Словы помсты
Выгляд
Словы помсты Аўтар: Мікола Сурначоў 1942 |
Ты стаптаў нашчэнт мае сады,
Папаліў, развеяў гарады,
Наша шчасце — наш калгасны дом
Затапіў ты горкім палыном.
Я табе спакою, гад, не дам, —
Чорнай кроўю ты адкажаш нам!
Ты маю зямлю асіраціў,
Пакляваў зярняты нашых ніў,
Патравіў пракосы нашых траў,
Ты маю сям’ю ў палон забраў.
Я табе спакою, гад, не дам, —
Кроўю сэрца ты адкажаш нам!
Ты хацеў, каб для гайні тваёй
Хлеб радзіў і гай звінеў пчалой,
Білі рыбай рэкі ў берагі,
Сенажаці склаліся ў стагі...
Я табе спакою, гад, не дам, —
Сваім прахам ты адкажаш нам!
Ты жадаў, каб пёк табе пірог,
Тваіх тлустых бугаёў бярог,
Каб аддаў усё табе, што меў,
І хадзіў закуты у ярме.
Я табе спакою, гад, не дам, —
Чорнай кроўю ты адкажаш нам!