Перайсці да зместу

Скарб (1927)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Скарб
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Ян Васілеўскі (1885—1948)
1927 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Скарб (Васілеўскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Выдавецтва Т-ва „Беларуская Хатка ў Вільні“


Я. ВАСІЛЕЎСКІ

СКАРБ.

ВІЛЬНЯ

1927 г.

СКАРБ.

Неяк у ноч сьвятога Яна,
Замест ісьці вянкі пушчаць,
Сабраліся мы ў Дзям‘яна,
Дый нут-ка аб грашох гукаць.
Было нас трох: Дзям‘ян Ліпоўка,
Другім-жа быў Пракоп Пазьняк,
Што вунь жыве ля Ляснічоўкі
Ну й я, так сама-ж ня хухрак.
Дзям‘ян даўно шукаў дарогі
Каб неяк ды разбагацець,
Каб бяз ніякага нічога
Вялікае багацьце мець.
„Ня раз я (кажа) чуў — гукалі,
„Што ў лесе там ля Індуноў
„Пранцузы скарб калісь схавалі
„Ў пяць тысяч залатых рублёў,
„Дый дзед Сьцяпан апавядае,
„Што бачыў ён як у лясу
„Часамі вогнішча пылае
„У начы ў дванаццатым часу,
„А каля вогнішча пранцузы
„У трох, ці ў чатырох сядзяць,
„Павыварачываўчы пузы,
„Ды грошы лічаць, аж бражджаць!
„Пасьля-жа, кажа, спрэчку ўзьнімуць
„Пяць тысяч тутка! закрычаць,
„Аб землю бразнуць і пагінуць,
„Нідзе нікога ня відаць.
„Дык чуеце! там скарб схаваны,
„Я-ж — знаю як яго дастаць,
„Якраз і ноч Сьвятога Яна,
„Пайдзём у трох яго шукаць!“
Пракоп так сама — як Ліпоўка.
На грошы надта-ж ласы быў,
І я-ж ня Божая кароўка,
Ды-й хто-ж-бы грошаў ня любіў?..
Вось мы-й пачалі рыхтавацца
Пасвойму кожны мяркаваць,
Кажу: „Каб надта не баяцца —
Гарэлкі-б можа варта ўзяць?“
„Ды ўсё ўжо ёсьць — гукнуў Ліпоўка,
„Я ўсё даўно нарыхтаваў,
„За вамі толькі астаноўка!“
І пляшку з кішані дастаў.
Ўзяліся мы тады паволі
Гарэлку чаркаю дзяліць,
Пры гэтым-жа, што раз то болей,
Пачалі грошы нас маніць.
„Вось каб пашчасьціла нам братцы,
„Ды гэты скарб у рукі ўзяць, —
„Ня трэба лепшага багацьця!
„Гэтак Пракоп пачаў гукаць.
— „А як-жа! гэта-ж братка грошы!“
Дзям‘ян гарача стаў казаць,
„Во! пажылі б і мы ў раскошы,
„На што было-б і працаваць?!
„А там праз год, другі-б дасталі
„Знайшоўшы дзе схаваны изноў…
„Тады-б і мы панакуплялі:
„Зямлі, скаціны, ды дамоў!“
— „Ды што там! толькі каб дасталі,
„Пасьля ўжо будзем мяркаваць
„Дзе, як і што, ляпей купляці“ —
Я гэтак тут пачаў гукаць.

Гарэлку чаркаю дзяліць
Пры гэтым-жа што раз то болей
Пачалі грошы нас маніць.

— „Дастаць яго?! ды хоць цяперка!“
„Паслухай!“ кажа тут Дзям‘ян,
„Вось гэтая браток паперка —
„Дык гэта-ж скарбу таго плян!!
„Вось бачыш — гэта лес пры вёсцы,
„А тут вось — цень таўсты стаіць
„Ад пня, па гэтай вось дарожцы,
„Сто крокаў трэба адлічыць.
„Там будзе роў, багністы братка,
„А каб яго нам перайсьці,
„Трэ‘ у бок зьвярнуць крыху на кладку,
„Ад сьцежкі крокаў сто прайсьці.
„За ровам-жа, праз крокаў трыста,
„Вялізны камень мусіць быць,
„Круглавы, абтачоны чыста,
„Пад камнем гэтым скарб ляжыць!“.
— „Ага!“ — Пракоп тут адазваўся,
„Ну, а скажы ты мне Дзям‘ян,
„Якім-жа спосабам папаўся
„Табе у рукі гэты план?“
— „Аб гэтым братка не пытайся,
„Хутчэй гарэлку дапівай,
„Ды, калі пойдзеш, дык зьбірайся,
„А як ня пойдзеш, то прашчай!“
— „Чаго табе так гарачыцца?!“
Пракоп з абідай загукаў,
„Зусім няма чаму дзівіцца,
„Што я аб пляне запытаў“…
— „Ды не! але к чаму пытацца,
„Што? скуль? ды як? — гукнуў Дзям‘ян,
„Зусім няма чаго баяцца…
„Што-ж тут табе? якісь абман?!“
Яшчэ з гадзіну пагукалі
Аб тым, аб сім, — як скарб дзяліць,
Ды-й з хаты выхадзіць пачалі,
Гадзіньнік дзевяць стаў званіць.
Ідзём сьцяжынкаю праз поле.
Дзям‘ян Пракопу штось шаптаў,
Мяне-ж, што раз то болей й болей
Страх нейкі забіраць пачаў.
І чую, бытцам хтось гукае:
„Вярніся Янка, пакуль час,
„Вярніся! хай яны шукаюць,
„Бо пажалееш ты не раз“…
Ды сорамна было прызнацца,
Сваім прыяцелям сказаць,
Што дальш не йду, бо стаў баяцца…
Ды йшчэ Дзям‘ян пачаў шаптаць:
„Вы-ж помніце, Пракоп і Янка,
„Што як пачнём мы там капаць,
„Калі здавацца будуць зданкі,
„Дык не пужацца, не ўцякаць!
„На‘т — азірнуцца ўзад ня можна,
„Бо ўсё прапасьці можа ўраз.
„Глядзіце-ж, будзьце асьцярожны,
„Не зробце так — як той Аўлас,
„Што скарбу там шукаў ля дому,
„Аж бачыць — да яго пятух
„Вязе агромны воз саломы,
„Дык пёр-што ледзь ня вылез дух!
„Ды-й мы-ж у трох, чаго баяцца?!
„Што можа стацца злога нам?!
„Дык помніце-ж, каб не пужацца,
„Ды і гукаць ня можна там!
„Капаць моўчкі трэ‘ так як можна,
„Аж пакуль не зазьвіняць,
„Тады рукамі асьцярожна
„Іх з ямы трэба вынімаць“…

… Аж бачыць да яго пятух
Вязе агромны воз саломы.


— „Ды ведаем мы й што як трэба“,
— Пракоп яго тут перабіў.
„Лепш паглядзі — як хмарна неба,
Каб дождж часамі не паліў“…
— „Ціха! здаецца хтось гамоне“,
— Дзям’ян тут прыслухацца стаў,
„Хавайся! хтось ляціць на конях,
„За куст! каб тут нас не застаў!“
Яшчэ схавацца мы ня ўсьпелі,
Як два мужчыны на канёх
Ля нас трох хутка праляцелі
І пазьнікалі у кустох.
Здалёку толькі данасіўся
Йшчэ стукат конскіх капытоў.
Ды незабавам, аддаліўся
І хутка ўсё заціхла ўзноў.
Я тройчы тут перажагнаўся,
Дый іх пачаў страх забіраць.
Але т’кі крышку пачакаўшы,
Пайшлі мы далей: што-ж стаяць?!
Праз паўгадзіны прахадзілі
Мы блізка вёскі Індуноў;
Ня спалі ў вёсцы, бо сьвяцілі
Агні у вокнах ўсіх дамоў.
Чуваць было як там пяялі,
Хто варажыў, а хто скакаў.
На скрыпках і цымбалах йгралі
І бас ім гулка пасабляў.
Паволі й лес ужо збліжаўся,
Ды нас у цемру занімаў,
Дзям’ян кругом тут прыглядаўся,
Відаць таго ён пня шукаў!
Хадзілі доўга па амацку,
Аж спрыкрыла ўжо шукаць;
Аж тут: — „Сюды! тут пень!“ — зьнянацку
Дзям’ян стаў радасна шаптаць.
Ад пня ішлі мы хутка далей,
(Дзям’ян напераду ішоў).
Не мала мы папрацавалі,
Пакуль пералязалі роў.
За ровам, бытцам у гарачцы,
Шукалі камень мы у трох;
Хадзілі доўга аж прызнацца;
Засталісь чыста мы бяз ног!
А каменя знайсьці ня можна,
Хоць мацалі усё кругом,
Ходзючы ракам, асьцярожна,
Бытцам спаліўся ён агнём.
Ці скрось зямлю мо’ праваліўся,
Ня ведаю, як і гукаць
А мо’ Дзям’ян тут памыліўся,
Ды ня ў той бок пашлі шукаць?!
Пракоп ня вытрымаў, ды-й кажа:
— „Не, брат, няма тут камянёў!
„Я з першага ня верыў разу,
„Што скарб тут ёсьць; ідзём дамоў
„Дзям’ян няхай тут астаецца,
„Шукаць не скарбаў, а дурных,
„А-й то ня знойдзе, мне здаецца,
„У гэтым лесе ён і іх,
„Трэба-ж было вось“…
— „Ціха! Ціха!“
— Дзям’ян трывожна перабіў,
„Ці бачылі — што там за ліха.
„Сярнічку бытцам хто паліў,
„Вунь гляньце, ўзноў штось засьвяціла,
„Ідзём туды — мо’ камень там!“
Кажу: — „Ці не нячыста сіла
Сьмяецца з нас? — схадзі ты сам!…“
— „Ды што там сам! ўсе йдзём, глянем,
„Што там такое можа быць,
„А можа там якраз той камень
„Над скарбам тым агнём гарыць?“
Пашлі мы ўтрох, амацкам, ціха
На гэны аганёк якраз.
Падходзім бліжай; што за ліха?!
Агонь раптоўна зьнік, пагас!
— „Хутчэй за мною братцы, далей!
„Пакуль шчэ певень не пяяў.
„Бо прападзе! Ну, што-ж вы сталі?
„Шукаць!“ — Дзям‘ян закіраваў.
Прайшоўшы крокаў больш як дваццаць
Ён раптам зашаптаў нам: — „Стой!
„Дальбог, не памыліўся братцы,
„Я камень маю пад нагой!“
Падбеглі, сталі яго мерыць
У шырыню і ў даўжыню,
Ну, можа з вас хто не паверыць,
Былі пры тым мы камяню,
Што ў пляні быў абазначоны,
Той самы! што тут і казаць!
Круглавы, з боку абтачоны
І з дзіркай; як-жа-ж не спазнаць?!
Нарыхтаваўшы ўтрох рыдлёўкі,
Пачалі камень мы вярнуць.
Аж раптам: нехта бац! з вінтоўкі,
Зьвяры ў лясу як заравуць!…
Як зарагоча хтосьці з боку,
Калі застогне увесь лес…
А Божачка Ты мой высокі,
Што-ж гэта ёсьць, куды я ўлез?!
З усіх бакоў тут чутны гукі:
— „Лавіць! жывых іх ня пушчаць!
„Пазьвязываць ім ногі, рукі,
„Ды скуру з іх хутчэй зьдзіраць!“
Аж панямелі мае ногі,
Рыдлёўка выпала мне з рук,
У вачох то ямы, то дарогі,
У галаве і шум і стук!…
Мурашкі сыпнулі за скуру,
Зьляцела шапка з валасоў,
Хоць маю сьмелую натуру,
Ды ўжо самлець я быў гатоў!
Чуць на зямлю не паваліўся
Аж застагнаў я: — „Ай! Пракоп!“
Дый крыху ўзад я пахіліўся,
Ды за плячо Пракопа — хоп!
Яго як варам абварыла, —
Ці мо‘ мяне ён не пазнаў!
Ўсяго тут нек закалаціла,
Ды ў лес ён ходу калі даў!…
Тут і ў мяне знайшліся ногі;
Я пёр за ім, — што сілы меў.
Не разьбіраў ужо і дарогі,
Ад страху — ледзь не ашалеў!
За намі-ж на канях ляцелі
Пранцузы — крычучы: „Лаві!“
„Вяжы іх, каб яны хварэлі,
„Сячы іх, рэж, калі, даві!!“

… Пранцузы — крычучы: лаві!
Лаві іх каб яны хварэлі!

А шум, а піск які, ды топат,
А шаблі страшна як зьвіняць;
Здаецца — ўраз за карак схопіць,
Ды скуру ўсю пачне зьдзіраць!
Што раз, то бліжэй, наганяюць,
Вось чую ўжо, як конь сапіць,
Пранцуз-жа шаблю вынімаець
І проста на мяне ляціць!
Во ўжо-нагнаў — і замахнуўся
Ён з крыкам шабляй надамной,
Я ў бок, ды калі разануўся
Аб пень з разгону галавой!
Пранцузы страшна закрычэлі.
Але ніяк не уцямлю,
Што й як рабілася там далей,
Самлеўшы бразнуў на зямлю…
...............
Каля паўдня я прабудзіўся
І вочы сілаю адкрыў,
Рукой за галаву схапіўся,
Ды ледзь ад болі не завыў!
Скура кавалкамі вісела,
Зьляпіла кроўю валасы,
Крый Божа крануць! Во балела!
На лбу балючы гуз бальшы…
Вочы ўшчэнт пазапухалі,
На сілу бачыў імі сьвет
І ўсё кругі мне ў іх стаялі…
Аж, раптам, чую, нейкі дзед
Загаманіў: — „Ну вось, прачхнўся,
„Але чаго ты тут ляжыш?
„Як гэта тут ты апынуўся,
„Адкулічка ты сам? кажы-ж!“
Успомніў я тады паволі,
Дзе я і што было са мной,
Ды аж затросься мімаволі
І твар сваю закрыў рукой.
— „Ну што маўчыш? дзед зазлаваўся,
„Мо‘ розум табе адняло,
„Адразу лепей прызнавайся —
„Вас колькі ноччу тут было?
„Было нас трох…“ — кажу я ціха:
„Пракоп, Дзям‘ян, ды… трэцьці — я…“
— Яшчэ ня скончыў, што за ліха?!
Як зараве дзед, ай-я-я!
— „Ах вы зладзеі, канакрады,
„Бачыш, утрох яны былі…
„Пазабіваць вас трэба, гады,
„Каб ані хвілі ня жылі!
„Не працай зарабляці хлеба,
„Чужым дабром хацелі жыць,
„Людзкіх вам коні красьці трэба, —
„Не, не! засеч яго, забіць!
„Хай злодзей, ходзючы па сьвеце,
„Дабра людзкога не крадзець
„На полі, або дзе у клеці,
„Сабацы і сьмерць сабаччу мець!“ —
Дый-за сякеру ён схапіўся,
І замахнуўся нада мной…
Ад страху я рукой закрыўся
І застагнаў, аж чую — „Стой!“.
„Каго засеч ты там сабраўся?
„Яшчэ й лежачага напаў!“
— „Зладзея!“ — дзед тут адазваўся,
„Ён з тымі ноччу коні краў!“
— „Што кажаш ты?! — тож коні дома,
„Ці-ж ты Андрэй, сягоньня п‘ян?!
— „Няўжо-ж знайшліся?“ — „А вядома!
„Прывёў іх солтыс з Азяран!“
— „Дык гэта не яны пакралі?“ —
Пачаў дзед ціха гаманіць,
— „Чу, але ледзь жывуць, во далі!
„Ня будуць па начах хадзіць!
„У поўнач, коні як шукалі,
„Ля рову, бач, злавілі іх,
„Ну-й адмясілі-ж, во ўжо далі,
„Зьвязаўшы разам абаіх!
„Дык не кажы браток нікому,
„Што я хацеў яго забіць;
„Як коні ёсьць — ідзем да дому,
„Але, з тым хлопцам што зрабіць?“
— „А возьмем і яго з сабою!
„Што-ж, кінеш тут яго лажаць
„З гэтак разьбітай галавою?…“
Другі так голас стаў казаць.
Ня помню, як мяне забралі,
Бо раптам я самлеў ізноў.
Суседзі-жа апавядалі,
Што нас траіх вязьлі дамоў.
Што не ляжаў я на калёсах,
І што Пракопка, ды Дзям’ян,
Былі так чорны — як саган.
Дык вось-як тром нам давялося!

Мы доўга хворыя ляжалі.
Добра што я, дык жыў адзін,
А іх яшчэ й бацькі ругалі
Што дзень па некалькі гадзін!
З тых пор, мы скарбаў не шукаем,
Той хцівасьці ужо німа;
Хоць цяжка грош свой зарабляем
Ня хочам скарбаў і дарма!…
...............
Чытач, што страхаў тых ня бачыў,
Ды скарбаў ня шукаў хоць раз,
Чытаючы мой гэты сказ
Ты пасьмяешся з нас, ня йначай!
Або якім нягодным словам
Захочаш нас яшчэ й ругнуць,
Што мы ня ўсьпеўшы адвярнуць
Над скарбам камень, там, за ровам,
Спалохаліся страхаў тых.
Ды скажаш — каб адзін! — утрох!!
Не дасягнуўшы сваёй мэты.
Беглі ад скарбу, хто як мог!
Але каб быў на нашым мейсцы,
Ды каб ўбачыў па кустах
Жывых, пранцузаў на канях,
Што з крыкамі: — „Лавіце, рэжце,
Зьдзірайце скуры з іх жывых“.
Ды проста на цябе-б ляцелі,
Стралялі, шаблямі зьвінелі,
Дык ня стрымаўшы сваіх ног
І ты-б ляцеў, казеля вочы,
Як найхутчэй як толькі-б мог!
Па бездарожжу, па кустох,
Ня гледзючы на цемру ночы
Ды-й не зманіў-бы больш рагаты
Ісьці дзе скарбаў тых шукаць,
А пільнаваўся-б сваей хаты,
Бо скарбаў — лепш іх і ня знаць!!