Сон (Шаўчэнка/Клімковіч)
Сон Верш Аўтар: Тарас Шаўчэнка Пераклад: Міхась Клімковіч Крыніца: Кабзар — с. 150—152 |
Горы мае высокія!
Не так і высокі,
Як прыгожы, харошыя,
Блакітны здалёку.
З Пераяслава старога,
З Воблае магілы,
Старадаўняй, як за Днепрам
Хмары ў небасхіле.
Іду я ціхаю хадою,
Гляджу, аж вунь перада мною
Нібыта здані выплываюць,
Нібыта з хмары выступаюць —
Абрыў высокі, гай, байрак;
Рад белых хатак выглядаюць,
Як дзеці ў белым па кустах,
Калі у схованкі гуляюць,
А далей наш сівы наш казак
Дняпро ў лугах цячэ і ззяе.
А вунь, чуць відна за Дняпром,
На ўзгорку дальнім, як каплічка,
Казацкай царкві невялічкай
Пахілы крыжык над сялом.
Стаіць даўно, запарожца
З Лугу выглядае…
І з Дняпром сівым размовай
Тугу разважае.
Глядзіць шыбамі старымі,
Як мяртвец вачыма
Зялёнымі, пазірае
На свет з дамавіны.
Мо’ чакаеш абнаўлення?
Не чакай той славы!
Твае людзі абкрадзены,
Ды панам лукавым…
На што яна, казацкая
Вялікая слава?!
І Трахцеміраў пад гарою
Раскідаў хаткі абы як,
Раскідаў з доляю благою,
Як торбы п’яны той жабрак.
Старое вунь Манастырышча —
Калісь казацкае сяло,
А ці такім яно было?..
Ды ўсё пайшло царам на йгрышча —
І Запарожжа, і сяло…
І манастыр той, і скарбніцу.
Ўсё ненажэрныя звялі!..
А вы? вы, горы, аддалі!!.
Бадай ніколі не дзівіцца
На вас, праклятыя!! Не, не…
Не вас я, горы, праклінаю,
А гетманаў і ляхаў зграю.
Даруйце, горы мае, мне
Высокія і галубыя,
Найпрыгажэйшыя, святыя!
Даруйце, богам я малю!
Я так яе, я так люблю
Маю Украйну, люд убогі,
Што пракляну самога бога,
Душу — і тую загублю!
Над Трахцеміравым высока
На кручы, нібы сірата
Ў Дняпры шырокім і глыбокім
Прыйшла тапіцца з гора, так
Стаіць адным-адна хаціна…
З хаціны відна Украіна
І ўся гетманшчына кругом.
Сядзіць сівы дзед каля хаты,
А сонейка перад закатам
Павісла нізка над Дняпром.
Сядзіць і глядзіць, а думы тыя.
Ідуць нязваныя… «Ай! ай!»
Стары прамовіў: «О, дурныя!
Так занядбали божы рай!..
Гетманшчына!!» У старога
Спахмурнелі вочы…
Дум цяжкіх-цяжкіх так многа
Выказаць ён хоча,
Ды не выказаў…
. . . . . . . . . . . . . . . . .
«Блукаў па свеце я нямала
Насіў і світку і жупан…
На што ўжо цяжка за Уралам
Вось тым кіргізам, але там,
Далібог, ім лепш жывецца,
Як нам на Ўкраіне.
Мо’ таму, што не хрысцілі
Іх хрыстовым імем?
Нарабіў ты, Хрысце, ліха!
А пераіначыў?!
Людзей божжых?! Каціліся
Неразумныя казачы
Буцны голавы за праўду,
За веру хрыстову,
Упіваліся чужою
І сваёю кроўю!..
А палепшалі?.. Ды дзе там!
Больш лютымі сталі,
Без нажа і аўтадафэ
Людзей закавалі
Дый мардуюць… Ой, ой, паны,
Паны хрысціяне!.. —
Заціх мой сівы дзед, замоўк з тугою,
Панік старэнькі буй-галавою.
Пад вечар сонца гай залаціла,
Дняпро і поле золатам крыла;
Бялее, ззяе сабор Мазепы,
Бацькі Багдана курган у стэпу;
Кіеўскім шляхам відаць магілы
Часоў даўнейшых, іх вербы ўкрылі;
З Трубайлам Альта між асакою
Сышліся разам, як брат з сястрою.
І ўсё навокал радуе вочы,
А сэрца плача, глянуць не хоча!
Развіталася да заўтра
Сонейка з зямлёю,
Выступае круглы месяц
З сястрою зарою,
Выступаюць яны з хмары,
І хмары заззялі…
А стары наковал глянуў,
Слёзы з вочай палі…
«Я малюся табе, божа,
Госпадзі вялікі,
Што не даў ты мне загінуць,
Нябесны ўладыка!
Што ты даў мне, божа, сілу
Перасіліць гора
І прывёў мяне, старога
На святыя горы,
Адзінокі век дажыці,
Цябе услаўляці,
І тваёй святой красою
Сэрца ўзвесяляці…
І пахаваць пабітае
Грахамі людскімі
На горах высокіх гэтых
І лунаць над імі…»
Выцер слёзы гарачыя,
Хоць немаладыя…
Ўспамінае свае леты
Даўныя, благія…
Дзе, як, калі што адбылося?
Што праўда, а што ў сне здалося?
І моры як пераплываў!..
І цёмны гай, зялёны гаю,
І чорнаброўка маладая,
І месяц з зорачкамі ззяў,
І салавейка на каліне
То заціхаў, то шчабятаў,
Святога бога услаўляў;
Было ўсё гэта на Ўкраіне!..
І усміхнуўся сівы дзед…
Бо можа, праўды недзе ж дзець —
Любіў дзяўчыну ён калісьці,
Ды разышліся, не сышліся,
Пакінула аднаго жыць,
Ў хаціне веку дажываці!..
Стары мой знову зажурыўся;
Хадзіў ён доўга каля хаты,
А потым богу памаліўся,
Пайшоў у хату начаваці.
А месяц хмараю спавіўся.
Вось які мне на чужыне
Сон аднойчы сніўся!
Зноў нібыта я на волю,
На свет нарадзіўся.
Дай жа, божа, калі-небудзь,
Хоць на старасць стаці
На тых гарах абкрадзеных
У маленькай хаце.
Хоць замучанае сэрца,
Прыбітае горам,
Сюды несці і пакласці
На Дняпроўскіх горах.
Орская крэпасць 1847