Перайсці да зместу

Скарына і незалежнасьць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Скарына і незалежнасьць
Артыкул
Аўтар: Пётра Крачэўскі
1925
Крыніца: Юрэвіч Лявон. Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія. - Мінск, 2015. - с. 18-29 (першакрыніца: Замежная Беларусь. Прага, 1926. С. 7-16)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гісторыя па невядомым нам прычынам, бэзь ніякай думкі з боку сучасьнікаў, злучыла дні выхаду першай беларускай кніжкі з друкарні Скарыны ў Вільні і абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі на 25 сакавіка.

У гэты дзень 1525 г. выйшла першая кніжка «Малая падарожная кніжыца», у якой была змешчана — Псалтыр з Пражскай Бібліі, Часасловец, Акафісты, Шастыднёў і Саборнік (сьвятцы). (Гісторыя беларускае літаратуры. М. Гарэцкі. 2 выд. бал. 22).

Тагож самага дня 1918 г. была прагалошана незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, роўна 400 гадоў пазьней, як Скарына пачаў сваю друкарскую працу ў Празе Чэшскай.

Выпадковае злучэньне гэных дат у народным жыцьці бэзварункава ня можа лічыцца выпадковым у гісторыі, якая мае свае законы і падставы.

Вынахад друкарства, па выразу самаго пачынальніка і вынаходцы друкарства Іоганна Гутэнбэрга, — ёсьць найвялікшы вынахад у сьвеце. Само сабой разумеецца, што народы другія, прылучыўшыеся да гэтага вялікага вынаходу, маюць права на назову культуртрэгероў у агульна-чалавечай культуры.

Эўропа ў гэтым выпадку далёка аперадзіла славянскую раўніну на ўсходзе, аднак і Беларусь займае тут не апошняе мейсца. На ўсходзе Эўропы ў друкарстве ёй належыць першынства.

Бацько друку Гутэнбэрг пачаў сваю працу ў Нямеччыне ў 1456 г. У 1465 г. друкарства зьявілась у Рыме, у 1470 г. — у Францыі, у 1478 — у Швэйцарыі й Чэхіі, у 1480 г. — у Англіі, у 1489 — у Партугаліі, у 1491 — у Кракаве (Польшча), у 1499 — у Гішпаніі, у 1525 — у Вільні (Беларусь), у 1564 г. — у Маскве і 1574 г. — Львові (Украіна).

Многа было спрэчак аб друках Скарыны, дзякуючы таму, што старадаўная славяншчына служыла падставай мовы ўсіх славянскіх народаў на ўсходзе і таму прэтэндавалі на Скарыну ў першую чаргу велікаросы і часткова украінцы.

Агульна-расейская культура да гэтае пары не дае спакою расейскім прафэсарам; аднак навуковыя досьледы строга аб'ектыўных у навуцы асоб змушаны былі прызнаць беспадстаўнасьць такіх досьледаў ужо па таму, што ва ўсіх яго кнігах уведзяны чыста мяйсцовыя словы беларускае мовы, якія ўжываюцца на Беларусі і да гэтае пары: борзда, бараніць, вінаваціць, вір, жыта, карагод, пражыцца, пуга, скрыня, цяміць, узгорак, віхар і інш.

Адыграла пэўную ролю ў гэтых доследах і паходжэньне Скарыны з Полацку, самага сэрца тагачаснае Беларусі. Калі ў часы панаваньня Расеі было мажліва рэнэгатства і культурная праца на пануючай мове, то ў той час, калі працаваў Скарына, мейсца паходжэньня адбівала і яго нацыянальнасьць, і залічыць Скарыну з Полацка маскоўцам альбо украінцам — немагчыма. Гэты доказ нікога ў правідловасьці пераканаць ня мог і сягоньня аб гэтым сур’ёзна ніхто не гаворыць.

Нічога не дадае да гэтага і прадмова да надрукованых у Празе 22 кніжак: «Біблія руська, вылажана Доктарам Францыскам Скарынаю із слаўнага града Полоцька, Богу ко чці і людзям посполітым к добраму научэньню». Назова «Русь», якая належала выключна Беларусі і Украіне, паколькі Літоўска-Беларускае Княжаства аб'еднывала гэтыя тэрыторыі за часоў Вітаўта і Альгэрда, ніякім чынам не магла належаць князям маскоўскім, бо німа ніводнага старога дакумэнту, які бы абшары на ўсход ад Літоўска-Беларускага Княжства называў інакш, як Масковіей, московітамі.

Барацьба за Беларускую «вотчыну» распачалась у 1491 г., пры Іване III зь беларуска-літоўскім князям Александрам Ягайлавічам. Гэта барацьба дасягае найвялікшага напружаньня ў 1500 г., калі Іван III пачынае вайну са сваім зяцям, жанатым на яго дачцэ Галене, — Аляксандрам Ягайлавічам за тое, што апошні ў аднэй з грамат не назваў Івана «Гасударам усея Русі».

Разумеецца, што беларуска-літоўскіе князі не хацелі аддаваць гэтае назовы маскоўскім князям.

Змаганьне за назову «Русь» і першынства ўзнаўляецца ў 1508, 1513, 1516, 1518, 1519, 1534, 1535 і 1536 г. Абедзьве стараны, змораныя барацьбой, заключаюць мір, які трывае 25 гадоў і пачынаецца зноў у 1563 г., пры Іване IV Грозным, калі ён, варваўшысь у Полацк, абрабаваў і вываз у Маскву золата, срэбра, гістарычныя памяткі і архівы.

На гэтай падставе і Скарына называе Біблію «руськой», знача беларускай, бо ў сваіх прадмовах да друкованых кніг гаворыць ясна: «Понеже от прырожэньня зверы, ходяшчія у пустыні, знаюць ямы своя; птіцы лятаюшчыя па воздуху, ведаюць гнезда свая; рыбы, плываюшчыя па мору і ў рэках, чуюць віры свая; пчолы і тым падобныя бароняць вульлей сваіх, — такжа і людзі, ікдзе зрадзіліся і ўскормлены суць па Бозе, к таму месту вялікую ласку імаюць» (Прадмова да кнігі Юдіф).

Не мог тут Скарына гаварыць аб Маскве ці той Русі, якой яшчэ не было і да якой Полацк, тое мейсца, якое мела ў Скарыны такую ласку, не належала. Тым барджэй гэнай назовы «Руська» не мог Скарына даваць і мове Маскоўскага Княжества, бо ў другай прадмове кажа, што распачаў сваю працу друку на беларускай мове «найболе з тое прычыны, іжа мя Міласьцівы Бог з таго языка на сьвет пусьціў» (Прадмова да Псалтыру.

Калі Скарына радзіўся і памёр, мы не знаем. Дапусьціўшы, што Скарыне было ў 1504 г. 14 лет, калі ён запісаўся студэнтам у Кракаўскі ўнівэрсытэт, заплаціўшы ўступных два грошы, пад назовай Frапсіsсаs Luce de Роlоско — можна прыгадліва сказаць, што ён радзіўся ў 1490-1491 гг.

Доля Скарыны, як і ўсей беларускай гісторыі, занатавала нам найважнейшые моманты народна-палітычнага і культурнага жыцьця, пагубіўшы ў архівах нашых насільнікаў усе драбносткі так дарагіх нам зьявішч на нашай гісторычнай дарозе. Мажліва, што гэтыя дарагія нам памяткі былі папаляны і зьнішчаны, альбо ў часе нападаў на Полацк у 1563 г. Івана Грознага, альбо спаляны палякамі ў Вільні ў 1581 г.

Паленьне беларускіх кніг і дакумэнтаў прадаўжалась амаль два стагодзьдзя і даканчывала гэта барбарства яшчэ ў 1860 г. расейская ўлада ў біскупствах — Віленскім, Менскім, Вітэбскім, Валынскім і Падольскім. Колькі іх было спалена, нікому ня ведама (Крывіч, № 1 (7), 1924 г., бал. 59-61). Але нягледзячы на жорсткую барацьбу зь беларускай гісторыяй і культурай, на яе знішчэньне, яна расла і разьвілась, хоць пакінула па сабе менш, як у другіх народаў, пісаных памятак і давяла народнае жыцьцё пасла 300-летняга заняпаду да выяўленьня цьвёрдае волі незалежнага істнаваньня — 25 сакавіка 1918 г.

Асновапаложнікам гэтага быў Скарына з Полацку і яго друк.

Скончыўшы праз два гады, у 1506 г., Кракаўскі ўнівэрсытэт бакалаўрам, Скарына дзесь вандруе па Заходняй Эўропе. Вучыць жыцьцё эўрапэйскіх народаў і штудуе мэдыцыну, да якой ён меў вялікую прыхільнасьць. Дзе гэта адбывалась і як, гісторыя не мае цэнных, але ў Падую, у Італіі, Скарына зьяўляецца ў 1512 г. зусім падгатаваным да экзамэну на доктара і просіць, каб яго дапусьцілі экзамэнавацца бясплатна, так як ён па беднасьці ня мае грошы, каб заплаціць патрэбную суму.

Доктар Мусаті, адзін з прафэсароў Падуанскага ўнівэрсытэту, надзвычайна спагадліва аднёсься да маладога вучонага Скарыны і запрапанаваў яму прыйсьці 5 лістапада на 5-ую гадзіну вечара ў касьцёл Сьв. Урбана, куды ён склікаў прафэсароў мэдычнага ўнівэрсытэту.

На сходзе прафэсар Мусаті абвесьціў, што ў Падую прышоў з далёкіх краёў, у адлегласьці 4-х тысяч кілямэтраў, надзвычайны вучоны, але бедны муж, які мае ўжо доктарскую адзнаку (Ехітus atrium doctor Franciscus gn. Domini Lucae de Polocko Ruthenus) і прасіў дазволіць яму «de grata speciali ad amore Dei» бясплатна экзамэнавацца. Пасля докладу прафэсара Мусаті быў пакліканы і сам Скарына, які горача вылажыў сваю просьбу, каб яму пазволілі бясплатна трымаць экзамэн на доктара мэдыцыны.

6 лістапада распачаліся ўступныя іспыты ў тым самым касьцёле, перад 14 прафэсарамі мэдычнага факультэту, а 9 лістапада ў Біскупскам палацы, пад старшынствам вікарнага біскупа П. Забарэльлі, у прысутнасьці ўсей калегіі Падуанскага ўнівэрсытэту з 24-х асоб пачаліся іспыты на доктарскае званьне.

Іспыты Скарына вытрымаў надзвычайна добра і аднагалосна быў прызнаны годным званьня доктара мэдыцыны, у чым і атрымаў з рук прафэсара Барызоні атэстат.

З гэтага часу Скарына да свайго подпісу заўжды дадае: «Навук вызваленых і лекарскіх доктар».

Пасьля гэтага Скарына зноў зьнікае з гістарычнай памяці. Разумеецца, ня меўшы грошы на іспыты, ён ня меў іх і на падарожу, і, хутчэй усяго, на пяхоту накіраваўся на бацькаўшчыну. Быў у Чэхах і Нямеччыне, знаёміўся зь людзьмі. Пабываў у Полацку і Вільні, прыглядаўся да абставін і рыхтаваўся да працы, якая яшчэ мусіць з Кракава, пад уплывам яго прафэсара Яна Глагоўчыка, які ўжо перэкладаў Біблію на рускую мову, цягнула... але адпаведных варункаў для гэтае працы Скарына на бацькаўшчыне не знайшоў і вырашыў падацца ў Чэхію як самую свабодную старану таго часу.

Апрача агульных падстаў, якія змусілі Скарыну ўзяцца за пераклад і друк Бібліі, як яго прадмовы да выданьня: «Понежэ не только докторове, а люди вчэные в ніх разумеють, но всякий чэловек простой и посполиты чтучы іх, или слухаючи, может разумети, что есть потрэбно к душному збавению его», альбо: «в сей книзе всея прирожоное мудрости зачало і конец, Бог Вседержитель познаван бываеть... В сей книзе вси законы и права, ими же люди на земли справоватися имеют, пописаны суть... В сей книзе вси лекарства душевные и телесные зуполия знойдете... Ту научение седми наук вызволеных достаточное. Хошчеши ли умети граматику или по руски гворячы грамоту, еже добре чести и мовити учить, знойдешы в зупольнои Библии Псалтыру, чти её... Ашчелы же кохание имаше ведати о военных а о богатырских делех чти книги судей, или книги Моковеев. Более и справедливее в них знайдеши, нежели во Александрии или во Трои» («Крывіч», № 1, 1924, бал. 10).

Але мы не застанаўліваемся на агульных падставах Скарынінскага друку, нас цікавіць маральная і нацыянальная старана працы Скарыны.

Любоў да сваёй зямлі — тэрытарыяльны нацыяналізм, як я адзначыў раней з яго прадмовы да кнігі Юдіф, выяўляецца яскрава ў словах: «Також и Люди и где зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають».

Любоў да народу і сваёй мовы — нацыянальнае ўсьведомленьне — можна бачыць з прадмовы да Псалтыру: «Я, Францишек Скорынин сын з Полоцька, в лекарских науках доктор, повелел есьми Псалтырю тиснути рускими словами а словенським языком напред ко чти и к похвале Богу в Тройци единому и Пречистой Его Матери Марии всем небесным чином сватым Божьим, а потом к пожитку посполитаго добраго, найболей с тое прычыны, иже мя милостивый Бог с того языка на сьвет пустил».

Запраўды, у чалавека эўропэйскі асьвечанага, у эпоху барацьбы за свабоду вызнаньня, першай думкай зьяўляецца жаданьне — не пашыраць сваю навуку, не дабівацца высокага становішча паміж другімі, а прыблізіць да свайго знаньня народ. Скарына сьпяшаецца даць свайому народу кніжку на сваёй роднай мове, ці набліжаючэйся да яе, каб і яго народ мог далучыцца да агульна чалавеччай культуры таго часу.

Агледзіўшысь, што на бацькаўшчыне спрыяючых варункаў да друку німа, а можа і баючыся, каб і яго не спаткала доля Фіоля — першапечатніка — друкара Бібліі на славянскай мове ў Кракаве ў 1491 г., разбуранага фанатычным духовенствам, Скарына едзе ў Прагу Чэшскую, дзе панавала поўная рэлігійная свабода і ў 1517 г. распачынае працу. Час ня церпіць, і Скарына з надзвычайнай быстрынёй выпушчае са сваёй друкарні кніжку за кніжкай.

У 1517 г. выйшлі з друку: Псалтыр, кніга Іова, Прытчы, кніга Сіраха; у 1518 г. — Эклезіяст, Песьнь песьняў, Прамудрасьць Саламона, кнігі Царстваў, Ісуса Навіна; у 1519 г. — Юдіф, Суддзяў, Пяцікніжжа Маісея, Руф, Эсфір, Плач Іереміі, Кніга Прарока Данііла.

Праца ідзе шпарка, бо Скарына як найхутчэй, корыстаючысь спрыяючымі абставінамі, хоча даць «Вырозуменьня рабі простых людзей», Бібліейскія кніжкі на беларускай мове нават з малюнкамі.

Мажліва, што абставіны былі ўжо не так спрыяючыя, як раней у свабоднай Чэхіі, бо мы да гэтае пары ня ведаем, дзе і з кім у Празе друкаваў Скарына свае кніжкі. Гэта наводзіць на думку, што друк Скарыны адбываўся патаемна. Сьведчыць аб гэтым і раптоўны зрыў працы, не дакончыўшы яе і пераезду 1519-1520 гг. Скарыны ў Вільню.

Калі ўзяць пад увагу, што ўжо ў часы побыту Скарыны ў Празе распачалась барацьба паміж Ягелонамі, пасьля сьмерці Людовіка, і Габсбургамі — (Фэрдынанд) — за Чэшскую карону, якую і атрымалі немцы ў асобе Фэрдынанда 13 сьнежня 1526 г., то стане ясна, што свабоды гусітаў, табарытаў і братоў — скарачаюцца, а павялічываюцца і пашыраюцца правы каталікоў зь нямецкімі баронамі, духавенствам і чэшскай шляхтай па загаду Рыма. Магчыма, што і Скарыне, як Швайпольту Фіолю ў Кракаве — пагражаў арэшт за гэрэтыцтво, чаму ён так хутка і перанёсься ў Вільню. А можа яго прымусіў да гэтага мор, быўшы ў Празе.

Народны дух і абставіны, сярод свайго народа, у найлешую пару панаваньня беларускай культуры, надавалі Скарыне яшчэ больш сілы, каб сваімі друкамі далучыць беларускую мову і культуру да ўсечалавечай культуры.

Перакінуўшысь у Вільню, Скарына закладае друкарню: «в дому почцівого мужа Якуба Бабіча, найстаршаго бурмістра славнаго і вялікаго места Віленскаго», і 25 сакавіка 1525 г. выдае «Апостола» і «Малую падарожную кніжыцу».

Так, на ўсходзе Эўропы першым вучоным докторам Скарыной быў заложаны моцны асяродак культуры ў Вільні, у Скарынінскай друкарні. З гэтага асяродку, як іскры з вогнішча, раскідалісь ва ўсе бакі славянскага міру друкі Скарыны. Кніжкі яго Бібліі разыходзілісь па абшарах Баўгарыі, Сэрбіі, Чэхіі, Польшчы, Украіны, Маскоўшчыны, не гаворучы ўжо аб Беларуска-Літоўскім Княжстве.

Трэба ведаць, што Скарынінская Біблія зьявілася трэцяй у Эўропе. Першай у 1445 г. была надрукавана — нямецкая, другой — у 1448 г. — чэшская, і трэцяй — у 1517 г. беларуская.

І па істоце, і па характару друку Скарынінскія выданьні былі лепшые за Нюрэнбэргскія і Вэнэцыянскія. Скарынінскі друк браўся за прыклад, а ўвесь славянскі сьвет карыстаўся імі як больш зрозумелымі ніж старацаркоўныя рукопісы старого пісьма.

Паволі ад друкаў Скарыны пачынае друкарства распаўсюджывацца і на Ўсход. Думка аб друкарні зьяўляецца ў Маскве ў 1551 г. і зьдзейсьніваецца толькі Іванам Грозным у 1563 г., куды былі запрошаны са Скарынінскай друкарні масковец Іван Фёдараў і беларус Пётра Мсціславец з Магілёва.

Лёс першых друкароў у Маскве быў кепскім, ім хутка прышлось уцякаць ад цемры маскоўскай на Беларусь.

Дзякуючы беларускаму гэтману — Рыгору Хадкевічу яны змаглі адчыніць друкарню ў родным мейсцы Хадкевіча — Заблудаве, дзе ў 1569 г. надрукавалі «Паучыцельнае Евангеліе». Гэта «Евангеліе» Хадкевіч хацеў надрукаваць на беларускай мове і казаў: «Помыслил же был есьмы же и се, иже бы сию книгу, выразуменьня ради простых людзей, преложици на просту мову». Але зрабіць гэтага не ўдалося. Люблінская вунія разьбіла пляны Хадкевіча, ярым праціўнікам якое ён быў, і друкары, ня маючы падтрымкі з боку Хадкевіча, прымушаны былі выехаць з Заблудава.

Фёдараў выязджае ў Львоў і з 1572 г. закладае там украінскую друкарню і выдае ў 1574 г. першую кніжку «Апостол» як пачатак украінскага друку, а Мстіславец пераязджае ў Вільню і ўзнаўляе перарванае пасьля Скарыны беларускае друкарства з 1574 г.

Такім чынам, першая кніжка, друкаваная на Беларусі, зьявілася 400 гадоў таму назад, у Маскве на 40 г., а на Украіне — на 50 гадоў пазьней.

400 гадоў таму назад верны сын свайго народу Скарына, атрымаўшы эўрапэйскую асьвету і апярэдзіўшы свой народ ня менш як на 100 гадоў, не адышоў ад народа, не стаў толькі сьведкай народнай цемры, а адразу панёс сьвятло навукі ў свой народ і адкрыў сапраўды на Беларусі залатую эру разьвіцьця культуры і веды.

Без Скарыны і яго друкаў ніколі беларуская мова не стала б дзержаўнай у Літоўска-Беларускім Княжастве.

Надзвычайны напор польскай культуры са ўсім дзяржаўным апаратам і прывілеямі для староннікаў Люблінскай вуніі толькі таму і не перамог, што народ узгадовываўся на друках Скарыны. Як камяннай сьцяной Беларуска-Літоўскае Княжаства адгарадзілася ад Польшчы і пасьля падпісаньня Люблінскай вуніі, тымі ж самымі здабыткамі культуры, якія пакінуў свайму народу на яго роднай мове Скарына. Ня толькі народ, а нават і шляхта, якая разам з Ягайлам у 1380 г. адарвалась ад роднага карэньня, чытаючы кнігі Скарыны, вярталась да роднай мовы і гуртавалась каля Кракаўскага манастыра Грэцкага абраду.

Хадкевічы, Радзівілы, Сапегі, Астрожскія і інш., як стаўпы, стаялі на варце беларускага народу і яго роднай мовы.

Толькі Скарына і яго наступнікі, узгадаваныя на яго друках, спасьлі Літоўска-Беларускае Княжаства ад поўнага зьліцьця з Польшчай, чаго так дабівалісь палякі.

Творчасьць, выхова народа, звычаі, распарадак жыцьця і судовыя законы — усё апіралась на пройшласьць Скарынінскага друку і тварыла далей беларускую культуру, літаратуру і законы.

Горы спаляных кніг, старых памятак мінуўшчыны сьведчыць нам аб гэтым, але і тое, што засталося, не можа нас выкрасьліць з радоў культурных народаў і цяпер.

Мабыць, гісторыя мела свае пляны і законы, выкрасьліўшы з нашай гісторыі ўсё дробнае і пакінуўшы толькі галоўныя фактары народнай творчасьці і культурнай сьпеласьці.

Ніхто ня ведае напэўна ні дня, ні года, калі радзіўся і памёр наш вялікі друкар і вучоны Скарына. Да гэтае пары спрачаюцца, якога вызнаньня быў Скарына, праваслаўнага ці каталіцкага. Ніхто ня ведае абставін жыцьця Скарыны ў часы яго вучэньня, таксама як у працы. Аддаўшысь друку, як пэўнаму служэньню свайму народу, Скарына ня меў зусім, відаць, свайго асабістага жыцьця. На гэта паказывае той факт, што ён, толькі скончыўшы працу ў 1529 г., калі яму было каля 40 гадоў, ажаніўся са ўдавой Юрыя Адверчанкі — Маргарытай. Жыў бедна аж да самай сваёй сьмерці...

Аднак усе ведаюць, колькі Скарына ў такі кароткі час надрукаваў кніжак. Усе ведаюць, што на падставе Скарынінскіх друкаў беларускі народ захаваў сваю самабытнасьць і ня зліўся з польскай дзяржавай, нягледзячы на тое, што нацыянальнага ўсьведамленьня, у нашым сэнсе слова, тады яшчэ ня было.

Скарынінскім друкам, разам з самабытнасьцю, захаваў беларускі народ і сваю веру, не раструсіўшысь паміж іншымі каталіцкімі народамі.

Друкі Скарыны перасьцерагалі нас і ад навалы Маскоўскай, нягледзячы на еднасьць рэлігіі, народная беларуская маса не паддалася дэнацыяналізацыі і пад страшэнным уціскам і забаронай вуснага — у цэрквах і касьцёлах і — пісанага слова — у газэтах, журналах і кніжках, не страціла Скарынінскай беларускай мовы і жывець ёю дасюль.

Ці можа быць якое-небудзь параўнаньне паміж беларускай культурай апошніх часоў і расейскай. Разумеецца, не — мы толькі пачынаем, а маскоўцы ўсімі сіламі свайго дабрабыту, сваёй дзяржавы, на працягу некалькіх сотак гадоў толькі і працавалі над ёю, каб гэтай культурай, блескам вялікай дзержавы задушыць культуры малых народаў. І што ж? дасягнулі мэты? Не, — народ беларускі адвярнуўся ад іх вялікай культуры і трымаўся, хоць і малой, але сваёй культуры, сваёй мовы, якую далі яму Скарынінскія друкі.

Ні школы, ні ўнівэрсытэты, ні прымусовае ўвядзеньне расейскае мовы, таксама як і раней польскай, ва ўсе ўстановы дзержаўнага жыцьця не перарабілі беларуса на расейца. Ён заўжды заставаўся самабытным, са сваёй простай мовай і не прыймаў мовы панскай.

Улада расейская думала, што ўсе скончана. Мова беларуская застаецца як перажытак, але душа селяніна ўжо перарабілась на расейскую.

65 % расейцаў у агульнай статыстыцы былі сьведчаньнем гэтага погляду. Ні аб якіх беларусах альбо украінцах успаміну там не было.

Гісторыя, як я казаў раней, па сваім законам укрывала ад людскіх вачэй усе драбязгі нашага жыцьця, і на гэты раз у 1917 г. паставіла нават часовы расейскі ўрад, ужо дэмакратычны, перад фактам існаваньня беларускага народу. Ён голасна загаварыў у Менскай, Віленскай, Вітэбскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Смаленскай губерні на мейсцох і ва ўсіх арміях на фронце.

Дух Скарыны і старых традыцый загаварыў раптоўна ізноў і выдзяліў беларусаў з агульна-расейскай лічбы.

На Кангрэсе ў сьнежні 1917 г. зьбіраецца каля 2000 дэлегатаў, якія і абвешчаюць, што Беларусь павінна стаць дэмакратычнай рэспублікай. Ідзе глухая барацьба паміж астаткамі расейскай дзяржавы і беларусамі ў створаным дзяржаўным органе, выбраным на Кангрэсе. Расейцы накіроўваюць на фэдэрацыю, беларусы патрабуюць незалежнасьці.

Пасьля продажы Заходняй Беларусі немцам у Берэсьці, чаша беларускага цярпеньня перэпаўняецца і, ня бачучы ніадкуль помачы, абарону сваёй тэрыторыі Рада Зьезду бярэ на сябе і 25-га сакавіка 1918 г. абвешчае Незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Абвешчае якраз у той самы дзень, калі 392 г. таму назад Скарына ў Вільні выдаў першую сваю «Малую падарожную кніжыцу», «Абы брацьця моя, русл, людзи поспалитыя, чтучы, магли лепей разумеци; дзецям малым, — пачаток усякое добрае навуки, граматы, еже добра чести и мовици вучыць; каб беларусы — падарожники мели на чым малицца на чужой старане, ведалиб, кали сьвяткаваць якие дни» (Гісторыя літэратуры, Гарэцкі, бал. 25).

Знаць, добра беларусы чыталі кніжкі свайго першапечатніка-друкара і шанавалі яго запавядзі, калі нават на чужыне, раскідаўшысь па ўсім фронтам і заграніцай, вучылісь чытаць і гаварыць па-свойму, каб у пэўны момант скінуць зь сябе чужацкую вопратку і зьявіцца на першы покліч сваёй Бацькаўшчыны.

Зьявілісь усе, верные заветам Скарыны, але лёс не судзіў яшчэ нам вярнуць былую славу нашых продкаў. Незалежнасьці мы не дасягнулі, дзякуючы ворагам пераможчыкам, але мы яе дасягнем. Скарына нам у гэтым зарука.

Вось гэны факт інстыктыўнага, магутна-стыхійнага абуджэньня народных масс, пасьля трохсотлетняга заняпаду, найяскравей сьведчыць аб нацыянальным пачуцьці беларускага народу.

Верны сваім традыцыям, народ беларускі на працягу 300 гадоў пасыўна бароніцца ад чужацкай навалы, захоўваючы толькі сваю беларускую мову як галоўную адзнаку свайго нацыянальнага жыцьця.

Бэз мовы — німа нацыі, бэз культуры — німа народу і не можа быць незалежнасьці, сваёй уласнай дзяржавы.

Народную беларускую мову першы зафіксаваў Скарына ў сваіх вечных помніках — друках Бібліі на простай мове.

Наступнікі ўзмацавалі і разьвілі яе далей, зрабілі мовай дзяржаўнай, на якой ня толькі гаварылі, але і пісалі дзяржаўным законы — граматы літоўска-беларускіх князёў і Літоўскі Статут.

Беларускі народ пасьля таго, як баярэ і нават духавенства адрэклісь ад роднай мовы і культуры, захаваў яе і не страціў у самую жорсткую пару трохсотлетняга панаваньня чужынцаў і перадаў нам да ўжытку сягоньняшняга дню.

Хто, любячы свой народ ці шануючы яго правы на мову і свае звычаі, адважыцца сказаць, што сучасьнікі павінны адрэчысь ад гэтай мовы і культуры, бо ёсьць культура вышэйшая, лепшая, а мова прыгажэйшая.

На Парыжскім конкурсу пекнаты сучасных моў першую прэмію атрымала мова эстонская, ці ж з гэтага можа хто зрабіць вывад, што іншыя мовы павінны адмовіцца ад сваёй і гаварыць толькі на мове эстонскай.

А між іншым такімі довадамі карыстаюцца расейцы і палякі адносна другіх нацый наогул і асабліва беларусаў.

Над такімі довадамі беларускі народ не задумываецца і ідзе сваёй дарогай да вольнага і незалежнага жыцьця, пасьля якога знойдзе спосабы раўнапраўнага сужыцьця са ўсімі славянскімі народамі, якія рука аб руку ішлі на змаганьне за сваю незалежнасьць і памагалі беларускаму народу вызваліцца зь няволі.

Дзень абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і дзень 400-летняга юбілею Скарынінскага друку неразрыўнымі ланцугамі зьвязаны паміж сабой.

Памяць аб слаўнай пройшласьці мінулага, самастойнага існаваньня Беларусі ў часы Скарыны, росквіт і залаты век беларускай культуры вабіць нас і цяпер сваёй прыгажосьцю. Успамінаючы старыя часы свайго незалежнага і магутнага панаваньня на абшарах беларускай зямлі, мы набіраем усё больш і больш сілы, каб прагалошаную 25 сакавіка 1918 г. Незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі абярнуць у рэальны факт часоў Скарыны. Жыцьцё мацней усялякіх выкладаў. Народ, адчуўшы ўсю пекнату незалежнага істнаваньня, ніколі ня згодзіцца на рабства. Мы бачылі ў самастойным істнаваньні росквіт культуры і адраджэньня; таксама, як у братскім еднаньні раней з Польшчай, а потым з Расеяй — заняпад і блізка што ня сьмерць нацыі.

Цяпер нам расейскія цэнтралісты бэз рожніцы, як левые, так і правые, а таксама і заграніца, якая стаіць на поглядзе, што народы для дзяржавы, а не наадварот — вуснамі «непомнящих родства» прафэсароў гавораць: «Что понятіе родины, как общее правило входит в понятіе отечества, но что часто незаметно для себя в понятіе родины вкладывается понятіе отечества — это является одной из причин местных сепаратизмов» (Руль 15.III. 25 г. № 1302). Для расейцаў гэта так, мы згодны, але — лічыць для ўсіх славян «Отечеством» Расею рызыкоўна: замест аб'еднаньня выйдзе раз'еднаньне.

Вось вам уваскрашэньне ідэі Рах Ramana і пазьнейшай — панславізму і пангерманізму. Так гаварылі прадстаўнікі Аўстра-Вэнгэрскай манархіі славянскім народам да вайны. Інтарэсы «Родіны» вы павінны забыць, а адчуваць толькі інтарэсы «Отечества». Дзяржаўнасьць на першым мейсцы, а потым народ.

З мэтаў інтэрэса «Отечества» панславізм імкнуўся і імкнецца пад назвай «Адзінства рускай культуры» правесьці граніцу ад Кёнігсбэрга да Тріэста і закрэсьліць магучай рукой назву «Родіны» для ўсіх славянскіх народаў, не гаворучы ўжо аб інародцах.

Мы, беларусы, ведаем, што для нас «Родина і отечество» — тое самае, за што мы з Масквой білісь больш як чатыры стагодзьдзі.

Горы трупаў і рэчкі беларускай крыві навучылі нас цаніць сваю Бацькаўшчыну не як частку Расеі, а як самастойную, раўнапраўную адзінку ў сям’і славянскіх народаў і дзяржаў.

Цень Скарыны ў сягоньняшні дзень яшчэ больш узмацуе нашы сілы на змаганьне за сваю незалежнасьць, а ўдзячныя сыны Беларусі, пры дапамозе нашых прыяцеляў, яшчэ больш аб'яднаюць навуковыя сілы нашай Бацькаўшчыны ў барацьбе за сваю і культурную і палітычную незалежнасьць.

Прага, 15.ІІІ. 1925 г.