Перайсці да зместу

Свет вам кажа, каб малілісь…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
***Свет вам кажа, каб малілісь…
Аўтар: Георг Хэрвег
Пераклад: Якуб Колас
Колас Якуб. Збор твораў у 20 т. Том 11. Паэма "На шляхах волі", Пераклады / рэд. тома М. І. Мушынскі — Мінск: Беларуская навука, 2010. ст. 456

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Свет вам кажа, каб малілісь,
Свет вам кажа працаваць,
Каб як рыба, век вы білісь,
Каб багатых адзяваць.

Люд! арэш ты, засяваеш,
Б'еш абухам, тчэш, куеш…
А які прыбытак маеш,
Што ўсе сілы аддаеш?

Дзень і ноч ты пры машыне,
То ля ткацкага станка,
То ў зямлі глыбока гіне
Сіла, дух працаўніка.

Насыпаеш рог дабра ты,
Поўніш хлебам і віном…
Ну а сам ты ці багаты?
Як жывеш сваім дабром?

Хто з вас хату добру мае?
Грошы? хлеб? адзежу? кут?
Дык скажы: карысць якая
Для цябе, працоўны люд?

Ўсё, над чым вы працавалі,
Націралі мазалі, —
Ўсё, што ваша, ўсё забралі,
А ў заплату вам далі

Тые ковы, што кавалі,
Той заржаўлены ланцуг,
На каторы век трымалі
Ваша цела і ваш дух…

(1863 / 1907)