Слава табе, Беларус!
Слава табе, Беларус! Аўтар: Язэп Варонка 1918 Пераклад: Nejurist Крыніца: Газета «Белоруская рада», 1918, № 1, с. 1 |
У момант, калі так званы начальнік Мінскага гарнізона “бальшавік” Крывашэін, насунуўшы фуражку на бровы і заціснуўшы ў зубах папіросу прамаўляў сваю патэтычную “прамову” перад сапраўднымі абраннікамі беларускага народа, і бальшавіцкі сатрап Рэзаўскі мітусіўся з боку ў бок па эстрадзе, спрабуючы знайсці прыхільнікаў сваёй “добрай” справы, я адчуў, што адбываецца найвялікшая падзея ў гісторыі беларускага нацыянальна-палітычнага адраджэння, абуджаецца народ-волат, які спаў спрадвечным сном пад цяжарам непрагляднага класавага прыгнёту, ганьбавання чалавечых і нацыянальных правоў, гвалту над асобай грамадзяніна. Я зразумеў і ўвачавідкі ўбачыў нараджэнне народа, уваскрашэнне нацыянальнай самасвядомасці, поўнае незвычайнай унутранай прыгажосці і акружанае арэолам пакутніцтва. Мяне затым ужо не спужаў ні тупат уварвання ўзброеных інфантэрыстаў, ні грукат імгненнага росту барыкадаў, ні нават накіраваныя на мяне штыхі і прыклады бязмоўных рабоў ілжэ-сацыялізму.
Народ нарадзіўся! Уваскрос Народ! Беларус прыйшоў у свет, каб даць мір усяму свету.
Пышным букетам расквітнела ў душы радасць за лёс Беларусі, хацелася абдымаць братоў-беларусаў і разам з імі паміраць дзеля ўваскрасення пакутніка-народа.
Напружанне дасягнула кульмінацыйнага моманту. Пад скрыжаванымі штыхамі Прэзідыум З’езда прайшоў на Галгофу… На секунду замерла шэрая маса земляробаў і воінаў і ў адказ на шорах маўчання прагучалі святыя гукі рэвалюцыйнага гімна, спачатку напаўголасу, затым усё мацней і мацней і, нарэшце, заля здрыганулася ад авацый і вітанняў першым абраннікам народным, якіх сілаю жалеза вывадзілі ад народа…
І ў гэты момант і напаўп’яны Крывашэін і адурнеўшыя ад нечаканасці бальшавіцкія жандары сталі такімі нікчэмнымі пігмеямі, прысутнасці якіх ніхто не заўважаў…
Бо што значылі яны ў параўнанні з той велічнай літургіяй, якую адбываў абноўлены, ачышчаны ад усякай нечыстаты і ад гэтага часу вольны беларускі народ!
Так! Акт, здзейснены 17 снежны ў Нацыянальным Доме, паклаў канец мінуламу пакутніцкаму жыццю беларускага народа і паказаў яму сапраўдны шлях да сонца, свабоды, роўнасці і братэрства, шлях да нацыянальнага самаўладкавання.
Слава табе, беларус!..
Арыгінал: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор пашыраецца на умовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 Unported, якая дазваляе вольнае карыстаньне, пашырэньне й стварэньне вытворных з гэтага твораў згодна з умовамі прытрымліваньня і пазнакі ліцэнзіі ды аўтара арыгінальнага твора. Усе вытворныя творы будуць абараняцца той жа самай ліцэнзіяй, што й гэты. |