Перайсці да зместу

Слуцкія песьняры (1926)/А. Атава/У полі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Зьвінеце, гудзеце У полі
Верш
Аўтар: Апанас Атава
1926 год
Вецер

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ПОЛІ

Віхор круціць кругом, вецер вые, гудзе,
гурбы сьнегу заблытваюць ногі, —
і вось гэтай парой маладзіца ідзе:
небарачка зблудзіла з дарогі.

Яна йдзе, але сілы кідаюць яе:
ногі здраджваюць… крок — і упала.
Закруцілася жвырам усё ў галаве, —
ціха, глуха яна прастагнала…

А мяцеліца горш і зласьней загула, —
сьнегам сьлёзы яе засыпала.
А мяцеліца песьню жудой завяла,
сум хаўтурны разносячы ў далі.