Сляпы, глухі і бязногі
Сляпы, глухі і бязногі Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павету; http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-045 |
Сляпы, глухі i безногі
[правіць]У вёсцы былі слепы, глухі й безногі. Нахапіласа там вайна. Варагі падышлі к вёсцы. Зачулі людзі, што непрыяцель блізко, схапілі свае дабро да й пахаваліса: хто ў лес уцёк, а хто забіўса ў балото ці на берагі ў лозу, толькі засталіса ў вёсцы слепы, глухі да безногі.
Слепы чуе, што статак стукаціць на вуліцы, калёсы грукацяць на масткох, людзі крычаць да кудысь бегуць, але нічого не бачыць і не ведае, куды йці. Так і застаўса ён на ўёсцы. Глухі седзіць сабе на загумечы ў халадку пад ліпаю да плеце лапці. Ён бачыць, што ў полі падняўса пыл да й думае, што гэто, мабыць, круціць віхар. І не чуў ён, што людзі пакінулі ўёску. Безногі чуе, што непрыяцель блізко, бачыць, што людзі ўцекаюць, хто куды, але, ведамо, без ног, седзіць бы пень да адганяецца ат мух.
Тым часам нахапіўса вораг, ператрос усю ўёску, забраў хлеб, забраў усе, што было, а ўёску падпаліў с усіх канцоў. Гарыць вёска бы сухое сено й нема каму ратаваць. Куды ні сунецца слепы, та ўсе наткнецца на вагонь. Пачаў ён крычаць, зваць людзей на ратунак, але ніхто не памагае, бо людзі кінулі ўёску, а непрыяцель, зрабіўшы свае ліхое дзело, не мае ўвагі на слепого, а хутчэй ідзе далей. Глухі мог бы памагці слепому, да не чуе, што той просіць ратунку. Безногі чуе й бачыць, што робіцца, да не мажэ хадзіць.
От так і гінуць яны кожын сам па сабе й нема ім жоднаго ратунку. Ужэ атусюль печэ агонь слепого й безногаго бы ў печы, а ніхто іх не чуе. Але ось пачаў безногі паўзьці з агню на загумечэ. Падпоўз ён к глухому да й давай яго шчыпаць. Хапіўса глухі, зірнуў на пожар, але не ведае, што рабіць, не ведае, чаго хочэ безногі, й што ён мае сказаць. Лупае вачыма глухі бы сава, а на пожары немым голасам просіць слепы: «Ратуйце, хто ў Бога веруе! Гару!»
Пачаў тут безногі паказваць глухому на мігі, што гіне чалавек. Зразумеў той мігі, усхапіў безногаго сабе на плечы да й папёр у пожар. Несе безногаго, а той ім кіруе. Пашлі яны на голас паміж агню да й вывелі аттуль слепого. От атышліса яны ат пожару, селі пад крыжом да й не ведаюць, што рабіць, седзяць да плачуць.
Змокла ўёска, бы яе хто языком злізаў, толькі курацца ўшулы да дагараюць галавешкі. Нема ні яды, ні начлегу; кругом ні дамоўкі, ні людзей. І пачалі яны радзіцца, як тут далей жыць на свеці. І надумаліса яны не пакідаць адзін другого да самае сьмерці, а рабіць усе, бы адзін чалавек. От пашоў глухі да й прыўёз перадок. Пераблуталі яны вецем аглоблі, пасадзілі на перадок безногаго да й павезлі. Слепы й глухі везуць перадок, а безногі седзіць да кіруе. І едуць яны, як мае быць: дзе яма, там пакажэ глухі, дзе выюць галодныя ваўкі, там перасцеражэ слепы, а дзе трэ ўбачыць стрэчнаго да запытаць у яго дарогі, там паможэ безногі.
Прыцягліса яны так у якуюсь вёску. Астаўса безногі на сваём возе, а слепы й глухі пашлі шукаць еды да вады. Чуе слепы, што бурчыць вада, штурх ён глухого, а той і ўбачыў крыніцу пад дзеравам да й набраў вады. Бачыць глухі, што кала аднае хаты штось летае много варон да сарок. Падышлі яны туды, аж у клеццы поўно сыраў. Забралі яны сыры да й хацелі вернуцца назад, аж ось слепы чуе, што ў хлеўчуку пішчаць да скрыгічуць парасята. Штурхануў ён глухого, а той і ўбачыў мо паўтузіна парасят. Так знайшлі яны хлеба, яец і другое жыўнасці да й засталіса там жыць, покі не вернуцца людзі. Нанач залезуць на гумне ў салому, каб не знайшоў ліхі чалавек, ці не напаў драпежны звер, а ўдзень вылезуць на сонейко да й грэюцца. Ведамо, слепы не бачыць, дак затое так добрэ чуе, што к ім не падкрадзецца ані звер, ані злодзей. Глухі не чуе, але ён бачыць, бы арол, і ветрыць носам, бы сабака. От закмецяць яны якую-небудзь мітрэнгу, схопяць безногаго да й схаваюцца ў пограб.
Раз якась і там знайшлі іх якіесь абдзіранцы да й хацелі пабіць, але безногі як пачаў з імі жупіць, пачаў ім даводзіць, што з таго не будзе ім жоднае карысці, дак і тые не зачапілі калек. Так пражылі яны да тых часаў, пакуль скончыласа вайна й людзі вернуліса назад у свае дамоўкі. Знайшлі іх людзі да й дзівіліса, як гэто яны маглі, будучы калекамі, перажыць такі ліхі час. «Нам усе было нішто,— атказваюць калекі,— бо мы былі ў згодзе, бы адзін чалавек».
( Запісаў А. Сержпутоўскі у в. Чудзін Слуцкага павету ад Болбата. )
Адаптаваны варыянт
[правіць]Жылі ў адной вёсцы сляпы, глухі і бязногі.
Пачалася ў тым краі вайна. Людзі пабралі сваё дабро ды падаліся ў лес ад вайны хавацца.
Сляпы чуе, што статак рыкае на вуліцы, калёсы грукацяць на грэблі, людзі крычаць ды некуды бягуць, але нічога не бачыць, што робіцца.
Глухі сядзіць на загуменні ў халадку пад ліпаю і пляце лапці. Ён бачыць, што за вёскаю падняўся пыл ад калёс, людзі кудысьці спяшаюцца, але нічога не ведае, што робіцца.
Бязногі ўсё бачыць і чуе, ды сам зрушыцца з месца не можа: сядзіць на прызбе, мух адганяе.
Тым часам уварваліся ў вёску ворагі. Ператрэслі ўсё, забралі хлеб і што з дабра засталося, падпалілі хаты ды пайшлі далей.
Гарыць вёска, як сухая салома, і няма каму яе ратаваць.
Сляпы куды ні сунецца, усё на агонь натыкаецца. Пачаў ён крычаць, на дапамогу клікаць. Пачуў яго бязногі. Але і самому яму няма ратунку ад агню.
Скаціўся бязногі з прызбы ды папоўз на руках на загуменне. Убачыў там глухога. Пачаў яму тлумачыць, што трэба сляпога ратаваць. Ды глухі не разумее, што бязногі ад яго хоча. Узлез тады бязногі глухому на плечы і паказвае, куды яму ісці. Дайшлі яны гэтак да сляпога. Узяў глухі сляпога за руку і вывеў з агню.
Згарэла вёска ўшчэнт: ні кала ні двара не засталося.
Пачалі сляпы, глухі і бязногі раіцца, як ім далей жыць. І парашылі больш не пакідаць адзін аднаго ў бядзе, а рабіць усё згодна, як адзін чалавек.
Пайшоў глухі на загуменне, знайшоў там старую каламажку. Сеў бязногі ў каламажку, а сляпы і глухі ўзяліся за аглоблі.
Сляпы і глухі вязуць каламажку, а бязногі сядзіць і кіруе. І едуць яны як мае быць: дзе яма, там пакажа глухі, дзе выюць галодныя ваўкі, там перасцеражэ сляпы, бо слых у сляпога самы чуткі, а дзе трэба ў сустрэчнага запытаць дарогі, там паможа бязногі.
Падʼехалі яны гэтак да адной уцалелай вёскі. А ў ёй ні жывой душы. Бязногі застаўся сядзець у каламажцы, а сляпы і глухі пабраліся за рукі і пайшлі шукаць якой-небудзь спажывы.
Чуе сляпы — цурчыць недалёка вада. Штурхнуў ён глухога пад бок, той паглядзеў навакол і ўбачыў крыніцу пад вярбою. Напіліся яны вады, набралі ў запас і пайшлі далей.
Бачыць глухі — кружацца каля аднаго двара вароны і сарокі. Пайшоў ён туды з таварышам, паглядзеў, а там поўна сыраў у клеці! Забралі яны сыры і рушылі назад.
Чуе па дарозе сляпы — пішчаць дзесьці парасяты. Паштурхаў ён глухога, той азірнуўся і ўбачыў на адным двары парасят.
Гэтак знайшлі яны ўсё, што ім трэба, ды засталіся жыць у той вёсцы, пакуль не вернуцца людзі. Удзень на сонейку грэюцца, а ўночы залезуць у гумно ў салому ды спяць спакойна.
Сляпы не бачыць, затое добра чуе, і ніхто блізка да іх не падкрадзецца. Глухі не чуе, затое бачыць, як арол. Заўважаць яны якую небяспеку, схопяць бязногага ды ў схованку.
Так пражылі сляпы, глухі і бязногі, пакуль не скончылася вайна. Вярнуліся людзі ў вёску, знайшлі іх і дзівяцца.
— Як гэта вы, калекамі будучы, перажылі такі ліхі час?
— Бо мы былі між сабою ў згодзе, як адзін чалавек, дык і перажылі, — адказалі сляпы, глухі і бязногі.