Свята на Беларусі
Свята на Беларусі (Адчыненне Усебеларускага зьезду 7-го лістападу а 8-й гадз. у вечары) Публіцыстыка Аўтар: Змітрок Бядуля 1917 Крыніца: Вольная Беларусь, 1917. - №34 - с.1 |
Беларускі народ — гэта той волат-асілак, на несколькі сотак гадоў быўшы зачарован чараўніцамі. Ен спаў у сваіх лясох, абвеяных казкамі: ён спаў у сваіх палёх, апавітых сумнымі песьнямі жнеяў і ратаеў.
Спаў ён моцным, ніпрабудным сном, а тут плялі над ім свае густыя павуціны цёткі-чараўніцы. Яны абкурывалі яго сваімі зеллямі і нашэптавалі у самыя вушы свае цёмныя замовы.
А завуцца гэтыя цёткі — Масква і Варшава.
Часам да яго вуха далетало гуканне:
—«Уставай! ачніся!»
Гэта яго родная сястра Украіна гукала яму.
—«Досыць спаць, ідзі да сонейка...» —казала яна.
Беларус спаў, — спаў цяжкім летаргічным сном.
Але вось кончыліся чары, страцілі сілу замовы.
Закруціў, зашумеў вецер-віхор над густым шчыр-борам. Беларус-волат ачнуўся і давай азірацца па бакох.
Заніпакойліся прагавітыя цёткі і давай угаварываць-упрашаць, ціхамірыць яго:
— «Ляжы, спі, як спаў дагэтуль, у мягкім моху, у цянечку... куды табе ісьці у сьвет? Там сонцо вочы сьлепіць... там віхры на волі гуляюць... шчэ у вір зацягнуць там, злійся-злучайся з намі!» Зноў у духоўную ніволю хацелі яго зацягнуць.
Але Беларус скінуў с сябе ланцугі гэтых чараў, і рушыў уперад. Ен задумаў адбудаваць сваю нацыянальную будоўлю, тую будыніну, першыя цэгліны якой паложаны за апошнія сто гадоў лепшымі сынамі Бацькаўшчыны, сьвядомымі піанэрамі беларускага руху, ахвяраваўшых жыцце свае за свой родны край, за сваіх гарапашных братоў і бацькоў ратаеў.
І беларуская нацыянальная будыніна, абгорнутая густымі хмарамі, за апошні час волі усё рэльефней і выдатней пачала вызначацца пад нашым родным небам.
Вялікая Беларуская Рада, злучна з Вайсковай Беларускай Радай, склікала Усебеларускі Зьезд у сэрцы Беларусі, Мінску, дзе калісьці цекла і хвалевалася рэчка Няміга, асьпеваная слаўным Боянам у хвальным «Слові о полку Ігораві». З усіх глухіх куткоў нашай роднай старонкі, з усей Расіі і з усіх фронтаў прышлі беларусы, высланыя народам.
Побач с беларусамі інтэлігентамі, стаяць з усіх беларускіх воласьцяў і с фронтаў барадатыя «дзядзкі», селяне у кажухах, у сьвітках, у шэрых шынэлях, з клункамі за плячыма.
Мінскі гарадзкі тэатр перапоўняны.
Хто так сабе зацікаўлены, хто у душы зварухнуўся, а хто полымем гарыць. І кожнае слово яго полымя, і увесь ен палае каханнем да роднай абездолянай Краіны свае.
Есьць некалькі і з вядомых ворагаў, беларускай справы. Яны стараюцца шкодзіць як-мага і чым-мага. Пераодзетыя у селянскія кажушкі, яны прыйшлі, як на маскарад. Увіваюцца, высовываюць языке, скачуць зухавата направа і налева і пужаюць селян нейкімі міфічнымі панамі і князьямі.
На гэта адзін селянін выступіў с прамовай і сказаў:
—„…Нас пужаюць панамі і раюць нам ні верыць Вялікай Беларускай Радзе, але я тут ніякіх паноў ні бачу — дзе яны?"
Што датыча нацыянальнай справы, дык усе у вадзін голас кажуць, што «асыміляцыя гэта духоўная няволя. Супраціў нацыянальнага руху ні можа устояць ніякая сіла, дзеля таго, што гэта само жыцце, інстынкт прыроды.»
І радасна на сэрцы, што беларус чуе і разумеіць, што цяпер нельга чакаць, ен мае адвагу бараніць самаго сябе і выявіць свае нацыянальнае «Я.»
Беларус пачаў разумець, што самабытнасьць нацыі гэта есьць вялікі скарб у агульна людзкім прагрэсі.
Вітаемо цябе, Усебеларускі Зьезд! Вітаемо цябе, Народзе Беларускі, праз тваіх выбраннікау з усіх далёкіх куткоў нашай многапакутнай бацькаўшчыны! Досі чакаць чужой апекі — сам, пад сваім беларускім сьцягам, куй сваю долю, твары свае шчасьце, будуй сваю будучыну!
Мы спадзяемся, мы пэўны, што ты пачнеш пад родным беларускім сонейкам працаваць на сваю і агульна-людзькую карысьць!
Мы спадзяемся, мы пэўны, што ратаі твае запяюць песьні радасьці на сваіх шнурох, і весяла зажыве Вольная Беларусь!
Хвала табе, Усебеларускі Зьезд! За тваімі плячыма стаіць і чакае ратунку шмат мільёны беларускі народ.
Хвала табе, Беларускі народ!
Хвала табе, Беларускае Войска!