Сабака і Воўк
Сабака і Воўк Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: http://knihi.com/Bielaruskija_narodnyja_kazki/Sabaka_i_Vouk.html |
Быў у аднаго гаспадара сабака. Шчыра служыў ён гаспадару, ды не агледзеўся, як пастарэў. Горш сталі бачыць яго вочы, і цяжэй яму стала вартаваць гаспадарава дабро. Тады скупая гаспадыня перастала карміць яго, а потым і зусім пачала з двара праганяць.
«Чым так жыць, — думае сабака, — лепш няхай мяне воўк зьесьць».
Надумаўся ён і пайшоў у лес шукаць ваўка. Ідзе ён лесам, а тут насустрач і воўк бяжыць.
— Куды, сабака, ідзеш? — пытаецца воўк.
— Да цябе.
— Чаго?
— Зьеш ты мяне, воўча…
І расказаў ён ваўку пра сваю бяду.
Бачыць воўк, што сабака надта худы — яшчэ зубы паломіць, і кажа:
— Не, цяпер я цябе есьці ня буду. Трэба, каб ты трохі патлусьцеў.
— Як-жа я патлусьцею, — кажа сабака, — калі мяне гаспадыня зусім ня корміць?
— Нічога. Мы зробім так, што яна цябе з ахвотаю будзе карміць.
— Дзе там! — пакруціў хвастом сабака. — Гаспадыня мая вельмі скупая.
— Слухай ты мяне, — кажа воўк. — Ідзі дадому і сядзі там на агародзе. Адвячоркам, як пачне цямнець, я прыбягу і ўхаплю лепшага гаспадаровага падсьвінака. Ты наробіш брэху, пабяжыш за мною, і я табе аддам падсьвінака. Гаспадар убачыць гэта і загадае гаспадыні добра карміць цябе. А празь месяц, як патлусьцееш, — прыходзь да мяне, тады я цябе зьем.
Сабака падумаў і згадзіўся.
Адвячоркам прыбег воўк, ухапіў падсьвінака і павалок цераз агароды.
Тут сабака як наробіць ляманту, як кінецца за ваўком…
Пачуў гэта гаспадар, выскачыў з хаты, бачыць: воўк падсьвінака валачэ цераз агароды, а сабака яго даганяе, адбірае.
— Туйга! Туйга! — закрычаў гаспадар на ўсю сілу. — Кусі яго, Лыска!
Воўк тым часам кінуў падсьвінака, а сам ходу ў лес.
— Малайчына, Лыска! — пахваліў гаспадар сабаку, прывёў на кухню і загадаў жонцы карміць яго.
Жыве Лыска прыпяваючы. А празь месяц зрабіўся такі тлусты, аж шэрсьць блішчыць. І пра дагавор з ваўком забыўся.
Вось аднойчы сабраліся ў гаспадара госьці. П'юць, гуляюць, песьні сьпяваюць. Нямала тут і Лыску перапала — цэлую кучу касьцей пад стол яму накідалі.
Наеўся Лыска ды выйшаў на двор — у сваю будку. Глядзіць — аж у будцы воўк чакае яго.
— Чаго ты тут? — зьдзівіўся сабака.
— Па цябе прыйшоў, — адказвае воўк. — Памятаеш наш дагавор з табою?
Спалохаўся сабака — ня хочацца яму на воўчыя зубы трапляць. Вось ён і кажа:
— Ня еш ты мяне, воўк. Я цябе за гэта добра пачастую самаю смачнаю ядою.
— Адкуль-жа ты возьмеш?
— У майго гаспадара госьці. Там пад сталом поўна касьцей — навет зь мясам. Хадзем!
— Баюся. Яшчэ заб'юць мяне там.
— Ня бойся, не заб'юць, — угаворвае сабака. — Я цябе правяду так, што ніхто і ня ўбачыць.
Згадзіўся воўк і пайшоў за сабакам.
Лыска пакінуў яго ў сенцах, сам убег у хату, махнуў хвастом і патушыў лучыну.
— Цяпер бяжы пад стол, — паклікаў ён ваўка. Воўк так і зрабіў.
Сабака накарміў ваўка, навет віном напаіў. Сядзяць яны сабе пад сталом ды зюкаюць паціху.
А тым часам госьці засьпявалі вясёлыя песьні.
Воўк слухаў, слухаў, ды кажа сабаку:
— Мне таксама сьпяваць хочацца.
— Маўчы лепш, — адказвае сабака.
Воўк памаўчаў крыху ды зноў за сваё:
— Ня вытрымаю, — кажа, — аж язык сьвярбіць, гэтак сьпяваць захацелася.
І зацягнуў на ўсю хату басам:
— Ау-ау!
А сабака таксама ня вытрымаў ды давай падпяваць яму:
— Гаў, гаў! Цяў, цяў!..
Пачулі гэта госьці, ухапілі хто качаргу, хто чапялу, набілі ваўка і выкінулі яго з хаты разам з сабакам.
Ачухаўся воўк і кажа сабаку:
— Ну і накарміў-жа ты мяне! Я табе не дарую гэтага.
— Сам вінаваты, — кажа сабака. — Трэба было маўчаць.
— Не, — не згаджаецца воўк, — гэта ты вінаваты. Навошта ты завёў мяне ў хату?
Спрачаліся яны, спрачаліся, нарэшце воўк кажа:
— Калі так, давай будзем ваяваць: хто каго зваюе, той таго і зьесьць. Зьбірай сваё войска і прыходзь да мяне ў лес.
— Што-ж, — кажа сабака, — няхай будзе так.
Назаўтра ўзяў ён барана, ката і пеўня сабе ў памочнікі ды пайшоў на вайну з ваўком.
А воўк запрасіў да сябе ў ваякі мядзьведзя, дзіка і зайца. Сабраў ён сваё войска, выйшаў на ўскраек лесу і чакае.
— Палезь ты, Міхайла, — кажа ён да мядзьведзя, — на елку ды паглядзі, ці ня ідзе сабака із сваім войскам.
Мядзьведзь узьлез на елку, прыгледзеўся і кажа:
— Ідзе!
— Ну, дык злазь! — кліча воўк. — Будзем ваяваць.
— Не, ня зьлезу, — адказвае мядзьведзь.
— Чаму?
— Страшна.
— Што-ж там за войска такое, што ты гэтак спужаўся? — пытаецца воўк.
— Такое войска, што я ніколі і ня бачыў, — адказвае мядзьведзь калоцячыся. — Адзін ваяка тоўсты і калматы, зь віламі ідзе; другі — грозны, вусаты, ззаду піку нясе; трэйці — у шапачцы чырвонай, із шпорамі на нагах, шабляю махае… Першы ідзе, галавою трасе ды ўсё крычыць: «Бэ! Я ўсіх пакалю, на вілы пасаджу!» Другі сярдзіта чмыша, па бакох азіраецца і ўсё мармыча: «Мне, мне іх давай!» А трэйці, ганарысты такі, крычыць: «Куды, куды ісьці! Я адзін усіх паб'ю!».
Дзік пачуў гэта ды хутчэй у мох па самыя вушы зашыўся. А воўк бачыць, што не пасьпее схавацца, — стаў на заднія лапы і стаіць. «Хавайся за мяне, — кажа ён пералалоханаму зайцу. — Яны падумаюць, што я — пень, і абмінуць нас».
Прыходзіць сабака із сваім войскам, бачыць — нідзе нікога няма.
Тут якраз барану рогі засьвярбелі. Глядзіць ён — побач нейкі пень стаіць. Разагнаўся баран ды — трах! — рагамі ў пень. У ваўка ад гэтага і галава раскалолася. Паваліўся ён дагары ды ногі выцягнуў. Заяц выскачыў з-пад ваўка, але сабака згледзеў яго і адразу злавіў.
Дзіку ў гэты час, як на бяду, села муха на вуха. Паварушыў ён вухам, каб сагнаць яе, а кот падумаў, што там мыш. Кінуўся туды ды давай мох разграбаць. Так і дзярэ дзіка вострымі кіпцюрамі! Цярпеў, цярпеў, дзік, а потым усхапіўся ды наўцёкі…
Певень напужаўся дзіка, залопаў крыльлямі, узьляцеў на елку і нарабіў крыку:
— Куды, куды?
Мядзьведзь падумаў, што гэты самы грозны ваяка да яго дабіраецца, і залез із страху аж на верхні сук. Сук ня вытрымаў, зламаўся, мядзьведзь грукнуўся вобземлю і забіўся.
З таго часу больш і не сябруюць сабака з ваўком.
Спасылкі
[правіць]- Ілюстрацыя да казкі В. Ціхановіча
- Беларускія казкі. Мюнхен, 1957.