Перайсці да зместу

Смык беларускі (1920)/Песьні/VIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VII. Песьня VIII. Калыханка
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1920 год
IX. Песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Калыханка (Багушэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VIII. Калыханка.

Люлі, сынок люлі-люлі!
Усе курачкі паснулі.
Ой паснулі і курчаткі
Пад скрыдлам сваей маткі;
А ты чаго ня сьпіш сынку
Як бы чуў ліху гадзінку?
Можэ будзеш калі панам.
Ці вялікім капітанам,
А як матка прыйдзе ў госьці
Ой то будзе ей радосьці…
Сядзе матка ў кут на лаве,
Сын хлеб-соль прад ей паставе
Ручкі, ножкі пацалуе,
Памілуе пажалуе;
Пачастуе мядком сытным,
Блінком мякінькім патсітным,
Піражочкай і з начынкай,
Верашчакай гарачынкай…
Люлі, сынок люлі, люлі…
Во ўжо курачкі паснулі.
От то то будзе рада матка, —
Хоць і простая салдатка,
А ўсякі шапку здыме,
Як дазнаецца аб сыне
Люлі, сынок, люлі, люлі
Во ўжо курачкі паснулі.
Можэ будзеш калі панам,
Ці вялікім капітанам:
Людцоў Божых будзеш біці:
Цяжка будзе ў сьвеце жыці,
Будуць клясьці, як ліхога,
Прасіць смертухны ад Бога,
Люлі, сынок, люлі, люлі
Бо ўжо курачкі паснулі,
Тагды матка прыйдзе ў госьці,
Сын выкіне стары косьці,
Жабруючы пойдзе ў вёску.
Будзе просіць Матку Боску,
Каб забыцца ей аб сыне,
Каб ня ведаць гдзе ён згіне.
Люлі, сынок, люлі, люлі….
Бо ўжо курачкі паснулі.
Ой ня будзь ты лепей панам,
Ні вялікім капітанам, —
Будзь чым матанька радзіла,
Каб у госьці не хадзіла,
Каб век с табой векавала,
Гаравала працавала……
Люлі, сынок, люлі, люлі.
Усе курачкі паснулі,
Ой паснулі і курачкі
Пад скрыдэлкам сваей маткі..