Слова праўды аб мове і долі беларуса

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Слова праўды аб мове і долі беларуса
Паэма
Аўтар: Андрэй Зязюля
1917
Крыніца: https://druvaciam.livejournal.com/3801.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ці ты знаеш, мой браце,
У якой жывеш хаце,
У сямейцы, народзе,
Ў краю, дзенно сьвятло дзе
Першы раз ты ўбачыў,
Дзе табе Бог празначыў
Жыць, багаціцца ў цноты, —
Ці ты ведаеш, хто ты?
Беларусяй завецца край:
Край, дзе цяжка жывецца,
Край пауночна-заходны,
Але ўласны твой, родны.
Вось і ты, што жыць рвешся,
Беларусам завешся.
Дык-жа ведай аб лёсе
Продкау, як ім жылося.

_____
I.
Над Дняпром, Нёманам, Сожай
Над Дзьвіной — з волі Божай,
Як даносіць паданьне,
Тут жылі усе славяне:
Крывічы, Радзімічы,
Шмат Дрыулян, Дрыгавічы.
Трэба ведаць вашэці,
Аднае мовы дзеці,
Аднаго і звычаю
Ўсе былі ў гэтым краю.
Закладалі сялібы
Блізка рэк, каб мець рыбы,
У лясох і на полі,
Каб мець зьвера даволі,
Хлеба, ягад і мёду.
Убажалі прыроду:
Небо чцілі, як бога,
У асобе Сварога,
І яго палавіцу
Маць-Сырую Зямліцу,
І дзяцей іх: Дажбога,
Сонца, Ветра-Стрыбога,
Пяруна-бога гробу,
Дамавога — у дому;
Лясуна, Ражаніцу,
Вадзянога, Дзявіцу,
Што Русалкай у рэчцы
Бурыць хвалі, сьмяецца.
Нават Волас-бог скоту
Меў у іх пашаноту;
Пры агні на купальлі
Ладу чэсьць аддавалі.
Ім даваліся ў знакі
Упыры, ваўкалакі…
Чары, заламы, ўрокі
Ўплыў тут мелі шырокі.
Упраўлялі вечам;
Бараніліся мечам,
Дубіной ды сякерай.
Ў світцы белай, ці шэрай
Самадзельнай адзеты,
Жыў прыветны люд гэты,
Між сабой не сварыўся
І паволі так зжыўся,
Што зышоўся род з родам
І адным стаў народам.
Жывучы так, памалу
Ен крапчэу, рос і хвалу
Здабываў між чужымі,
Зьмір трымаючы з імі.
Пад разумным загадам
Мену вёў з Цараградам,
Багацеў і шчасьлівы
Лук ня гнуў с-пад цяцівы.
Меў сваіх ваяводаў,
Дык і ворагаў ходаў.
Меў князёў на загады,
Веча сходку на рады.
Іх суд мудры і правы
Вёў краёвыя справы
Бяз супрэчак і звадак,
Панаваў скрозь парадак
Узмацованы новай
Правай верай Хрыстовай
З Рыму і з Цараграду.
Ужо Сварога і Лада
Адракліся ў хрышчэньні
Асьвяцілі люд кволы.
Сталі цэрквы, касьцёлы,
Пры бязкроўнай ахвяры
Ніклі ўрокі і чары,
Прападала і ліха.
І жылося скрозь ціха.
Так было ў час спакойны.
Але вось сталі войны.

II.

Мусе ён бараніцца,
З злосным ворагам біцца,
І парой нешчасьлівай
Гнуўся лук пад цяцівай,
Выпускаючы стрэлы;
Меч блішчэў заржавелы, Зіхацелі сякеры.
Ўстаў народ, поўны веры
І адвагі да бою
З неспакойнай Літвою.
Мужна, храбра змагаўся,
Але ўрэшце паддаўся
І згубіў сваю ўладу.
Да Літоўскага Ўраду
Нас судзьба далучыла.
Але згодна і міла
Сталі жыць два народы.
Іх князі, дзеля ўгоды,
Нашу мову зрабілі
Дворскай ёй гаварылі,
Ў ёй уставы пісалі
І судэ адбывалі
Слаўны статут Літоўскі
І паргамін князёўскі,
Аж дагэтуль ёсьць сьведкам,
Як было нашым прэдкам.
Кніжкі рознага зьместу
Служаць знакам протэсту
Нагалоскам хвальшывым,
Нашай мове манлівым
Дык цьвіла наша мова.
Друкаванае слова
Ў ёй лілося, шырэла
І што раз багацела.
Але вось наступае
Стрым і мова жывая,
Што была у пашане
На другім стала пляне.

III.

Князь Ягелла з Ядвігай
Ажаніўся із лігай
Гэтай княжага роду
Зьвязь накінуў народу,
Што трываў незалежна.
Польшча з Літвай сумежна
Пад Ягеллы загадам,
З’ядзінілісь Урадам.
Вось Літва хоць і мела
Свайго князя, малела
Тут аднак яе ўлада;
І ўжо рада, нерада,
Хоць таго і нежадала,
Вольны быт свій губляла,
Але усё-ж Ягельлёны
Ад Літвы суд-законы
Адабраць не пасьмелі.
Мы падаўняму мелі
Свій Статут і ў судовай
Справе нашаю мовай
Натаваліся факты
І пісаліся акты.
Каралі па ўстанове
Ў той жа ўрадавай мове
Выдавалі указы
Да Літвы, каб абразы
Не зрабіць ёй і шкоды.
Доўга з гэтай свабоды
Край наш цешыўся міла.
Аж нікчэмная сіла
Політычнага права
(Чэсьць ёй, гонар і слава.)
Адабрала нам мову,
Ў судзе нашаму слову
Адняла уладаньне.
Надыйшло ўжо кананьне
Нашай мовы прыгожай.
Допуст быў волі Божай.
Мова родная Польшчы
Загарнула ўплыў большы.
Усюды ёй гаварылі
Па судох, станавілі
На Літве ў ёй законы.
Ўсіх цягнуў бляск кароны.
Вось князі ды баяры
Мілай Польшчы ў ахвяры
Склалі родную мову,
Ўзяўшы лепшую, нову;
А старая у вёскі
Выйшла ронячы слёзкі:
У сялян засталася
На даунейшай прыкрасеў.
Іх тагды прастакамі
Сталі зваць, мужыкамі,
Дык і мова іх клічкай
Зьвецца простай, мужыцкай,
Зносіць некалькі векаў
Біч пагарды і зьдзекаў.
Адракаюцца ў прочкі
Йдуць сынэ яе а дочкі.
Нават самі сяляне,
Калі пан скоса гляне,
З мінай проста, пакорнай
Прывыкаюць да дворнай,
А чураюцца роднай
Як мужыцкай, нягоднай.
Ў ёй ня можна судзіцца,
Мець законы, маліцца;
Яна ў хаце такеля
Польшчына-ж у касьцелі
І ў судох, і ў абрадах,
У каралеўскіх пасадах.
Дык і робіцца гэтак:
Каталік вучыць дзетак
Пацяр не у сялянскай
Мове роднай, а ў панскай.
Гэна мова сьвятая,
А свая – праклятая,
Вось на гэтым манеру
Ен пачаў сваю веру
Польскай зваць, сябе польскім,
А аб родным, аб свойскім
Беларускім забыўся:
Збочыў з простай дарогі,
У брыдкія налогі
Ўпаў, йдучы за пажадай,
Ці чартоўскай нарадай.
Пакрывіўшы сумленьне
У сільлё засьляпеньня
Ўблутаў простае сэрце:
Меў жыцьце у паняверцы,
Пад свій стрых усё мерыў.
Богу нават ня верыў;
Калі-ж нораў свій сказіў,
Па кутох цемры лазіў:
Стаўся горш забабонным.
Да нячысьціка склонным,
Верыў ў заламы, чары,
Мок у хмелістай гары,
Быў на пропасьці рубі,
А ня ведау аб згубі
Розум цёмны, як сажа.
Ці-ж ня праўда, хто скажа?
Ня было а нікога,
Хто бы вывеў сляпога
На пуць – шлях з бездарожа,
Што скрывіла нягожа
Бедака, і калекам
Ен астаўся век-векам.
Шляхта-ж сэймікавала,
З цьвёрдым сэрцам, як скала,
Сны сьнючы аб кароне
На залочаным троне.
Ей было не ў паміне
Аб сьляпым селяніне,
Што ня знаў льгі ніколі
І стагнаў у няволі.
Часам хто з панскай лавы,
Счуўшы голас сьлязавы
Бедакоў чужанінаў,
Слоў за іх колькі кінуў
На сэймавай прамове.
Але судзьдзі панове
Нават чуць не хацелі,
Каб сьляпцэ вольнасьць мелі.
Так цягнуў крыўды лямку,
Зэмсту крыючы ў цямку,
Селянін набарака.
Прытварыў ваўкалака
І благую кляў долю,
Зубы сьцяўшы ад болю.

IV.

Але Рэч Паспаліта,
На тры часьці расшыта,
Перайшла да суседаў.
Беларус ужо ведаў,
Што па новаму ўстрою
Ен астаўся з Літвою
Пад Расійскім урадам.
Думаў: пойдзе ўсе ладам,
Тут дастане свабоду
Для сябе і народу.
Але где-ж там? Адразу
Па найвыжшаму ўказу
Мовы польскай такеля
Ужываць у касьцеле
Беларускай – ніколі.
У пачаткавай школе,
Гэта мова брыдкая
Мейсца такжа ня мае.
Ў чужой мове, ні ў роднай,
Вучаць у школцы народнай.
З буквароў непанятных
Дзетак, часам ні здатных
Зразумець словы ў сказе.
Аж пад скурай жуд лазе,
Калі здумаеш гэта,
Як ішла ў нас прасьвета.
Ў царкве ўсім праваслаўным
Модлы, сьпеў давен-даўным
Былі ў мове славянскай,
А ў расійскай, у панскай
Гаварылі казаньні.
Беларускай і званьня
Ня было. Слово Божа
Разумець кожны можа;
Беларус, хоць і слухаў,
Але ў цям сабе чухаў
І даходзіў дагадкай,
Што у мове у гладкай
Да яго прамаўлялі,
Да душы не траплялі
Непанятныя словы.
Пакрывіўшы наровы,
А, не знаючы меры,
Ўзяў старыя манеры:
У хваробе у горы
Льгі шукаў ў загаворы,
Шаптуном нес багацьце.
У вадно, у паняцьце
Змесьціў веру й народнасьць.
Чалавечая годнасьць
Стала ў нём абніжацца,
Спаняверыўся матцы.
Вось у розуме вузкім
Называў сябе рускім,
Як і веру. Забыўся
Ўжо аб тым, кім радзіўся.
Ня было-ж а нікога,
Хто наўчыў бы дурнога.
Толькі людзі навукі,
Бедных бачучы мукі,
Мову іх прабавалі,
Песьні, казкі зьбіралі,
Ўсе гуслы, забабоны,
Прымавіскі, праклёны.
Укладалі з іх біблі,
Каб сьвет ведаў, як гіблі
Бедакі беларусы,
Моў Лабяне, ці Прусы
У падвойнай няволі
Жывучы, лепшай долі
Доўга, доўга чакалі
У жыцьця мутнай хвалі:
Але суджана мусі,
Больш трываць Беларусі.
Шмат сыноў яе верных
У высілках надмерных,
Ў беднай мове мужыцкай
З пекнатой поэтыцкай
Напісаныя творы
Друкавалі і ў горы
Ўсім бяздольным пад стрэхі,
Несьлі слово пацехі.
Ў дзевятнастым сталецьці
Пасьвятлела на сьвеце.
Пад агульным наклонам
Люд растауся з прыгонам
І зара лепшай долі
Заясьнела паволі.
Беларус стаў свабодным
І на полі на родным
Ўдо сабе збожо сеяў.
Ад паноў дабрадзеяў
Адышоў назаўсёды.
Хоць крыху асалоды
Меў, што вольным астаўся.
Зжо бядняк ня чураўся
Роднай дзедавай мовы
Ўвёў у хаце лад новы,
Уздабыўся ў дастатак,
Заплаціўшы падатак,
Але ўсё-ж і ў час гэты,
Ў роднай мове газэты
Ані кніжак ня мелі.
Парасійску такеля,
Да папольску чыталі,
Так жыцьце караталі
Беларускія дзеці.
Аж ў дваццатым сталецьці
Тысяч дзевяцьсот пяты
Год, разрухай багаты,
Ўсім прынёс луч свабоды.
Маніфэст усе народы
Ў правах роўных паставіў,
Ад пярэсьляду збавіў.
Вось і нашая мова
Начала жыць нанова.
Вышла з друку газэта,
Кніжка. Вестачка гэта
Край усьцешыла вельмі.
Ўсім з вачэй зышлі бельмы.
Спазірнулі усюды
Несься голас прабуды,
Ўсіх склікаў да работы.
Моладзь поўна ахвоты,
Працавала найболей.
Карыстаючы воляй
Слова роднага ў друку,
Па газэтнаму згуку
Песьнярэ прыбывалі,
Смутны сын апавялі
Айчыны – Беларусі.
Дык ня суджано, мусі,
Ей, гаротнай, загінуць.
Кожан можа прыкінуць
Жменьку працы ў ахвяры
На народным аўтары.
Беларусь родну маці,
Трэба ўсім шанаваці,
А пасьтед добры будзе.
Усьвядомяцца людзі,
І збудуюць дом новы.
Дл спрадвечнай іх мовы.
Беларускае імя
Сьцяг свій ўласны падыме,
І убачыць на сьвеце,
Што і мы жывем, прэце,
Што заглянуло сонцо
І ў наша ваконцо.



Дык жыві-ж, родны краю,
І цьвіці, як у маю
Краска ў лузе зялёным
Поўным зерня на ніве
Хай бруняе шчасьліве
Плен народнай прабуды
Ў Беларусі паўсюды.
Хай жа родная мова
Аджыве і нанова,
Узрасьце, закрасуе,
Гонар, славу пачуе
Ад людцоў ўсяго сьвету…
Вось табе праўду гэту,
Беларусь, мілы браце,
Я здалеу расказаці,
Знай свій край родны, хто ты
І багацься у цноты.