Перайсці да зместу

Соцыяльна-палітычныя погляды Кастуся Каліноўскага (Лушчыцкі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Соцыяльна-палітычныя погляды Кастуся Каліноўскага
Гістарычная праца
Аўтар: Іван Лушчыцкі
1949 год
Крыніца: Полымя, 1949, №8

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СОЦЫЯЛЬНА-ПАЛІТЫЧНЫЯ ПОГЛЯДЫ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА

І. ЛУШЧЫЦКІ

Дактарант Акадэміі Навук БССР

Кастусь Каліноўскі —найбольш яркі прадстаўнік перадавой грамадскай думкі ў Беларусі другой паловы XIX стагоддзя... Ён вядомы як кіраўнік паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве, змагар за волю і зямлю народа супроць самадзяржаўя і памешчыкаў.

Яго светапогляд фармаваўся ў складанай соцыяльна-гістарычнай абстаноўцы.

Гэта быў перыяд вострага крызіса прыгоннага ладу і рэволюцыйнай сітуацыі ў Расіі і Беларусі, перыяд узнікнення і развіцця ў нетрах феадалізма новых буржуазных вытворчых адносін, перыяд абвостранай класавай барацьбы і росту сялянскага вызваленчага руху.

Сялянскі рух у Расіі і Беларусі, асабліва напярэдадні рэформы 1861 года, аказаў вялікі ўплыў на фармаванне ідэалогіі Каліноўскага і яго сяброў па барацьбе. У сілу гэтага ўплыву светапогляд Каліноўскага насіў ярка выяўлены антыпрыгонніцкі характар.

Складанасць соцыяльна-гістарычных умоў жыцця Беларусі характарызавалася радам абставін.

Беларусь была адсталай ускраінай царскай Расіі, краінай памешчыцкага землеўладання з досыць моцнай дыферэнцыяцыяй у вёсцы. Пры гэтым характэрна, што буйнымі магнатамі былі асобы з ліку пераважна польскага, а затым беларускага і рускага дваранства.

У Беларусі і пасля рэформы 1861 года захаваліся рэшткі прыгонніцтва, якія затрымлівалі капіталістычнае развіццё.

У памешчыкаў засталося ў асобных губернях Беларусі да двух трэцей усёй зямлі. Беларускі народ ніколі ў сваёй гісторыі да Вялікай Кастрычніцкай соцыялістычнай рэволюцыі не меў сваёй дзяржаўнасці. Тут соцыяльны прыгнёт дапаўняўся нацыянальным прыгнётам. Нават пасля ўз'еднання Беларусі з Расіяй, якое выратавала беларускі народ ад гвалтоўнай паланізацыі, польскія памешчыкі і ксяндзы пры падтрымцы беларускіх памешчыкаў і некаторай часткі апалячанай беларускай інтэлігенцыі, усякімі мерамі імкнуліся навязаць беларускаму народу сваю мову, сваю культуру, сваю веру, гэта значыць, паланізаваць беларусаў.

Гэтыя складаныя соцыяльныя і нацыянальныя адносіны ў Беларусі налажылі свой адбітак на светапогляд і дзейнасць Каліноўскага.

Пасля рэформы 1861 года ў мастацкай літаратуры і публіцыстыцы працягвалася барацьба двух класавых напрамкаў грамадскай думкі-ліберальнага і рэволюцыйна-дэмакратычнага.

Асноўным зместам дзейнасці рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў была рэволюцыйная барацьба з прыгонніцтвам і яго рэшткамі. Іменна у той час усе пытанні грамадскага жыцця зводзіліся да гэтай барацьбы.

Руская рэволюцыйна-дэмакратычная ідэалогія аказала вялікі прагрэсіўны ўплыў на развіццё перадавой грамадскай думкі ў Беларусі. Пецербург і Масква былі рэволюцыйнымі і культурнымі цэнтрамі, адкуль распаўсюджвалася рэвалюцыйна-дэмакратычная ідэалогія, навука і культура па ўсёй Расіі, у тым ліку і Беларусі.

Асобныя грамадскія дзеячы, пісьменнікі і іншыя прадстаўнікі інтэлігенцыі Беларусі заканчвалі сярэднія, а многія і вышэйшыя навучальныя ўстановы Пецербурга і Масквы. Многія з іх знаходзіліся пад ідэйным уплывам рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў. Рэволюцыйна-дэмакратычныя дзеячы Беларусі, як правіла, прымалі непасрэдны удзел у рускіх рэволюцыйных гуртках і арганізацыях.

На фармаванне светапогляду Каліноўскага аказала вялікі ўплыў руская перадавая грамадская думка-рускі рэволюцыйны дэмакратызм.

Вікенцій Канстанцін Сямёнавіч Каліноўскі нарадзіўся ў беларускай сям'і 21 студзеня (ст. ст.) 1838 года.

Жыццё і дзейнасць, тым больш светапогляд, Каліноўскага мала вывучаны. Па гэтаму пытанню ў літаратуры ёсць нямала выдумак.

Да гэтага часу не было дакладна ўстаноўлена, дзе ён нарадзіўся, соцыяльнае становішча яго бацькоў і рад іншых пытанняў біяграфічнага характару.

Нядаўна знойдзеныя намі новыя архіўныя матэрыялы даюць магчымасць станоўча адказаць на гэтыя пытанні.

Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў Мастаўлянах Валкавыскага павету, Гродненскай губерні, а не ў фальварку Якушоўка, як пішуць многія аўтары. У пасведчанні, якое выдана Сямёну Каліноўскаму (бацьку Кастуся) 1 снежня 1840 г., тэкст якога прыводзім ніжэй, сказана, што яго месцапражываннем тады, як і некалькі гадоў таму назад, былі Мастаўляны. Згодна дакументаў ад 23 красавіка 1848 г. сям'я Каліноўскага і далей пражывала ў Мастаўлянах.

У літаратуры да гэтага часу сцвярджалася, што бацька Каліноўскага быццам бы быў шляхцічам без памесця, адзін час быў дробным чыноўнікам, а затым прыказчыкам у невялікай ткацкай майстэрні. Усё гэта суцэльная выдумка. Сапраўды бацька Каліноўскага, дасканала авалодаўшы ткацкім майстэрствам, у канцы трыццатых гадоў ХІХ стагоддзя пабудаваў у Мастаўлянах невялікую ўласную фабрыку ільняных вырабаў. Гэта яскрава бачна з прыведзенага ніжэй пасведчання- атэстата:

«Я, Ігнаці Бондо, уласнік фабрыкі ільняных, баваўняных і шоўкавых вырабаў у горадзе Остраленка у Царстве Польскім... выдаю гэтае пасведчанне Яго высокаблагароддзю Сямёну Каліноўскаму ў тым, што ён, Высокаблагародны Каліноўскі, выкарыстаўшы мяне пры ўстанаўленні абсталявання машын для камчатных вырабаў, а калі-ж у яго месцапражыванні ў Мастаўлянах машыны былі ўстаноўлены, названы Каліноўскі, вывучаючы паўтара гады вытворчасць пад маім кіраўніцтвам, потым сам адзін на працягу двух гадоў, дзякуючы асаблівай сваёй стараннасці і намаганню, дасягнуў у ёй такой дасканаласці, што калі я паўторна прыехаў у Мастаўляны, то найшоў ільняныя і баваўняныя вырабы такімі выдатнымі, што ў сучасны момант яны ні ў чым не уступаюць па сваёй якасці замежным. Таму я лічу сваім абавязкам прызнаць высокаблагароднага Каліноўскага поўнасцю асвоіўшым вытворчасць названых вышэй вырабаў, а таксама і пражы. Сапраўднасць гэтага пасведчання завяраю пры сведках прыкладаннем пячаткі і ўласнаручным подпісам.

Остраленка, дня

19 лістапада

1 снежня

1840 года.

Ігнаці Бондо».

Затым Каліноўскі Сямён Сцяпанавіч сумесна з другою жонкаю, мачыхаю Кастуся, купляе невялікі фальварак Якушоўку ў Валкавыскім павеце. Напэўна, гэты фальварак быў куплены ў 40-х-пачатку 50-х гадоў ХІХ ст., бо ўжо ў 1851 г. бацька Каліноўскага просіць дазволу ўлады аб пераводзе фабрыкі з Мастаўлян у Якушоўку.

Дарэчы сказаць, сям'я Каліноўскага была зацверджана герольдзіяй у дваранскім званні пастановай № 9454, ад 13 снежня 1855 года.

Няма ніякіх даных аб тым, што Сямён Каліноўскі служыў на дзяржаўнай службе ў якасці дробнага чыноўніка.

Адказ на гэтае пытанне даў бацька Каліноўскага пры допыце яго ў Гродненскай следчай камісіі па палітычных справах 24 красавіка 1864 г.

Ён гаварыў: «Бацькі мае былі: Сцяпан і Церэзія Каліноўскія, у споведзі штогодна бываю, выхавання хатняга, у дзяржаўнай службе не быў, а займаўся вырабам сурвэтак і настольнікаў, пад судом і следствам не бый, жанаты быў два разы: ад першай жонкі, по прозвішчу Рыбінскай, меў 12 дзяцей, а ад другой, па прозвішчу Лазарэвіч, меў 5 дзяцей. З нерухомай маёмасці маю куплены папалам з жонкаю фальварак Якушоўка, пры якім лічыцца зямлі 220 дзесяцін».[1]

Такім чынам, бацькі Каліноўскага належалі да дробнапамеснага дваранства, якое яшчэ да рэформы 1861 года стала на капіталістычны шлях развіцця сельскай гаспадаркі, спалучаючы яе з прамысловымі прадпрыемствамі.

Мы падрабязна спыніліся на соцыяльным паходжанні Кастуся Каліноўскага не таму, што гэтаму пытанню надаем рашаючае значэнне ў фармаванні яго светапогляду, а для таго, каб аднавіць у літаратуры праўдзівы бок біяграфіі вядомага беларускага рэволюцыянера-дэмакрата.

Жыццё і дзейнасць Кастуся Каліноўскага, напоўненае змаганнем за інтарэсы народа, не патрабуе ніякіх прыхарошванняў, як гэта рабілася асобнымі аўтарамі. Іменна той факт, што Кастусь Каліноўскі, паходзячы з дробна-памеснага дваранства, аддаў сваё жыццё за інтарэсы сялянства, падкрэслівае, які вялікі ўплыў на яго светапогляд зрабілі соцыяльна-гістарычныя ўмовы жыцця Беларусі і ідэі рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў.

Паспяхова закончыўшы Свіслацкую прагімназію, пасля дадатковай падрыхтоўкі, Кастусь Каліноўскі ў 1855 годзе паступае на юрыдычны факультэт Маскоўскага універсітэта. Тут ён вучыцца некалькі месяцаў, а затым пераязджае у Пецербург і восенню 1856 года паступае на юрыдычны факультэт Пецербургскага універсітэта. 1 жніўня 1856 года Кастусь Каліноўскі імя рэктара Пецербургскага універсітэта падаў заяву наступнага зместу: «Жадаючы, для канчатковай асветы, выслухаць поўны курс навук па юрыдычнаму факультэту камеральнаму разраду, пакорна прашу Ваша прэвасхадзіцельства аб дапушчэнні мяне да прыймовых экзаменаў». Каліноўскі быў залічаны студэнтам юрыдычнага факультэта Пецербургскага універсітэта ў лік «сваякоштных», з вызваленнем ад платы за навучанне. Бацькі Каліноўскага не даюць матэрыяльнай дапамогі студэнту Кастусю. Па яго ўласнаму прызнанню, «пазбаўлены усіх сродкаў існавання», ён «прымушаны ўвесь вольны час накіроўваць на набыццё іх». Кастусь Каліноўскі дае прыватныя ўрокі. Гэта дае яму магчымасць зблізіцца з разначыннай інтэлігенцыяй і пазнаць жыццё розных класаў насельніцтва Пецербурга.

Нарэшце, Каліноўскаму становіцца не пад сілу прыватнымі ўрокамі здабываць сродкі існавання і паспяхова прадаўжаць вучобу. Каліноўскі -студэнт трэцяга курса універсітэта - просіць рэктара аб выдачы яму адначасовай дапамогі і «штомесячнай стыпендыі, як адзінага сродка, які даставіць мне,-піша ён у заяве.-магчымасць ўпаўне аддацца вучоным заняткам і рабіць поспехі на выбранай мною арэне». З трэцяга курса універсітэта Каліноўскі становіцца стыпендыятам. Штомесячна ён атрымлівае стыпендыю ў суме сямі рублёў. Аднак, не маючы дадатковых сродкаў існавання, ён вымушаны неаднаразова звяртацца да рэктара універсітэта аб выдачы яму адначасовай дапамогі. За час вучобы ва універсітэце Каліноўскі атрымаў 55 рублёў адначасовай дапамогі ад універсітэта.

Вясною 1860 г. Каліноўскі здае выпускныя экзамены за чацверты курс з агульнай ацэнкай - выдатна. Па рашэнню юрыдычнага факультэта ён быў выпушчаны з універсітэта з атэстатам кандыдата праў.

У Пецербургу ў той час канцэнтраваліся прадстаўнікі перадавой грамадскай думкі ў Расіі, а Пецербургскі універсітэт быў цэнтрам студэнцкага руху. Па выражэнню Н. В. Шэлгунова, «ва універсітэце тады пенілася вельмі моцна піва, ён быў, так сказаць, газаметрам, які паказваў вышыню і даўленне пароў; Чэрнышэўскі, Дабралюбаў былі прарокамі універсітэцкай моладзі, якая прыходзіла ў раз'юшанае захапленне ад таго, што яны знаходзілі ў радках, а яшчэ больш ад таго, што чыталі потым паміж радкамі. Чым смялей былі артыкулы, тым яны мацней дзейнічалі на студэнтаў, у асаблівасці, калі пабіваўся які-небудзь аўтарытэт і скідваўся з п'едэстала які-небудзь кумір»[2].

Факты сцвярджаюць, што Кастусь Каліноўскі прымае чынны ўдзел у студэнцкім руху і рэволюцыйных гуртках Пецербурга, у прыватнасці, ён уваходзіў у склад так званага «Польскага цэнтральнага рэволюцыйнага гуртка», якім кіравалі Сігізмунд Серакоўскі і Іасафат Огрызко.

У склад рэволюцыйнага гуртка ўваходзілі, галоўным чынам, асобы, якія паходзілі з Паўночна-Заходняга краю. Сюды ўваходзілі людзі розных поглядаў, пачынаючы ад рэволюцыйна-дэмакратычнага да ўмеранага і канчаючы яўна ліберальным і нават нацыяналістычным напрамкам. Натуральна, што ўнутры арганізацый вялася ідэалагічная барацьба гэтых напрамкаў. К. Каліноўскі быў адным з прадстаўнікоў, рэволюцыйнага дэмакратызма. Рэволюцыйны гурток знаходзіўся пад плённым уплывам вялікіх рускіх рэвалюцыянераў, дэмакратаў.

Капітан Гогель, следчы Віленскай следчай камісіі, вымушаны быў прызнаць, што «... усе, што запісаліся ў таварыства, так умела карысталіся творамі Герцэна, таямніча распаўсюджваючы гэты забаронены плод паміж дапытлівай моладзі, што неўзабаве набылі сабе прыхільнікаў і паміж рускай моладзі, якая, падрыхтаваная універсітэцкімі гурткамі, пачала запісвацца ў сябры наладжваемай палякамі цэнтралізацыі...»[3].

Друкаваныя працы вялікіх рэволюцыйных дэмакратаў, нелегальныя рэволюцыйныя пракламацыі, уся абстаноўка рзволюцыйнай сітуацыі ў Расіі напярэдадні рэформы 1861 года аказалі плённы ўплыў на фармаванне ідэалогіі Каліноўскага. У пецербургскі перыяд Каліноўскі фармуецца як рэволюцыйны дэмакрат і развівае актыўную рэвалюцыйную дзейнасць.

Пасля сканчэння Пецербургскага універсітэта Каліноўскі, па яго ўласнаму паказанню Віленскай следчай камісіі ад 30 студзеня 1864 г., робіць няўдалую спробу паступіць на службу ў Міністэрства дзяржаўнай маёмасці і іншыя ведамствы, затым едзе ў Вільню і Гродна для падшукання месца службы. Сапраўды, 2 сакавіка 1861 г. Каліноўскі на імя Віленскага генерал-губернатара В. І. Назімава падае заяву, у якой просіць залічыць на службу па яго ведамству. На гэтай заяве рукою Назімава напісана: «Об'явить о неимении вакансий».

З гэтага можна ўпаўне заключыць, што адразу ж пасля падпісання маніфеста 19 лютага 1861 года, Каліноўскі звяртаецца ў Беларусь. Гэта быў перыяд абвостранай класавай барацьбы ў сувязі з правядзеннем рэформы 1861 года. У 1861-1862 г. у Беларусі Каліноўскі праводзіць энергічную агітацыйную, літаратурную арганізацыйную работу па падрыхтоўцы паўстання 1863 года.

Каліноўскі да 17-гадовага ўзросту жыў у беларускай вёсцы; з ёй ніколі не парываў сувязі ў гады вучобы ў Маскве і Пецербургу. Жыццё сярод сялян дало яму магчымасць вывучыць беларускую мову, быт беларускага селяніна і рана пазнаць патрэбу, гора і бяспраўе прыгоннага селяніна. Гэтыя абставіны наклалі свой адбітак на фармаванне ідэалогіі маладога і ўражлівага Каліноўскага. Гэтым у вялікай меры тлумачыцца тое, што характэрнай рысай дзейнасці Каліноўскага з'яўлялася сувязь з працоўным народам, асабліва сялянствам, веданне яго жыцця, думак і надзей.

Кастусь Каліноўскі і Валер'ян Врублеускі-актыўны ўдзельнік паўстання 1863 года ў Беларусі, а затым генерал Парыжскай Комуны-задоўга да паўстання ўтвараюць у горадзе Гродна і Гродненскай губерні рэволюцыйную арганізацыю.

Іменна ў ходзе падрыхтоўкі і правядзення паўстання 1863 года канчаткова фармуюцца соцыяльна-палітычныя погляды Каліноўскага. Пераконаны ў тым, што поспех паўстання будзе залежыць ад ступені ўдзелу сялян, Каліноўскі, пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, пад клічкай Васіля Світкі доўга падарожнічае па вёсках Беларусі. Ён прапагандуе ідэю грамадзянскай свабоды, ідэю барацьбы з памешчыкамі і рускім самадзяржаўем. Ён прапагандуе ідэю, што будучае паўстанне павінна быць чыста сялянскім. Каліноўскі заклікае сялян да «сякеры», г. зн. да узброенага паўстання, заклікае сілай адабраць у памешчыкаў зямлю і перадаць яе сялянам без усякіх выкупаў.

Летам 1862 года ў Беластоку арганізуецца нелегальная друкарня. Каліноўскі разам з сваімі сябрамі наладжвае выпуск першай у Беларусі нелегальнай газеты «Мужыцкая праўда», якая выдавалася на беларускай мове лацініцай. Ён быў рэдактарам і аўтарам першых нумароў «Мужыцкай праўды». Вядомыя да гэтага часу сем нумароў гэтай газеты падпісваюцца псеўданімам Каліноўскага «Яська, гаспадар з-пад Вільны».

У чэрвені 1862 года ў Вільна пад назвай Літоўскага правінцыяльнага камітэта арганізуецца Літоўска-Беларускі камітэт па падрыхтоўцы паўстання 1863 г. У склад камітэта ўваходзілі прадстаўнікі розных соцыяльных груп і розных ідэйных напрамкаў. Унутры камітэта ішла барацьба паміж дэмакратычнай партыяй «чырвоных» і буйнапамешчыцкай партыяй «белых». Партыя «белых» галоўнай задачай лічыла аднаўленне незалежнай Польшчы ў межах 1772 года. Шлях да гэтага яна бачыла ва ўмяшанні замежных дзяржаў, якія пад уплывам паўстання прымусяць царскую Расію пайсці на задавальненне гэтага патрабавання. У гэтых мэтах яны імкнуліся выкарыстаць узброенае паўстанне, але яны, як чорт ладана, баяліся масавага сялянскага паўстання.

Дэмакратычная партыя «чырвоных» галоўнай задачай ставіла барацьбу з памешчыкамі і самадзяржаўем, звяржэнне гэтага грамадскага ладу як крайне несправядлівага, устанаўленне новага грамадскапалітычнага ладу з яго мужыцкай праўдай. Партыя «чырвоных» лічыла, што адзіным шляхам да гэтага з'яўляецца ўзброенае паўстанне народа.

Дзякуючы намаганням Каліноўскага і яго прыхільнікаў, партыя «белых» у Віленскім камітэце пацярпела паражэнне. Перамагла дэмакратычная партыя «чырвоных». Ужо ў жніўні 1862 года камітэт абнаўляецца, а яго дзейнасць прымае рэволюцыйна-дэмакратычны напрамак. У ходзе падрыхтоўкі і правядзення паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве Каліноўскі ўзначальвае дэмакратычную партыю, кіруе яе рэволюцыйна-дэмакратычным крылом і барацьбой з партыяй «белых».

Трэба адзначыць, што Каліноўскі ўвесь час трымае цесную сувязь з рускімі рэволюцыйнымі арганізацыямі ў Пецербургу, у прыватнасці з «Зямлёй і Воляй», якая арганізавалася ў 1862 годзе пры ідэйным удзеле Н. Г. Чэрнышэўскага.

Цесная сувязь Каліноўскага з «Зямлёй і Воляй» устаноўлена дакументальна. Капітан Гогель, былы следчы Віленскай следчай камісіі, пісаў: «У час прабывання майго ў Вільні Малахоўскі (Уладыслаў) пісаў з Пецербурга Каліноўскаму, што пазнаёміўся з рускімі рэволюцыянерамі (г. зн. з Камітэтам «Зямля і Воля». - І. Л.) і што на самой справе яны слабы, і што ён раіць Віленскаму камітэту дапамагаць ім для карысці рэвалюцыі, і прасіў іменна прыслаць ім адну ручную друкарню і даць на выдаткі як пазыку 500 рублёў срэбрам. Каліноўскі грошай не паслаў, але загадаў накіраваць па ўказанаму Малахоўскім адрасу друкарню...[4]

Сувязь Малахоўскага з арганізацыяй «Зямля і Воля» пацвярджаецца і вядомым землевольцам Л. Ф. Панцелеевым. «Яшчэ летам (1863 года.-І. Л.) прыязджаў з Вільны Малахоўскі, - піша Панцелееў,-і хаця гаварыў, што паўстанне ўсё больш і больш разгараецца, тым не менш упрашваў аб якой-небудзь дыверсіі. Але не паспеў я перадаць яму адмоўны адказ, як ён павінен быў бегчы з Пецербурга»[5].

З гэтага, бясспрэчна, вынікае, што Каліноўскі спецыяльна камандыраваў Малахоўскага ў Пецербург для ўзмацнення сувязі з рускімі рэволюцыянерамі.

Несумненна, што да паездкі Малахоўскага ў Пецербург Каліноўскі асабіста падтрымліваў сувязі з «Зямлёй і Воляй». Як відаць з паказання бацькі Каліноўскага Гродненскай асобай следчай камісіі, у кастрычніку 1862 года ці пазней Кастусь Каліноўскі апошні раз быў у бацькоў. «5 снежня 1862 года, - расказвае бацька Каліноўскага, - я атрымаў ад яго (Кастуся.-І. Л.) пісьмо, якое пісана з Пецербурга, і з гэтага часу, дзе ён знаходзіўся, што рабіў, мне зусім невядома.

Калі палкоўнік Казанэлі прыходзіў з атрадам і пытаў аб маім сыне, я яму усё расказаў і аддаў пісьмо, якое пісана з Пецербурга 5 снежня 1862 года».

Такім чынам, восенню 1862 г. - напярэдадні паўстання, Каліноўскі асабіста быў у Пецербургу. Есць усе падставы думаць, што ён у гэты час заканчваў апошнюю падрыхтоўку да паўстання і ўмацоўваў сувязі з пецербургскімі рэволюцыйнымі арганізацыямі.

Бясспрэчна, што, маючы зносіны з пецербургскімі рэволюцыйнымі арганізацыямі, Каліноўскі быў у курсе спраў рэволюцыйнай дзейнасці канца 50-х і пачатку 60-х гадоў і, несумненна, чытаў творы вялікіх рэвалюцыйных дэмакратаў, нелегальныя адозвы і пракламацыі розных рэволюцыйных гурткоў і арганізацый. Аб гэтым яскрава сведчыць тое, што ідэі першых нумароў «Мужыцкае праўды», рэдагаваныя, а то і пісаныя Каліноўскім, ідэі яго пісьмаў перад смерцю ва многім сугучны ідэям рускіх рэволюцыйных пракламацый і адозваў 60-х гадоў.

Каліноўскі правільна ацэньвае значэнне вызваленчага руху ў Расіі, значэнне барацьбы сялян Расіі супроць памешчыкаў, заяўляючы ў «Мужыцкай праўдзе» № 3, што гэтая барацьба з'явілася адной з прычын, якая вымусіла самадзяржаўе правесці рэформу 1861 года.

∗             ∗

Аб соцыяльна-палітычных поглядах Каліноўскага можна меркаваць па газеце «Мужыцкая праўда», яго пісьмах перад смерцю, адозвах і загадах і, перш за ўсё, яго арганізацыйна-практычнай дзейнасці. Яны, бясспрэчна, пацвярджаюць, што Каліноўскі быў рэволюцыянерам-дэмакратам.

Да светапогляду і дзейнасці Каліноўскага ўпаўне прымяніма ленінская характарыстыка асноўных рыс светапогляду рускага рэволюцыйнага дэмакратызма.

Разгледзім пытанне з гэтага пункту погляду.

Варожасць да прыгонніцтва, барацьба з яго рэшткамі складала галоўны змест усёй літаратурнай і практычна-рэволюцыйнай дзейнасці Каліноўскага. Ён правільна ацэньвае царскі маніфест 19 лютага 1861 года, паказваючы, што ўсе абяцанні перадаць народу зямлю і волю, гэта -абман, пустыя словы. Ад цара і памешчыкаў, гаварыў Каліноўскі, -сяляне не атрымаюць ні зямлі, ні волі. Гэта справа рук саміх сялян.

«Шэсць гадоў ужо мінула, як пачалі гаварыць аб свабодзе мужыцкай. Гаварылі, талкавалі і пісалі многа, а нічога не зра білі. А гэты маніфест, што цар з сенатам з панамі для нас напісаў, то такі дурны, што чорт ведае, да чаго ён падобны, ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці... Парабілі пісароў, пасрэднікаў, а ўсё за мужыцкія грошы і вялікія грошы-чорт іх ведае на што... А з гэтага то і відаць, што нам нічога добрага і не думалі зрабіці» («Мужыцкая праўда», № 1).

Далей Каліноўскі ў «Мужыцкай праўдзе» і ў пісьмах перад смерцю ўскрывае легенду пра «цара-вызваліцеля». Ён паказвае, што царскі ўрад ашукаў народ. Царскі ўрад навязаў сялянам вялікія дзяржаўныя падаткі, якія дарэшты разбураюць сялянскую гаспадарку, дый да таго яшчэ захаваў паншчыну.

«Два гады таму назад, - гаворыцца ў «Мужыцкай праўдзе» № 3, -калі яшчэ ніякіх маніфестаў аб вольнасці не аб'яўлялі, народ у Пецербургу, Маскве і па цэлай Расіі пачаў вельмі крычаць, што калі ўрад не дасць яму вольнасці, дык ён цэлаю грамадою 19 лютага збунтуецца: тады цар, бачу, збаяўся і вялеў сенатаві з'ехаціся, а народу аб'явіць, што ў посце вольнасць дастане... Цар, з сенатам паталкаваўшы, як мінула трывога, так і аб'явіў замест вольнасці маніфест, а у маніфесце прыказвае мужыкам служыць да часу паншчыну па-стараму, а па-новаму заплаціць больш грошай у казну на пісароў, пасрэднікаў, да і чорт іх ведае на што».

Ацэнка Каліноўскім маніфеста 19 лютага 1861 года ідэйна супадае з ацэнкай яго рускімі рэвалюцыйнымі дэмакратамі.

Думкі Каліноўскага ў «Мужыцкай праўдзе і ў пісьмах ідэйна супадаюць з палажэннямі пракламацыі Чэрнышэўскага «Барским крестьянам от их доброжелателей поклон».

«Чакалі вы, - піша Чэрнышэўскі, — што дасць вам цар волю, вось вам і вышла ад цара воля.

Ці добрая воля, якую даў вам цар, самі вы цяпер ведаеце... два гады застаецца ўсё паранейшаму, і паншчына застаецца, і памешчыку ўлада над вамі застаецца, як была. А дзе паншчыны не было, а быў аброк, там аброк застаецца, альбо які раней быў, альбо яшчэ больш ранейшага стане. Гэта на два гады, гаворыць цар. У два гады, гаворыць цар, зямлю перапішуць ды адмяжуюць. Як не у два гады! Шэсць год альбо дзесяць год правалочаць гэту справу»[6].

Адзначым таксама вялікае ідэйнае супадзенне думак Каліноўскага з пракламацыяй «К молодому поколению», якая складзена прыхільнікамі Чэрнышэўскага - Н. В. Шэлгуновым і М. І. Міхайлавым. «Калі маніфест аб волі, — гаворыцца ў пракламацыі,быў ужо гатоў і заставалася толькі аб'явіць яго, рускі ўрад перш за ўсё спужаўся; ён спалохаўся сваёй уласнай справы... І рашылі аб'явіць народу волю ў вялікім пасту... Гэта-ж урад думаў, што ён ашчаслівіць свой народ. Дзе-ж гэта чутна, каб чалавек шчаслівы пайшоў біць шыбы і калаціць сустрэчных? Калі-ж урад баяўся народа, значыць, ён меў прычыны яго баяцца. І сапраўды, прычына была... цар ашукаў чаканне народа - даў яму волю не сапраўдную, не тую, аб якой народ марыў і якая яму патрэбна»[7].

Вывучыўшы тэкст пракламацыі «к молодому поколению» і тэкст першых нумароў «Мужыцкай праўды», асабліва № 4, які напэўна пісаўся Каліноўскім, мы прыходзім да пераканання, што Каліноўскі, бясспрэчна, быў знаёмы з гэтай пракламацыяй. Часта паміж гэтымі дакументамі адзначаецца вельмі блізкае супадзенне.

Так, напрыклад, у пракламацыі «к молодому поколению» сказана: «Не народ існуе для ўрада, а ўрад - для народа. Такім чынам відавочна, што ўрад, які не разумее народа, не ведае яго патрэб... недастойны гэтага народа»[8].

А вось што сказана ў «Мужыцкай праўдзе» № 4: «... Добры ўрад глядзець павінен шчасце людзей, слухаць народ і рабіць так, як народу лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ўраду, а ўрад - для народу»[9].

Каліноўскі паказвае вельмі цяжкае становішча сялян, на якіх рэформа налажыла новы непасільны цяжар.

Сяляне патрабавалі зямлю, якая па праву належыць ім і паліта іх потам і крывёй. Цар ашукаў сялян. Ён адабраў у іх зямлю і перадаў яе памешчыкам. Цар дазволіў выкупіць толькі частку зямлі, за якую сяляне павінны плаціць памешчыкам па самай высокай цане.

Сяляне патрабавалі адмены непасільных пабораў. Цар навязаў ім новыя і больш буйныя паборы - дзяржаўныя падаткі. Нарэшце, каб утрымацца ва ўладзе і вырата ваць памешчыкаў, царскі ўрад устанавіў рэкруцтва, адбіраючы ў сялянскіх сямей іх кармільцаў. Каліноўскі ў простых і даступных селяніну словах растлумачвае, што рэформа 1861 года з'яўляецца рэформай у інтарэсах памешчыкаў і самадзяржаўя. Царскі ўрад свядома ігнараваў інтарэсы сялян, не прызнаваў іх патрабаванняў волі.

«Для таго цар спыняе вольнасць мужыцкую, гаворыцца ў «Мужыцкай праўдзе» № 4, - і спыняці будзе, для таго, што, калі ў паноў сто раз пытаў, якую яны хочуць даці вольнасць мужыкам, у мужыкоў і разу не спытаў, якой яны хочуць вольнасці. Ён знае, якая то вольнасць мужыцкая, ён ведае, што мужык хоча, каб ніхто не смеў драці з нікога для таго, як мы яго, ураду, так ён нашай вольнасці баіцца».

Каліноўскі растлумачвае ў «Мужыцкай праўдзе, што царскі ўрад абманвае народ на кожным кроку. Усе абяцанні цара і яго служак, гэта - абман, дарэмныя словы.

«Ждаць моўчкі, — гаворыцца ў «Мужыцкай праўдзе» № 7,- больш ужо не змога! Памяркуйце толькі, што думаюць цяпер зрабіць з намі. Абяцаў нам цар зямлю, чыноўнікі, папы... усе ў адзін голас дурылі нас, што цар нам шчыра думае ды дасць волю, справядлівую волю. І слухалі мы цара. Казаў ён яшчэ два гады служыць паншчыну, і паншчыну мы адбывалі. Наказаў цар некрута, далі мы яму і некрута, а самі моўчкі глядзелі, як нашых сынкоў ды братоў на край света пагналі. Накінуў нам падушнага — плацілі мы падушнае за жывых і ўмерлых, за дзяцей да за старцаў няду жых. Усе нас крыўдзілі, ды ўсе абдзіралі, і біў нас сільнейшы, крыўдзілі багатыя — а на тое нідзе не было справядлівасці... Падмануў-жа нас цар, а яго служкі - папы, чыноўнікі... падвялі нас, як чорт добру душу».

Барацьба з самадзяржаўем і памешчыкамі за зямлю, за волю, супроць непасільных царскіх пабораў, супроць рэкруцтва і іншых рэштак прыгонніцтва, была ў цэнтры ўсёй рэволюцыйнай дзейнасці Каліноўскага.

Каліноўскі ў адрозненне ад публіцыстаў ліберальнага кірунку ніколі не пісаў у слязлівым тоне аб цяжкім становішчы сялян. Яго творы і асабліва практычная дзейнасць прасякнуты не толькі духам варожасці да прыгонніцтва ва ўсіх яго праявах, але, галоўным чынам, духам барацьбы з соцыяльна-эканамічным ладам прыгонніцтва. «Мужыцкая праўда» і пісьмы Каліноўскага заклікаюць народ да барацьбы з самаўладствам і памешчыкамі, заклікаюць «Да сякеры», г. зн. да ўзброенага паўстання.

У сваіх публіцыстычных творах, у вуснай агітацыі і рэволюцыйнай дзейнасці Каліноўскі выступаў абаронцам свабоды, асветы і народнага самакіраўніцтва. «Мужыцкая праўда» № 1 пачынаецца палымянымі радкамі аб свабодзе народа. Каліноўскі з вялікай радасцю адзначае рост самасвядомасці народа. Цяпер настаў такі час, пісаў Каліноўскі, - калі людзі з сялян самі могуць пісаць і вучыць народ сапраўднай свабодзе і праўдзе. «О, загрыміць наша праўда і, як маланка, паляціць па свеце! Няхай ведаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, але яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўдай» [10].

Каліноўскі растлумачвае, што ў грамадстве справа пастаўлена так, што адны, г. зн. памешчыкі, эксплаатуюць і жывуць за кошт мужыкоў, а іншыя, г. зн. мужыкі, паншчыну адбываюць або аброк у казну плацяць. Ён тлумачыць сялянам, што народная свабода і свабода ў разуменні цара і памешчыкаў гэта - справы розныя. Не супадаюць іх класавыя інтарэсы, таму не можа супасці і іх разуменне свабоды. «... Нам не Маніфесты, а вольнасць патрэбна, -гаворыцца ў «Мужыцкай праўдзе» № 3, - і то вольнасць не такая, якую нам цар пажадае даць, а якую мы самі, мужыкі, паміж сабой зробім».

Каліноўскі, следуючы рускім рэволюцыйным дэмакратам, выступае абаронцам самакіраўніцтва, свабоды, асветы і культуры народа. Ён растлумачвае народу, што ў царскай Расіі няма справядлівай навукі ў школах, дзе навучалі-б жыць па праўдзе, не ашукваючы адзін другога. У царскіх школах не навучаюць дзяцей на роднай мове.

Вядома, што вялікадзяржаўныя шавіністы і польскія нацыяналісты зняважліва адносіліся да беларускай мовы. Яны называлі яе «мужыцкай», «сярмяжнай» мовай. У процілегласць нацыяналістам розных масцей, Каліноўскі выступае абаронцам беларускай мовы. Ён упершыню выдае на беларускай мове газету «Мужыцкая праўда». Ён праводзіў сваю публіцыстычную і агітацыйную дзейнасць сярод беларускіх сялян на іх роднай мове. Ён быў барацьбітом за народную, рэволюцыйна-дэмакратычную культуру і адным з заснавальнікаў беларускай літаратурнай мовы. Пісьмы Каліноўскага поўны аптымізма, веры ў сілу народа, веры ў асве ту і навуку. «Няма, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, — пісаў Каліноўскі, калі чалавек у галаве мае розум і навуку»[11].

Далей Каліноўскі паказвае, што няма праўды і справядлівасці ў царскіх судах. Царскія суды, гэта воўчая яма. У іх не разбіраюцца, хто праў, хто вінаваты. Няма ніякай гарантыі асобы. Царскія чыноўнікі і войска не дазваляюць народу нават застагнаць, калі ён зразумее, што яго ўжо занадта грабяць. Прыгнятаюць народ цар, яго ўрад, памешчыкі і чыноўнікі знізу да верху. Гэта ўсё таму, што усе яны аднаго поля ягады, усе дзейнічаюць заадно.

Паводле Каліноўскага, народу патрэбна такая дэмакратычная дзяржава, якая-б клапацілася аб народзе, дала-б яму самакіраўніцтва, не дапускала-б яго прыгнечання, устанавіла б гарантыю асобы, развівала-б сетку школ у краіне, у якіх дзеці навучаліся-б на роднай мове сапраўднай навуцы, дзе-б не было саслоўнай няроўнасці, Дзе б быў правільны суд, а войскі абаранялі інтарэсы народа.

Што такое свабода паводле Каліноўскага?

«Мы сёння ўсе ўжо ведаем, што чалавек вольны, -гаворыцца ў «Мужыцкай праўдзе» № 3- гэта калі мае кусок сваёй зямлі, за якую ні чыншу, ні аброку не плаціць, ні паншчыны не служыць, а калі і плаціць малыя падаткі, і то не на царскія стайні, псярні.. а на патрэбу цэлага народа, калі не ідзе ў рэкруты, чорт ведае куды, а ідзе бараніць свой край толькі тады, калі які непрыяцель надыйдзе, калі робіць усё, што спадабаецца і што не крыўдзіць бліжняга... калі вызнае тую веру, якую вызнавалі яго бацькі, дзяды і прадзеды. Вось што вольнасць значыць».

Такое разуменне свабоды Каліноўскім яшчэ раз паказвае, наколькі глыбока ён ведаў думкі і настроі сялян і жыў іх інтарэсамі. Гэта разуменне свабоды ва многім сугучна з разуменнем свабоды Н. Г. Чэрнышэўскім, Н. П. Огаравым і іншымі рэволюцыянерамі-дэмакратамі.

Напомнім, што Чэрнышэўскі ў пракламацыі «Барским крестьянам от их доброжелателей поклон» гаворыць: «Дык вось яна якая па праўдзе воля бывае на свеце: каб народ усяму галава быў, а ўсякае начальства міру пакорствавала, і каб суд быў праўдзівы і роўны для усіх быў-бы суд, і здзеквацца над мужыком ніхто не смеў, і каб пашпартоў не было, і падушнага акладу не было, і каб рэкруччыны не было. Вось гэта воля, дык воля і ёсць. А калі таго няма, значыць, і волі няма, а усё адно: спакуса у словах»[12].

У супроцьлегласць рознага рода лібералам, Каліноўскі ніколі не абмяжоўваўся ўздыханнямі і пажаданнямі свабоды і асветы: яго публіцыстычныя творы і вусная агітацыя прасякнуты заклікамі да барацьбы за зямлю і волю.

Нарэшце, важна падкрэсліць, што рэволюцыйны дэмакратызм Каліноўскага і яго прыхільнікаў характарызаваўся перш за ўсё іх адносінамі да сялянскай рэволюцыі, да ўзброенага паўстання.

Вядома, што рускі рэволюцыйны дэмакратызм ХІХ стагоддзя характарызаваўся тым, што соцыялізм і дэмакратызм у ім зліваліся адно цэлае. Гэта быў утапічны соцыялізм, бо шляхам сялянскага руху без спалучэння яго з рабочым рухам без кіраўніцтва рабочага класа сялянскім рухам нельга заваяваць соцыялізма. Аднак, соцыялізм рускіх рэволюцыйных дэмакратаў быў утапічным соцыялізмам рускага ўзору. У адрозненне ад заходнееўрапейскага утапічнага соцыялізма ён характарызаваўся тым, што падмацоўваўся самай рэволюцыйнай праграмай таго часу - праграмай сялянскай рэволюцыі. Гэтая праграма была глыбока распрацавана Н. Г. Чэрнышэўскім на аснове сялянскага руху пасля рэформы 1861 г.

Каліноўскі цвёрда засвоіў ад вялікіх рускіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў і, перш за ўсё, ад іх прызнанага правадыра Н. Г. Чэрнышэўскага, што адзіным сродкам знішчэння самадзяржаўя і ліквідацыі памешчыцкага землеўладання з'яўляецца ўзброенае паўстанне. Следуючы гэтаму перакананню, Каліноўскі заклікае сялян да ўзброенага паўстання.

Каліноўскі і яго прыхільнікі, следуючы рускім рэволюцыйным дэмакратам, мелі пэўную праграму сялянскай рэвалюцыі, якая ставіла сваёй задачай знішчэнне са мадзяржаўя, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам без усякіх выкупаў.

Змагаючыся супроць самадзяржаўя і памешчыкаў, Каліноўскі лічыў, што знішчэнне гэтых атрыбутаў прыгонніцтва прывядзе да агульнага шчасця народа. Ён змагаўся і марыў аб такім часе, «каб ніколі ніякай нікому, - гаворыцца ў «Мужыцкай праўдзе № 2, -мужыкі паншчыны не служылі і ніякага ў казну аброку не плацілі і каб на век вякоў народ наш быў вольны і шчаслівы».

Каліноўскі верыў, што вызваленне народа ад прыгонніцтва і самадзяржаўя прывядзе яго на векі вякоў да свабоды, шчасця. Мы пакуль што не маем даных, як Каліноўскі і яго сябры ацэньвалі сялянскую абшчыну і ролю сялян у будучым грамад скім развіцці. Аднак, вера Каліноўскага і кіруемых ім беларускіх рэвалюцыянераўдэмакратаў у поспех сялянскай рэволюцыі, вера ў тое, што вызваленне сялян ад прыгонніцтва і самадзяржаўя прынясе ім на векі вякоў свабоду, шчасце і агульнае шчаслівае жыццё, збліжае іх з утапічным соцыялізмам рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў.

Першыя нумары «Мужыцкай праўды», належачыя пяру Каліноўскага або рэдагаваныя ім, яго пісьмы перад смерцю прасякнуты заклікам да ўзброенага паўстання. Ён піша, што ад самадзяржаўя і памешчыкаў народ ніколі не атрымае ні зямлі, ні волі, бо яны, - гаворыцца ў «Мужыцкай праўдзе № 1, -не вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць. Но нядоўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржемся разам! А калі паны хочуць трымаць з намі, так няхай жа робяць па святой справядлівасці: бо калі іначай - так чорт іх пабяры! Мужык пакуль здужае трымаці касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе».

Заклікам да ўзброенага паўстання прасякнуты і іншыя нумары «Мужыцкай праўды».

«Дзяры з нас, цар, дзярыце з нас, чыноўнікі яго хаця да астатняй шкуры; но памятайце, што і на вас прыдзе пара, памятайце, што калі мужык разгуляецца, то, як свет шырокі, кроў ваша пальецца!» («Мукыцкая праўда» № 4).

Публіцыстычная і арганізацыйная рэволюцыйная дзейнасць Каліноўскага былі накіраваны на тое, каб паўстанне 1863 года ў Літве Беларусі ператварыць у сялянскую рэволюцыю. Сапраўды, паўстанне, якім кіраваў Каліноўскі, набыло шырокі размах масавага сялянскага руху. Паўстанне шырока распаўсюдзілася па ўсіх губернях Беларусі, асабліва ў Гродненскай, Мінскай і Віцебскай, а таксама па ўсіх губернях Літвы. Сяляне, узброеныя косамі сякерамі, палілі памешчыцкія маёнткі, знішчалі асобныя атрады царскага войска, забівалі памешчыкаў і царскіх чыноўнікаў. Вядома, што ў час крывавай дзейнасці Мураўёва-вешацеля прыходзілася ў сярэднім адно пакаранне смерцю на тры дні, а агульны лік прыцягнутых да адказнасці за ўдзел у паўстанні, па нашых падліках, складаў каля 40 тысяч чалавек.

Як бачна са сказанага вышэй, Каліноўскі па сваіх соцыяльна-палітычных поглядах і рэволюцыйнай дзейнасці быў адным з першых беларускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў, вучнем і паслядоўнікам вялікіх рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў, актыўна змагаўся за ажыццяўленне іх ідэй у Беларусі.

Каліноўскі не пакінуў спецыяльных навуковых прац, па якіх можна было-б меркаваць аб яго тэарэтычных поглядах. У вядомай меры гэта тлумачыцца тым, што малады і энергічны Каліноўскі не паспеў у дастатковай меры выявіць свой незвычайны талент. Царская шыбеніца абарвала жыццё Каліноўскага ў 26-гадовым узросце.

Каліноўскі перш за ўсё быў прафесіяналам-рэволюцыянерам, які актыўна змагаўся за ажыццяўленне ідэй вялікіх рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў.

Той факт, што ідэі рускага рэволюцыйнага дэмакратызма знайшлі сабе спрыяючую глебу у Беларусі, сведчыць аб вялікім падабенстве грамадскіх адносін рускага і беларускага народа.

Поруч з гэтым у Беларусі мелася некаторая адносная своеасаблівасць грамадскаэканамічнага жыцця. Каліноўскі ставіў і па-свойму вырашаў некаторыя соцыяльна-палітычныя пытанні, якія выцякалі з гэтай своеасаблівасці і патрэб грамадска-эканамічнага жыцця беларускага народа. У ліку іх былі пытанне аб характары і рухаючых сілах паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве, аб гістарычным мінулым Беларусі, аб соцыяльным і нацыянальным уціску з боку эксплаататараў і рад іншых. У гэтым сэнсе Каліноўскі быў самабытным і арыгінальным рэволюцыйна-дэмакратычным дзеячом.

У перыяд падрыхтоўкі і правядзення паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве выяві ліся адначасова з моцнымі, прагрэсіўнымі і некаторыя слабыя бакі ў светапоглядзе дзейнасці Каліноўскага.

Як сказана вышэй, яго светапогляд фармаваўся ў складанай соцыяльна-эканаміч най абстаноўцы. Каліноўскі жыў і змагаўся ў асяроддзі антаганістычных класаў і партый, з іх складанымі соцыяльнымі, эканамічнымі, культурнымі і рэлігійнымі адносінамі. Гэтыя супярэчнасці знайшлі сваё адлюстраванне у слабых рысах светапогляду і дзейнасці Каліноўскага.

Так Каліноўскі раздзяляў усе слабасці стыхійнага сялянскага руху. Таксама як стыхійныя сялянскія паўстанні без спалучэння з рабочымі паўстаннямі і без кіраўніцтва рабочага класа не маглі ператварыцца ў свядомы арганізаваны рух, так і яго кіраўнік Каліноўскі не мог мінаваць сваю эпоху з яе слабасцямі і абмежаванасцю.

Непаслядоўнасць і нерашучасць класа сялян і гарадской дробнай буржуазіі адбіліся у светапоглядзе і дзейнасці Каліноўскага. Гэта знайшло сваё выяўленне ў адносі нах Каліноўскага і яго сяброў да патрабаванняў па сялянскаму пытанню. Яны стаялі за перадачу сялянам без выкупа памешчыцкай зямлі, а на справе ажыццяўлялі маніфест паўстанцкага ўраду ў Беларусі і Літве ад 1 лютага 1863 г., па якому аддавалася панскім і скарбавым сялянам на вечныя часы ў поўнае ўладанне без чыншу і выкупаў толькі тая зямля, якую яны мелі да гэтага часу.

Заклікаючы народ на барацьбу, Каліноўскі і яго прыхільнікі нярэдка звярталіся не да будучага, а да мінулага. Пры гэтым у «Мужыцкай праўдзе і ў пісьмах Каліноускага іншы раз падфарбоўваецца гістарычнае мінулае беларускага народа.

Каліноўскі, змагаючыся супроць рэлігійнага прыгнёту, аддаваў перавагу уніяцкай веры, не разумеючы, што апошняя была мастом для пераходу ад праваслаўя да каталіцызма, гэта значыць, пракладвала шляхі паланізацыі беларускага народа.

Трэба адзначыць, што ў сваіх публіцыстычных творах Каліноўскі часта ўжывае слова «маскаль». Звычайна гэтае слова ў яго ўвасабляла царскі ўрад, чыноўніцтва, афіцэрства. Але гэты тэрмін іншы раз у «Мужыцкай праўдзе» і у пісьмах Каліноўскага ўжываецца неакрэслена і расплыўчата. Гэта гаворыць аб тым, што Каліноўскі іншы раз не бачыць, што есць дзве Расіі: Расія эксплаататараў і працоўных.

Дарэчы трэба адзначыць, што ў Каліноўскага ніколі не было варожасці да рускага, украінскага і другіх народаў. Ён са спачуваннем адносіўся да рускага, украінскага і другіх народаў Расіі. У пісьме да беларускага народа Каліноўскі звяртаў увагу, што царскі ўрад прыгнятае рускі народ, як і другія народы Расіі. Адзначым вельмі характэрную заяву Каліноўскага Віленскай следчай камісіі.

«... Расія хоча поўнага зліяння з сабою Літвы (маецца на ўвазе Беларусь і Літва — І. Л.) для дастаўлення шчасця тутэйшаму народу. Я не праціўнік шчасця народнага, не праціўнік і Расіі, калі яна дабра нам жадае, але праціўнік няшчасцяў, якія наведваюць край наш няшчасны». (Курсі наш.)

Пры ўсіх слабасцях і абмежаванасці светапогляду Каліноўскі быў і заставаўся рэволюцыйным дэмакратам, храбрым барацьбітом за справу працоўнага народа. Ён мужна і гераічна трымаўся на следстве. Віленская следчая камісія пагрозамі і абманам усякім чынам імкнулася дабіцца ад Каліноўскага выдачы яго прыхільнікаў па барацьбе. Ён з пагардай адкінуў гэтыя спробы ката. Каліноўскі гаварыў:

«Вырабіўшы працаю і жыццём свядомасць, што калі грамадзянская шчырасць складае дабрадзейства, то шпіёнства апаганьвае чалавека, што грамадства, якое пабудована на іншых пачатках, недастойна гэтай назвы, што следчая камісія, як адзін з органаў грамадскіх, не можа адмаўляць ва мне гэтых пачаткаў, што указанні мае аб асобах, якія робяць чыстасардэчныя прызнанні або аб якіх следчая камісія ведае іншым шляхам, не могуць садзейнічаць уціхамірванню края, -я палічыў неабходным заявіць следчай камісіі, што ў яе допытах у адносінах асоб, ёю ўказваемых, я пастаўлен іншы раз у становішча, якое не адпавядае яе жаданням, і павінен быць стрыманым у сваіх паказаннях па вышэйпамянёным прычынам. Заява гэта зроблена у той надзеі, што следчая камісія ўласцівым парадкам адхіліць безвыхаднае маё становішча». (Паказанне Каліноўскага ад 26 лютага 1864 г.)

Следчая камісія спытала Каліноўскага аб прычынах такіх перакананняў і напомніла яму аб выніках, наводзячы думку аб смерці, на што Каліноўскі смела проста заявіў: «Прычыны і вынікі мною добра абдуманы, а свядомасць тонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаю у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншаму шляху» (Там-жа).

Пераканаўшыся ў тым, што ад Каліноўскага нельга дабіцца выдачы яго прыхільнікаў і арганізацыі, якою ён кіруе, следчая камісія ў дакладзе аб Каліноўскім на імя Мураўёва-вешацеля вымушана была прызнаць, што «... характар паказанняў Каліноўскага не пазбаўлен шчырасці адносна асабістага ўдзелу яго ў справе мяцежа, зусім ухілісты і стрыманы ва ўсім, што датычыцца да ўказання асоб, з якімі Каліноўскі па роду сваёй дзейнасці несумненна меў зносіны.

Камісія неаднаразова выклікала яго да паказання ісціны, на гэтыя звароты Каліноўскі звычайна адзываўся, што назваць саўдзельнікаў сваіх не рашаецца, лічачы ўчынак такі шпіёнствам і ідучым супроць сваіх перакананняў».

На шыбеніцу Каліноўскі ішоў смела, з поўным сэрцам веры ў народ і яго светлае будучае. Ён ішоў на смерць з такой цвёрдасцю і ўпэўненасцю, з якою могуць паміраць толькі людзі, якія глыбока пераконаны ў праваце сваёй справы.

Нават перад смерцю ў сваіх пісьмах да беларускага народа Каліноўскі не страціў веры ў сілу народа і народнае паўстанне. У вершаваным лісце з Віленскай турмы Каліноўскі пісаў:

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві у шчасці, жыві у свабодзе,
І часам спамяні пра Яську твайго,
Што загінуў за праўду для дабра твайго.

А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна,
Дажджэш, Народзе, старасці свабодна.

На працягу дзесяцігоддзяў імя Каліноўскага, яго ідэі з'яўляліся прадметам вострай барацьбы паміж рознымі лагерамі грамадскай думкі. Гэтая барацьба пачалася адразу ж пасля смерці Каліноўскага.

З імем і ідэямі Каліноўскага адбылося тое, што не раз было ў гісторыі з многімі рэволюцыйнымі мысліцелямі і дзеячамі. Самадзяржаўна-памешчыцкая ўлада Расіі пры жыцці Каліноўскага праследавала яго, ганялася за ім па пятах. Пасля смерці афіцыйныя прадстаўнікі гэтае ўлады, ілжэгісторыкі, з нянавісцю ўспамінаючы Каліноўскага і скажаючы асвятленне яго дзей насці, усё-такі вымушаны былі аддаць яму некаторую даніну як сумленнаму і бескарысліваму рэволюцыянеру. Сучаснікі Каліноўскага, не толькі сябры, але нават і ворагі, вымушаны былі прызнаць, што ён быў высокародным рэволюцыянерам свайго часу, маральна бездакорным і бескарыслівым, заўсёды гатовым на самаахвяраванне. Так, член Віленскага камітэта «белых» — Якаў Гейштар, які асабіста ведаў Кастуся Каліноўскага, але меў з ім ідэйныя разыходжанні, вымушаны прызнаць: «Гэта была натура бурная, але простая і шчырая. Гэта быў чалавек, душою сэрцам адданы простаму народу і бацькаўшчыне, прасякнуты крайнімі тэорыямі... Ён быў непараўнальным, узорным канспіратарам, душою камітэта... Каліноўскі да канца заставаўся крайнім і не мог падняцца да беспартыйнасці»[13].

Высокую ацэнку Каліноўскаму дае сакратар Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэта розных скліканняў І. К. Яноўскі. У сваіх успамінах ён піша: «Кастусь Каліноўскі адзін з мацнейшых розумаў, якіх выявіла Польшча ў гэты час, чалавек, адданы душою і целам справе вызвалення народа, сапраўдны апостал беларускага народа, сапраўдны багатыр паўстання 1863 года»[14].

Высокародныя якасці Кастуся Каліноўяк чалавека вялікай сілы, волі і выключнай здольнасці вымушаны прызнаць нават паплечнікі Мураўёва-вешацеля В. Ратч, А. Масолаў і іншыя. Гэтыя якасці Каліноўскага прызнае гісторык П. Д. Бранцаў. Апошні дае такую характарыстыку Каліноўскаму: «Каліноўскі быў малады чалавек, 26 гадоў ад роду; сярэдняга росту, моцнага злажэння; меў круты, высокі лоб, чысты жорсткі твар выразныя вочы, насіў кароткія русыя валасы, зачесаныя назад. Каліноўскі ўладаў вялікім розумам і незвычайнаю сілаю волі і характара... Чалавека гэтага нельга было ні спалохаць, ні збіць з панталыку. Каліноўскі проста ішоў да сваёй мэты, не здрадзіў сабе і не зганьбіў сябе... баязлівасцю да самай смерці»[15].

Ворагі Каліноўскага аддавалі яму даніну для «ўцяшэння» працоўных, для іх абмана, імкнучыся апашліць і выпусташыць рэволюцыйнасць дэмакратычных ідэй Каліноўскага. На гэтым ідэйна зышліся эксплаататары ў асобе вялікадзяржаўнага шавінізма, беларускага і польскага нацыяналізма. Усе яны так ці інакш свядома скажалі рэволюцыйны бок светапогляду Каліноўскага, соцыяльны змест яго барацьбы, высоўваючы на першы план яе нацыянальныя моманты. Гэта рабілася з той мэтай, каб адарваць Каліноўскага ад рускага рэволюцыйна-дэмакратычнага руху, ад беларускага народа, за інтарэсы якога ён змагаўся ўсё жыццё.

Так, самадзяржаўна-памешчыцкія прадстаўнікі ўлады і іх «гісторыкі» (Мураўёў-вешацель, Масолаў, Ратч, Гогель і іншыя) усякім чынам імкнуліся паказаць Каліноўскага ў ролі польска-шляхецкага рэволюцыянера, простага агента Польскага Часовага ўрада. Гэта рабілася з той мэтай, каб паказаць паўстанне ў Беларусі і Літве як простую зацею польскіх памешчыкаў і, гэтым самым, адцягнуць ад удзелу ў паўстанні беларускіх і літоўскіх сялян, а таксама апраўдаць перад грамадскасцю жорсткія рэпрэсіі, якія прымяняюцца царызмам да ўдзельнікаў паўстанняў.

Аднак, жандармскія «гісторыкі» пры ўсіх іх імкненнях не змаглі затушаваць таго, што ў паўстанні 1863 года ў Літве і Беларусі былі два напрамкі: рэволюцыйна-дэмакратычны, які ўзначальваўся Каліноўскім, і польска-памешчыцкі, з якім змагаліся беларускія рэволюцыйныя дэмакраты на чале з Каліноўскім.

Беларускія буржуазныя нацыяналісты, фальсіфікуючы гісторыю, паказваюць Каліноўскага ў ролі першага беларускага нацыяналістычнага дзеяча, зачынальніка беларускага народніцка-эсэраўскага нацыяналізма. Адмаўляючы класавую дыферэнцыяцыю і класавую барацьбу ўнутры беларускага насельніцтва, буржуазныя беларускія нацыяналісты фальсіфікавалі гістарычныя факты і асвятленне ідэалогіі Каліноўскага.

Вялікадзяржаўныя шавіністы, польскія беларускія буржуазныя нацыяналісты ўсімі сродкамі абмана і фальсіфікацыі гістарычных фактаў імкнуліся адарваць Каліноўскага ад рускага рэволюцыйна-дэмакратычнага руху, замазаць рэволюцыйна-дэмакратычны змест руху, якім ён кіраваў, усякім чынам падкрэсліваючы і выстаўляючы на першы план нацыянальны момант барацьбы. Падобная фальсіфікацыя гісторыі рабілася для таго, каб скарыстаць вобраз Каліноўскага ў буржуазна-нацыяналістычных мэтах.

Адпор гэтым варожым нападкам на рэволюцыйна-дэмакратычны рух у Беларусі і Літве, які ўзначальваўся Каліноўскім, быў дадзены перш за ўсё класікамі марксізма-ленінізма, а таксама вялікімі рускімі рэволюцыянерамі-дэмакратамі.

Вядома, што Ф. Энгельс у пісьме да К. Маркса ад 8 красавіка 1863 года пісаў:

«Літоўскі рух (маецца на ўвазе паўстанне ў Беларусі Літве.-І. Л.) - зараз самы важны, таму што ён 1) выходзіць за межы кангрэсавай Польшчы і 2) у ім прымаюць вялікі ўдзел сяляне, а бліжэй да Курляндыі ён набывае проста аграрны характар»[16].

В. І. Ленін таксама высока ацаніў паўстанне 1863 года, лічачы, што яно «... набывала гіганцкае, першаступеннае значэнне з пункту погляду дэмакратыі не толькі ўсерасійскай, не толькі ўсеславянскай, але і ўсееўрапейскай»[17].

Яшчэ большае значэнне для агульна-дэмакратычнай барацьбы мела паўстанне ў Літве і Беларусі, якое прыняло ў 1863 г. масавы антысамадзяржаўны і антыпрыгонніцкі характар.

Вядома, што В. І. Ленін станоўча ацэньваў пазіцыю Н. Г. Чэрнышэўскага ў паўстанні 1863 г., які, падобна Марксу, умеў ацаніць значэнне паўстання 1863 г. для усерасійскай дэмакратыі.

З глыбокай цеплынёй піша Ленін аб пазіцыі Герцена, які выступаў у абарону паўстання 1863 г., супроць катаў Александра II, гэтым самым Герцэн выратаваў гонар рускай дэмакратыі.

Ленінская ацэнка пазіцый А. І. Герцэна і Н. Г. Чэрнышэўскага ў паўстанні 1863 года з'яўляецца метадалагічнай асновай для агульнай ацэнкі паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве і ацэнкі асобы кіраўніка гэтага паўстання — Каліноўскага.

Гэта тым больш правільна яшчэ і таму, што адносіны Каліноўскага да польскага паўстання сугучны з пазіцыяй А. І. Герцэна і Н. Г. Чэрнышэўскага. Каліноўскі неаднаразова заяўляе, што «... Польская справа (гутарка ідзе аб паўстанні 1863 года ў Польшчы.-І. Л.) -гэта нашая справа, гэта вольнасці справа» (з пісьма Каліноўскага перад смерцю).

Высокая ацэнка паўстання 1863 года ў Літве і Беларусі класікамі марксізма-ленінізма, а таксама вялікімі рускімі рэволюцыянерамі-дэмакратамі — гэта ёсць па сутнасці і ацэнка дзейнасці Каліноўскага як рэволюцыйнага дэмакратычнага дзеяча. Яна адпавядае думкам і надзеям беларускага народа, які захаваў у паэзіі, песнях і легендах светлы вобраз Каліноўскага і яго саратнікаў па барацьбе.

За што мы цэнім Каліноўскага?

Не за яго слабыя бакі і абмежаванасць. Мы цэнім Каліноўскага — мужнага і моцнага воляй рэволюцыянера, барацьбіта за свабоду народа, палымянага патрыёта сваёй радзімы за яго рэволюцыйна-дэмакратычныя погляды і дзейнасць, за сумленнае служэнне працоўнаму народу, за шчырую веру у народ і самаадданую барацьбу з памешчыкамі, самадзяржаўем і прыгонніцтвам у Расіі.


  1. Дарэчы сказаць, бацька Каліноўскага быў арыштаваны распараджэннем Валкавыскага павятовага іспраўніка і прадстаўлены ваеннаму начальніку Валкавыскага павета 9 красавіка 1864 г., а затым-у Гродненскую следчую камісію па палітычных справах.
    Пасля вызвалення з-пад арышту ў снежні 1864 г. быў узяты пад строгі нагляд паліцыі, пад якім і памёр у 1871 годзе ва ўзросце 77 год.
  2. Н. В. Шелгунов. Воспоминания. Изд. 1923 г., стр. 36.
  3. Е. В. Гогель. Иосфат Огрызко и Петербургский революционный ржонд в деле последнего мятежа. Вильно, 1866 г., стр. 33.
  4. Е. В. Гогель. Иософат Огрызко Петербургский революционный ржонд в деле последнего мятежа. Вильно, 1866 г., стр. 69.
  5. Л. Ф. Пантелеев. Из воспоминаний прошлого. 1934 г., стр. 293.
  6. Н. Г. Чернышевский. Барским крестьянам от их доброжелателей поклон. Цит. по книге М. Лемке - Политические процессы В России 1860-х годов, изд. 1923 г., стр. 320.
  7. Прокламация «К молодому поколению». Цит. по книге М. Лемке - Политические процессы в России 1860-х годов. Петроград, изд. 1923 г., стр. 62-63.
  8. Там жа, стар. 63.
  9. «Мужыцкая праўда» № 4.
  10. «Мужыцкая праўда» № 1.
  11. Пісьмы Каліноўскага да беларускага народа. Цыт. па кнізе А. Гілера-Гісторыя паўстання польскага народа ў 1861 1863 гг. (на польскай мове). Парыж, 1867 г., т. 1, стар. 335.
  12. Н. Г. Чернышевский. Барским крестьянам от их доброжелателей поклон. Цит. по книге М. Лемке-Политические процессы в России 1860-х годов. Изд. 1923 г., стр. 327.
  13. Воспоминания Якова Гейштора (на польском языке). Вильно. 1913 г., том 1. стр. 221-222. 235.
  14. І. К. Яноўскі. Успаміны аб студзенскім паўстанні, том 11, стар. 115 (на польскай мове).
  15. П. Д. Брянцев. Польский мятеж. 1863 г. Вильно, 1892 г., стр. 157.
  16. К. Маркс і Ф. Энгельс, творы, т. ХХІІІ,
  17. В. І. Ленін, творы, т. ХVII, выд. 3, стар. 457. стар. 142.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.