Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Уводзіны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Прадмова Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю
Уводзіны
Аўтар: Савелій Рубашоў
Статыстыка і дынаміка хірургічнай сьмяротнасьці


УВОДЗІНЫ.

Соцыяльны заказ, які даецца мэдыцыне наогул і хірургіі ў прыватнасьці, заключаецца ў аднаўленьні працаздольнасьці таго члена соцыяльнага організма, які ее страціў, — аднаўленьня магчыма больш поўным і магчыма больш хуткім. Найвышэйшай формай страты працаздольнасьці зьяўляецца — у соцыяльным разрэзе — сьмерць. Змаганьне з ёю, такім чынам, уключана ў той соцыяльны заказ, аб якім гаварылася вышэй.

Хірургічныя захворваньні маюць ў соцыяльным аспэкце яшчэ і асаблівае значэньне. Яны ў вялікай сваёй масе паражаюць самы працаздольны ўзрост і таму заслугоўваюць пільнай соцыяльнай увагі; з другога боку — яны ў значнай меры маюць экзогеннае паходжаньне і з прычыны гэтага іх хутчэй можна ўнікнуць, чым раду хвароб, што зьяўляюцца вынікам зношваньня організма.

Імкнучыся не да «эфэктаў», а да соцыяльнай «эфэктыўнасьці» — хірургія сучаснага пэрыоду павінна задаць сабе пытаньне — якімі зьяўляюцца шляхі гэтай найбольшай эфэктыўнасьці і, — у прыватнасьці, — у чым павінен заключацца плян змаганьня з хірургічнай сьмяротнасьцю на бліжэйшы пэрыод.

У сваёй рабоце я імкнуся высьветліць сьмяротнасьць пры хірургічных захворваньнях у бягучы час; ці зьмяншаецца яна, і калі зьмяншаецца, дык па якіх шляхох ідзе гэта зьмяншэньне; што за кірункі, па якіх павінны далей пайсьці нашы мерапрыемствы, каб дамагчыся далейшага зьмяншэньня сьмяротнасьці пры хірургічных захворваньнях.

Вывучэньне гэтага пытаньня дазваляе мне адказаць з усёй пэўнасьцю, што ў бліжэйшы пэрыод хірургічная сьмяротнасьць можа быць зьніжана пераважна шляхам мерапрыемстваў соцыяльнага парадаку. Навуковыя проблемы — змаганьня з шокам, з унутранымі крывяцячэньнямі, з сэпсісам, інтоксыкацыямі, злаякаснымі пухлінамі — павінны і будуць распрацоўвацца: у свой час яны прывядуць да рашучых перамог над хваробамі.

Але ўжо цяпер, зараз-жа — можна было-б зьнізіць сьмяротнасьць пры хірургічных захворваньнях процантаў на 50 (гаворачы, зразумела, прыблізна), калі-б, пры сучасным стане нашых навуковых ведаў, мы маглі стварыць тую соцыяльную абстаноўку, якая дала-б магчымасьць поўнасьцю гэтыя веды рэалізаваць.

Профіляктыка адыгрывае вялізарную ролю ў такіх групах, як траўмы, запаленьні і расстройствы жыўленьня. Рацыянальна выкарыстаныя профіляктычныя мерапрыемствы ўжо зараз выявяцца ў значным зьмяншэньні сьмяротнасьці ў гэтых групах.

У адносінах да захворваньня, якое ўжо пачалося, важнай зьяўляецца сваячасовая яго дыягностыка. Апошняя распрацавана цяпер вельмі добра, але яна патрабуе часта адпаведных інструмантаў і абстаноўкі (лябораторыя, рэнтген, інструмэнтальныя мэтоды), г. зн. упіраецца ў соцыяльна-экономічную проблему. Цяжэй, чым дыягназ захворваньня, — задача выявіць жыцьцёвую ўстойлівасьць організма, што асабліва важна пры хірургічным мэтодзе лячэньня, які ставіць рад патрабаваньняў да сіл хворага. Як ня мала дасканалымі зьяўляюцца нашы веды і магчымасьці ў гэтай галіне, але і яны давалі-б значна больш вынікаў, калі-б іх можна было ўжываць паўней і шырэй, чым мы гэта робім цяпер, з-за недахопаў апаратуры, перагружанасьці ўрачоў, ложкаў і т. д.: зноў рашаючым зьяўляецца соцыяльна-экономічны мотыў.

Хірургічным захворваньнем мы называем такое, пры якім ужываецца хірургічная мэтодыка лячэньня — якой бы яна ня была — консэрватыўнай ці опэрацыйнай. Гэта мэтодыка вызначаецца складанасьцю і дыфэрэнцыяванасьцю, уключаючы ў сябе коопэрацыю раду асоб, дзеяньне апаратаў, інструмантаў і т. д. Таму пытаньне пра «абстаноўку» мае вялізарнае значэньне, цалкам залежачы ад таго-ж соцыяльна-экономічнага фактару. Пэўны процант смяротнасьці ад інфэкцыі, ад лёгачных ды іншых аскладненьняў залежыць ад гэтага фактару «абстаноўкі». Даволі часта гэты фактар зьяўляецца і прычынай некаторых тэхнічных памылак хірурга (адсутнасьць патрэбнага інструманту і д. т. п.).

Значэньне «запушчанасьці» выпадкаў, што рэзка павышае сьмяротнасьць, будзе дастаткова высьветлена ніжэй: ад 30 проц. да 40 проц. сьмярцей трэба аднесьці за лік гэтага моманту, які знаходзіцца, галоўным чынам, у сувязі з малакультурнасьцю, беднасьцю, адсутнасьцю сродкаў зносін, г. зн. у аснове з момантамі соцыяльнага характару.

Нарэшце, так званыя дыягностычныя і тэхнічныя памылкі хірурга ў вялікай ступені знаходзяцца ў сувязі з яго кваліфікацыяй, а апошняя — з соцыяльна-бытавымі ўмовамі выхаваньня ўрача. За апошнія гады ў мэдычнай літаратуры наогул і хірургічнай у прыватнасьці пракацілася хваля артыкулаў і работ, якія гаварылі пра крызіс у хірургіі і пра тое, што «хірургія на раздарожжы». Пакідаючы ў баку цэлы рад іншых меркаваньняў, я лічу магчымым констатаваць, што гэты крызіс зьяўляецца часткова адбіткам неадпаведнасьці паміж тэорытычнымі магчымасьцямі хірургіі і соцыяльнымі ўмовамі, не дазваляючымі поўнасьцю іх рэалізаваць. На маю думку, ня толькі няма крызісу, але хірургія яшчэ нават і ня ўскрыла ўсіх тых магчымасьцяй, якія ў яе ёсьць, у адносінах да вялізарнай колькасьці насельніцтва. Для рэалізацыі гэтых магчымасьцяй, хірург павінен сайсьці са шляху выключна акадэмічнага і пачаць змаганьне за стварэньне неабходных для гэтай мэты соцыяльных умоў. У гэтым кірунку ёсьць шмат непачатай яшчэ работы. Мэтаю майго дасьледваньня зьяўляецца ўказаньне таго, што хірургічная сьмяротнасьць падлягае таму-ж закону, што і агульная сьмяротнасьць, г. зн. зьяўляецца функцыяй соцыяльных адносін. Іменна ў апошніх ляжыць вырашэньне проблемы зьмяньшэньня хірургічнай сьмяротнасьці напалавіну ўжо ў даным адрэзку часу.

У нашым Саюзе, які разгортвае соцыялістычнае будаўніцтва і соцыялістычную культуру — даны ўсе прадпасылкі для таго, каб нашы хірургі гэту проблему вырашылі. «Прэч непатрэбныя — па стане навукі ў даны мамант — сьмерці» — павінна быць адным з дэвізаў нашай савецкай хірургіі!