску, які і зрабіўся асяродкам вольнага гандлю для Літвы і Беларусі.

Гандлёвае ажыўленьне каля паловы XV сталецьця выклікала патрэбу адчыніць у некаторых местах кірмашы. На чале гандлю, напэўна, стаяла Вільня. У 1441 годзе яна атрымала права на 2 кірмашы ў год, а ўсе гандляры атрымалі права вольнага і бязмытнага праезду па шляхоцкіх езах, якія былі расстаўлены па Вісьле і Нёмну. Нарэшце, Торунскі трактат 1466 году аддаваў Польшчы заходнюю частку Прусіі з местам Гданскам. Гэтым зьнішчалася ўсялякая магчымасьць для Ордэна перапыняць гандлёвыя зносіны Беларусі і Літвы з вусьцем Віслы, да чаго ахвоча прыбягаў Ордэн у папярэднюю эпоху, карыстаючыся тымі ці іншымі замінкамі ў сваіх суседзяў. Літоўска-Беларускай дзяржаве заставалася толькі берагчы шлях па Нёмну на Кралявец і шлях па Дзьвіне на Рыгу. Абодва гэтыя порта мелі таксама вялікае значэньне ў гандлі.

У кожным разе, з папярэдняга ясна, што посьпехі беларускага гандлю залежалі ад магчымасьці вольных зносін з прыморскімі местамі, якія стаялі каля вусьцяў вялікіх рэк, натуральных артэрый, што вялі да мора і знаходзіліся ў руках варожых суседзяў.

Так, Заходняя Дзьвіна была вялікім старадаўнім шляхам, які прыцягваў да сябе тры буйныя ўсходня-беларускія асяродкі,— Полацак, Віцебск і Смаленск. На гэтых важных шляхох да Памор‘я абставіны складаліся наступным чынам. Рыга, пакуль яна была моцная, рабіла шэраг перашкод беларускім і ганзэйскім гандляром у справе беспасрэдных гандлёвых зносін. У інтарэсы рыскіх гандляроў уваходзіла магчымасьць утрымаць у сваіх руках тую частку Балтыцкага гандлю, да якой далучалася Беларусь, а з канца XV сталецьця і заходняя частка Масковіі. Між тым гэты кірунак даволі нечакана набыў вялікае значэньне.

У 1495 годзе маскоўскі вялікі князь Іван ІІI зачыніў нямецкі двор у Ноўгарадзе і спыніў беспасрэдна зносіны Ганзы з Ноўгарадам. Тады маскоўскія тавары пацяклі часткова на Ругодзіў (Рэваль), а часткова праз Беларусь па Дзьвіне на Рыгу. Гэта паставіла прыдзьвінскія месты ў прывілейнае становішча. Недарэмна Полацак зараз-жа набыў сабе Майдэборскае права і права на З кірмашы ў год. Рыскія гандляры павінны былі рабіць куплю і продаж выключна на гэтых кірмашох. Гэты заварот гандлю бязумоўна зрабіў уплыў пазьней на збліжэньне Лівонскага Ордэну з ЛітоўскаБеларускаю дзяржавай. Гэтае збліжэньне потым, як убачым, павяло да цяжкай барацьбы за Лівонію.

У першай палове XVI сталецьця паступова пачалі выяўляцца на Беларусі зьмены, якія адбыліся ў заходнім гандлі. Гэта была эпоха перабудовы гандлю заходняе Эўропы. Стары ўсходні гандаль, які прывабліваў хцівасьць эўропейскага гандляра і пакупніка, адыходзіць на задні плян, Разгортваецца шырокая пэрспэктыва беспасрэдных шырокіх морскіх зносін з далёкім усходам. Знаёмства з Амэрыкай абяцала шмат каштоўных мэталяў і шмат новых тавараў. Такія тавары, як хутры і воск, перасталі граць галоўную ролю. Пачалося ажыўленьне ў галіне прамысловасьці. Ня толькі Англія, але нават Гішпанія і Італія пераходзяць да гадоўлі авец, кідаючы ральлю. Будоўля караблёў і рост горадзкое клясы ў Заходняй Эўропе выклікалі ажыўленае запатрабаваньне хлебу, ляснога матар‘ялу, пянькі, льну. Зьявілася запатрабаваньне на скуру. З другога боку, Захад пачаў прапанаваць новыя і прынадныя тавары. Зьмяніліся густы, моды. Гэта выклікала новыя патрэбы, задавальненьне якіх у межах Беларусі і Масковіі магчыма было праз перабудаваньне экспорту, з пераходам да вывазу лесу, хлебу і іншае сыравіны. У Беларусі, у Літве і ў Польшчы, якія былі зьвязаны тысячамі ніцяй і шырокімі зносінамі з Захадам, гэтыя зьмены адчуваліся асабліва гостра. Ня дзіва, загэтым, што ўсе гэтыя новыя ўмовы гандлю выклікалі сярод беларускага магнацтва і гандлярскае клясы імкненьне задаволіць іх.

Задача політыкі ўраду ўскладнілася. З аднаго боку, на знадворным фронце ўраду прышлося бараніць свае інтарэсы на Балтыцкім моры. З другога боку, каб задаволіць дзяржаўныя патрэбы, дзяржаве прыходзілася перабудоўваць гаспадарку краіны.

Каля паловы XVI сталецьця справа Балтыцкага ўзьбярэжжа прыняла наступны кірунак. На Захадзе пачаліся шуканьні рынкаў сыравіны. Гэткім рынкам перш за ўсё была Польшча, Літва і Беларусь. Трэба адзначыць тую важную акалічнасьць, што яшчэ ў пачатку XVI сталецьця Зунд быў зачынены. Ён быў адчынены ў 1544 годзе для вольнага плаваньня. Гэта адразу адбілася на вывазе хлебу з Польшчы і Літоўска-Беларускае дзяржавы. Караваны суднаў пайшлі па Вісьле ад Кракава да Гданску. Гандаль Гданску шпарка разрастаўся. Караблі Францыі (соль, гарэлка і віно), Гішпаніі (галоўным чынам соль), Португаліі (жалеза, сталь), нават Крыту, ня кажучы аб Англіі (сукно), пацягнуліся да гэтага порту. Адсуль яны везьлі хлеб, воск, лес. Нідэрляндзкія штаты ў гэтым гандлі занялі віднае месца. Праз Беларусь і Польшчу Гданск атрымліваў маскоўскія хутры. Згодна разрахункаў Шэленгоўскага, вываз Гданску ў пачатку XVII сталецьця даходзіў да 10 мільёнаў польскіх злотых.

Апроч вывазу сваіх вырабаў, польскія і пераважна беларускія гандляры перахоплівалі маскоўскі гандаль, які таксама цягнуўся да Балтыкі. Сухаземны шлях з Масквы ішоў на Вільню, на поўдзень у кірунку на Кракаў праз Люблін. Другі шлях ад Вільні зварочваў да Балтыцкіх лордаў праз Познань, альбо праз Люблін—Познань. Для Польшчы пунктам, які прыцягваў да сябе, быў Лейпцыг, дзе ўжо ў першай палове XVI сталецьця шырака гандлявалі маскоўскімі хутрамі.

З адчыненьем Зунду для Польшчы, Беларусі і Літвы адчыніліся новыя пэрспэктывы. Ня толькі павялічвалася магчымасьць узмацніць вываз мясцовых тавараў, але яшчэ ў большай меры— магчымасьць сконцэнтрзваць у сваіх руках маскоўскі вываз. Ня дзіва, загэтым, што гаспадарка ўва ўсіх трох злучаных дзяржавах пачала перабудоўвацца і шпарка дапасоўвацца да новае экономічнае кон'юнктуры.

Але яна хутка сустрэла вельмі сур'ёзнага конкурэнта ў Маскве. Маскоўскі цар Іван Грозны таксама пацягнуўся да заходняга рынку, і вайна з Лівоніяй адчыніла яму Нараўскі порт (1558 г.). На кароткі час у Нарве адрадзіўся стары ноўгародзкі гандаль. Ноўгарад у старыя часы ўваходзіў у склад Ганзы, і, як зацьвярджае адзін ганзэйскі рэцэс XVII сталецьця, Ганза абапіралася ў сваім гандлі на ноўгародзкі вываз. Але натаўскі гандаль быў карысны толькі для аднэй часткі старое Ганзы, для другой-жа, у тым ліку для прускіх партоў, гэты гандаль быў некарысны, бо адцягваў ад іх тавары. Ня дзіва, загэтым, што рэцэс Ганзы 1559 году забараняў нават гандаль праз Нарву, але гэтая блёкада ня ўдалася, і, напрыклад, у пачатку 60-х гадоў з ліку 100 караблёў, што ўвашлі ў Нараўскі порт, было 70 караблёў з Любэку і, апроч таго, былі караблі з Брэмэна і Гамбургу. Гэткім чынам, у самой Ганзы нараўскі гандаль знаходзіў моцнае падтрыманьне. Нават францускія паслы рашуча заявілі ў Ганзе, што нараўскі гандаль для іх вельмі патрэбны і карысны.

Зьяўленьне Нараўскага порту выклікала сярод супраціўнікаў гэтага гандлю моцны рух. Жыгімонт-Аўгуст шукае саюзьнікаў супроць Масквы. Датчане занялі Рэвэль, але гэты порт ня мог змагацца з Нарвай. Тады Жыгімонт-Аўгуст выдае прывілеі на каперства. Швэцкія каперы з свайго боку хапалі караблі, якія ішлі ў Нарву, Панаваньне швэдаў на моры непакоіла ганзэйскіх гандляроў, якія баяліся яго. Сярод ганзэйскіх гарадоў паўстае нават пытаньне аб пераносе нараўскага гандлю ў Гданск альбо ў Рыгу, але гэтаму супрацівіўся Любэк. Толькі пераход Нарвы ў рукі швэдаў (1581) скончыў пытаньне аб нараўскім гандлі. Нарва перастала існаваць як маскоўскі порт і страціла ўсялякае значэньне. Але на далёкай поўначы якраз у гэты час вырас сур'ёзны конкурэнт Польшчы, Беларусі і Літвы,—Архангельск, якога на гэты раз ужо немагчыма было дасягнуць.

Бязумоўна, у Краляўцы і ў Рызе таксама адчувалася ажыўленьне ў гэты пэрыод. Аднак, лівонская вайна не магла дапамагчы посьпехам рыскага гандлю.

Барацьба за Лівонію, зьвязаная з цяжкім фінансавым напружаньнем дзяржавы, не магла дапамагаць яе экономічнаму росту, а рост Архангельскага порту зьнішчаў магчымасьць сконцэнтраваць увесь заходні гандаль у руках Польшчы і Літвы. Пасьля кароткага росквіту замежнага гандлю пачаўся яго заняпад. Першаю адзнакай гэтага быў заняпад рыскага гандлю. Гэты апошні прыцягнуў да сябе Жамойць, частку Літвы і Падзьвіньне.

З пераходам Рыгі пад уладу швэдаў, апошнія прабавалі зрабіць рыскі порт портам для Беларусі і Літвы. Польскашвэдзкія войны XVII сталецьця прывялі да заняпаду Гданску. Прыход караблёў у Гданск паніжаецца да 150 замест дзьвёх тысяч. Павялічэньне мытных збораў таксама значна адбілася на наплыве караблёў.

Усе гэтыя абставіны прызвычайваюць ірляндцаў, а таксама датчан пераважна зварочвацца ў Архангельск. Швэцыя, у якой не хапала хлебу, уваходзіць у дачыненьні з Масквой і атрымлівае адтуль вялізарныя яго транспортны Голяндцы дасягаюць тых-жа посьпехаў. Гэты зварот адзначаецца ўжо ў 20—30-х гадох XVII сталецьця. Тут трэба дадаць, што маскоўскі хлеб быў значна танейшы за хлеб на гданскім рынку.

Наогул, XVII сталецьце—гэта ўжо эпоха заняпаду беларускага гандлю. Усходняя Беларусь адсунута ад партоў швэдамі, заходняя мае сувязь з Краляўцом і Гданскам, але Гданск уступіў сваё месца Эльбінгу і прытым ня ў сэнсе павялічэньня вывазу, а ў сэнсе ўмацаваньня тут англічан з іх імпортам сукнаў і іншых тавараў. Нават вытворчасьць падае, і бывалі гады, калі голяндцы нават увозілі ў Польшчу чужы хлеб. Лясы, бліжэйшыя да партоў, былі вельмі зьнішчаны. Зьяўляецца думка аб эксплёатацыі паўднёвых лясоў, а разам з тым думка аб злучэньні каналамі рэк. Так зьяўляецца ў 30-х гадох XVII сталецьця думка аб злучэньні Вяльлі з Бярозай і Балтыкі з Чорным морам праз Мухавец. Але дзяржава была заслабая, каб зьдзейсьніць гэтыя вялізарныя проекты.

На папярэдніх старонках мы вызначылі тыя бакі ўрадавай політыкі, якія мелі на мэце расчысьціць замежны рынак для домэніальных і панскіх гаспадарак. Мы ўжо ведаем, што дзяржава выяўляла дзейнасьць у прыстасаваньні гаспадаркі да рынку. За дзяржавай ішоў буйны зямляўласьнік.

Скарб выступае як буйны экспортэр хлебу: ня толькі свой дзякольны хлеб ён адпраўляе ў порты, але нават організуе часам асобныя гандлёвыя кампаніі для скупкі хлебу. Шляхта конкуруеў гэтай справе са скарбам і набывае прывілеі, згодна якіх яна атрымлівае права бязмытна вывозіць вырабы свае вытворчасьці за кардон. Першапачаткова гэта датыкалася вывазу хлебу.

Але заставаўся яшчэ адзін важны прадмет вывазу. Гэта— лясны матар'ял. Ужо пры Жыгімонце І лясы падлягаюць вельмі шырокай эксплёатацыі. Як відаць, гаспадарка каралевы Боны першаю выступіла на гэты шлях. Каралева-ж вызначыла і спосабы эксплёатацыі. Яна робіць умовы з прадпрыемцамі. Гэтыя апошнія вырабляюць лясны тавар і атрымліваюць пэўную плату за кожны выраблены імі лашт попелу, ванчосу альбо клёпак. Аднак, забракаваны ў Гданску тавар падае на падрадчыка. Гаспадарскі скарб рабіў розныя ўмовы з прадпрыемцамі. Часам ён аддаваў працу ў пушчы кожнаму прадпрыемцы, які дае за сябе паруку, калі ня мае аселасьці. Прадпрыемца павінен толькі аддаць у скарб атрыманыя сумы за дрэва, попел і смалу па цэнах Гданску. Асочнікі павінны правяраць праз агляд прац, якая колькасьць тавараў вывезена. Гаспадарскі ліст 1528 году малюе працу ў пушчах вельмі ажыўленай. Паны працуюць ува ўласных лясох і, зразумела, залязаюць і ў скарбовыя лясы. Працуюць гандляры мясцовыя і чужаземныя, відавочна, немцы, дзяржаўны і старасты, нават людзі баярскія, г. зн. сяляне, якія выпальваюць лес ўласнымі сіламі і прадаюць гандляром.

Гэткім чынам, сярод прадпрыемцаў былі прамыслоўцы, якія працавалі ўласнымі сродкамі, і простыя скупнікі. Гаспадарская ўлада, як відаць, дрэнна наглядала за гэтым раскрадваньнем лесу. Ня дзіва загэтым, што пры ЖыгімонцеАўгусьце зьяўляецца ў скарбовых колах думка аб монополізацыі ляснога гандлю. Гаспадарскія лісты, разасланыя вялікім князем у 1547 годзе, падрабязна выкладаюць прычыны, мэты і парадак монополіі. Лісты адзначаюць згоду соймавых паслоў і рады. Яны тлумачаць, што ўсе станы прышлі да выніку, што зямляўласьнікі, якія апрацоўвалі сваім коштам лес і прадавалі яго гандляром, няўмела рыхтавалі матар‘ялы, якія бракаваліся ў Прусіі і Лівоніі. Гандляры багацелі, а шляхецтву і скарбу былі толькі страты. Монополія ўводзіцца з мэтаю ўпарадкаваньня ляснога гандлю. З моманту яе ўвядзеньня ўсе, як гандляры, так і зямляўласьнікі, дастаўляюць свой тавар на дзяржаўныя склады дзяржаўным спраўцам і ад іх атрымліваюць плату па азначанай таксе. Такія склады ўтвораны ў Коўне, Верасьні, Дрысе і ў Салатах на Жамойць На складах асобныя бракоўшчыкі аглядаюць тавар і выбіраюць добры для замежнага рынку. Гэткім чынам, справу весьці думалі ў шырокім дзяржаўным маштабе.

Аднак, у наступныя гады выявілася, што шляхта зусім ня згодна дзяліцца з гаспадарамі прыбыткамі ад ляснога гандлю. На шэрагу пазьнейшых соймаў шляхта падымае пытаньне аб скасаваньні монополіі на тавары, якія выраблены ў яе лясох. Урад патрабуе адцягнуць задавальненьне просьб шляхты. Аднак, на віленскім сойме 1559 году ўрад уступіў. Ён дазволіў нават бязмытны вываз лесу за кардон з умовай, што лясны матар'ял апрацаваны ў лесе ўласьніка і яго ўласнымі сродкамі, г. зн. вызваліў шляхціца— прадпрыемцу, але ўсё-ж такі ўтрымаў за сабой монополію гандлю ў тым выпадку, калі прамыслоўцам зьяўляўся гарадзкі капіталісты. Гэтым ён утвараў конкурэнцыю, бо сам скарб не працаваў уласным капіталам, аналёгічна таму як і частка зямляўласьнікаў таксама зварочвалася да паслуг прыватных калпіталістых. Лясны тавар прыватных зямляўласьнікаў мог прадавацца значна таней за тавар, які быў апрацаваны капіталістым з гандляроў.

Імкненьне зрабіць лясны гандаль дзяржаўнай монополіяй выклікала новую практыку ў лясной прамысловасьці. Да паловы сталецьця распрацоўка путч адбывалася па частках і знаходзілася ў руках арандатараў. Цяпер мы бачым імкненьне абедняць працу ў руках аднаго буйнога прадпрыемцы. У 1560 годзе ўсе пушчы Жамойцкае зямлі былі здадзены для прац Ганусу Сколу. Праз 10 год адзін з віднейшых капіталістах таго часу, Волеман, у сваіх руках згрупаваў працу ўва ўсіх пушчах, якія ляжалі каля Гданскага і Кралявецкага партоў, а Ібэрвэльт і К-о атрымаў для эксплёатацыі ўсе пушчы раёну Рыскага порта.

Прыбыткі скарбу ад ляснога гандлю былі, напэўна, вельмі значныя. Пляновая эксплёатацыя лясоў пабудзіла скарб да іх аховы і да высьвятленьня памераў лясных багацьцяў.

Але побач з такімі ўва ўсіх адносінах здаровымі спробамі падняць вытворчасьць краіны, скарб досыць хутка зьбіваецца з гэтага шляху. Пад уплывам цяжкога грашовага становішча, якое ўтварылася ў эпоху Лівонскае вайны, скарб прымае шэраг мер, якія відавочна лажыліся вялікім цяжарам на вытворцу, галоўным чынам на селяніна. Скарб і паны імкнуцца атрымаць усе пажыткі ад зносін з рынкам за рахунак селяніна. Адсюль ідзе шэраг абмежаваньняў сельскага гандлю, загадаў каб сяляне не прадавалі ніякіх тавараў у сёлах, а вывозілі-б іх на рынак, альбо наданьне старастам права купляць продукты ў сялян па „рыначнай цане".

Імкненьне ўраду ўвесьці монополію па-за межамі гаспадарскіх добраў сустракае супраціўленьне ў шляхоцкіх колах, і 3-і статут абмяжоўвае ўладу князя ў гэтых адносінах. Але гэта абазначала толькі тое, што і гаспадар і зямляўласьнікі, кожны ў сябе, маглі ўстанаўляць монополіі. Гаспадар тырана раздае прывілеі прыватным зямляўласьнікам на адчыненьне кірмашоў у іхніх мястэчках і сёлах альбо прывілеі на Майдэборскае' права прыватнаўласьніцкім местам. Прыватныя зямляўласьнікі атрымліваюць цэлы шэраг прывілеяў на гандлёвыя зборы ў межах іхніх маёнткаў. Усё гэта пачало ўжо шкодна адбівацца на гандлі.

Да гэтых уціскаў сельскага гандлёвага звароту далучаецца шэраг іншых. Так, устанаўляецца млыннае права, якое прымушае сялян малоць хлеб толькі на млыне свайго пана.

Карчомнае права заўсёды знаходзілася ў руках дзяржавы. У 50-х гадох XVI сталецьця падрыхтоўваецца пытаньне аб монополіі бровараў і саладовень. Гэта неўзабаве набывае вялікае пашырэньне і хутка бровары і саладоўні зрабіліся буйной монопольнай стацьцёй скарбавага прыбытку. Берасьцейская ўстава 1561 году ўжо зьяўляецца актам, які рэгулюе монопольную справу. Монополія на бровары і саладоўні спачатку абхапіла заходнія і паўднёва-заходнія стараствы. Ня цяжка здагадацца, што скарб нямнога прыбыткаў атрымаў ад пераапрацоўкі хлебных продуктаў для мясцовага ўжытку, бо хутка права на гэтыя зборы праз паасобныя прывілеі пачало пераходзіць у рукі шляхты. У кожным разе гэтыя монополіі налажылі значны падатак на спажываньне.

У 1661 годзе зьяўляецца думка аб саляной монополіі. Так, мы бачым саляныя склады ў Пінску, Берасьці, Горадні. Урад акрутнымі мерамі прымушае браць соль толькі з монопольных складаў, прычым робяцца спробы разьмеркаваньня солі па поласьцях.

Бадай ня трэба даводзіць, наколькі ўсе гэтыя меры, якія сьціскалі насельніцтва зборамі і поліцэйскімі прадпісаньнямі, павінны былі рабіць адмоўны ўплыў на разьвіцьцё вытворчасьці і гандлю. Хцівасьць гаспадарскага і прыватнаўласьніцкага скарбу падрэзвала гаспадарчы рост краіны, да ажыўленьня якой імкнулася сама-ж дзяржава.

Але гэтага мала. Ужо незалежна ад вузкай політыкі ўраду, лівонская вайна выклікала патрэбу ў грошах, а гэта адбівалася на павялічэньні падатковага цяжару, на росьце земскага падатку і асабліва на росьце мытных ставак. Мытныя тарыфы 60-х гадоў часам у шмат разоў падымалі стаўкі на тавары, прычым новападвышанае мыта акрутна лажылася на прадметы вывазу і даволі мала падвышала тарыфы на прадметы ўвозу. І гэта зразумела, бо пры вывазе думалі атрымаць грошы з гандляра, а ўвозам чужаземных тавараў была зацікаўлена шляхта. Вынік быў той, што, напрыклад, мыта на некаторыя лясныя матар'ялы перавышала іхні кошт. Мыта на вываз хлеба або жывёлы было ад 20 да 50%.

Ня цяжка прадбачыць вынікі такіх мер: ужо к канцу XVI сталецьця шляхецтва вызвалілася ад конкурэнцыі гандляроў пры вывазе тавараў, у яго руках знаходзілася і вытворчасьць, і гандаль „речамп власнымн“. Прыватны гандляр рэдка выступае, як экспортэр лесу, хлебу і інш. Ён спэцыялізаваўся на тых таварах, якіх не вытвараў шляхціц. Але такіх тавараў было нямнога. Галоўным-жа чынам гандляр спэцыялізаваўся на ўвозе чужаземных вырабаў, якія ён мяняў на сумы, атрыманыя шляхтай ад продажы свае сыравіны. Усё гэтае тлумачыць нам прычыны заняпаду гандлю, які пачаў яскрава выяўляцца ўжо ў XVII сталецьці.

7. Структура гандлю.

Цяпер мы пяройдзем да пытаньняў будовы гандлю замежнага і ўнутранага.

Мы ўжо ведаем тыя кірункі, што прыцягвалі да сябе ўнутраны рынак. Па мытных даных XV і XVI сталецьцяў, г. зн. па мытных зборах, можна судзіць аб значэньні тых канцовых пунктаў, якія ляжалі каля кардону і праз якія перапушчаліся мясцовыя і чужаземныя тавары. Так, у другой палове XV сталецьця найбуйнейшым пунктам замежнага гандлю было Берасьце, другое па значэньні пасьля Валынскага Луцку. Яно давала штогод 1.100 коп грошай літоўскіх мытных прыбыткаў. Луцк даваў удвойчы болей. Кіеўская мытніца давала нямнога'меней. Гэта паказвае, што паўднёвы кірунак прыцягваў да сябе гандаль. Праўда, мы ня можам параўнаць гэтых лічбаў з прыбыткамі Полацкае і Віцебскае камор, якія знаходзіліся ў кіраўніцтве гарадзкіх жыхароў. Але пэўна тое, што спыненьне ноўгародзкага гандлю дрэнна адбілася на гандлі падзьвінскіх местаў. Усе астатнія мытныя каморы давалі значна меней за Берасьцейскую. Так Пуціўль, праз які ішла толькі частка кіеўскага гандлю, даваў другую па разьмеры лічбу. Смаленск, які часткова адбіваў на сабе гэтае-ж цячэньне гандлю, даваў яшчэ ніжэйшую суму прыбыткаў. Наваградзкая і Менская каморы стаялі на шляху да Берасьця, галоўным чынам з Вільні, і Наваградак даваў трэцюю па разьмерах лічбу (322), а Менск—столькі-ж, колькі і Коўна (250). Гэткім чынам, апошні пункт, які прыцягваў да сябе гандаль Вільні і іншых цэнтральных гарадоў у кірунку да Краляўца, займаў адно з апошніх месц па разьмерах мытных прыбыткаў, а, значыцца, і па разьмерах гандлю.

Прыблізна гэткія-ж суадносіны, незалежна ад лічбаў, захоўваюцца і ў пачатку XVI сталецьця. Але з тагачасных даных відаць, што Полацак стаіць зараз-жа пасьля Берасьця.

У палове XVI сталецьця малюнак зьмяняецца. На першы плян выступае ковенскі гандаль. Прыбыткі з Падляскае мытнае акругі, цэнтрам якое было Берасьце, займаюць ужо другое месца, ня гледзячы на тое, што войны не турбавалі гэтага краю. Нават Полацкая акруга, ня гледзячы на ваенныя падзеі, у канцы канцоў робіцца роўнай з Падляскаю , а калі прыняць пад увагу, што Магілёўскае мыта бадай што выключна цягнула да Падзьвіньня, дык і перавышае Падляскія мыты. Значэньне Наваградзкае каморы зусім падае, а Віленская і Менская каморы даюць яшчэ вялікі прыбытак, але Вільня, як потым убачым, у значнай меры зьвярнулася да Нёманскага порту.

Трэба памятаць, што паўднёва-ўсходні кірунак гандлю, цэнтрам якога быў Пуціўль, зусім заняпаў у пачатку XV сталецьця, таксама, як Бранск, Вязьма і Дарагабуж, бо ўсе гэтыя месты адышлі да Масквы. Загэтым мы спынімся толькі на тэм частцы паўднёвага кірунку, якая прыцягвалася Берасьцем.

Ня гледзячы на рост беспасрэдных зносін Беларусі з Балтыцкімі партамі, усё-жа Берасьце было буйным перадатачным гандлёвым пунктам. Тавары праз яго ішлі і ўзімку і ўлетку. Але летнія тавары былі іншага тыпу як зімнія. Гэта быў хлеб, лес, лой, воск, сьвіное мяса, якое адсылалася польскімі панамі ў Гданск.

Судзячы па абрыўках мытных кніг, якія дайшлі да нас, толькі невялічкі лік беларускіх паноў праводзіў свае тавары праз Берасьцейскую мытніцу. Гэта цалкам зразумела, бо Берасьце ляжала на мяжы.

Рачнымі перавозачнымі сродкамі тут былі „шкуты“, г. зн. лайбы, якія падымалі да 500 бочак хлебу. Такога-ж тыпу былі судны, якія называліся „камягамі“. Урэшце, велічыня тых і другіх суднаў значна відазьмянялася. „Ліхтаньнік" альбо „бычок" было невялічкае па велічыні судно, роўнае палове камягі. Большасьць транспортаў былі невялікі памерам, ад аднэй да трох камяг, і толькі адзін транспорт быў караванам з 45 камяг.

Паны рэдка везьлі асабіста свой тавар. Замест іх выступалі іхнія сябры, слугі і фактары. З ліку 123 асоб, якія правезьлі свае тавары, толькі Ю належала да гарадзкіх гандляроў. Гэта значыць, што ўвесь вывозны гандаль, альбо бадай што ўвесь, ужо каля канца XVI сталецьця быў у руках шляхты. Гэта для яе было карысна таму, што яна не плаціла мыта ў тым выпадку, калі даводзіла, што тавар, які перавозіцца, ёсьць продукт уласных маёнткаў.

Мяшчанскі гандаль быў, параўнальна з шляхоцкім, дробным гандлем. Гэта быў лёгкі крамны альбо гасьцінны тавар. Хлеб ішоў на поўнач, а крамны тавар ішоў з Беларусі ў Польшчу і з Польшчы на Беларусь. Дзеля гэтага ён перавозіўся сухім шляхам, і, як відаць, пераважна санным. Гандляры асабіста везьлі тавар, які ў пераважнай большасьці выпадкаў зьмяшчаўся на адным возе. Рэдка праходзілі трычатыры вазы аднаго гандляра, і толькі ў паасобных выпадках мы бачым транспорты з 9 і нават 20-22 вазоў.

Па тых-жа мытных кнігах можна бачыць, якія раёны прыцягвала да сябе Берасьце, і між якімі местамі ішоў абмен.

Найвялікшае значэньне ў гэтым гандлі меў Люблін з яго славутым кірмашом. У Люблін ішлі наступныя тавары: воск просты і воск шмальцаваны, хутры: выдры, куніцы, лісіцы, ваўкі, норкі, гарнастаі, чорныя бабры, бабровы струмень, пачарэвіны бабровыя, хутры вавёрачыя, брушковыя, барсукі, каты дзікія, хамуціна, каліты і іншае раменьне рымарскае працы са Слуцку, рамяні швэцкае працы; далей ішлі: юхць, скуры дублёныя, вузды, цябенькі, рукавіцы маскоўскія, луб сагайдачны, страмёны жалезныя простыя, ігольнікі малыя, мыла простае, боты, чаравікі, чыжмы, капцы чорныя, войлакі, стрэлы.

Шмат рознастайней быў тавар, які ішоў з Любліна. Гэта занадта даўгі пералік самых разнастайных прадметаў. Тут мы сустракаем жалеза, сталь, медзь, волава, дыну, ртуць і вырабы: сякеры, косы, нажы розныя, цьвікі латныя, іголкі, катлы, ручніцы; адсюль-жа ішлі на беларускі рынак тэкстыльныя вырабы нямецкае, ангельскае і фляндрскае працы: сукны, каразея, шапкі мятлёвыя і коўдравыя, шапкі паспалітыя, коўдры тахцяныя. Гэта ўжо турэцкія тавары. Да апошніх трэба аднесьці: торбы турэцкія (відавочна, чувалы, капшукі і інш.), хозы, кажухі турэцкія, тканіны аксамітныя, шоўк, перац, разінкі, бархан (фарба), лакрыца, мушкат, цясьма, хусткі, шафран, чамлет, гвазьдзіка, саф'ян, ладан, турэцкая кітайка, гарэхі валоскія, шпонкі.

Далей можна адзначыць яшчэ шэраг тавараў: палатно коленскае (з Кёльну) і цьвіліхскае (з Цьвікаў), мыла барскае (з Бар), купарвас, люстэркі, грабяні, Ножніцы, віно, золата, нават агурковае насеньне, насеньне цыбулі, чапцы мараўскія, капялюшы палатняныя са шнурамі, замшавыя рукавіцы, фарбы, серка, міндаль, нават сьлівы, відавочна, сушаныя, наогул,—усялякага роду „рэчы крамныя“.

Месты Польшчы мелі малое значэньне ў гэтым абмене. Так, шэраг тавараў пасылала Гнезна: шапкі, нямецкія сукны, нямецкія палотны, нажы, рукавіцы, кофты, грабяні, люстэркі, шчоткі, каразею, нават усходнюю бакалею. Тарунь давала селядцоў, сукны, палотны (Глагоўскае і Зялёнагорскае), трусоў, нават мёд прэсны. Сукны і шапкі ўвозіліся таксама з Познані. З Ільжы ішло шмат шкла, шкляныя вырабы і гаршкі. Віно ішло з Падгор'я ў Вэнгрыі і з Львова. Соль ішла з Драгабыча. Нешта ішло з Кракава. Некаторая колькасьць тавару атрымлівалася з Гданску, напрыклад, селядцы, трусы, а туды пасылаліся ў замарожаным відзе сэрны, зайцы і цецярукі.

З другога боку, можна падлічыць і тыя беларускія месты, якія былі ўцягнуты ў гэты, пераважна люблінскі, гандаль.

На першым месцы стаіць Берасьце і яго гандляры. Іх шмат і, відавочна, яны гралі ролю пасрэднікаў.

Вельмі значныя параўнальна партыі тавараў праз Берасьце накіроўвалася ў Вільню. Гэтае места было, як відаць, буйным перадатачным пунктам для жалезных вырабаў. Асабліва многа туды везьлі кос. Сюды-ж прывозілі шмат сукнаў, віна, ня кажучы аб іншых дробных таварах.

Далей, Слуцак займаў вельмі значнае месца ў гэтым гандлі. На слуцкім рынку вялікую ролю гралі косы і сукны. Сам Слуцак вывозіў шмат тавараў, пераапрацованых у гэтым месьце. Гэта былі вырабы са скуры.

У Магілёў падвозілі тавар рознастайны, але невялічкімі партыямі.

Нарэшце, ідзе яшчэ шэраг местаў, гандляры якіх езьдзілі ў Польшчу: Менск, Бабруйск, Трокі, Пружаны, Наваградак, Слонім, Пінск, Кобрын і інш.

Тымі данымі, якія можна здабыць з адрыўкаў мытных кніг, далёка ня вычэрпваюцца зносіны польскіх гарадоў з беларускімі. Рэч у тым, што Берасьцейская мытная акруга абапіралася на 19 мытных пунктаў, сярод якіх Горадня і Дарагічын мелі вялікае значэньне. У выніках сталых звычаяў і адміністрацыйных прадпісаньняў, гандляры розных местаў павінны былі езьдзіць праз той ці іншы пункт. Так, напрыклад, праз Берасьце павінны былі праяжджаць усе тыя, хто ехаў з Валыні. Гандляры з Мазыра і Пінску люлі шлях таксама на Берасьце. Віленцы, якія ехалі ў Люблін, накіроўваліся таксама гэтым шляхам. Але віленцы і горадненцы, якія накіроўваліся ў Варшаву і Гнезна, праяжджалі толькі праз Дарагічын. Лясны тавар і хлеб прыходзіў да Верасьня ракамі Мухаўцом, Бабром і Назовам. Рачны шлях па Прыляці меў вялікае значэньне, прычым тут важнымі пунктамі былі ДавыдГарадок і Пінск. Падляскі горад Бельск меў даволі значныя зносіны з Познаньню, падвозячы на познанскі кірмаш воск.

Кірунак на Кралявец захопліваў Прынёманскі і, пераважна* Віленскі раёны. Сюды тавары перапушчала, галоўным чынам, Ковенская мытніца. Ня дзіва загэтым, што тут плацілі мыта ў большасьці ковенскія-ж гандляры, зразумела, у якасьці пасрэднікаў. Аднак, і віленскія гандляры прымалі тут вельмі значны беспасрэдны ўдзел. Далей, сустракаем гандляроў з Менску, Слуцку, Горадні, Несьвіжу, Мераны і некаторых іншых местаў. Да гірла Нёмну ішлі часткова тыя-ж тавары* якія пераходзілі праз Берасьце: хлеб у зярне і муцэ, воск, паташ, попел, лён, ільнянае насеньне, гарэхі, скуры ялавічыя (часам сырыя, часам дублёныя), смала, лой.

Але побач з гэтаю грубой сыравінай у Нямеччыну ішлі і вырабы рамяства, таксама найчасьцей грубыя і прімітыўныя. Так, сюды ідуць талеркі (зразумела, драўляныя), лыжкі, нецкі (Netz — сетка), рыбалоўныя прылады ішлі ў вялікім ліку. Віленцы сюды везьлі боты, шапкі; простае мыла правозілася брускамі; паяскі скураныя, пашэўкі да нажоў, коўшыкі чырвоныя маскоўскія, палатно грубое, рагожы.

Побач з віленскімі купцамі вялікую ролю гралі слуцкія. Разам з сыравінаю яны вывозілі яглы, юхць, якая насіла тэхнічную назву слуцкае юхці, палатно простае, хутры вавёрачыя падфарбаваныя, хутры ваўкоў, казьліну, скуры сэрн,

лосяй, жураўлінае пяро. Наогул, вываз Слуцку адзначаецца значным маштабам, орыгінальным і нязвычайным падборам прадметаў вывазу і тым, што гэтыя прадметы маюць характар мясцовае вытворчасьці і гэткімі ў большасьці вядомы ў гандлі. Трэба яшчэ адзначыць, што кожны случанін вёз і некаторую колькасьць шпана,— таксама мясцовая асаблівасьць.

Увоз з Краляўца ня быў такі рознастайны, як гэта мы бачылі на Берасьцейскай мытніцы. Бадай што выключна пануе ўвоз солі і селядцоў. Затым сустракаецца медзь, цына, серка, купарвас, цьвікі. Некаторыя тавары далёкага поўдню, альбо цяпер ужо амэрыканскія, сустракаюцца сярод увозу, напрыклад, фігі, кішміш і іншыя.

І ў Коўну вялі старадаўнія і сталыя шляхі. Сюды ішла старая вялікая дарога „з Вільні на Ліду“ і Трою. Рэчкай Вяльлёй віленцы карысталіся ў летнюю пару і нават досыць рана атрымалі права бязмытнага праезду па баярскіх езах.

У папярэднім выкладаньні ўжо ня раз адзначалася вялікая роля Вільні, як гандлёвага асяродку. Запраўды, гэта быў буйны цэнтр гандлю. Новая Літоўска-Беларуская сталіца ляжала вельмі выгодна ў географічных адносінах і зьвязвала ўсходнюю і заходнюю паловы дзяржавы. З другога боку, яна карысталася вялікімі прывілеямі, бо ўрад імкнуўся трымаць на вышыні дабрабыт гэтага места. Ужо пры Альгердзе мы сустракаем у літоўскай сталіцы гандляроў з Ноўгарада, Пскова, з Рыгі і Масквы, з Краляўца і Гданску, нават з Уладзімера і Львова. Гэткім чынам, тут быў вузел гандлёвых зносін паміж поўднем і поўначчу, захадам і ўсходам. Сюды Гедымін так няўдала запрашаў хрысьціян усіх вызнаныіяў, абяцаў ім рэлігійную вольнасьць, права вольнага гандлю, і асабліва склікаў рамесьнікаў і нават земляробаў. На жаль, мы мала ведаем адносна матар'яльнага росту гэтага места. У 1387 годзе Ягайла даў яму прывілей на Майдэборскае права. Гэта быў першы ў дзяржаве прывілей, які быў дадзены найстарэйшаму гораду. Ён быў пачаткам доўгага шэрагу прывілеяў, якімі карысталіся віленцы. У першай палове XV сталецьця места было звольнена ад мытаў па.ўсёй тэрыторыі вялікага княства, яно мае свабоду ад маставых і іншых дробных мытаў, асобны прывілей на бязмытны праезд праз езы па Вяльлі і Нёмну, атрымлівае прывілей на кірмашы, на пабудаваньне гасьцінаю двара для чужаземных гандляроў. Віленская ратуша мае выключнае права карыстаньня гарадзкімі вагамі і атрыманьня за гэта асобнае платы, места мае монопольную пастрыгальню сукнаў і ваўняных тканін, монополію продажы піва, мёду, хмелю і віна. Яно мае воскабойню, у якой усе павінны былі пераліваць свой воск. У XVI сталецьці, як мы ўжо часткова бачылі, абхват гандлёвых зносін Вільні быў вельмі шырокі. Ня толькі віленцы самі езьдзілі ў Маскву, Польшчу і Прусію, але ў Вільню прыяжджалі для гандлю туркі, татары, армяне, маскоўцы, палякі і іншыя госьці. Тут былі склады нямецкіх сукнаў, усходніх дываноў, каштоўных каменьняў. Праз Вільню ў Маскву ішлі косы, срэбра. Шмат маскоўскіх тавараў праходзіла на захад праз рукі віленскіх купцоў. У канцы XVI сталецьця можна адзначыць некалькі буйных гандлёвых дамоў, як дом Мамонічаў, Брука, які гандляваў вэнгерскім віном, Мартына Шлегеля, Сьвірыда Шостака, які правозіў вялікія партыі кос, нажоў, турэцкіх тавараў і інш. Маскоўскія хутры ў XVI сталецьці траплялі галоўным чынам у рукі віленцаў. Гэтыя хутры вельмі цікавілі немцаў, з якіх многія пасяліліся ў Вільні, каб гандляваць хутрамі. Тут-жа, як мы зазначылі, можна было сустрэць і прадстаўнікоў іншых нацый, у тым ліку ангельцаў і шатляндцаў з іх разносным гандлем дробнага тавару. У канцы XVI сталецьця ў Вільні быў асобны маскоўскі гасьціны двор, які зьдзіўляў чужаземцаў збыткам хутранога тавару. Рака Вальля часам настолькі запаўнялася суднамі, што яны павінны былі чакаць чаргі, каб увайсьці ў места. І гэта здаралася нават у канцы XVII сталецьця, калі гандаль Вільні ўжо хіліўся да заняпаду.

Зразумела, такі абхват гандлю, як ужо было сказана, падтрымліваўся прывілеямі і тым, што Вільня была асяродзьдзем багатага літоўскага і беларускага шляхецтва. Трэба памятаць, што ўсе чужаземцы, якія прыяжджалі ў Вільню, павінны былі мець памяшканьне на гасьціным двары. Нават у межах Польшчы віленцы не плацілі падаткаў. Адносна хутраных тавараў гэта давала Вільні права складу, г. зн., права продажы хутраў гуртам і толькі ў Вільні, прычым гандаль паміж прыежджымі гандлярамі забараняўся.

Усёю сваёю гандлёвай і прамысловай конструкцыяй Вільня адрозьнівалася ад іншых местаў.

Віленскі рынак адзначаўся сваім вялікім маштабам. Тут быў галоўны рынак і другарадныя. Гандляры мелі склады тавараў, сьвірны, адкуль яны вывозілі тавары на рынак. Апроч таго, былі звычайныя крамы, склепы, гандлявалі з вазкоў і з „клетак". Клеткі часам займалі і рамесьнікі, дзе яны, відавочна, працавалі і гандлявалі. Для некаторых прадметаў былі асобныя пасажы; напрыклад, памінаецца кушнерскі дом, дзе ішоў гандаль хутрамі, мусіць быць, дробны. Былі і асобныя рынкі для некаторых прадметаў, напрыклад, памінаецца рыбны рынак.

Гандлёвая структура Вільні адзначалася вялікаю складанасьцю. Тут мы сустракаем буйныя хаўрусы гандляроў, якія насілі назову „Гельд" (Гільдыя). Гельды мелі дамы з вялікімі пры іх складамі і сутарэньнямі. Частка гельд належала да вядомага друкара і выдаўцы Лукаша Мамоніча. Потым гэтая частка гельд перайшла да хаўрусу з 10 чалавек. Адна вялікая гельда належала да таксама вядомага віленскага купца С. І. Азярына. Такі гандлёвы рост места выявіўся і ў тым, што тут зьявілася першая ўстанова банкаўскага характару з лёмбардным крэдытам, на што выдадзены быў двом яўрэям у 1551 годзе асобны прывілей.

Як відаць, Вільня была ня толькі гандлёвым, але і буйным прамысловым асяродкам для свайго часу,— параўнальна з надта слабым прамысловым разьвіцьцём іншых местаў. Прамысловыя прадпрыемствы належалі ў большасьці самому месту, як, напрыклад, плітніца (каменяломня), млын, цагельні, бровары, пушкарскі завод, г. зн. гісэрня. Каля места былі і некаторыя прыватныя фабрыкі, напрыклад, шкляная фабрыка Пілёцкага. Уласьнік гэтае фабрыкі атрымаў прывілей на монопольнае права скупкі ўсяго шкла, якое прывозілі гандляры ў места, відавочна, каб зьнішчыць конкурэнцыю. З монополіі выключана было толькі шкло вэнэцыйскага вырабу.

Гандаль і прамысловасьць, якая нараджалася, прываблівалі да Вільні рабочых. Ужо граматай 1547 году закладаецца ў Вільні біржа працы, адводзіцца асобнае месца, дзе адбываецца найманьне прышлых рабочых.

Гарадзкі ўрад павінен быў наглядаць за тым, каб ніхто ня ўхіляўся ад утварэньня ўмоў з рабочымі ў паказаным месцы каля ратушы.

Згуртаваньне пакупнікоў у Вільні выклікала спэкуляцыйнае падвышэньне цэн. Гэтая акалічнасьць прымушала вышэйшую ўладу прымаць меры да ўрэгуляваньня цэн і да барацьбы з спэкуляцыяй. Так, вызначаўся час, калі перакупнікі могуць купляць харчовыя запасы. Выдаваліся і іншыя распараджэньні, накіраваныя супроць перакупнікаў, калі нават апошнія належалі да ліку панскіх падданых.

Цяпер пяройдзем да Дзьвінскага кірунку. Пунктам, які прыцягваў да сябе гэты кірунак, была Рыга. Аўтар другой паловы XVI сталецьця, Ніенштэдт, паведамляе аб Рызе, што ў гэтым горадзе быў вялікі склад тавараў. Як узімку, так і ўлетку сюды падвозяць усялякага роду хлеб і іншыя тавары. Па Дзьвіне з далёкай Расіі вязуць на плытох, чаўнох і стругох многа вялізных бярвеньняў, будаўнічы лес і дровы, попел, смалу, збожжа, каноплі, лён, скуры, воск, сала, канаплянае масла, канаплянае насеньне і іншыя тавары. А сюды вязуць тавары з Літвы, Курляндыі і Лівоніі. Усе гэтыя тавары прадаюцца ў Рызе, адкуль ідуць за мора. Шмат караблёў з розных месц прывозяць у Рыгу соль, селядцоў, дарагія палотны, шаўковыя тканіны, розныя мэталічныя дробныя тавары, віно, піва, харчовыя запасы, бакалею, усялякія спэцыі, жалеза, чырвоную медзь, дыну, волава, адным словам, усё, „што толькі патрэбна людзям, усяго прывозяць даволі". Штогод многія сотні суднаў нагружаюць скурамі і іншымі таварамі. Гэта быў росквіт Рыгі. Яшчэ ў першыя гады XVII сталецьця з Віцебску было адпраўлена 48 стругоў і 8 плытоў, нагружаных таварамі. Усё гэта былі тыя-ж знаёмыя нам продукты.

Галоўнымі беларускімі местамі, якія стаялі на шляху да Рыгі, былі Віцебск і Полацак. Праз гэтыя месты праходзілі тавары болей далёкіх пунктаў: Вільні, Смаленску, Магілёва, Воршы, Белага, Тарапца, Вяліла, Усьвята і іншых. Галоўнымі ўвознымі таварамі тут былі соль і селядцы. Галоўным вывозным яшчэ ў XVІ сталецьці быў воск, які потым уступае месца лесу і хлебу. Воск вывозілі дажаваны, соль увозілі ў торбах. Гэта ёсьць пераважна летнія тавары. Зімнімі таварамі былі: усякае жалеза, патэльні, лемяшы, сякеры, косы.

Праз Полацак праходзілі і маскоўцы на сваіх стругох[1], часам з пасажырамі, „прысаднікамі", з дробным таварам. Урэшце, Рыскі порт, як і ў болей даўнюю эпоху, адзначаўся тым, што рыскія гандляры стараліся эксплёатаваць беларускіх і ўтваралі шэраг перашкод, рабілі ўціскі...

У пачатку XVIІ сталецьця палачане скардзіліся, што рыжане парушаюць старыя прывілеі, самі са сваімі таварамі праяжджаюць міма Полацку, у самой Рызе бяруць „незвыклые податки и мыта", ужываюць няправільную вагу. Бракаваньнетавараў несправядлівае. З другога боку палачане і віцябляне зацягвалі выплату запазычанасьці рыжанам. У 1701 годзе каралеўскі камісар Рыбінскі зьявіўся ў Віцебск з 1000 чал. саксонскае пяхоты для спагнаньня запазычанасьці з віцяблян, але наогул мы сустракаем болей скарг на рыскія парадкі.

У пачатку XVIII сталецьця аб Рызе існавала зданьне, як аб месьце „зусім бяспраўным, якое ня ведае ніякага іншага закону, апроч хітрых маккіавельлеўскіх штук на шкоду для чалавецтва".

Трэба, урэшце, заўважыць, што найвялікшы росквіт рыскага гандлю належыць да XVI сталецьця, а ў XVII сталецьці з пераходам яе пад уладу швэдаў, паўстае так многа труднасьцяй, што яны перашкаджалі правільнаму гандлю. Зразумела, гэтаму дапамагаў і агульны заняпад вытворчасьці суседняе Беларусі.

Нашыя веды аб увозе і вывазе па іншых мытніцах значна слабейшыя.

Захавалася мытная кніга па Віцебскай мытніцы за цэлы 1605 год. Віцебск ляжаў на раздарожжы. Праз яго праходзілі ня толькі тавары, накіраваныя ў самае места альбо з места ў Рыгу, але яго мытніца адзначала і транзітны тавар, які ішоў з Масквы ў Рыгу, Магілёў, Вільню. Перавод на якую-колечы азначаную адзінку ўсіх прапушчаных праз Віцебск тавараў ёсьць справа немагчымая. Дзеля гэтага прыходзіцца прыблізна судзіць аб колькасьці тавараў па сродках перавозу.

Наагул, гэта ёсьць пэрыод заняпаду віцебскага гандлю. Ня дзіва загатам, што ў самае места ўвайшло адносна нямного тавараў на 36 падводах, 2 стругох, 2 поўстругох і 5 чаўнох, прытым пераважна рыначнага тавару (мёд, рыба) і радзей вывознага (пянька, скуры). Места Віцебск адпусьціла 42 падводы, З чаўны, 1 струг і 1 поўструг у розныя места. Сярод гэтага вывазу даволі многа скуранога тавару пайшло ў Менск. Апроч таго, праз Віцебск у Рыгу і Полацак прайшоў буйны тавар, у тым ліку панскі (відавочна, ня ўвесь падлічаны мытніцай): 43 стругі, 7 плытоў, 2 чаўны і З падводы з ляснымі таварамі, скураным таварам, пянькой, ільняным і канапляным насеньнем і хлебным зярном. Гэта і ёсьць запраўдны закардонны вываз Віцебскае акругі. Памер яго, як бачым, даволі нязначны.

Але, апроч таго, Віцебская мытніца прапусьціла значную партыю маскоўскага тавару з места Белага,— 16 стругоў, 2 поўстругі і 14 падвод. Гэта ўсё скураны тавар, часткова хутраны і маскоўскія вырабы: — рукавіцы, палатно, сярмягі, мыла.

Нарэшце, запісы Віцебскае мытніцы сьведчаць аб тым, што Віцебск быў буйным складачным пунктам скуранога тавару, часткова хутранога: 25 падвод гэтага тавару прайшло ў Магілёў. Хутры простыя, часткова маскоўскія, часткова, відавочна, беларускія (ваўкі, выдры, куніцы). Гуртаваньне хутранога тавару ў Магілёве наводзіць на думку, што ён там апрацоўваўся і падрыхтоўваўся для закардоннага экспорту.

У Вільню, як і ў Менск, ішоў пераважна скураны тавар (26 падвод, 1 струг, 2 поўстругі, 2 чаўны).

Па Ковенскай мытніцы ёсьць адрывак мытнае кнігі за красавік-май канца XVI сталецьця. Панскі тавар не рэгістраваўся на мытніцы. Загэтым галоўнага вывазу азначыць немагчыма, а ў Кралявец ішлі галоўным чынам хлеб і лес. Астатні двохмесячны вываз грубых тавараў можна было-б забраць у Бадзін таварны цягнік. Увоз даваў галоўным чынам соль, якой увезена ня меней за 70.000 пудоў за два вясеньнія месяцы. Адносна далейшай эпохі нашыя веды аб вывазе таксама не адзначаюцца багацьцем і дакладнасьцю. Мы ведаем, што Гданскі гандаль, які абслугоўваў галоўным чынам Польшчу, яшчэ рабіў значны водпуск хлебу да паловы XVII сталецьця, але потым пачынаецца хуткі заняпад яго. Ужо ў пачатку XVIII сталецьця вываз Гданску, згодна вестак, якія дае Корзон, часам падае да 2-3 тысяч лаштаў у год, г. зн. у 50-60 разоў меней за вываз паловы XVII сталецьця. (Урэшце, каля паловы XVIII сталецьця вываз Гданску падняўся, але ніколі ён не даходзіў да пэрыоду росквіту гданскага гандлю). Праз Кралявец у 1750— 1780-х гадох у сярэднім праходзіла каля 17.000 лаштаў чатырох найважнейшых хлябоў. Вываз Краляўца гэтае эпохі ўдвойчы меншы за адначасны вываз Гданску. Але, зразумела, у гэтым вывазе рашучая перавага была з боку Беларусі і Літвы. Калі судзіць па захаваўшыхся даных 1792 году, дык доля Літвы і Беларусі складала прыблізна ¾ агульнага вывазу.

Цэнтральная і ўсходняя Беларусь вывозілі свае тавары яшчэ праз Лібаву і Рыгу. На думку Корзона, Літва і Беларусь вывозілі праз гэтыя порты агулам на 14-19 мільёнаў злотых польскіх, у тым ліку на 3-4 мільёны злотых польскіх хлебу, г. зн. каля 11.000 лаштаў. Гэта вельмі прыблізны падлік. У кожным разе ясна, што ў вывазе пачынае пераважваць ня хлебны продукт, але лён, каноплі, пакульле. Водпуск лясных тавараў, жывёлы і скур ня граў ужо вялікае ролі.

Мала таго, вываз у значнай меры зьмяніў свой характар параўнальна з XVI сталецьцем у тым сэнсе, што раней мы бачылі спробы, і параўнальна даволі значныя, вывозіць некатарыя, хаця і грубыя, але ўсё-ткі апрацаваныя вырабы,— скураныя, ніцяныя і інш. Цяпер гэтыя прадметы зусім зьнікаюць з ліку прадметаў вывазу, калі ня лічыць некаторых апрацаваных вырабаў не мясцовае вытворчасьці, якія перасылаліся ў Расію. Гэта значыць, што некаторыя галіны мясцовае прамысловасьці, якія нараджаліся ў XVI сталецьці, з цягам часу заняпалі, не атрымаўшы разьвіцьця. Як мы бачылі, Полацак і Віцебск былі местамі, праз якія праходзілі тавары іншых местаў. Але і самі полацкія і віцебскія гандляры прымалі жывы ўдзел у гандлі. Бліжэйшы раён Падзьвіньня быў раёнам, куды ехалі гандляры з Полацку (у Вяжышчы, Бешанковічы, Улу, Чашнікі, Копцевічы і інш.) і скуплялі тут у сялян тавары. Гэтаму-ж дапамагаў і Віцебскі кірмаш.

Пакуль Смаленск быў пад уладай літоўска-беларускага князя, ён таксама прымаў удзел у рыскім гандлі. Маскоўскія купцы і ў пазьнейшыя часы хадзілі з Масквы ў Рыгу праз Дарагабуж і Смаленск.

Найбуйнейшым пунктам гандлю верхняга Падняпроўя з цягам часу зрабіўся Магілёў. Яго гандляры вялі даволі шырокія гандлёвыя зносіны. Мы бачылі, што Магілёўскія гандляры гандлявалі з Рыгай, Смаленскам, Віцебскам, бывалі ў Вільні, Менску, Кіеве, Жытоміры, Слуцку. Магілёўскія гандляры ахвоча езьдзілі ў чужыя краіны. У Люблін яны езьдзілі на тамашнія кірмашы 28 кастрычніка альбо 2 лютага. Адтуль яны прывозілі мануфактурныя альбо колёніяльныя тавары. Яны бывалі ў Таруні, Гданску, Гнезыіе, Краляўцы, Львове. Яны прабіраліся ў Маскву, а праз Смаленск таксама атрымлівалі маскоўскія хутры. Магілёўскае насельніцтва часта хадзіла на рыбныя промыслы на Украіну. Яны праз Кіеў хадзілі ў Калеў, Чаркасы, у Падолію і на Валынь. Усё гэта сьведчыць аб далёкім і шырокім кругу зносін.

Але, апроч таго. Магілёўскія гандляры з рэдкай энэргіяй будзілі мясцовы рынак. У мястэчках і сёлах Падняпроўя яны скуплялі пяньку, сала, лой, мёд прэсны, хлеб і, відавочна, тут-жа прадавалі далёкія прывозныя тавары. Можна адзначыць вельмі шырокую акругу, дзе ўсталіўся Магілеўскі скупнік: Копысь, Мсьціслаў, Крычаў, Прапойск, Рэчыца і нават Гомель, Ворша, Шклоў, Галоўчына, Бялынічы, Лукомль, Смаляны, Талачын, Глыбокае, Данілавічы і іншыя. Докумэнты, якія характарызуюць быт магілёўскіх гандляроў, пацьвярджаюць цесную сувязь іх з закардонным рынкам. Напрыклад, у пераліку прадметаў хатняга ўжытку пераважваюць рэчы, зробленыя і апрацаваныя з прывознага закардоннага матар'ялу, напрыклад: кашулі з коленскага палатна, расшытага шоўкам, альбо з палатна голяндзкага, швабскага, маскоўскага, адзеньне з сукна люнскага і іншых гатункаў, аксаміту і каразеі. Многа ўжывалася сукно мураўскае. Адзеньне падбівалася маскоўскімі хутрамі. Анталяжы ўжываліся голяндзкія. Нават простыя кажухі са скуры барана мелі каўнер, расшыты шаўковаю чырвонаю крайка#. І гэта адзеньне не заможнае клясы, а сярэдняга мяшчанства. Нават бедная мяшчанка з прадмесьця сярод адказаных ёй у тэстамэнт манаткаў мае ўсё-ж такі „сукман лионский синий“ .

Сьпісы тавараў, што паступалі на Магілеўскі рынак, таксама паказваюць, што ў крамах гэтага места можна было знайсьці ўсе закардонныя тавары, якія прыходзілі на Беларусь праз Польшчу, з Прыбалтыкі і з Масквы.

Да вышэйпрыведзенага агляду гандлю нам трэба дадаць яшчэ некалькі характарыстычных штрыхоў. Нам ужо прыходзілася зварочваць увагу на тое, што гандляры буйных гандлёвых местаў шырака захоплівалі дробныя рынкі, скупку па мястэчках і сёлах. Можна нават намеціць некаторую спэцыялізацыю ў тых мясцовасьцях, рынак якіх рабіўся слынным падвозам тых ці іншых тавараў. Вось некалькі прыкладаў: у Менск аколічныя жыхары звозілі для продажы хлеб. Тыя-ж крыніцы кажуць аб Чорнабылі, Мозыры, Пінску і Мераны. У Мозыр-жа на рынак звозілі мёд, прыводзілі жывёлу. Магілёў быў вядомы як рынак „зверя косматого“ , коняй і скур. У Мсьціслаў суседнія сяляне прыводзілі буйную і дробную жывёлу і прывозілі мёд прэсны. Рэчыца была рынкам продажы коняй.

Але наогул рынак складаўся з нямногіх тавараў, разьлічаных на далёкі збыт, і з рознастайнага сялянскага тавару, які везьлі на мясцовыя рынкі. Вось, напрыклад, сьпіс прадметаў, якія падвозіліся на рынак Магілёва і абкладаліся магілёўскім магістратам: мёд, лой, саланіна, замарожаная рыба (вазамі), салёная рыба (бочкамі), яблыкі (вазамі), гарэхі (вазамі), пшано, жывыя і бітыя сьвіньні, скуры, жывёла, хмель, воск, рагожы, кара і луб, сена, бярвеньні і іншы лясны матар'ял; прыносілі нават пляцёнкі дроў, драўлянае начыньне, смалу, дзёгаць, попел. Гэткім чынам, мясцовы рынак складаўся з самае рознастайнае сялянскае сыравіны.

Пакуль воск меў вялікае значэньне ў гандлі, дык яшчэ ў XVI сталецьці існавалі воскабойні, г. зн. прамысловыя заклады, дзе воск абчышчаўся, штампаваўся ў асобныя кругі і „цэхаваўся", г. зн. на ім клалі штэмпэль. Тут-жа адбывалася дзяржаўная скупка воску і спагнаньне з яго мытаў. Такія воскабойні былі ў Наваградку, Менску, Берасьці, Вільні, Полацку, Валкавыску, нават у такім маленькім мястэчку, як Пяшчатка. Былі воскабойні і ў іншых мясцох, напрыклад, у Бельску. За кардон вываз воску адбываўся галоўным чынам праз Ковенскую васковую камору. Аб маштабе вывазу воску можна судзіць па тым, што ў 20-х гадох XVI сталецьця праз ковенскую мытніцу праходзіла каля 1½ тысяч пудоў, г. зн. 1½ вагона ў год. На першым месцы стаяла віленская васковая камора, праз якую ў тыя-ж гады праходзіла каля 15 тысяч пудоў. Праз Полацак праходзіла каля 2.100 пудоў. Гандаль воскам, урэшце, у XVI сталецьці падае. Па захаваных справаздачах аб зборах васковага мыта можна бачыць гэты паступовы заняпад у другой полове XVI ста­лецьця, а ў самым пачатку XVII ста­лецьця вываз воску зьменшыўся ў 2½ разы параўнальна з паловай XVI ста­лецьця.

Гандаль ня быў вольны. Ён сустракаў шэраг перашкод ува ўрадавай політыпы, якая імкнулася выкарыстаць гандаль для павялічэньня прыбыткаў скарбу. Мяшчанскі гандаль быў сьціснуты прывілеямі шляхецтва. Нарэшце, постановы ратуш і самых гандлёвых таварыстваў мелі тэндэнцыю накладаць тыя ці іншыя забароны на гандаль. Яшчэ ў XVII ста­лецьці панаваў пагляд на гандаль, як на заняткі асобнага цэху. У Вільні і Магілёве, а, мусіць быць, і ў многіх іншых местах гандляры ўтварылі адзіную гарадзкую грамаду, гандлярскае брацтва, з мэтаю ўпарадкаваньня гандлю. Адпаведная пастанова, як на прычыну ўтварэньня брацтва, паказвае на тое, што ў места прыходзяць розныя людзі і займаюцца гандлем, ня прыносячы карысьці ні гандляром, ні месту, г. зн., іншымі словамі, аб'яднаньне гандляроў мае на мэце барацьбу з гандлярамі іншых местаў. У гандлярскую асоцыяцыю ўваходзяць толькі тыя асобы, якія запісаліся ў гандлярскі рэестр, унесьлі ў брацкую скрынку ўклад у 2 капы грошай і далі прысягу. Для гандляроў іншых местаў уступ у брацтва затруднёны быў тым, што гэтыя гандляры павінны былі спачатку давесьці сваё „почтнвое" пахаджэньне, раней упісацца ў мяшчанскі рэестр, а потым ужо прасіць аб запісе ў гандлярскі рэестр. У гэтае брацтва, як відаць, уваходзяць больш-менш буйныя гандляры, якія гандлююць прыводнымі таварамі. Купецкая грамада мае звычайны тып брацтва, цэху, яна мае свой дом, і яму падача магістратам права рэгуляваньня гандлю. Існаваў і інстытут гандлярскага вучнёўства, які складаўся перш за ўсё з сыноў гандлярскіх, а потым з прыкашчыкаў, якіх рэкомэндавалі іхныя гаспадары.

Гэткім чынам, у той пэрыод, калі ў Эўропе гандаль вызваляўся ад сярэднявечных інстытуцый, у нас гэтыя інстытуцыі мелі поўную сілу. Цэлы шэраг пастаноў накіраваны супроць вольнае канкурэнцыі. Статуты тых цэхаў, якія мелі сувязь з закупам сыравіны на рынку, у сваіх пастановах і праз свае органы змагаліся з тымі, якія купляюць раней за цэхавых братоў, не на рынку, ня ў пэўныя гадзіны і г. д. Так рабілі магілёўскія саладоўнікі. Магілёўскія рэзьнікі ўстанавілі парадак скупкі мяса і жывёлы, якую прыводзілі ў Магілёў. Яны ня толькі не дапушчаюць перакупнікаў, але ўстанаўляюць і роўнамерную закупку сябрамі цэху.

Рыбныя гандляры Магілёва, каб унікнуць конкурэнцыі ў закупцы сушанае рыбы, якая прывозілася ў Магілёў вялікімі партыямі, зрабілі паміж сабою наступную згоду: камісія ў складзе 4-х гандляроў аглядае прывезеную рыбу, вядзе перамаўленьні з гандлярамі, якія прывезьлі яе, закупляе, і купленая гэткім чынам рыба дзеліцца паміж усіх гандляроў. Дробныя закупкі можа рабіць кожны гандляр. Гэтая пастанова не датычыць паспалітых Людзей, якія могуць гуртам і ў розьніцу купляць прывезеную „гасьцямі“ рыбу.

Часам сам урад, у буйнейшым маштабе, дапамагае ўтварэньню асоцыяцый гандляроў для скупкі таго ці іншага продукту, напрыклад, для скупкі збожжа.

Гандлярскія асоцыяцыі выступалі часам на болей шырокі шлях у справе ўпарадкаваньня гандлю. Напрыклад, магілёўскія купцы ў 1698 годзе пастанавілі на год спыніць гандлёвыя зносіны з Прусіяй і Масквой, з прычыны рабункаў, якія адбываюцца ў межах Беларусі. Грамады гандляроў" выступалі на абарону сваіх інтарэсаў і г. д. Але голас мелі толькі гандляры буйных местаў, хаця нават права на Майдэборскі парадак не заўсёды яго забясьпечвала.

Гандляры дробных местаў, асабліва тых, якія знаходзіліся ў прыватных уладаньнях, падлягалі цалкам уладзестарастаў. Ня гледзячы на формальнае існаваньне Майдэборскага права, гандаль знаходзіўся ў надта ўціснутым становішчы. Праўда, гэта быў дробны мясцовы гандаль, але стараста імкнецца выжаць з яго столькі сокаў, што гандаль ня можа мець шырокага разьвіцьця і беспасрэднае сувязі з гандлёвымі асяродкамі. Напрыклад, у ратушных кнігах пароду Крычава ў палове XVIII сталецьця быў запісаны загад старасты такога зьместу:

Гандаль у Крычаве дазваляўся па пятніцах і нядзелях. На рынак прывозіліся пянька, воск, сьвечнае сала і іншыя тавары. Экономія абяцае купляць гэтыя тавары для экономіі па тэй цане, па якой будуць плаціць чужыя гандляры. Але ўвесь кароткі загад накіраваны супроць чужых гандляроў. Усе тавары, купленыя ў местах Крычаўскага стараства, ня могуць быць вывезены за межы стараства і абавязкова павінны быць прададзены толькі ў экономію. Мясцовым гандляром дазваляецца езьдзіць у некаторыя суседнія мястэчкі, у іншыя езьдзіць забараняецца пад пагрозай цяжкае астрожнае няволі. Але купленыя ў іншых мястэчках тавары прадаюцца ў Крычаве па тэй-жа цане, якая ўстанаўляецца ў Крычаве для аналёгічных тавараў мясцовае вытворчасьці.

І гэтае зьявішча не выпадковае. Хцівасьць шляхты і цяжкое грашовае становішча дзяржавы давілі на гандаль, трымалі яго ў ланцугах сярэднявечча і дапамагалі яго паступоваму заняпаду.

Гарадзкі гандаль знаходзіў сабе моцнага конкурэнта ў шляхоцкім гандлі, які быў бадай што звольнены ад мытаў.

Шляхта не плаціла мытаў за тавары, за продаж вырабаў сваёй вытворчасьці, а таксама бязмытна ўвозіла чужаземныя тавары „на свою потребу“, прычым патрэба гэтая разумелася тырана. Да некаторай ступені можна судзіць аб удзеле шляхты ў гандлі па захаваўшыхся ад канца XVI сталецьця вестках аб разьмеры бязмытнага пропуску шляхоцкіх тавараў. Наогул, шляхта ўвозіла і вывозіла тавараў у 5 раз меней, чымся гарадзкія гандляры. Але трэба зрабіць папраўку ў тым сэнсе, што шляхта плаціла мыта за тыя-ж тавары, якія яна ўвозіла звыш свае патрэбы.

Паказаныя суадносіны даюць некаторае паняцьце аб адносным маштабе таго і другога гандлю. Мала таго, калі ўзяць мытныя акругі, дык выяўляецца, што там, дзе быў больш разьвіты не шляхоцкі гандаль, там доля шляхоцкіх тавараў была меншая. Напрыклад, у Віленскім і Менскім раёнах шляхта правозіла толькі ⅛ тавараў, а ў Горадзенскім адну пятую. Наадварот, у Віцебскім раёне яна правезла трэцюю частку тавараў.

Гандлёвыя транспорты шляхты, асабліва па вывазе,, адзначаюцца буйнейшым маштабам. Наадварот, горадзкі гандаль наогул—дробны гандаль. Ён мае ўсе характэрныя рысы сярэднявечча. Сам гандляр асабіста едзе з таварам і па тавар. Гэта ёсьць гандляр рамесьнік. Нават такі буйны прадстаўнік гандлю, уласьнік друкарні, уласьнік гельды, як Ян Мамоніч, на шасьцёх вазох асабіста вязе свой тавар з Любліну. У гандлі пераважвае самотны гандляр, таварыстваў няма. апроч выключна рэдкіх выпадкаў.

Гандлёвы зварот ня мог быць шпаркім з прычыны цяжкасьці ўмоў перавозу тавараў. Нават на пераезд з Верасьня ў Люблін і назад патрабавалася два тыдні. Падарож з Берасьця ў Познань рабілі ў тры тыдні. Але Берасьце знаходзілася на мяжы дзяржавы. Гандляры лічылі лепшымі зімнія падарожы, што тлумачыцца і часам кірмашоў Люблінскага, Познанскага, Лейпцыгскага, і тым, што везьлі параўнальна лёгкі тавар. Буйны гандляр праяжджаў зімой, а дробны працаваў і ўлетку. Некатарыя з дробных гандляроў вельмі інтэнсыўна падвозілі тавары, зьяўляючыся, напрыклад, на Берасьцейскай мытніцы некалькі раз адзін за адным кожныя два тыдні.

Процэс скупкі тавараў быў нялёгкі. Каб сабраць транспорт у 450 юхцяй і 500 іншых скур і хутраў, г. зн. усяго на 2-3 вазы, два гандляры скуплялі гэты тавар у дзесяцёх розных асоб, прычым цэнтрам скупкі былі далёкія месты — Магілёў, Ворша, Мсьціслаў, Быхаў. Каб перакінуць гэтую партыю тавару ў Слуцак, адтуль у Берасьце і Люблін, патрабаваўся ўдзел многіх асоб і, зразумела, шмат часу.

Трэба адзначыць яшчэ адну важную акалічнасьць, што ўласна з беларускага боку гэты гандаль быў найболей актыўны, бо самі беларускія гандляры выяжджалі за кардон. Польскія гандляры рэдка зьяўляліся ў Верасьні. Яшчэ радзей прыяжджалі немцы з Балтыцкіх партоў.

У гэтым гандлі крэдыт, як відаць, граў вельмі малую ролю. Форма пісьмовага вэксалю мала ўжывалася. Толькі сярод яўрэйскіх гандляроў памінаюцца пазычальныя лісты.

Акт пазыкі проста абвяшчаўся перад войтаўскім радам. Цяжка сказаць што-колечы аб вышыні процанту. Ён не памінаўся ў заявах, праўдападобна, таму, што „гостинец“ альбо процант далучаўся да капіталу, які павінен быў быць зварочаны. Процант, як відаць, ня быў нізкім. Пазыкі былі дробныя. Аб труднасьці здабываньня грошай у крэдыт можна судзіць па тым, як нялёгка было дзяржаве ў гады лівонскае вайны знаходзіць грошы нават пад заставу вялікакняскіх добраў.

8. Заключныя ўвагі і эпоха падзелаў.

На папярэдніх старонках намі ня раз вызначаліся тыя нездаровыя зьявішчы, якія ўкараняліся ў экономічным і соцыяльным строі Беларусі. Паасобку адзначаўся заняпад тэмпу экономічнага жыцьця ў XVII і XVIII сталецьцях пасьля кароткага яго росквіту ў XV сталецьці. Становішча знадворнага гандлю складалася неспагадна.

Вытворчасьць краіны з ростам насельніцтва і па меры захопу земляробствам усё большае і большае колькасьці незанятых абшараў не перабудоўвалася і краіна ня выходзіла з стану вытворцы найгрубейшае сыравіны.

Аб прамысловасьці апрацоўчай, за выключэньнем млыннае справы, бадай што нельга казаць, бо толькі дзе-ні-дзе мы бачылі нязначныя сьляды яе. Яна і не магла ўтварацца ў такіх умовах, калі нават напярэдадні падзелу цэхавы строй меў поўную сілу і мог давіць на фабрыку, якая толькі нараджалася.

Мы павінны прызнаць факт зьбядненьня дзяржавы. Перш за ўсё гэта выяўляецца ў зьбядненьні сялянскае клясы. Яго становішча надта цяжкое. Краіна, у якой самая шматлюдная кляса знаходзіцца ў стане зьбядненьня і бяспраўя, нічога ня робіць для рынку, за выключэньнем покупу солі і гарэлкі, ня мае патрэб і ня можа іх разьвіваць.

Гарадзкая кляса існавала формальна. Местаў было шмат, але, апроч нямногіх, яны былі бедныя насельніцтвам. Як відаць, лік яго ў XVIII сталецьці не павялічыўся, а нават зьменшыўся параўнальна з XVI сталецьцем. Аб дробных мястэчках бадай што ня прыходзіцца гаварыць. Сярод некалькіх хат стаяць карчмы, прад якімі ў азначаныя дні прадаюць сіты, мётлы і гаршчкі. Вось тыповы малюнак Польска-беларускага гораду ў XVIII сталецьці. Пышныя Майдэборскія прывілеі не збаўляюць гарадзкіх жыхароў ад націску у боку шляхты.

Чалавек, на поясе якога вісела шабля, панаваў над усёй гэтай бяспраўнай масай сялян і мяшчан. Але шляхціц у масе таксама быў бедны. Правільней на яго трэба глядзець, як на прадстаўніка болей заможнага сялянства. І толькі невялічкая група вяльможных паноў фактычна панавала над усёю астатняю масай. Толькі двор буйнога і сярэдняга пана меў зносіны са знадворным сьветам, карыстаўся чужаземнымі вырабамі і сам зьяўляўся буйным экспортэрам. Гарадзкі гандляр толькі выпадкова, як квотнік або комісіянэр, мог прыняць удзел у панскім вывазе. Затое ён дастаўляў на панскі двор чужаземныя вырабы. Але дзеля таго, што дзяржава патрабавала бязупынна грошы і падымала мытныя стаўкі, дык увесь цяжар мытных збораў ляжаў на гарадзкім гандляры.

Ня гледзячы на ўсю перавагу свайго становішча, шляхта ўсё-ткі з зайздрасьцю глядзела на наймалейшыя праявы заможнасьці ў гарадзкой клясе і шляхам закону змагалася з яе выяўленьнем. Многім аўтарам XVIII сталецьця гандлёвая кляса здавалася багатай. Констытуцыі першае паловы XVII сталецьця нават забараняюць мяшчанам насіць шаўковыя адзеньні, дарагія хутры і інш.,— адным словам, яны накірованы супроць пышнасьці гарадзкое буржуазіі.

У гандлёвай політыцы сярод многіх іншых мер трэба адзначыць моцна ўсталяваную політыку цьвёрдых цэн. Яна адносіцца яшчэ да паловы XVI сталецьця, калі яна выклікалася патрэбаю рэгуляваць цэны, па якіх войска магло купляць провіянт.

У XVII сталецьці гэта ёсьць ужо зьявішча, якое руйнавальна ўплывала на гандаль і на ўвесь экономічны лад краіны. Цьвёрдыя цэны набываюць характар сталы і строга праводзяцца. Віленскія гандляры ў пачатку XVII сталецьця скардзіліся паном—радзе на тое, што таксы руйнуюць месты і гандаль: людзі павінны спосабам свайго жыцьця зрабіцца тунцамі ці вандаламі, альбо змураваць ці ўцячы ў казакі. Констытуцыі другое паловы XVII сталецьця ішлі да.лей: яны патрабавалі, каб гандляры за чужаземныя тавары бралі ад 3% да 7% прыбытку ў залежнасьці ад пахаджэньня гандляра. Так, яўрэі мелі права браць толькі 3% прыбытку, гандляры іншых местаў— 5%, а гандляры тутэйшага краю— 7%. Праўда, соймы 2-ое паловы XVIII сталецьця пачынаюць разумець патрэбу падтрыманьня гандлю, але меры, якія прымаліся соймамі, мелі часам якраз адваротнае значэньне. Толькі ў мытнай політыцы зроблена была паважная зьмена. Так, конвокацыйны сойм 1764 году скасаваў мытныя прывілеі шляхты, устанавіў адно „генэральнае“ мыта і даручыў скарбовым камісіям, якія ён-жа заклаў, клапаціцца аб гандлі, мануфактурах, мерах, вэксалёх і інш. Гэтыя меры былі пацьверджаны соймам 1775 году. Гэты зварот мытнае політыкі зьнішчаў самую галоўную перашкоду для разьвіцьця гандлю.

Але адносна разьвіцьця прамысловасьці соймавыя констытуцыі адышлі недалёка ад паглядаў сярэднявечча. У тэй-жа 2-ой палове XVIII сталецьця соймы неаднакроць выдаюць пастановы, накіраваныя супроць пышнасьці нешляхоцкіх станаў. Наадварот, адносна местаў соймавая політыка нярэдка зьяўлялася шкоднай. Канстытуцыя 1762 году дае шэраг амаль поліцэйскіх наказаў і некаторыя дробныя палёгкі гарадзкім жыхаром. Гэтая констытуцыя на практыцы вялікага значэньня ня мела, тым больш, што констытуцыя 1768 году аддала мяшчан пад уладу стараст як у пытаньнях адміністрацыйных, так і судовых. Гэта быў зварот даволі нечаканы—даручэньне ваўком апякаць авец, як кажа адзін дасьледчык. На старасту можна было скардзіцца асэсарскаму суду. Але гэта было справай нялёгкай, бо старасты хапалі і садзілі пад арышт тых, хто скардзіўся. Пачалася ўпартая вайна між старастамі і мяшчанамі, якая скончылася перамогай старастаў над местамі. Констытуцыя 1776 году, устаноўленая толькі для Літвы і Беларусі, зусім зьнішчыла Майдэборскае права для местаў і мястэчак гэтае часткі рэспублікі, захаваўшы Майдэборскае права толькі ў наступных 10 местах: у Вільні, Лідзе, Тронах, Наваградку, Ваўкавыску, Пінску, Менску, Мозыры, Берасьці і Горадні. Констытуцыйны акт тлумачыць гэтую меру тым, што іншыя месты і мястэчкі зьяўляюцца, сьцісла кажучы, земляробскімі селішчамі, і тым, што гарадзкія суды робяцца неадпаведнымі па падрыхтоўцы элемэнтамі. Гэтая мера выклікала выбух абурэньня ў розных колах і шэраг рэзкіх выступаў у друку. Брошуры таго часу адзначаюць, што з 1768 году пачаўся пэрыод гібелі местаў. Адзін анонімны аўтар апавядае, быццам каля 3.000 мяшчан выселілася ў Расію і Прусію.

Гэткім чынам, заняпад гаспадаркі местаў яшчэ болей быў падкрэсьлены эгаістычнай політыкай шляхты.

Орыгінальна, што ў гады росквіту мэркантылізму ні ў Польшчы, ні ў Літве не адчуваецца зьяўленьня новых кірункаў у галіне гандлёвае політыкі. Пануе ранейшы сярэднявечны варожы пагляд на гандляра. Гандаль зьяўляецца пагарджанаю справай.

Сярод іншых прычын, якія адмоўна ўплывалі на гандаль, трэба адзначыць дрэнны стан шляхоў. Тэорэтычна соймавыя констытуцыі выяўлялі клопат аб пабудаваньні мастоў, грэбель і інш. Але, калі пасьля далучэньня Беларусі да Расіі, зьявіліся ў нашым краі паштовыя шляхі, дык адзін з сучасьнікаў пісаў: „Хто ведаў край Беларускі да пераходу яго ў межы Расіі? Ён бачыў там дарогі вузкія, імшарыстыя, камяністыя, блытаныя, дзе сустракаліся тысячы небясьпек і нявыгод. Адным словам, там былі дарогі такія, якія і дагэтуль у нашым Палесьсі і Жамойці". І далей аўтар апісвае няхітрую пабудову Кацярынінскага шляху. Адсталы, у вялікай меры натуральны ўклад гаспадарчага жыцьця доўгі час задавальняў шляхту, але, прыблізна каля часу эпохі падзелаў, экономічнае зьбядненьне краіны, яе адсталасьць пачынаюць у ёзьнейшай меры непакоіць польскае і літоўска-беларускае грамадзянства. Аўтары таго часу пачалі разумець, што знадворны гандаль фактычна знаходзіцца ў руках чужаземцаў. Захапленьне чужаземнымі таварамі, і значыцца, патрэба набываць іх за хлеб, лён і пяньку даводзяць да роспачы такіх патрыётаў, як Сташыц і іншыя. Убогі хлоп, стомлены бязульніцаю працай без усялякіх патрэб, зьвязаных з рынкам, - пачынаў калоць вочы. Марнатраўства панскага двара, маса слуг,— усе гэтыя зьявішчы пачалі адчыняць вочы прадстаўніком польскае і беларускае інтэлігенцыі. Пагрозы політычнага жыцьця будзілі нацыянальныя пачуцьці. Але гэтыя рысы новых паняцьцяў у канцы канцоў грунтаваліся на вельмі прыкметным зьбядненьні вышэйшае клясы, шляхецтва. Нават вялізарныя маёмасьці магнатаў ня вытрымлівалі пышнасьці, якая панавала. Зьбядненьне шляхты кідалася ў вочы. Адна частка яе, каб палепшыць свае справы, прадавала інтарэсы дзяржавы, але другая пачынала разумець, што корань зла знаходзіцца ў экономічпым базісе і што барацьба з зьбядненьнем павінна выяўляцца ў уздыме гаспадаркі. Гэта была думка правільная, але ў політычных адносінах безнадзейная. Адсюль ажыўленьне тагачаснае літаратуры, адсюль імкненьне да зьмены гаспадарчых формаў.

Запраўды, напярэдадні эпохі падзелаў мы наглядаем шэраг мерапрыемстваў, якія павінны былі дапамагчы ўзмацненьню гандлю, росту прамысловасьці і зьмяншэньню клясавых супярэчнасьцяў.

Найранейшаю думкай зьяўляецца думка аб паляпшэньні шляхоў, і перш за ўсё ў імшарыстым Палесьсі. Паміж 1778 і 1784 гадамі, дзякуючы энэргіі Мацея Бутрымовіча (пазьней пасла на 4-летні сойм), мясцовыя зямляўласьнікі будуюць два добра ўпарадкаваныя шляхі: адзін ад Слоніму да Пінску праз Лапшын, а другі з Пінску на Валынь. Першым шляхам Вільня і Менск выгодна злучаліся з Берасьцем і Варшавай. Сродкі на гэтыя шляхі былі дадзены галоўным чынам славутым гетманам Агінскім. Далей, нарадзіліся і былі зьдзейсьнены думкі аб злучэньні галоўных рэк каналамі. Першым быў пракапаны Агінскі канал, які злучыў Шчэру з Яцольдай і, значыцца, Дняпро з Немцам. У 1784 годзе прайшоў першы транспорт суднаў ад Херсону да Краляўца. Канал быў пабудаваны коштам таго-ж Агінскага. Ён-жа прабаваў правесьці яшчэ адзін канал пад Сьцятычавам, а Скірмунт— каналізаваць Пінскія балоты між Гаравахай і Веляцічамі. Вучоны ксёндз Францішак Нарвойт працуе над абчышчэньнем Немцу, на працягу трох год, згодна даручэньню літоўскае скарбовае камісіі. Ужо ў эпоху падзелаў быў скончаны Дняпроўска-Бугскі канал, які злучыў Піну з Мухаўцом, утокам Бугу. У 1784 годзе памянёны Мацей Бутрымовіч лёгка правёў па гэтым шляху, яшчэ ня зусім тады гатовым, першыя 10 суднаў у Варшаву і Гданск. Канчаткова канал быў гатовы толькі ў пачатку XIX сталецьця. Каля таго-ж часу зьяўляюцца проекты злучэньня Дняпра з Дзьвіною. Славуты вучоны Тадэуш Цацкі ў 1796 годзе, г. зн. ужо. пасьля падзелаў, падаў мэморыял аб карыснасьці гэтага каналу. Ён адзначае, што былая Менская губэрня ў раёне ракі Бярозы адрэзана ад Дзьвіны. Дзеля гэтага транспорт лясных матар'ялаў каштуе вельмі дорага і адбірае шмат часу.

Гэтым была пасунута наперад будоўля Бярэзінскага каналу, які быў скончаны расійскім урадам значна пазьней. Тады-ж зьяўляецца цэлы шэраг іншых проектаў аб злучэньні каналамі паўднёвых рэк з Нёмнам і нават з Ільменем.

Асабліва цікавы спробы аднаўленьня некаторых галін прамысловасьці. Толькі цяпер, у эпоху спаду дзяржавы і яе экономічнага зруйнаваньня, да Беларусі дайшлі ідэі мэркантылізму, і пачалася эпоха штучнага насаджэньня прамысловасьці альбо пасуваньня наперад яе ранейшых пачаткаў. Гэтае зьявішча ўласьцівае ўсёй аб'яднанай дзяржаве. Каля таго-ж часу ў Польшчы зьяўляюцца спробы ўтварэньня некаторых акцыянэрных кампаній і насаджэньня прамысловасьці з дапамогаю чужаземных капіталістах.

На чале прадпрыемстваў стаіць шляхта. Гэта ёсьць справа ня столькі капіталу, колькі інтэлігентнае шляхты, а загэтым і самыя прадпрыемствы будуюцца ня досыць практычна і не зьяўляюцца досыць моцнымі. Значную ролю ў гытым аднаўленьні прамысловасьці адыграла Беларусь.

У справе разьвіцьця прамысловасьці энэргічную дзейнасьць тут разьвінуў падскарбі надворны літоўскі Антоні Тызэнгаўзэн, якога падбухторваў да дзейнасьці кароль Станіслаў-Аўгуст. Ён атрымаў у арэнду ад караля надзвычайна багатую Горадзенскую эканомію і паставіў сабе за мэту— падняць Горадню і зрабіць з яе прамысловы асяродак.

Мы ўжо ведаем, што зьяўленьне ў гэтых мясцовасьцях суконных фабрык не магло быць выпадковасьцю, бо гэтая частка Палесься выдзялялася разьвіцьцём аўчарства.

Багатыя сродкі Горадзенскае экономіі шмат палегчылі задачу Тызэнгаўзэна. Трэба заўважыць, што па сваім характары гэты магнат быў крыху фантазёрам, але адначасна вызначаўся вялізарнай энэргіяй і здольнасьцю да вельмі рознастайнае дзейнасьці. Ён меў друкарні ў Вільні і ў Горадні, выдаваў Горадзенскую газэту, выдаваў кнігі, заснаваў некалькі школ і нават ботанічны сад.

У маёнтках, якімі ён кіраваў, ён. імкнуўся падняць прамысловасьць, асабліва лясную справу, і ў розных сваіх маёнтках і стар астах заснаваў шэраг фабрык: у Паставах палатняную фабрыку, гэткую-ж у Шаўлях, у Берасьці— суконную фабрыку. Але гэта былі вельмі бедныя заклады. Толькі навокал Горадні ў 1777 годзе такіх дробных фабрычных закладаў лічылася 15. Усё гэта былі спробы падняць розныя формы прамысловасьці. У 1780 годзе былі ўжо 23 розныя фабрыкі. Найбуйнейшай сярод іх была фабрыка шаўковых вырабаў, якая налічвала 62 варштаты. З ліку апошніх 24 былі спэцыяльна прызначаны для вырабу золататканых паясоў. Фабрыкай загадвалі французы. Суконная фабрыка мела 24 варштаты. Далей, сярод фабрык Тызэнгаўзэна была фабрыка залатых вырабаў, сталовае бялізны, панчошная, анталяжная, экіпажная, картачная. Прадмесьце Горадні— Гарадніца зусім зьмяніла свой выгляд: у ёй зьявіліся вуліцы з добрымі мураванымі і драўлянымі будынкамі. Аколічныя сёлы таксама былі прыцягнуты да працы.

Выдумкі Тызэнгаўзэна былі тыпова панскія. Ён выпісваў чужаземных майстроў для навучаньня падданых сялян.

Была спроба нават утварыць рабочую клясу, дзеля чаго былі ўзяты прымусова з падданых сямей хлопчыкі і дзяўчынкі і аддадзены ў навучаньне рамяству. Тызэнгаўзэн нават у школы гвалтам зганяў подданых сялян і прымушаў іх вучыцца мэдыцыне і хірургіі.

Ангельскі падарожнік Кокс апавядае, што ў прадпрыемствах Тызэнгаўзэна было каля 3.000 рабочых, у тым ліку і тыя, хто па вёсках былі заняты прадзеньнем воўны і льну. Але той-жа Кокс падрабязна спыняецца на становішчы падданых рабочых на фабрыцы. Яму жаліліся дырэктары, што хаця фабрычныя рабочыя атрымліваюць лепшае адзеньне і харчы, чымся іншыя сяляне, аднак, іх немагчыма прыцягнуць да заняткаў промысламі інакш, як толькі гвалтам. Кокс вельмі добра зразумеў, што гэта адбываецца так з прычыны рабскага стану рабочых: „Большасьць сярод іх мела на сваім твары выраз такога глыбокага суму, што маё сэрца балела, калі я глядзеў на іх. Лёгка было зразумець, што яны працавалі з прымусу, а ня з уласнага жаданьня".

Тызэнгаўзэн быў натурай схільнай да захапленьня і мастацкай. Гэта быў дылетант, які цікавіўся ўсім і ня меў дакладна азначаных вед. Ён усё пачынаў, але ня ўмеў чакаць канца, браўся за ўсё, як мэцэнат. Ня дзіва, што ў канцы канцоў прадпрыемства Тызэнгаўзэна трэснула, і справа скончылася мільённым дэфіцытам.

Тызэнгаўзэн быў найбуйнейшым зьявішчам у пэўных адносінах, але далёка не адзіным. Апошні падканцлер Літвы граф Яхім Храбтовіч у 1790 годзе будуе ў сваім маёнтку, Вішневе, першую і адзіную на Баларусі, доменную печ. Але гэтая выдумка існавала ўсяго 4 гады. Канцлер літоўскі Сапега ў сваім маёнтку, Бажаньне (у Слонімскім павеце), будуе суконную, папяровую і палатняную фабрыку, а яго брат Казімер у Кодні— суконную. Княгіня Ганна Ябланоўская ў Сямяцічах (на Падляхіі) утварае салетранкі майдан і наганную. Хаця гэтыя спробы былі няўдалыя, але ўсё-ж такі яны не прайшлі бясьсьледна, як, напрыклад, спроба Тызэнгаўзэна, бо з бегам часу Горадзенскі раён і запраўды зрабіўся фабрычным раёнам.

У гэтую-ж эпоху некаторыя вельмі невялічкія спробы ранейшага часу набываюць асаблівае протэктарства з боку беларускіх магнатаў. Так, княгіня Ганна Радзівіл, як відаць, яшчэ ў першай палове XVIII сталецьця, пабудавала ў сваіх маёнтках некалькі фабрык. У Налібоках яна заснавала шкляны Завод, у Яновічах— фабрыку шліфаваных каменьняў, ва Урэччы-—шкляны завод і фабрыку люстэрак, у Смолкаве фабрыку гліняных вырабаў, у Карэлічах шпалерную. У тых-жа Радзівілаў у Несьвіжы здаўна існавала дывановая фабрыка і вельмі вядомая фабрыка ўсходніх вырабаў у Слуцку.

Слуцак, як мы ўжо ведаем, здаўна быў даволі прамысловым гарадком. Гэта быў асяродак прамысловасьці і мастацтва. Тут славуты Г. Лейбовіч, родам з Несьвіжу, пісаў сваю галярэю Радзівілаўскіх портрэтаў. Княгіня УрсуляФранцішка Радзівіл, раджоная Вішнявецкая, жонка князя Міхала, якога празвалі „рыбенок", была вялікаю протэктаркай усялякага роду артыстычных талентаў. З гэтага скарыстаў нейкі Ян Маджарскі, армянін родам з Стамбулу, і з дапамогай Радзівілаў заснаваў у Несьвіжы фабрыку гобэленаў. Потым ён зьяўляецца ў Слуцку і робіць з князем Радзівілам умову адносна выпрацоўкі паясоў і іншых золатаі срэбратканых вырабаў пэрскае працы. Пры гэтым Маджарскі абавязуецца навучыць гэтай працы аднаго майстра. У канцы XVIII сталецьця на фабрыцы былі 24 варштаты, а ў пачатку XIX сталецьця толькі 12 з 30-ма рабочымі. На фабрыцы рабіліся рознастайныя матэрыі ў пэрскім гусьце. Цікава, што фабрычны штэмпэль пісаўся пабеларуску „Лео Маджарскі".

Але ўсе гэтыя спробы насаджэньня прамысловасьці былі ня болей, як панскія выдумкі, пад якімі часам хаваўся добры замер альбо перайманьне Захаду, але ня было здаровага разуменьня рэальнае рачавістасьці. Апроч суконных, ільняных і шкляных фабрык, усе іншыя мелі на мэце задаволіць утончаныя густы вяльможных паноў і грунтаваліся на падвозе чужаземнае сыравіны. Ня было разуменьня таго, што рамёствы і фабрыкі першага роду выпрацоўваюцца дзесяцігодзьдзямі, а фабрыкі, якія грунтуюцца на мясцовай сыравіне, павінны мець перш за ўсё мясцовы рынак для збыту.

Апроч таго, гэтыя спробы ў пераважнай большасьці робяцца якраз тады, калі Рэч Паспалітая ў гандлёвых адносінах накіроўвалася сваймі суседзямі. Так, мары аб каналах, якія вядуць з паўднёвае Беларусі да вусьця Віслы, паўсталі ў тую эпоху, калі кароль Прускі Фрыдрых Вялікі сыстэматычна падкопваў польскі і беларускі гандаль, жадаючы ўладаць Гданскам. Ён утвараў мытныя каморы, якія парушалі вольнасьці Гданскага порту і ў той-жа час ненатуральна падвышалі кошт вывазных тавараў. Ён дайшоў нават да таго, што выбіў два мільёны фальшывых талераў, якія распаўсюдзіў па Польшчы і Літве. Дагавор з Прусіяй 1775 году відавочна імкнуўся накіраваць польскі гандаль згодна прускіх інтарэсаў. Толькі пераход Гданску ў рукі Прусіі дапамог уздыму яго гандлю, г. зн. павялічэньню наплыву польскіх-жа тавараў.

Гандаль з Аўстрыяй у эпоху падзелаў ня меў вялікага значэньня, бо Польшча нічога ня вывозіла ў апошнюю, а да сябе ўвозіла толькі пераважна вэнгерскае віно. Зносіны з Прычорнамор'ем спыніліся яшчэ ў XVII сталецьці, калі Турцыя захапіла цытадэлі на паўночным беразе Чорнага мора. Але паўднёвы кірунак гандлю адразу-ж набыў вялікае значэньне, калі Прычорнамор'е перайшло ў рукі Расіі. Трэба заўважыць, што гандлёвы трактат 1775 году, г. зн. зараз-жа пасьля першага падзелу, быў вельмі спагадны для Польшчы. Расійскі ўрад вельмі прадбачліва ўвёў шэраг ільготных артыкулаў для тае часткі Беларусі, якая яшчэ заставалася ў злучэньні з Польшчай.

Гэтыя артыкулы абвяшчалі вольны гандаль па Дзьвіне. Рыскі гандаль сольлю звольнены быў -ад усялякіх мытных збораў і монополіі. Нарэшце, Рыскі порт наогул абвешчаны быў у васабліва прывілейным становішчы.

З другога боку, захват Расіяй паўднёвых стэпаў і зьяўленьне расійскае гандлёвае флёты ў Дарданэлах вельмі ажывіла польскі гандаль, адцягнуўшы частку яго тавараў на поўдзень, што мела значэньне для ўздыму гандлю былое Рэчы Паспалітае.

Гандаль Віцебску хутка падняўся. Калі ў палове XVIII сталецьця лік суднаў, якія прыходзілі ў Рыгу за таварам, быў ад 300 да 600, дык з 70-х гадоў ён хутка ўзрастае, і на рубяжы XVIII і XIX сталецьцяў Рыскі порт прымае ў свае воды каля 1.000 суднаў у год. Зразумела, тут ужо была частка і расійскіх тавараў, але на долю Беларусі выпадала найвялікшая частка іх.

Беларускія гандляры хутка асвоіліся з новым пашырэньнем рынку, і ўжо ў апошнія гады XVIII сталецьця і ў першыя гады XIX Віцебск знаходзіцца ў шырокіх гандлёвых зносінах са Смаленскам, Харкавам, Пецярбургам, Масквой, Варонежам, Хэрсонам, Якабштадтам, Ліпецкам і інш. Гэтыя зносіны, між іншым, адзначаюцца шырокім крэдытам, якім карысталіся віцебскія гандляры ў гэтых местах. Па захаваўшыхся запісах протэставаных вэксаляў можна бачыць, што, напрыклад, у 1801 годзе было протэставана на 245 тысяч рублёў вэксаляў, выдадзеных у Віцебску. Ва ўмовах прымаюць удзел, галоўным чынам, гандляры і мяшчане і вельмі рэдка шляхта. Нават 10% гадавых, звычайных у тыя часы, можна лічыць нявысокім процантам, які паказвае, што крэдыт быў частым зьявішчам.

Гэткім чынам здавалася, што новая політычная сітуацыя абяцае лепшыя ўмовы для гаспадарчага жыцьця краіны. Праўда, пры канцы Рэчы Паспалітае і ў шляхоцкіх галовах пачалі нараджацца ідэі такой экономічнай і соцыяльнай політыкі, якая крыху палегчыла-б становішча ніжэйшых кляс і зрабіла-б іхнюю працу болей продукцыйнай у гаспадарчых адносінах. Чатырохлетні сойм ня выявіў асаблівага лібэралізму, але ўсё-ж у гэтую эпоху наглядаецца значна большае як раней разуменьне запраўднага стану рэчаў.

  1. Па Дзьвіне хадзілі судны розных назоў. У даўнейшыя часы памінаюцца „учаны"—судны вялікага тыпу. З XVI сталецьця памінаюцца стругі, ладзьдзі (чаўны) і плыты, часам поўстругі і шхуны. Найболей ужываным тыпам былі стругі, лайбы, якія падымалі да 12 тысяч пудоў. Правядзеньне іх па парогах патрабавала вялікае спрытнасьці, дзеля чаго на Дзьвіне былі асобныя лоцманы, якія самі ўладалі стругамі альбо наймаліся праводзіць чужыя стругі. Каштаваў струг 300 коп грошай.