Салдат з таго свету
Салдат з таго свету Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-056 |
Адслужыў салдат сваю службу і падаўся дахаты. Ідзе дзень, другі, галодны, без капейкі грошай у кішэні.
Зайшоў па дарозе на папоўскі двор. «Хоць вады папрашу», — думае. Падала яму пападдзя вады і пытаецца:
— Дзе служыў, салдацік?
— На ўсім свеце, — адказаў салдат.
Пападдзі здалося: на тым свеце.
— Ну, як там, служывенькі, на тым свеце, — зацікавілася яна.
— А нішто, — адказвае салдат. — Так, як і на гэтым: ёсць што есці, то ясі, а няма, то зубы на паліцу кладзі.
— Бацьку майго нябожчыка ты часам не бачыў там?
— А як яго завуць?
Пападдзя сказала.
— Дзіва што бачыў, — адказаў салдат. — Яго ўсе ведаюць.
— А што ж ён там робіць?
— Смалу ў пекла на тачцы возіць. Галодны, небарака, не раўнуючы, як той сабака.
Пападдзя забедавала:
— Ай-яй! У нас гэтулькі дабра ўсялякага, а ён там галодны… А скора ты, салдацік, вернешся назад, на той свет?
— Ды, каб не салгаць, заўтра або паслязаўтра буду там зноў…
Зарадавалася пападдзя, напакавала цэлую торбу кілбас, сала, хлеба і просіць салдата:
— Занясі ты, галубок, бацьку, няхай ён хоць трошкі паесць смачненькага.
— Добра, — кажа салдат, — зрабіць гэта мне не цяжка.
Закінуў ён торбу за плечы ды пайшоў з двара падскакваючы.
Прыходзіць неўзабаве поп дахаты. Пападдзя і расказала яму пра салдата з таго свету.
— Што ты, матухна, — не верыць поп. — Ілжэ твой салдат! Абдурыў ён цябе.
Сеў поп на воз і паджгаў салдата даганяць. Ну, конь у папа быў добры, ён як бач і дагнаў яго.
— Куды ідзеш, служывы? — пытаецца поп у салдата.
— Дахаты.
— Садзіся, падвязу.
Салдат сеў. А поп думае сам сабе: падвязу яго да мястэчка, а там здам урадніку ці прыставу. Няхай у астрог яго пасадзяць за ашуканства.
Але, як кажуць, хіцёр Зміцер, ды і Саўка не дурань. Праехалі гэтак з вярсту. І раптам салдат забедаваў:
— Ой, бацюшка, шапку згубіў! Пабягу пашукаю.
Поп думае: хітры, нябось, салдат — пабяжыць шапку шукаць і ўцячэ.
— Чакай, — кажа ён салдату. — Ты змарыўся за дарогу. Пасядзі лепш на возе. Я сам знайду тваю шапку.
Пайшоў поп па шапку, а салдат па кані, па кані — ды толькі яго і бачылі.
Вярнуўся поп дахаты. Пападдзя пытаецца:
— А дзе ж конь, калёсы?
— Аддаў салдату, — кажа поп.
— Навошта?
— Табе ж казаў салдат, што бацька твой у пекле на тачцы смалу возіць. То няхай лепш робіць гэта на кані.