Перайсці да зместу

Сон Габруся

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сон Габруся
Апавяданне
Аўтар: Міхась Чарот
1921
Крыніца: http://knihi.com/Michas_Carot/Son_Habrusia.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сонца ўжо даўно схавалася за бор, і ноч, нібы чорная коўдра, пакрывала ўсход.

Пастухі папрыганялі з палёў.

Касцы і жнеі вярталіся дахаты, і адгалос іх песень ліўся далёка-далёка па лесе…

Прайшло з паўгадзіны, і зусім сцямнела. Вёска патрошку стала засыпаць… Толькі па дварэ сельскага савета чулася моцная гутарка…

— Браточкі, — гукаў Нічыпар, — гэта ж людзі ноч расхапаюць, а мы ўсё спрачаемся…

Але яго словы ледзьве можна было распазнаць паміж той гамарні, якая цяпер тварылася на дварэ.

— Ну, ціха! Дайце мне сказаць колькі слоў, — абазваўся стары Тамаш і стаў пасоўвацца на сярэдзіну грамады, якая чуць тоўпілася на досыць такі шырокім двары. — Я ўжо раней казаў і цяпер кажу, што не трэба зварочваць увагі на двух ці трох чалавек, якія не хочуць дапамагчы ў гэткім няшчасці…

Ці ж не сорам вось табе, Габрусь: ты, можа, яшчэ маеш леташні хлеб, але скажу папраўдзе, яшчэ два-тры, а то і болей пудзікаў захована пад саломай, і сёлета, дзякуй богу, ураджаі добрыя, і вось ты, шляхецкая твая натура, каб табе загінуць, не хочаш даць колькі фунтаў тым няшчасным галодным людзям, якія цяпер зямліцу ды кару з дрэва ядуць?! Ці ж не грэх і не сорам гэта, мужчыны?

— Мне дай слова, старшыня! — закрычаў Кузьма, чуць не самы бедны селянін вёскі. — Я сам галадаю, мне самому прыходзіцца ісці ў людзей прасіць кавалак хлеба, а я бажуся перад усімі, што, як толькі сажну свой загон, першы прывязу сваю частку, каб паслаць туды, дзе ўсё спёка папаліла і дзе тысячы людзей паміраюць ад голаду… Мне здаецца, што ўжо даволі нагукаліся, я раджу гэтак запісаць і ў пратакол, што сход пастанаўляе: як толькі збяром з палёў хлеб, памалоцім, чым хутчэй выпаўнім харчовы налог і тады абяцаем, хто колькі можа, прынясём збожжа, бульбы і іншых харчоў вось сюды, да старшыні на двор, для адпраўкі ўсяго туды, у галодныя губерні, адкуль даносіцца плач галодных дзетак і льюцца аж сюды рэчкаю слёзы іх бацькоў… Згодны, мужчыны?..

— Згодны! — закрычалі ўсе ў адзін голас.

— Мы апошняе пашлём тым гаротнікам, каб выратаваць ад бяды, — казаў барадаты Ахрэм, — бо ўсе жывём пад богам і не ведаем, што нас чакае, — мо на другое лета самі апынімся ў гэткім становішчы?..

— А хто не згаджаецца з гэткаю пастановаю? — запытаў старшыня.

— Я!.. — адгукнуўся адзін толькі Габрусь.

— Ну і бог табе суддзя… Ты зусім не нашай вёскі селянін, ты нейкі вырадак нашай прыгожай працоўнай сям’і…

Пачалі гаварыць мужчыны і, закурыўшы люлькі і папяросы, разышліся па хатах…

Габрусь таксама, нібы той воўк, моўчкі пасунуўся дамоў. Яму нават зрабілася і сорамна, што ён адзін не згадзіўся даць сваёй долі на дапамогу галадаючым людзям…

Ноч зусім ужо ахінула сваімі чорнымі крыллямі вёску, і Габрусь быў вельмі рад, што яго ніхто не прымячае…

Гэтак, з нейкаю пакутаю ў сэрцы, ён дацягнуўся дахаты і сеў за вячэру…

— Ну, што? На чым жа скончылася? — запытала яго жонка Адэля.

— На тым скончылася, — адказаў Габрусь, — што ўсе згадзіліся даць сваю частку дабра, каб паслаць туды, у галодны край, а я не згадзіўся…

— І добра зрабіў! — залепятала яна. — Яшчэ што? Харчовы падатак бяруць, усё трэба купіць за збажынку і яшчэ ахвяру нейкую рабі… Разумна зрабіў, што адмовіўся. Еш, Габруська, зацірачку, — сказала яна да мужа і лепятала далей: — Гэта ж сорам і так, што мы да гэтага дажылі, каб ты, Габрусь, што быў самым багатым шляхціцам на ўсю аколіцу, і сёлета чуць-чуць сваім старым хлебам пракідаўся да новага ўраджаю… А памятаеш, як даўней у нас было, як яшчэ хлопцаў ды дзяўчат наймалі? Заўсёды паўзасека жыта заставалася на другі год… А колькі мы прадавалі?.. Эх! Эх! — І, цяжка ўздыхнуўшы, яна пачала ўкладвацца спаць.

Габрусь таксама, выментаўшы дзве місы заціркі, улёгся спаць, але думка аб тым, ці добра ён зрабіў, што адмовіўся даць хлеба галодным, не пакідала яго, і ён доўгі час не мог заснуць…

Урэшце сон летняй кароткай ночы яго змарыў, і ён пачаў храпці, ды гэтак моцна, нібы хто яго душыў і не даваў спакойна дыхаць…

І вось сніцца Габрусю страшны, страшны сон… Нібы ён блукае па нейкаму выпаленаму сонцам полю і шукае сваёй палосы… Пасля знаходзіць — і што ж?! Там, дзе ўвосень зелянела густая шаўковая рунь, дзе вясною сэрца яго было поўна радасці, гледзячы на сваю шырокую і доўгую палоску, якая хвалявалася, як мора, і шаптала яму аб вялікім ураджаі, цяпер ён там не можа знайсці ніводнага каласка, ніводнай зялёнай травінкі… Усё пажоўкла, усё пачарнела, і нібы ад таго вогнішча нясе нейкім пахам даўнейшага дыму і чаду… Габрусь падае на калені на гэтай выпаленай палосе, на якую праз усю вясну і лета капелька дажджу не ўпала, і горкімі слязьмі мочыць пагарэлыя саломкі каласоў, лісты пажоўклай травіны….

Ідзе ён далей і бачыць, што аўсы і ячмені таксама зваліліся на зямлю, а націнне бульбы завяла, пахілілася ў барозны, якія глыбокімі шрамамі выглядаюць на гладкім паленым полі… Габрусь ад слёз і ад жалю бяжыць, сам не ведаючы куды. Ён забягае ў гай і бачыць, як без пары пажоўклі лісточкі на дрэвах, і чуе, як жаласна цыркаюць і пішчаць птушачкі, шукаючы лужынкі вады, каб прагнаць смагу… Але, бедныя, не знаходзяць і на вачах Габруся кідаюцца і паміраюць ад страшэннай спёкі…

Вось раптам чуе ён нейкае страшнае жалобнае рыканне… Ён выходзіць на балота і бачыць, як худыя, зусім змучаныя кароўкі грызуць сухі, выпалены сонцам мох і кусты багуну… Яны рыкаюць нейкім скрабучым за сэрца голасам, равуць, шукаючы сырую травінку, шукаючы выгар, дзе можна было б глынуць хоць адну капельку гразкай вады… І, не знаходзячы, тут жа са страшным рыканнем туляцца да дрэва і, грызучы бяросту, ліжучы яе языком, застаюцца ляжаць назаўсёды…

Габруся пачынае разбіраць нейкі страх… Ён не можа знайсці сабе месца… Але раптам якаясь невядомая сіла пераносіць яго ў сваю хату… Ён пераступіў парог і зжахнуўся…

Бачыць на ложку хворую і высахшую, белую як палатно жонку… Яна працягвае да яго свае худыя кастлявыя рукі і канаючым голасам шэпча: «Ратуй, Габруська!.. Расінка праз два тыдні не было ў роце… хлеба кавалачка два тыдні не бачыла… з голаду і смагі паміраю… Ратуй мяне… Ратуй сваіх дарагіх маленькіх дзетак…»

Габрусь ад перапалоху адхіляе сваю галаву на кут… І вось… бачыць, у куточку сядзяць яго трое маленькіх дзетак… Яны апухлі і азызлі з голаду, зусім не падобны да тых вяртлявых скакуноў, якімі ён бачыў іх раней…

Усе трое, прытуліўшыся адно да другога, яны ціхенька плачуць. Яны грызуць нейкі гнілы кавалачак дрэва… і слязьмі праганяюць яго, каб не засядала ў горле… Убачыўшы свайго татку, яны, як маладыя ластавачкі, разявілі свае роцікі, працягнулі ўсе да яго ручкі, худыя і пасохшыя, як каласкі ў полі, і пачалі плакаць і прасіць:

«Татачка дарагі… есці… есці хочам… дай кавалачак хлеба… ратуй нас… ратуй маму… яна таксама памірае… ідзі папрасі ў людзей хоць крошачку хлеба, а як у нас будзе — мы больш ім дадзім. Татачка, хочацца есці… ратуй нас… ратуй…»

І шэсць худых ручак працягвалася да Габруся, а ён упаў на стол, закрыўся рукамі і пачаў сам плакаць, не ведаючы сам, што рабіць, куды ісці, хто паможа яму ратаваць жонку, дзетак і жывёлу…

Вось раптам на печы замяўкаў сумную песню галодны кот, а ў сенцах, нібы перад вялікім няшчасцем, завыў сабака. У Габруся сэрца пачало разрывацца ад жалю… Ён хацеў накласці на сябе рукі, але шкадаваў кідаць жонку і дзетак, хацеў бегчы, але не ведаў, куды і чаго?..

У хаце не было ні пылінкі, ні крупінкі.

І вось чуе Габрусь, што ўжо доўгая рука галоднай смерці сваімі чорнымі пальцамі адчыняе дзверы… Ён бачыць, як яна паволі бярэ за шыю яго жонку… як ласкава гладзіць па галоўцы яго дзетак і блізіцца да яго… Габрусь мацней пачынае плакаць, захіляецца шчыльней вопраткаю… Але чуе, што ўжо халодныя пальцы рукі смерці бяруць яго за шыю і пачынаюць ціснуць… Ён пачынае вырывацца і з усіх сіл крычыць: «Прэч, паганая! я не дамся!..» І раптам прачынаецца…

— Айца і сына і святога духа!.. — жагнаецца Габрусь і спужана пазірае на ложкі і на печ, дзе і што ён? Ці жыва жонка і дзеткі…

— А… Ды гэта ж сон!.. Божа ласкавы!.. Няўжо кара мне твая за тое, што я адмовіўся даць хлеба галодным людцам, якія не ў сне, а сапраўды паміраюць з голаду?!

З гэтымі словамі Габрусь саскочыў з ложка, хутка апрануўся і пачаў будзіць жонку.

— Ты жывеш, Адэлька?.. Ах, каб ты толькі ведала, які я сёння бачыў сон!.. Гэта ўсё грэх мучыць мяне за маю бязлітасць і бяздушнасць…

— Што ты плявузгаеш? — адазвалася Адэля, высунуўшы галаву з-пад коўдры. — Што гэта? Яшчэ чуць золак, а ты ўжо ўскруціўся? Звар’яцеў, стары, ці што?

— Эх, баба, баба! Каб ты толькі ведала, колькі я набраўся страху!.. Але гэта нічога… Дзякую табе, божа, што ўсё гэта ў сне бачыў я, а не сапраўды. Гэтак жа можа быць і ў жыцці сапраўды!.. Гэтак жа, мусіць, цяпер жывуць і паміраюць там, адкуль даносяцца аж сюды енк і плач гаротнага народу. Праўду стары Ахрэм казаў, што ўсе мы пад богам і з усімі гэтак можа стацца. А я больш не буду такім, якім быў дагэтуль…

Я першым унясу ахвяру на дапамогу і аддам усё, толькі пакіну столькі, колькі патрэбна для пражыцця сямейкі… А можа, мой фунцік хлеба выратуе там паміраючага… Я пабягу, Адэлька, скажу старшыні, што першым унясу, колькі змагу…

— Ды што ты, Габрусь, звар’яцеў?

— О, не!.. Гэтак няможна, кабеціна, жыць, як мы жылі… Я хутка вярнуся…

Адэля ад здзіўлення разявіла рот і не ведала, што казаць, калі Габрусь зачыняў за сабою дзверы.

Яшчэ не пачынала ўсходзіць сонейка, як Габрусь бягом прабег вуліцу і пачаў моцна стукацца ў дзверы да старшыні вёскі.

(1921 г.)