Сказала партыя народу праўду
Выгляд
Сказала партыя народу праўду Верш Аўтар: Язэп Пушча 1962 Крыніца: https://knihi.com/Jazep_Pusca/Viersy.html#chapter272 |
Ён заслужыў народную пагарду.
Сказала партыя народу праўду,
Якім суровым, жорсткім быў тыранам,
Як боль і кроў штодзень сачылі раны,
Як смерць і кат ўрываліся ў цямніцы
Людскою кроўю ўмыцца і напіцца.
Устань, бязлітасны тыран, з магілы
І раскажы пра ўсё вачыма злымі,
Якія учыняў ты катаванні
У час вячэрні, і начны, і ранні,
Як літасці нявінныя прасілі.
Як адбіраў ты і жыццё, і сілы.
Ты катам раздаваў узнагароды,
Устань і праўду раскажы народу.
Пачуеш і пракляцці, і праклёны,—
Іх шлюць табе замучаных мільёны.
Мы помнікі твае зруйнуем, зрушым,—
Хай кованы абцас зямлі не душыць.
Нас партыя вядзе, за ёй мы крочым
І з Ленінскіх шляхоў-дарог не збочым.
25 лістапада 1962 г., Мінск.