Скацілася зорка з неба… (Гейнэ/Сіманоўскі)
Выгляд
Скацілася зорка з неба… Верш Аўтар: Генрых Гейнэ 1827 Арыгінальная назва: Es fällt ein Stern herunter Пераклад: Іосіф Сіманоўскі Крыніца: Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. / склад. М. Скобла; уступны артыкул Е. Лявонавай. - выдавецтва "Лімарыюс", - Мінск, 2008 - с. 49 |
Скацілася зорка з неба,
З бліскучай сваёй вышыні!
Яшчэ адна знічка кахання
Рассыпалася ў агні.
Пялёсткі злятаюць з яблынь,
Падаюць ціха ў сад,
А іх у сумёты вецер
Змятае каля прысад.
Пяе над затокай лебедзь,
З вялікай пяе тугой,
І з песняй смяротнай знікае
Ў блакітнай магіле сваёй.
Як ціха навокал і цёмна!
Лісты ападаюць з дрэў.
Скацілася зорка кахання,
Заціх лебядзіны спеў.