Сабачча служба

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Сабачча служба
Апавяданне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1909
Крыніца: http://knihi.com/Jadvihin_S/Sabacca_sluzba.html


Чуў я (а мо і вы чулі) не раз, як іншыя кажуць: «Паганая тая служба — сабачча служба». Чуў — і думаў сабе: што за такая служба? Сабацы — пэўне, што і сабачча служба, а і то не паганая, бо і сабака найлепшы прыяцель чалавека і найвярнейшы з яго служака гаспадара. Але каб службу чалавека назваць паганай, сабачай — ніколі неяк не мог я даць веры. Можа быць служба цяжкая, вельмі цяжкая, але не паганая, бо ніякая праца не ганьбіць чалавека.

Але неяк давялося мне раз быць у горадзе. Заначаваў у кума. Раніцай выйшлі на вуліцу, стаім каля брамы, гамонім... Ажно ляціць колькі падросткаў, адзін і сталы лынды распусціў, за імі дзеці — і ўсе цюкаюць, свішчуць! Дзе каторы спанатрыць якога беднага сабаку, то так уляжа за ім, што толькі пяты міргацяць... Гляджу, вочы вылупіўшы, дый нічога не разумею! Ажно бачу, сунецца воз — не воз, катух — не катух, быццам велізарная жалезная клетка; на клетцы гэтай сядзіць дзяцюк — коніка паганяе, двух абапал падросткаў таксама прычапілася на гэтай клетцы з вялікімі, як вуды, пугамі, а ў клетцы гэтай сабакі сядзяць — мусіць, з дзесятак які — і малых, і вялікіх — усялякай масці, дый ззаду клеткі бяжыць яшчэ адзін невялікі кудлаты сабака.

— Што гэта, братка? — пытаю кума.

— Гіцлі, — кажа, — што ловяць валацугаў — сабак, а гэта грамада, што паперадзе з крыкам ляцела — от, людзі як людзі—заўсягды нешта добрае ў сэрцы сядзіць, дык і разганяюць сабак, каб не папаліся ў гіцлевы лапы.

— А гэты ж — задні, — пытаю, — чаму на свабодзе?

— Эгэ, — кажа кум, — ён самы важнейшы ў гіцляў: гэта правакатар. Бяжыць ён, значыцца, па вуліцы дый знаёмства заводзіць з сваім братам: угледзіць каторага, зараз да яго — з аднаго боку зайдзе — нюх, з другога — нюх, хвосцікам на ўсе бакі віль-віль, а той ужо і рад новаму сваяку — і язык высалупіць. Тут і тыц і гіцлі на новага сябра з гэтымі пугамі дый у жалезную клетачку!.. А той кудлаты юда —як бы і нічога: хвост толькі зноў крапчэй падцісне, морду ўніз апусціць дый ізноў бяжыць далей, насцеражыўшы вушы, лыпаючы з-пад лоба вачмі, шукаць новай ахвяры...

Ну, браткі, вось гэта служба дык служба: праўда, што паганая, мусіць, мала і сабак знойдзецца на такую службу!

1909