Перайсці да зместу

Смык беларускі (1920)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Публіцыстыка
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1920 год
Смык
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прадмова да «Смыка беларускага».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА.


А праўду сказаў Бурачок у сваей „дудцы“, што ўсе мы завём нашу мову „мужыцкай“ і так нічагусенька, якбы трэба! Здаралося і мне чытаць і ксёнжачкі, хоць не надта старые, друкованые, навет якогась пана Марцінкевіча, але ўсе якбы сьмяючыся з нашаго брата, пісаны; чытаў я і так перапісаные вершы і якогасьці ЮркіПанскае ігрышчэ“, гдзе Юрка надта дзівуецца і якбы завідуе паном тым, каторые можэ і больш ад Юркі таго працуюць, толькі ведама вучоные, дык лягчэй і спарней. Я перапісаў і сюды тое „ігрышчэ“, ніхай выбачае пан Юрка, але далібог аж злосьць узяла, што Юрка спадабаў тое, што толькі блазну можэ падабацца. Я тыкі і чыркнуў яму „атказ“, але так думаю, што гэто ён смеючыся з нашаго цёмнаго брата напісаў, гэтак думаў, што дурны мужык, дык ўжо нічога і ня відзіць і не знае! Ой памыліўся!

Не раўня я Бурачку, — ён лепей можэ знае жыцьцё мужыцкае, больш можэ відзеў і чуў, але так мне спадабаліся яго тые вершы, што і я задумаў папробаваць штокольвек напісаць. Есьць шмат друкованых пісяняў нашаго народу; пісаў Пачобут, Э. Тышкевіч, апісуючы наш Барысоускі павет, і шмат хто спісаваў іх, а шмат ёсьць і ня спісаных, але песьні усе тые не надта, каб сказаць праўду, харошые і нота у іх плакучая аднастайная і песняў вясёлых не шмат, ды і тых ужо рэдка пачуць. Надта за хлебам народ гоніцца, а хлеба дастане дык і за крамнай вопраткай і ласкаванымі ботамі гоніцца і усё маркоціцца! Даўней, кажуць людзі, як меншым абходзіліся, то больш мелі і весялейшыя былі. Вот я і напісаў з дзесятак песьняў „сякіх такіх“. Граю трошкі на скрыпачцы, ну дык ніхай і мая ксёнжэчка завецца струмэнтам якім; вот я і назваў яе „Смык“. Смык ёсьць, а хтось скрыпку можэ даробіць, а там была „Дудка“ вот мы і зробім музыку як жыдкі, што на цымбалах іграюць.

СЫМОН РЭУКА з пад Барысава.