Сон (Маракоў)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Сон
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
Крыніца: http://old.knihi.com/marakou_v/



Я прыйшоў па радзімую, вольную сінь,
Пад асеннія свісты пажоўклых асін.
О, як сэрца застукала ў грудзі ізноў!
Так не стукала моцна і ўпарта даўно.
Дзе ты, лес кучаравы, задуманы лес,
Толькі дзе-нідзе хвоі, асіны і лазняк
Свае слёзы губляюць і роняць на глей,
Мо затым, што й для іх адцвітае вясна.

Я ніколі не думаў, не ведаў, што так
Мяне стрэне радзімы прывольны абшар.
І на сэрца кладзецца з трывогай рука,
І так моцна, так глуха галосіць душа,
Дзе прыгожасць, і сонца, і свежая цвець.
А так шкода... так шкода вясны і агня,
Чым гарэлі палі і зялёны дубняк
На шырокім прасторы вясновых завей.

І хоць знаю: ніколі не вернеш назад,
Што прайшло, адцвіло і памерла ў палёх,
Толькі сэрца так хоча прасторам сказаць,
Каб ізноў запалілі вясну над сялом.
О, тады з сваіх чулых і палкіх грудзей
Я аддам гэтым нівам палову душы,
Каб гарэў дыяментам залочаны дзень
І каб вечна прастор красаваўся і жыў!

Гэта сон!.. залацісты, задорысты сон!..
Хто яго мне навеяў ад вёскі і ніў?!
За акном той жа ўпарты прыбой галасоў,
За акном той жа брук і прасцяг камяніц.
Толькі сэрца яшчэ пад кашуляй дрыжыць
І рука піша песню сялянскай душы:
«Я прыйшоў на радзімую, вольную сінь,
Пад асеннія свісты пажоўклых асін».

(1926)