Перайсці да зместу

Сонечны паход (1929)/Балотам сьнежным праз сасоньнік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сенажаці і полі асьнежаны Балотам сьнежным праз сасоньнік
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Камсамолія
Іншыя публікацыі гэтага твора: Балотам сьнежным праз сасоньнік.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БАЛОТАМ СЬНЕЖНЫМ ПРАЗ САСОНЬНІК

Балотам сьнежным праз сасоньнік,
Які смалёвым пахам вабіць,
Прастор балот зімою соннай
Люблю санямі разухабіць.

Люблю, як кусьцік нізкарослы,
Калі з саней назад паглянеш,
Нібы, адкінуўшы ён вёслы,
Плыве на белым акіяне.

Пукаты стог люблю аб‘ехаць,
Сьляды наўкол зрабіць палозьзем,
І сена, выскубнуўшы вехаць,
Люблю раскідаць па дарозе.

Люблю, як санкі мчацца з плачам,
Пісклявы гімн зіме заводзяць,
А конь падкуты чортам скача,
Нібы па шкле, па гладкім лёдзе.

Люблю закутацца кажухам,
Згайсаць ад меж да меж краіну
І крыкнуць гучна завірухам,
Што ў хвалях белых не загіну.

І зноў ляцець… Дуга хай звоніць,
Пакуль конь лейцы не аслабіць…
Прастор балот зімою соннай
Люблю санямі разухабіць…

25 сьнежня, 1922 г.