Перайсці да зместу

Сонечны паход (1929)/У 1000 — зоры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Поле ціха шаптала калосьсем У 1000 — зоры
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Вокліч мой
Іншыя публікацыі гэтага твора: У 1000 — зоры.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У 1000 — ЗОРЫ

Там, дзе межы-разоры, —
Чырвонымі ніткамі
Тысячы першай узоры
Мы выткалі…

На загонах — белых палосах
Радкамі чарнее ральля…
Узрасьлі буйна калосьсі
Замест палыну і быльля…

Гэй, касар,
гаспадар,
зазьвіні касою,
выйдзі зьняць
сенажаць
раньняю расою.
Гэй, сяўбіт,
ёсьць прыбыт
на тваім палетку.
Будзеш жыць,
ня тужыць
і ўзімку, і ўлетку.
Гэй, каваль,
куй-жа сталь,
Хай наўкол іскрыцца,
дзьмухай мех
не насьпех, —
сьвет хай загарыцца…

Нараджоная вогненай бурай,
Цярністы прайшоўшы шлях,
Ніколі ня будзе панурай,
Праўду сказаць ёй — ня страх.

Б. С. С. Р. — яе страніца,
Сяўбіт і каваль — мэтранпажы…
Тысяча новая хай залаціцца
Узорамі сонечнай пражы!

4/I — 24 г.