Сонцу ў нядзелю
Выгляд
Сонцу ў нядзелю Верш Аўтар: Кастусь Езавітаў |
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/2482 |
Сёньнека ты, сонца, і сьвежа і чыста, –
Не вісіць ў паветры хмарна-руды дым!
З блакітных глыбіняў глядзіш прамяніста,
Нібыта схіліўшысь над вакном маім!
Пад твае праменьні я твар падстаўляю...
Праз краты, праз шыбы, праз зімнае шкло –
Асьвяці, сагрэй ты!.. Чуеш?.. Заклікаю!
Дай мне далучыцца да жыцьця ўсяго!
За мурамі, ў садзе, крычыць і сьмяецца
I сьпявае гімны вераб'іны хор.
Пад рытм птушых сьпеваў моцна сэрца б'ецца,
Сьніць лясоў гушчары і палёў прастор!
(22 лютага 1925 г., Рыская турма)