Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Агульная частка
← Заключэньне | Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю Агульная частка Аўтар: Савелій Рубашоў |
Запаленьні сэрозных абалонак вялікіх поласьцяй (пэрытоніт і пляўрыт) → |
3. Запаленьні.
Агульная частка.
Выявіць сумарныя лічбы, якія ахаплялі-б запальныя процэсы і сьмяротнасьць пры іх, значна цяжэй, чым у адносінах да траўматычных захворваньняў, бо даных адносна першых амаль няма ў літаратуры. Запаленьні падзяляюцца на захворваньні паасобных органаў і амаль няма ніводнае справаздачы, дзе-б гаварылася пра іх наогул. Таму мне даводзіцца базавацца галоўным чынам на ўласным матэрыяле.
Агульная колькасьць запальных захворваньняў у мяне была 2.153, што на 6.107 выпадкаў складае 35 проц. У справаздачах Більрота на 9.500 выпадкаў было 3.061 выпадак запаленьня, г. зн. 32 проц. Магу паказаць яшчэ на такія даныя аб процантных адносінах запаленьняў да агульнай колькасьці захворваньняў: Тамбоўская больніца — на 3.717 хворых — 35 проц.; Абухаўская больніца — на 8.199 хворых — 29,8 проц.; Елецкая больніца — на 2.480 хворых — 24 проц.; Дзьяканаў на 684 хворых — 27 поц. Гэта дазваляе мне зрабіць вывад, што запаленьні складаюць каля ⅓ часткі ўсіх больнічных хірургічных захворваньняў.
Некаторае ўяўленьне пра параўнальную колькасьць паасобных запальных захворваньняў дае ніжэйзьмешчаная табліца.
Германія | 1923 г. | 1924 г. | 1925 г. | 1926 г. |
Запаленьні скуры | 79.118 | 86.101 | 90.416 | 91.907 |
Пэрытоніты | 12.436 | 12.863 | 15.842 | 15.502 |
Апэндыцыты | 87.842 | 110.025 | 147.334 | 156.614 |
Пляўрыты | 18.616 | 18.276 | 19.949 | 19.737 |
Далей я зьмяшчаю даныя пра ўдзел «запаленьняў» у захворваньнях паасобных частак цела і органаў майго стацыянарнага матэрыялу.
Па колькасьці (проц.) запаленьняў органы і вобласьці могуць быць разьмешчаны ў такім парадку:
Чарваваты адростак | 100 проц. усіх захворваньняў гэтага органу |
Жоўцевыя шляхі | 85 " " " |
Грудзі | 57 " " " |
Мачапалавыя органы | 50 " " " |
Хрыбетнік | 43 " " " |
Шыя | 40 " " " |
Ніжн. канцавіна | 35 " " " |
Кішочнік | 30 " " " |
Твар | 30 " " " |
Верхн. канцавіны | 23 " " " |
Кутніца | 10 " " " |
Чэрап | 4 " " " |
Страўнік | 3 " " " |
Выявіць агульны процант сьмяротнасьці пры запальных захворваньнях наогул цяжка, з прычыны меркаваньняў, паказаных намі вышэй: адсутнасьці лічбаў, датычных усёй групы запальных захворваньняў. Але апрача таго, ёсьць яшчэ рад далейшых цяжкасьцяй. Напр., у адносінах да хронічных запальных захворваньняў вызначыць проц. сьмяротнасьці надзвычайна цяжка. Рад гэтых захворваньняў у галоўнай сваёй масе знаходзіцца ў веданьні ўнутранай клінікі. Калі частка гэтых хворых падпадае хірургічнаму лячэньню, дык няма звычайна ўстойлівага крытэрыю для параўнаньня сьмяротнасьці пры хірургічным лячэньні са сьмяротнасьцю пры тэрапэўтычным лячэньні. Далей, рад запальных процэсаў комбінуецца з іншымі захворваньнямі такім чынам, што нам цяжка сказаць, што зьяўляецца ў гэтым комплексе прэвалюючым. Усе гэтыя цяжкасьці прыводзяць да таго, што даць у гэтай групе захворваньняў такія поўныя лічбы, як гэта зроблена ў разьдзеле пра траўмы, амаль немагчыма.
У мяне на 2153 выпадкі запаленьня было 82 сьмерці, што складае 3,8 проц. Такім чынам мы бачым, што процант
сьмяротнасьці ад запаленьняў наогул меншы, як ад пашкоджаньняў амаль у два разы. У Більрота — ад запаленьняў — на 3.601 выпадак — загінула 288 хворых, г. зн. 8 проц. Пры гэтым у першы пэрыод яго дзейнасьці процант быў роўны 12, а ў другі — 7,6.
Больш падрабязны аналіз у мяне ёсьць адносна 57 выпадкаў. З іх на долю запаленьняў брушыны прыпадае — 26 выпадкаў, г. зн. амаль палавіна, а калі сюды дадаць яшчэ сьмерці ад пляўрытаў — 10 — дык атрымаецца, што 36 выпадкаў залежала ад гнойнага запаленьня сэрозных абалонак вялікіх поласьцяй. Такім чынам, іх важная роля ў сьмяротнасьці ад запаленьняў зусім ясная. Яшчэ ў мяне было 10 выпадкаў сэпсісу (канцавіны) і 7 выпадкаў сьмерці ад розных тубэркулёзных захворваньняў. З гэтых трох вялікіх груп, такім чынам, складаецца асноўная лічба сьмяротнасьці пры хірургічных запальных захворваньнях.
З прычыны адсутнасьці агульных лічбаў, я лічу неабходным спыніцца на тых групах, якія пераважна даюць сьмяротныя вынікі. Сюды належаць: запаленьні сэрозных абалонак поласьцяй — пэрытоніт, пляўрыт; абсцэсы ўнутраных органаў; запаленьні ўнутраных органаў; гнойныя захворваньні касьцей і суставаў; нагнаеньні мяккіх частак; піэмія і септыцэмія; са спэцыфічных інфэкцый — тубэркулёз.