Як вечэр укрые ўсю землю,
Яе траўку пакрые раса
І сонцэ сьпяшыць на спачынак,
У лузе ня звоніць каса,—
Ня чутна ні сьмеху, ні песень,
Ні жальбоў, ні стогноў нідзе,
Адно толькі вецер гуляе
Шапочэ чаротам ў вадзе.
Дзесь звонка ў далі аддаецца
Напеў адзінокі ў цішы.
Што-ж ён гэтак сэрцэ трывожыць,
Так сумна казычэ ў душы?
Так жаласна родзіцца, ўецца,
Снуе і сюды і туды?—
То родная песьня ліецца
З лазовай зялёнай дуды.
І, столькі ў ей сілы і волі,
Абразкаў былога жыцьця,
Што проста і рвешея і плачаш,
Абданы сьлязой пачуцьця!
І ўвесь ажываеш, і хутка
Находзяцца сілы кахаць
І край, і дуду самагудку,
І рэкі, і горы, і гладзь.
У грудзі зыходзіць надзея
Аб радасьці яснай пары,
І думка ляціць і сьвятлее
Да новай, да новай зары!