Светапогляд Ф. Скарыны
Светапогляд Ф. Скарыны Артыкул Аўтар: Мікалай Алексютовіч 1968 |
Светапогляд Скарыны — адно з найбольш складаных пытанняў у вывучэнні яго спадчыны. У гэтым ёсць свая аб'ектыўная логіка: як вядома, да нас дайшлі толькі яго прадмовы і пасляслоўі да біблейскіх кніг, па якіх і прыходзіцца меркаваць аб яго філасофскіх і сацыялагічных поглядах. А гэта абмяжоўвае нашы ўяўленні аб беларускім гуманісце, робіць іх не заўсёды акрэсленымі, часам гіпатэтычнымі.
Асабліва важна было б ведаць аб яго прыродазнаўчанавуковых поглядах. Але гісторыя распарадзілася так, што мы ведаем толькі тое, што ён дзейсна займаўся медыцынай і батанікай — сам па сабе факт вельмі станоўчы ва ўмовах таго часу.
Няма сумнення, Скарына падзяляў рэлігійны погляд на свет і чалавечае грамадства, разглядаў біблію як крыніцу ведаў і мудрасці чалавека. У вырашэнні асноўнага пытання філасофіі аб адносінах мыслення да быцця, якое ў яго час назло царкве прыняло больш вострую форму: ці створан свет богам або ён існуе вечна? - у вырашэнні гэтага пытання ён заставаўся ў палоне рэлігійнага вучэння. Як аб гэтым сведчыць яго «Сказание во первые книги Моисеовы рекомые бытья», ён згаджаўся з біблейскай легендай аб тым, што «господь бог словом своим с ни з чего сотворил вся видимыя и невидемая».
Але такую пазіцыю ў XV—XVІ стст. займала большасць гуманістаў з прычыны непаслядоўнасці, дваістасці характару іх ідэалогіі. Так, Петрарка і Бакачыо лічылі сябе добрымі католікамі і вернымі сынамі царквы, нягледзячы на тое, што самі ж крытыкавалі «разбэшчаны папскі двор», высмейвалі лад жыцця духавенства і манахаў. Нямецкі вучоны Мікалай Кузанскі, які вучыў аб бясконцасці Сусвету і кругавароце Зямлі, знаходзіўся ў той жа час пад уплывам рэлігійнай ідэалогіі, быў кардыналам і багасловам, містыкам і неаплатонікам. У рэлігійных забабонах каснеў італьянскі гуманіст Дж. Кардана, які апублікаваў спосаб рашэння кубічных ураўненняў. Прафесарам тэалогіі быў Томас Мюнцэр, рэлігійная філасофія якога набліжалася да атэізму. Нарэшце, сам Капернік, які абвергнуў сваім геліяцэнтрычным вучэннем усю сістэму сярэдневяковага светапогляду на Сусвет, быў каталіцкім ксяндзом. Усе гэтыя людзі выключнага розуму і характару ў той ці іншай ступені падзялялі рэлігійныя забабоны сваёй эпохі, нягледзячы на тое, што сваім жа вучэннем разбуралі гэтыя забабоны, уносячы гэтым самым новае ва ўсе сферы разумовай дзейнасці.
Скарына, выхаваны на перадавых, гуманістычных традыцыях, можа быць таксама аднесен да ліку выдатных дзеячоў XVІ ст. Спалучаючы ў сабе вялікія здольнасці і разнастайную адукацыю з разуменнем практычных задач свайго часу, ён паклаў пачатак кнігадрукаванню ва ўсходнеславянскіх землях, якое з часам стала магутным фактарам пашырэння асветы і барацьбы супраць царкоўна-рэлігійнай ідэалогіі. Пры гэтым ён імкнуўся пераадолець царкоўнаславянскі кансерватызм і выдаваць кнігі на «рускай» мове, або, як ён сам часта паўтараў, на мове «людей простых посполитых». Ён удзельнічаў таксама ў заснаванні старэйшага ў свеце Пражскага батанічнага саду, яго ведалі як доктара медыцыны ў Вільні, Кенігсбергу, Празе. Сваёй дзейнасцю ён у многім прадвызначыў асноўныя шляхі развіцця прагрэсіўнай беларускай культуры, заклаў асновы рацыяналістычных і асветніцкіх ідэй, адыграў важную ролю ва ўмацаванні культурных сувязей паміж славянскімі народамі. Чэшскі вучоны А. В. Флароўскі, напрыклад, адзначаў, што дзейнасць Скарыны «ёсць выключнай важнасці момант у гісторыі руска-чэшскіх узаемаадносін...»[1]
Сучаснікі і нашчадкі вельмі высока ацанілі яго эпахальную дзейнасць. У Падуанскім універсітэце, напрыклад, ёсць «пакой сарака», які заснаваны ў гонар славутых дзеячоў у галіне навукі і культуры, што скончылі гэты універсітэт або выкладалі ў ім. У цэнтры на кафедры знаходзіцца бюст Галілея, а справа ад яго на сцяне партрэт Скарыны. Галілей і Скарына — як сімвалы эпохі Адраджэння!
Адной з характэрных рыс светапогляду Скарыны было імкненне да эмансіпацыі ад заплеснеўшых царкоўна-феадальных традыцый, да абгрунтавання прынцыпаў развіцця свабоднай чалавечай асобы. Для яго, уманіста, вузкай была афіцыяльная царкоўная мараль з яе пропаведдзю самаадрачэння і пакорлівасці. Пры ўсёй сваёй непаслядоўнасці і давер’і аўтарытэту бібліі Скарына выяўляе значнае вальнадумства. Яго погляды прасякнуты верай у сілу чалавечага розуму.
Схіляючыся да рацыяналістычнага прынцыпа незалежнасці і самастойнасці мыслення, Скарына быў блізкі да таго, што крытэрыем ісціны ў працэсе пазнання з'яўляецца розум і што таму ўсякае палажэнне, у тым ліку і біблейскае, павінна быць асэнсавана, узважана на вагах розуму, а не прымацца на веру. У прадмове да «Прытчаў Саламонавых» ён гаворыць, што, чытаючы іх, неабходна падыходзіць «ко познанию мудрости и наказания и ко зрозумению слова смыслена». Тую ж думку ён праводзіць і ў сваіх прадмовах да кніг «Прамудрасць» і «Ісус, сын Сірахаў», падкрэсліваючы, што ўказаныя кнігі прыводзяць нас да пазнання мудрасці і да добрых звычаяў «шляхам розуму». У сваю чаргу ў працэсе пазнання чалавечы розум павінен абапірацца на законы логікі, якая, паводле яго выразу, «учить з доводом розознати правду и кривду», гэта значыць вучыць правільна думаць, разважаць.
Гэтыя рацыяналістычныя думкі выступаюць у Скарыны ў багаслоўскай абалонцы. Ён не можа яшчэ адмовіцца ад рэлігійных поглядаў, вырвацца з учэпістых абдымкаў «усемагутнай тэалогіі». Але, нягледзячы на ваганні, непазбежныя ў той час, ён цягнецца да святла ведаў, імкнецца асэнсаваць з'явы прыроды, пранікнуць у сутнасць самога чалавека, растлумачыць адносіны паміж чалавекам і прыродай. Яго веды ў галіне медыцыны і батанікі, якім ён надаваў вялікае значэнне, трэба разглядаць не як пустое жаданне кабінетнага вучонага, а як імкненне чалавека, што паставіў сабе задачу спасцігнуць ісціну, звяртаючыся непасрэдна да прыродазнаўчых навук, да эксперымента, да самой прыроды. Відаць, тут адбіўся ўплыў такіх аўтарытэтаў медыцыны, як Гален і Авіцэна, якія сцвярджалі, што адзінай крыніцай ведаў з'яўляецца вопыт. Тут да месца заўважыць, што царква ў эпоху жыцця Скарыны глядзела на медыкаў з пачуццём непрыязнасці, а народ лічыў іх атэістамі.
Праяўленнем вальнадумства Скарыны было выданне ім, наперакор агульнапрынятай царкоўнай традыцыі, кніг свяшчэннага пісання на даступнай свайму народу мове з мэтай пашырэння асветы. Тут ён прытрымліваўся лепшых традыцый італьянскага Адраджэння (Дантэ, Джота). Скарына не толькі ўжываў родную мову ў кнігадрукаванні, але і звяртаўся да паказу чалавека ў «Бібліі» (дарэчы, ён змясціў у кнізе «Быццё» свой партрэт, і гэта павінна было разглядацца як богазневажанне), напаўняў глыбока чалавечным зместам традыцыйныя рэлігійныя сюжэты. Гэтым самым ён імкнуўся перадаць вывучэнне і тлумачэнне пісання свецкім вучоным і па сутнасці манаполію на адукацыю з рук пануючых класаў, духавенства, набліжаючы кнігу да радавога чытача.
Скарына быў адным з першых дзеячоў беларускай культуры, які выкарыстаў моўны матэрыял народа і ўвёў у літаратуру асноўныя элементы беларускай мовы. Выступаючы ў абарону роднай мовы, ён падкрэсліваў: «Не многим учителем бывати, но более умети язык свой справовати».
Зварот да нацыянальных моў, і тым больш пераклад на народную мову бібліі, у эпоху Скарыны разглядаліся царквой як ерэтычная дзёрзкасць. Адна толькі думка «возводить в книжныя речи от общих народных речей» лічылася «лукавым умышлением людей грубых смыслом», як адзначае рускі кніжнік сярэдзіны ХVІ ст. Зіновій; на яго думку, «приличнее книжными речами исправлять общенародныя речи, а не книжныя народными обезчещивать»[2]. Каталіцкая царква не менш рашуча выступала супраць мовы простага народа і не дапускала перакладу бібліі на народныя мовы. «Тайны рэлігіі, — пісаў адзін з пап,- не павінны быць даступныя ўсякаму, але тым толькі, якія могуць іх разумець так, каб вера не пацярпела ад гэтага. Розумам простым трэба, як дзецям, адно толькі малако, а больш цвёрдую ежу трэба пакінуць толькі людзям, якія могуць ёю карыстацца»[3].
Само кнігадрукаванне царква аб'явіла справай д'ябла імкнулася яго знішчыць. «Мы патрабуем, — звяртаўся папа Клімент VІІ да германскага імператара Карла V у 1527 г., — каб народы вечна заставаліся пакорлівымі ўладзе свяшчэннікаў і цароў. Неабходны кастры... Перш за ўсё трэба знішчыць вучоных. Трэба пакласці канец кнігадрукаванню»[4].
Затое віталі кнігадрукаванне перадавыя розумы чалавецтва. Напрыклад, Франсуа Рабле і Ульрых фон Гутэн, які так гаварыў аб сваім стагоддзі: «О век! о літаратура! Прыемна жыць і непрыемна было б яшчэ адпачываць».[5]
Паколькі Скарына імкнуўся пазнаёміць міран з самой бібліяй, а не з яе тлумачэннямі і па-мірскому вольна абыходзіўся з ёй, то гэта дазваляе думаць, што ён адчуваў на сабе ўплыў «ерасі гарадоў», накіраванай галоўным чынам супраць папоў, супраць іх багацця і палітычных прывілеяў. У яго няма нічога падобнага на адданасць «слову божаму» рэлігійнага фанатыка. Ён не захапляўся свяшчэннымі кнігамі, не адчуваў перад імі поўнага павагі трапятання. Той факт, што пры перакладзе сваіх біблейскіх кніг ён карыстаўся не адной, а некалькімі крыніцамі, сведчыць аб яго незалежнай пазіцыі ў адносінах да царквы як праваслаўнай, так і каталіцкай. У выніку яго пераклад бібліі не супадаў ні з адным з тых тэкстаў, якімі ён карыстаўся.
Скарына не прытрымліваўся літары, апускаў цэлыя раздзелы, рабіў іх перастаноўку па свайму меркаванню, уносіў свае ўстаўкі. Ён таксама зусім пагрэбаваў тым парадкам, у якім ідуць кнігі старога і новага заветаў. Увесь парадак размяшчэння Скарынаю біблейскіх кніг не адпавядае «кананічнаму» раду ні каталіцкай, ні праваслаўнай бібліі. Відавочна, ён кіраваўся меркаваннямі асабістага характару, гэта значыць меў свой уласны, незалежны ад багаслоўскай артадоксіі погляд на біблію.
З перакладзеных ім на «рускую» мову біблейскіх кніг ён надрукаваў па свайму меркаванню перш за ўсё тыя кнігі, якія ва ўмовах таго часу маглі быць выкарыстаны ў адукацыйных, выхаваўчых і палітычных мэтах. Вядома, што біблія адкрываецца Пяцікніжжам Mаісея («Быццё», «Ісход» і г. д.). У Скарыны ж першай выдадзенай кнігай быў «Псалтыр». З прадмовы да «Псалтыра» відаць, што Скарына разглядаў яго як асноўны вучэбны дапаможнік. «Детям малым, — пісаў ён, — початок всякое доброе науки... еже добре чести и мовити учить». Затым Скарына выдаў кнігі, якія з'яўляюцца нечым накшталт багаслоўска-філасофскіх трактатаў («Іова», «Еклесіяст»), павучальных зборнікаў выказванняў біблейскіх мудрацоў («Прытчы Саламонавы», «Ісус, сын Сірахаў»), аповесцей і раманаў («Руф», «Эсфір», «Юдзіф»), кнігі, у якіх знайшлі адлюстраванне некаторыя факты і падзеі са старажытнаяўрэйскай гісторыі («Царстваў», «Суддзяў»), замацаваны законы і абрады яўрэйскага народа («Другазаконне», «Левіт») і г. д. Некаторыя з пералічаных кніг увогуле займалі асобае месца ў старазаветнай літаратуры, напрыклад «Прытчы» і «Ісус, сын Сірахаў». Яны не ўваходзілі ні ў старажытнаяўрэйскі канон, ні ў славянскі парамейнік. У старажытнарускай літаратуры на іх глядзелі не як на набажэнскія кнігі, а як на літаратурныя помнікі мінулага.
На самай справе, у кнігах «Царстваў» побач з фантастычным і легендарным ёсць некаторыя рэальныя гістарычныя падзеі, звязаныя з дзейнасцю Давіда, Саламона і іх пераемнікаў. Дзве кнігі «Параліпаменона» — гэта ўвогуле летапісы, хронікі. «Руф» і «Эсфір» не маюць ні гістарычнага, ні рэлігійнага значэння. Гэта проста літаратурныя творы таго часу. Цяпер нават багасловы прызнаюць, што «Эсфір» — гэта ўрывак з персідскага летапісу часоў Ксеркса. Асабліва цікавая ў гэтых адносінах «Песня песняў» — усходняя любоўная паэма з вялікай колькасцю алегорый, параўнанняў. Некаторыя месцы гэтай кнігі з’яўляюцца рэалістычнымі замалёўкамі і гучаць асабліва задзірліва ў адносінах да рэлігійнай царкоўнай маралі. У кнізе «Ісус, сын Сірахаў», як і ў «Прытчах», ёсць мноства народных прымавак: «За правду воюй яко за душу свою, и даже до смерти бийся правды ради»; «Да не полюбится тебе кривда несправедливых»; «Царь немудрый погубит люди своя, грады же размножатся разумом мудрых»; «Царь днесь и завтра умрть»; «Над сребралюбца нет горшего на свете» і г. д.[6] І адносіны Скарыны да гэтай кнігі надзвычай паказальныя: «Сия же книга сама нас добрых обычаев и дел научаеть, более нежели иные многые книгы».
Але асаблівую цікавасць, з нашага пункту гледжання, маюць кнігі «Іова» і «Еклесіяст». У кнізе «Іова» праводзіцца думка: ці справядліва робіць бог, абрушыўшы на чалавека розныя пакуты? З гэтай біблейскай кнігі вынікае, як само сабой зразумелае, што бог - злосны. А, як заўважыў яшчэ Эўрыпід, «калі багі злосныя, значыць, яны не багі». У кнізе «Еклесіяст» адчуваецца матыў, варожы ўсёй біблейскай ідэалогіі; сцвярджаецца, што «няма ў чалавека ніякіх пераваг перад жывёлай, таму што лёс сыноў чалавечых і лёс жывёл лёс адзін; як тыя паміраюць, так паміраюць і гэтыя, і адно дыханне ва ўсіх, і няма ў чалавека пераваг перад жывёлай, таму што ўсё — марнасць! Усё ідзе ў адно месца; усё ўзнікла з праху і ўсё вернецца ў прах. Хто ведае: ці дух сыноў чалавечых узыходзіць, ці дух жывёл адыходзіць уніз, у зямлю?»
Узнікае слушнае пытанне: чаму Скарына аддаў перавагу гэтым біблейскім кнігам, а не, напрыклад, так званым прарочым кнігам? Відаць, у гэтым і ёсць ключ да разгадкі яго светапогляду.
Біблія — гэта зборнік самых разнастайных фантастычных твораў, казак і паданняў, створаных у розны час рознымі пісьменнікамі. Яна падвяргалася апрацоўцы шматлікіх складальнікаў і перапісчыкаў у пэўных палітычных мэтах. Галоўнае ў ёй гэта апраўданне прыватнай уласнасці і эксплуататарскага ладу. Эксплуататарская мараль складае асноўны змест бібліі. Зразумела, Скарына быў далёкі ад таго, каб зразумець класавыя і гнасеалагічныя корані бібліі. Аднак важна ўжо тое, што ў яго выяўляўся рацыяналістычны падыход да некаторых біблейскіх кніг, за якімі ён не прызнаваў звышнатуральнага паходжання, лічачы, што яны «людскими пильностями пописаны были», гэта значыць узніклі гістарычна, былі створаны ў старажытнасці рознымі людзьмі. Іх складальнікі, на думку Скарыны, гэта ўмудроныя жыццёвым вопытам філосафы і легапісцы, якія пісалі ко мудрости, о науце, добрых обычаях... яко ся имамы справовати и жити на сем свете».
Скарына неаднаразова ў сваіх прадмовах да біблейскіх кніг звяртаў увагу на тое, хто іменна з'яўляўся іх складальнікам. Так, ён гаварыў, што «Прытчы», «Еклесіяст» і «Песня песняў» былі напісаны «к нашему научению» царом Саламонам. «На повеление царево» была напісана кніга «Эсфір». Пра кнігі «Царстваў», «Юдзіф», «Ездры», «Данііла прарока» Скарына гаворыць, што яны былі напісаны «наипервей летописцами», якія жылі ў той час. Нават такая кніга, як «Прамудрасць божая», была, на думку Скарыны, складзена простым смертным чалавекам: яе «написал естъ Филон философ... во времена Птоломея Филопатера, царя Египетскаго».
Такім чынам, Скарына па сутнасці зрываў арэол святасці з біблейскіх кніг. Яго недвухсэнсоўная заява аб тым, што многія з біблейскіх кніг былі напісаны летапісцамі і філосафамі, часам проста па загаду правіцеляў, цароў, натуральна, не магла быць адобрана царквою, бо знаходзілася ў прамой супярэчнасці з яе вучэннем. Царква лічыла, што ўсе кнігі старога і новага заветаў у свой час былі «ўнушаны богам» і называюцца таму «кананічнымі», гэта значыць ствараючымі канон, збор або каталог кніг, «унушаных богам».
Скарынінская «Біблія» гэта не звычайнае царкоўнае выданне. З прадмоў Скарыны да асобных яе кніг відаць, што яго менш за ўсё цікавіла веравызнаўчае пытанне. Ён падыходзіў да выдання бібліі, як ужо адзначалася, з пункту гледжання адукацыйнага і маральнага зместу. У яго няма ні апраўдання царкоўнай іерархіі, ні асаблівай блізкасці да бога; Скарына не ставіў сабе за мэту выхаваць у народа пачуцці крывадушнасці, падхалімства перад знаццю, сляпое прадпарадкаванне ўладам і царкве. Наадварот, праз усе яго прадмовы да біблейскіх кніг праходзіць ідэя асветы народа. Асноўны дэвіз яго ўсё для навукі і дабра простых («паспалітых») людзей.
Цікавасць да біблейскіх кніг у яго праяўляецца там і тады, дзе і калі ідзе гутарка, на яго думку, аб гістарычных і геаграфічных звестках, аб «житейской мудрости» і «совершенных» поравах людзей. У многіх прадмовах і пасляслоўях Скарына паўтараў, што прысвячае кнігі бібліі «людям посполитым руского языка к доброму научению», «к учению и ко обличению, исправлению и ко наказанию правды», «людям простым посполитым к пожитку и ко размножению добрых обычаев».
Разглядаючы біблію як энцыклапедыю.чалавечых ведаў, у якой пішацца «о науце всех людей посполитых», Скарына далей рэкамендаваў яе ў якасці дапаможніка па вывучэнню не толькі «семи свободных наук», але таксама гісторыі, геаграфіі і г. д. «Паки же во кратце сведати хощеши много тысещей лет Летописец, чти книги Паралипоменона, — гаворыць ён,— аще ли же кохание имаши ведати о военных, а о богатырских делех, чти книги Судей, или книги Махавеев. Более и справедливее в них знайдеш, нежели во Александрии или во Тройи». У іншых месцах ён выдзяляе асобна ўрачэбную справу, навуку аб добрых звычаях і справах (этыку), філасофію, звязваючы апошнюю з імем Арыстоцеля, і, нарэшце, навуку аб праве: ён імкнуўся вывесці чытача з вузкага кола рэлігійнага светапогляду і даць яму некаторыя навуковыя звесткі.
Такім чынам, Скарына выступаў з шырокай для свайго часу праграмай адукацыі, спрабуючы самую біблію падпарадкаваць справе асветы народа. На гэтай падставе некаторыя аўтары работ аб Скарыне лічаць яго асветнікам, не робячы пры гэтым ніякіх агаворак. Ці так гэта?
Так, элементы асветніцтва выступаюць зусім акрэслена светапоглядзе Скарыны. З пэўнымі агаворкамі можна нават сцвярджаць, што Скарына быў нашым першым своеасаблівым асветнікам, калі разумець гэты тэрмін не ў шырокім, а ў вузкім сэнсе слова. Той крытэрый, які ўжываў У. І. Ленін у сваім артыкуле «Ад якой спадчыны мы адмаўляемся» ў адносінах да рускіх асветнікаў 60-х гадоў XІX ст., зразумела, не можа быць ужыты да поглядаў Скарыны. Ён не быў ды і не мог быць у той час ворагам толькі што ўзнікаўшага прыгоннага права, не з'яўляўся ворагам феадальна-манархічнага ладу з усімі яго параджэннямі ў эканамічнай, сацыяльнай і юрыдычнай галінах, заставаўся ў палоне рэлігійных уяўленняў, ідэалізаваў біблію, не выступаў з пэўнай праграмай у абарону інтарэсаў і правоў працоўнага чалавека. Погляды Скарыны мелі рэлігійную абалонку, з якой павінны быць вылушчаны «рацыянальныя» зярняты. Аднак Скарына выступаў з патрабаваннем распаўсюджвання сярод «простых людзей» адукацыі, імкнуўся пераадолець адставанне ў развіцці роднай культуры і далучыць сваю краіну да агульнаеўрапейскай цывілізацыі. А гэта і былі тыя элементы асветніцтва, якія вырасталі паступова, задоўга да таго, як склаліся асноўныя рысы «рускага асветніцтва». Увогуле кажучы, тэрмін «асветніцтва» для кожнай гістарычнай эпохі мае свой канкрэтны змест. Калі К. Маркс называў Эпікура радыкальнейшым старажытнагрэчаскім асветнікам, то ён, безумоўна, укладваў у гэта паняцце іншы змест, чым У. І. Ленін у паняцце «рускія асветнікі».
Адукацыйныя мэты Скарына ставіў не толькі пры выданні бібліі. Характар выдадзенай ім «Малой падарожнай кніжыцы» — гэтага кароткага малітоўніка для падарожных людзей — паказвае, што і тут ён клапоціцца таксама аб пашырэнні некаторых навуковых звестак. Зыходзячы з гэтага, ён перапрацаваў кнігу і па зместу і па форме, асабліва пятую частку, так званае «Паследаванне», дзе змясціў каляндар. Свецкі напрамак календара адрознівае яго ад звычайных царкоўных календароў таго перыяду, якія з'яўляліся свайго роду ўказальнікамі рэлігійных свят і дат «святых». Каляндар Скарыны дае некаторыя астранамічныя звесткі, запазычаныя ім, як відаць, з чэшскага і польскага календароў. Вось прыклады. «Месец септеврит зовемы вресень. Имать дни 30, день в начале его имат годин 12, а дроб 54, нощ 11 дроб 6». 14 верасня «Солнце входит во знамя небесное вага, и быва равен день с нощию». 26 верасня «нощ имать годин 13, а день 11». 13 снежня «надолжейшая нощ, годин 17 дроб 10». 10 сакавіка «того дни солнце входит во знамя небесное овен и быва равен день с нощию». 12 чэрвеня «быва день надолши, годин 17 отселе начнет нощ прибыват» і г. д. У канцы кнігі «Паследаванне» Скарына падкрэслівае практычнае значэнне календара: «Святци краткие, имеющи в собе разделены времена на нашу землю, колико которые дни в году, — піша ён, — или нощи держать часов и дробных, и яко година прибудеть которому дню или нощи - все написано ест... к тому есть ли(ч)бы которого году была гибель месецева или затмение солнцево, то при поскали (пасхаліі. — М. А.) знайдешь, того году месец, день и годину неомылно написану тое гибели месецевы, или затмения солнцева».
Відавочна, пры выданні гэтай кнігі Скарына клапаціўся не аб малітвах і рэлігійных святах, а аб тым, каб паведаміць сваім чытачам астранамічныя звесткі.
Адна з асабліва выразных рыс прадмоў Скарыны — патрыятызм. Ён спецыяльна выкарыстаў змест некаторых біблейскіх кніг («Юдзіф», «Эсфір» і інш.), каб падкрэсліць ідэю любві да радзімы, да свайго народа. Сваю дзейнасць ён тлумачыў патрыятычнымі матывамі («наиболее с тое причины, иже мя милостивый бог с того языка на свет пустил») і заклікаў сваіх суайчыннікаў не замыкацца ў вузкіх рамках асабістых інтарэсаў, а заўсёды памятаць аб сваім грамадзянскім абавязку перад радзімай. Абавязак кожнага чалавека — працаваць на карысць свайго народа, не шкадаваць «всякого тружания и скарбов... для отчины своея», бескарысліва служыць ёй, абараняць ад ворагаў і, калі патрэбна, аддаць і само жыццё за яе. «Не толико бо сами собе народихомся на свет,пісаў ён у прадмове да кнігі «Эсфір»,— но более ко службе божией и посполитого доброго». Іменна гэта «посполитое доброе» і вызначыла характар дзейнасці Скарыны на карысць «братин... Руси».
Важна падкрэсліць, што для выхавання пачуцця патрыятызму, любві да сваёй радзімы Скарына звяртаецца не толькі да біблейскіх прыкладаў, але і да довадаў ад жыцця. Шырока вядома яго выказванне: «Понеже от прирожения звери ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чуюць виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих; тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають».
Як вядома, у перыяд Сярэдніх вякоў усе апазіцыйна настроеныя ў адносінах да феадалізму і царквы выступалі пад лозунгам звароту да першапачатковага хрысціянства. Гэта ў пэўнай меры характэрна і для Скарыны. Адлюстроўваючы інтарэсы перадавых пластоў феадальнага грамадства (сярэдняй і ніжняй часткі гараджан), ён звяртаўся да бібліі, каб проціпаставіць феадалізаванаму хрысціянству сваёй эпохі сціплае хрысціянства першых стагоддзяў, якое нічога не ведала, паводле характарыстыкі Ф. Энгельса, аб шматскладанай, штучнай «феадальнай іерархіі»[7]. Ён выступаў з асуджэннем самавольства, хабарніцтва і бясчынства адміністрацыі, чыноўнікаў, патрабаваў ліквідацыі злоўжыванняў і арганізацыі суда на «справядлівых» пачатках. У сваёй прадмове да «Другазаконня» ён сцвярджаў, што вышэйшым прынцыпам сацыяльнай справядлівасці з'яўляецца раннехрысціянская формула: «Ровная свобода всем, общее имение всех». Для абгрунтавання прынцыпа роўнасці ўсіх людзей перад законам ён звярнуўся да ідэі натуральнага права. У той жа прадмове ён пісаў, што існуюць законы дваякага роду: «прироженные» і «писанные». «Прироженный» закон «написан естъ в серци единого кажного человека», і, згодна з ім, усе людзі ад прыроды роўныя і не павінны імкнуцца да таго, каб рабіць зло іншым. «Не рабі другім таго, што не хочаш, каб іншыя рабілі табе», гэта патрабаванне выстаўлялася не толькі сярэдневяковымі ерэтыкамі, але і некаторымі матэрыялістамі XVІІ ст., напрыклад Гобсам. Але «прироженный» закон мае і свой адваротны бок: людзі бываюць розныя і часта ўчыняюць зло і несправядлівасць іншым. Таму народы стварылі дзяржавы і законы «писанные». Патрабаванне, якое выстаўляе Скарына да «писанных» законаў, зводзіцца да таго, што яны павінны адпавядаць «справядлівасці», духу часу і асаблівасцям жыцця данага народа, задавальняць патрэбы ўсяго «посполитого доброго».
Гэта патрабаванне «справядлівасці» мае на сабе адбітак абмежаванасці, уласцівай перадавым мысліцелям таго Яно не было адлюстраваннем свядомых прадстаўленняў «рэальнай грамадскай групы» і выстаўлялася не як канструктыўная праграма, а як прынцып пасіўнай роўнасці ўсіх людзей перад богам. Фармальнае прызнанне агульнасці маёмасці і роўнасці ўсіх людзей фактычна ігнаравала маёмасную розніцу паміж багатымі і беднымі, што цалкам адпавядала духу раннехрысціянскіх ідэй. Але, як вядома, у XVІ—XVІІ стст. пад лозунгам звароту да першапачатковага хрысціянства і аднаўлення чыстага «слова божага» выступалі толькі апазіцыйна і рэвалюцыйна настроеныя элементы ў адносінах да феадальнага ладу і перш за ўсё ў адносінах да асвячаючай царквы. Усякі варожы царкве рух выступаў у рэлігійным убранні, знешне нагадваючы як бы аднаўленне ранняга хрысціянства, яго выратаванне ад наступіўшага выраджэння, але пры гэтым усякі раз за гэтай, як адзначаў Ф. Энгельс, рэлігійнай экзальтацыяй хаваліся выразныя матэрыяльныя інтарэсы[8].
Скарына разважае абстрактна, прытрымліваючыся пункту гледжання «вечных ісцін», «вечных маральных правіл», прыводзячы свае думкі ў адпаведнасць з біблейскімі палажэннямі. І хоць у яго ёсць выказванні аб залежнасці «писанных» законаў ад умоў, месца і часу, аднак у цэлым ён разглядае права як прадукт некаторых пастаянных уласцівасцей людзей. У сваіх разважаннях ён зыходзіць з ідэальнага ўяўлення аб адзінай і нязменнай «прыродзе» чалавека. Ён ігнаруе класавую прыроду феадальнага суда, дзяржаўна-прававых устаноў, разглядае дзяржаву як нейкую надкласавую сілу, якая стаіць над грамадствам і заклікана клапаціцца аб шчасці ўсіх пластоў насельніцтва; ён лічыць, што асноўным прынцыпам існуючых у дзяржаве законаў з'яўляецца: сумленна жыць і не рабіць зла іншым.
Ф. Энгельс указвае: «...маштабам, якім вымяраецца, што адносіцца да натуральнага права і штó да яго не адносіцца, з'яўляецца абстрактнейшы выраз самога права — справядлівасць». І далей тлумачыць: «А гэта справядлівасць заўсёды ўяўляе сабой толькі ідэалагізаванае, узнесенае ў нябёсы выражэнне існуючых эканамічных адносін або з іх кансерватыўнага або з іх рэвалюцыйнага боку»[9].
Часцей за ўсё натуральнае права як ідэальнае, справядлівае права процістаўлялася дзейнічаўшаму ў данай дзяржаве праву як «несправядліваму» і «неразумнаму». Так, у XVІІ— XVІІІ стст. ідэя натуральнага права з'яўлялася ідэалагічнай зброяй буржуазіі, накіраванай супраць феадальнага ладу. Прадстаўнікамі натуральнаправавых поглядаў у XVІІ ст. у Англіі былі Дж. Мільтан, Дж. Лок; у Галандыі Гуга Гроцый, Б. Спіноза; у Францыі ў XVІІІ ст. — Ж.-Ж. Русо, К. А. Гельвецый, П. А. Гольбах. Натуральнаправавыя ідэі выкарыстоўваліся таксама і ў рэакцыйных мэтах для апраўдання абсалютнай манархіі, прыгонніцтва, феадальных устаноў як устаноў, заснаваных на «боскім праве» (Ф. Аквінскі і інш.). Але і ў першым, і ў другім выпадку вучэнне аб натуральным праве было прыстасавана для апраўдання грамадскага ладу, заснаванага на прыватнай уласнасці, для абароны дзяржаўнай улады. Прадстаўнікі ж так званага «сярэдневяковага ерэтычнага камунізма» з гэтага вучэння зрабілі супрацьлеглыя вывады. Яно служыла ім для таго, каб абгрунтаваць адмаўленне свецкіх і духоўных улад, а таксама прыватнай уласнасці асновы прыватнаправавых інстытутаў. Яны заяўлялі, што па натуральнаму праву ўсе людзі нараджаюцца роўнымі і свабоднымі і не павінны імкнуцца да заняволення іншых.
У вучэнні ерэтыкоў пераважалі рэлігійна-этычныя ідэі, бо крыніцамі «сярэдневяковага камунізма», апрача натуральнага права, былі ранняе хрысціянства і вучэнне гностыкаў і містыкаў.
У Скарыны мы таксама сустракаем думкі, якія напамінаюць, хоць бы аддалена, прыблізна, некаторыя выказванні сярэдневяковых ерэтыкоў. У яго разважаннях аб «прироженных» і «писанных» законах выяўляецца імкненне абгрунтаваць прынцып роўнасці ўсіх людзей перад законам. Зыходзячы з таго, што людзі ад прыроды роўныя і свабодныя, ён указваў на неабходнасць стварэння ў дзяржаве такіх законаў, якія адпавядалі б інтарэсам літаральна ўсіх падданых. характэрна, што аб гэтым ён гаворыць у прадмове да біблейскай кнігі «Другазаконне», кнігі, якая асвятляе маёмасную і прававую няроўнасць, падзел грамадства на паноў і рабоў. Дарэчы, у адносінах да рабоў біблейскі бог егова рэкамендуе прымяняць самыя жорсткія меры прымушэння, не спыняючыся нават перад забойствамі. І вось замест таго, каб каменціраваць змест гэтай старазаветнай кнігі, Скарына ў сваёй прадмове да яе выкладае некаторыя свае погляды на грамадскі лад, якія ён пры гэтым патрабуе падмацаваць містычнай па свайму зместу раннехрысціянскай ідэяй аб «роўнай свабодзе» і «агульнасці маёмасцей», узятай ім з «Дзяянняў апостальскіх».
Станоўчая праграма наогул была заўсёды слабай рысай усіх апазіцыйных вучэнняў Сярэдневякоўя, бо тэарэтычнай асновай яе з'яўляліся туманныя і блытаныя афарызмы «прарокаў», «апосталаў» і «евангелістаў». І хоць у біблейска-евангельскія формулы ўкладваўся зямны, часам нават рэвалюцыйны змест, аднак у канчатковым выніку ўсё зводзілася да «хіліастычных летуценняў ранняга хрысціянства». Вобраз Ісуса Хрыста выступаў як вобраз збавіцеля ад прыгнёту і пакут якому прыпісвалася стварэнне «тысячагадовага царства божага на зямлі», заснаванага на агульнасці маёмасці, свабодзе, брацтве і ўсеагульнай роўнасці.
Ніхто, аднак, з сярэдневяковых ерэтыкоў не ўяўляў сабе, чым жа ў сапраўднасці з'яўляецца ўсеагульная роўнасць.
У хрысціянстве заўсёды мірна спалучаліся неакрэсленае, расплыўчатае патрабаванне роўнасці з прызнаннем прыватнай уласнасці і падзелу грамадства на паноў і рабоў, нянавісць да багацця і глухія заклікі да барацьбы з пропаведдзю пакорлівасці, міласэрнасці і непраціўлення злу насіллем. Хрысціянства толькі абяцала працоўным масам пазбаўленне ад пакут, але ніколі не выступала за ажыццяўленне сацыяльнай перабудовы свету. Яго патрабаванні не былі патрабаваннямі сапраўднага шчасця народа, а толькі яго летуценнага шчасця - на небе, у «вечным жыцці» пасля смерці. Нягледзячы на фармальнае прызнанне роўнасці (пры якой фактычна ігнараваліся маёмасныя адрозненні паміж багатымі і беднымі), Скарына на сутнасці застаецца абаронцам прыватнай уласнасці і эксплуататарскага ладу. Ён прызнае падзел грамадства на рабоў і паноў і заклікае першых «да часу терпети н на бога вскладати», бо, маўляў, згодна з вучэннем «апосталаў», «богатые, обидящие убогих, примут отмщение».
Грамадскія погляды Скарыны вельмі супярэчлівыя. З аднаго боку, ён адкрыта выказвае свае сімпатыі да ніжэйшых пластоў грамадства, якія знаходзіліся ў поўным бяспраўі і заняволенні, выкарыстоўвае, як ерэтыкі, біблейскія евангельскія тэксты для крытыкі феадальнага ладу, выступае за роўнасць усіх людзей перад законам; але, з другога боку, ён стаіць за захаванне існуючага, некалькі падцыраванага, падсалоджанага феадальнага ладу, прапаведуе пасіўнасць, пакорлівасць, неўмяшанне ў ход падзей, лічачы, што ўсякае зло і несправядлівасць будуць пакараны самім богам. Спасылаючыся на «пасланні апостала Паўла», ён гаворыць, што гэтыя пасланні «велят князем и властителем повиноватися». «родители же дабы литали и навчали чада своя, потому ж и слузи абы верни были господе своей и господа не обидели слуг своих».
Скарына быў далёкі ад думкі гвалтоўнага знішчэння існуючага ладу, карэннага змянення становішча працоўных мас і шукаў сродкаў для «излечения социальных недугов» у бібліі, хрысціянскай літаратуры. У поўнай адпаведнасці з сацыяльна-філантрапічнымі матывамі ранняга хрысціянства ён ставіў задачу маральнага ўдасканальвання людзей і марыў аб тым, каб па магчымасці згладзіць супярэчнасці паміж багатымі і беднымі, кіруючымі і кіруемымі. Ён быў шчыра перакананы ў тым, што людзі ад прыроды добрыя і могуць выправіць свае дрэнныя ўчынкі, свае заганы і недахопы, бачачы перад сабой прыклады добрых учынкаў.
Такім чынам, грамадскія парадкі змешваюцца Скарынай з маральнымі нормамі: «прироженные» законы выступаюць у яго як маральныя законы. Але як гуманіст Скарына цэнтральнае месца адводзіць чалавеку з яго зямнымі, рэальнымі запатрабаваннямі: «Понеже,— гаворыць ён,— в розмаитых речах люди на свете покладают мысли и кохания своя: едины в царствах и в пановании, друзии, в богатестве и в скарбох, инии в мудрости и в науце, а инии в здравни, в красоте и в крепости телесной, неции же во множестве имения и статку, а неции в роскошном ядении и питии, и в любодеянии, и же в детех, в приятелех, во слугах и во иных различных многых речах. А тако единый каждый человек имат некоторую речь пред собою, в нейже ся наболей кохает и о ней мыслит».
Пройдзе прыкладна трыста пяцьдзесят гадоў і гераіня рамана М. Г. Чарнышэўскага «Што рабіць?» Вера Паўлаўна заявіць у сваёй майстэрні нешта падобнае сваім швачкам: «Вы ж ведаеце, што ў розных людзей розныя схільнасці, не ва ўсіх жа толькі да грошай: у іншых да ўбораў ці карт... А ў мяне звычка вось да таго, чым заняцца я з вамі спрабую, і я на свае схільнасці не тое, што трачу, а нават і зусім не трачу ніякіх грошай, толькі што рада ёю займацца і без даходу ад яе сабе»[10].
У М. Г. Чарнышэўскага на першым плане — быць карысным грамадству, клапаціцца аб жыцці «маленькіх» людзей, а ажыццяўленне гэтага магчыма было са знішчэннем існуючых феадальна-прыгонніцкіх парадкаў у Расіі. У Скарыны на першы план выступаюць клопаты аб «мудрости и науце», таму ён з такім натхненнем гаворыць аб тых «малостниках науки и мудрости», якія лічылі за лепшае «оставити в науце и в книгах вечную славу и паметь свою, нежели во тленных великих царскых сокровищах». Гэта пункт гледжання зараджаючагася ў тых умовах буржуазнага асветніцтва, які падзялялі гуманісты.
Скарына ўвасобіў у сабе дваісты характар гуманістаў: у ім парасткі новага, рацыяналістычнага мыслення злучаюцца яшчэ з рэлігійна-схаластычным светапоглядам, вопытнае даследаванне прыроды з павагай аўтарытэту бібліі. У яго толькі робіцца спроба вызваліць думку ад сляпой веры і гэтым самым стварыць глебу для навукі. Скарына яшчэ няўпэўнена, у межах разглядаемай ім бібліі, абараняў правы розуму, не пераходзячы ў адкрытае наступленне.супраць догматаў царквы.
Нягледзячы на гэта, Скарына адыграў станоўчую ролю ў развіцці філасофскай і сацыялагічнай думкі Беларусі. Яго творчасць, характэрнымі рысамі якой былі прапаганда ведаў на роднай мове «сярод людзей простых паспалітых», імкненне стаць на навуковую аснову ў тлумачэнні з’яў прыроды і авалоданні яе сіламі, самасцвярджэнне чалавечай асобы, падрыхтоўвала глебу для больш рацыяналістычных і дэмакратычных вучэнняў, якія ў розных формах праявіліся тут з другой палавіны XVI ст.
- ↑ А. В. Флоровский. Чешская библия в истории русской культуры и письменности (Ф. Скорина и продолжатели его дела). «Sborník Fіlologіcký», sv. XІІ, v Praze, 1940-1946, стар. 208.
- ↑ И. Первольф. Славяне, их взаимоотношения и связи, т. ІІ. Варшава, 1888, стар. 601.
- ↑ И. Вороницын. История атеизма, вып. 1. М., 1927, стар. 28.
- ↑ История папства и инквизиции. М., 1959, стар. 54.
- ↑ Э. Рэклю. Человек и земля, т. ІV. СПб, 1907, стар. 308.
- ↑ Гл.: С. И. Василенок. Фольклор и литература Белоруссии эпохи феодализма (XІV-XVІІІ вв.). М., 1961, стар. 108.
- ↑ К. Маркс и Ф. Энгельс. Соч., т. 7, стар. 349.
- ↑ К. Маркс и Ф. Энгельс. Соч., т. 7, стар. 359-361.
- ↑ К. Маркс и Ф. Энгельс. Соч., т. 18, стар 273.
- ↑ Н. Г. Чернышевский. Что делать? М., 1966, стар. 195.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.