Перайсці да зместу

Смык беларускі (1920)/Песьні/V

З пляцоўкі Вікікрыніцы
IV. Сватаны V. Сватаньня
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1920 год
VI. Песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сватаная (Багушэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




V. Сватаньня.

Ото дзеўка, ото хват!
Што на ўсе тут вёскі:
Хоць павесь на добры лад
Дык шкада бярозкі.
Як выносе хусты праць,
Вада ўсе змые,
А як выйдзе ў поле жаць,
Дык плачэ, аж вые.
Нажне жменю, або дзьве, —
Сусім абамлее,
Зажон рукі разадзьме
I вецер падвее.
А як пеле! Чыста так,
Што толькі на дзіва!
Як угледзе гдзе бурак,
То кажа крапіва!
Не карову, а быка
Усё даіці хочэ,
А як німа малака,
Дык яна рагочэ!
„Нехай же іх, кажэ, воўк
„Гэтые цялушкі!
„Я у выме тоўк ды доўк,
„Вымя як падушкі.
„Хоць бы каплю, хоць далі,
„А то ані капкі;
„Мусіць ведзьмы заклялі!
„Пабягу да бабкі….„
Каб ей есьці не варыць,
Дык пячы ня топе,
А так будзе носам рыць,
Есьці што ухопе.
А як ставіць гаршчкі ў печ, —
З носу цякуць соплі;
Як выймае гаршчкі прэч,
Дык стравы ні кроплі.
А што прасьці, так прадзе,
Бурчыць калаўротак,
Бунцік лёну так звязе,
Што ня выйдзе мотак.
Адна талька ў хамут
Ледзьве перашкочэ
А абрыўкоў цэлы жмут
За печ завалочэ.
Як паставіць кросны ткаць,
Дык аж да Якуба,
А тут пара ўжо жаць, —
Вот наткала люба.
А танцуе добра так,
Як лялё з гілёса:
Парвець чыста андарак
I лапці да боса.
А пяець так, як сава
Зайца выклікае:
Аж трасецца галава
Так яна гукае!
Ходзіць як чорт у смале,
Хоць ты адзвярніся;
У вопратцы на пале
Чэрві завяліся.
А багацтва поўны мех,
Завязаны жычкай;
Ня смейцесья то ня сьмех
Там дзеці с калыскай,
Нуце хлопцы я вам сват
Яна маладая, —
Толькі цяпер посьле сьвят
Акрайкі скідае.
А хто возьме будзе рад
I не параўнуе.
Будзе дзела рабіць шмат
Усё дапільнуе.