Перайсці да зместу

Вежа (1928)/Слава

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Слава (Дудар))
Кніга Слава
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Верасень

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЛАВА

Адны сабе мільёнаў просяць,
другім — нябіты дай гаршчок…
Мікола Заяц, папіросьнік,
у цёмны парк з кіно прышоў.

Спаўняе сон начы загады.
О, царства сноў — цудоўны рай!..
… І вось праходзяць праз прысады
Дуглас Фэрбэнкс і Пірл Уайт.

Джон Голівуд і Аста Нільсэн,
і сьмелы Харт і Гарры Піль, —
да Зайца адусюль зыйшліся,
каб „Пушку“ у яго купіць.

… Дыханьне затаіла заля.
Экран хвалюецца, гарыць.
І цэлы першы рад занялі
зачараваныя сябры.

Чарга… Афішаў барваваньне…
Білетаў ў касе не стае.
„Мікола Заяц на экране!“
Сам Рычард Толмэдж — у фойе…

У мураве густой і роснай
так лёгка тчэцца мараў шоўк…
— Адны сабе мільёнаў просяць,
другім — нябіты дай гаршчок.