Перайсці да зместу

Рэлігійная справа на Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рэлігійная справа на Беларусі
Артыкул
Аўтар: Тамаш Грыб
1935
Крыніца: Запісы БІНІМ, Нью-Ёрк - Менск. - №36. - 2013. - с. 397-313 (першакрыніца: Iskry Skaryny. №4. Тraven 1934. S. 55—65.)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Нашай вялікай мэтаю ня ёсьць тое,
што мігаціць у імглістай далі,
а рабіць тое, што маем ясна перад сабой.

Тамаш Карлейль

1. Да пастаноўкі пытаньня

[правіць]

Мусімо шчыра прызнацца: рэлігійная справа на Беларусі ёсьць надта складаная й вельмі заблытаная. Патрэбна яснасьць. Тым больш, калі мы ставімо перад сабой зусім яснае й выразнае заданьне: мы хочамо пабудаваць вольную й незалежную беларускую дзяржаву.

На Беларусі існуе шэраг розных плыняў рэлігійнага самаўсьведамленьня, якія адрозьніваюцца між сябе ня толькі аснаўнымі падвалінамі свайго навучаньне, але — і гэта мае для нас асаблівае значаньне — адрозьніваюцца між сябе таксама формаю арганізацыі свайго рэлігійнага культу.

Перад кожным беларускім незалежнікам рубам ставіцца пытаньне: як мае быць вырашана рэлігійнае пытаньне ў вольнай і незалежнай беларускай дзяржаве? Якой плыні хрысьціянскага веравызнаньня — каталіцызму, праваслаўю, вуніяцтву, баптызму, мэтадызму ці мо якой-небудзь іншай рэлігійнай плыні адвесьці першае мейсца, ці мо ўсе павінны заняць аднолькавае становішча? Якое мае быць адношаньне рэлігіі да незалежнае беларускае дзяржавы і, наадварот, якое адношаньне мае быць устаноўлена незалежнай беларускай дзяржавы да рэлігіі? Узьнікае шэраг іншых пытаньняў. Напрыклад: кожны беларускі незалежнік уяўляе сабе так, што незалежная беларуская дзяржава будзе вольная народная рэспубліка; гэта будзе рэспубліка беларускага народу. У вольнай і незалежнай Беларускай Народнай Рэспубліцы, як гэта сабе ўяўляе кожны ўзапраўдны беларускі незалежнік, беларуская культура зойме належнае ёй пачэснае мейсца. А як быць з рэлігіяй? Хіба ў беларускага народу няма свае народнае рэлігіі? Ясна, калі беларускі народ мае сваю нацыянальную культуру, то, пэўна-ж, павінен мець і сваю нацыянальную рэлігію, бо рэлігія, побач з навукай, літаратурай і мастацтвам, зьяўляецца адным з тых элемэнтаў, зь якіх складаецца самабытная культура кожнае нацыі. У апошні час шмат гаворыцца і пішацца аб самабытнай беларускай культуры. Але не чуваць нешта нічога аб самабытнай беларускай рэлігіі. Ці мо і ўзапраўды беларускі народ ня мае свае самабытнае рэлігіі?

Усе гэтыя пытаньні вымагаюць дакладнага і ўсебаковага вывучэньня, каб у той час, калі на ўсім абшары беларускае зямлі ад Ловаці аж да Махаўца пранясецца бураломная вестка — жыве незалежная Беларуская Народная Рэспубліка — быць усім і кожнаму прыгатаванымі прыступіць ад словаў да чыну ў практычным вырашэньні складанага і заблытанага рэлігійнага пытаньня на Беларусі. З гэтай мэтаю ставімо рэлігійнае пытаньне на шырокае абсуджаньне ўсіх беларускіх незалежнікаў. Хай кожны зойме сваё пэўнае становішча.

У гэтым кароткім артыкуле падамо толькі галоўныя рысы сучаснага становішча рэлігійнае справы на Беларусі.

2. Шчырае прызнаньне

[правіць]

Каталіцкі ксёндз Д. Анісько, адзін з выдатнейшых супрацоўнікаў беларускае каталіцкае часопісі „Хрысьціянская думка“, якая выходзе ў Вільні з 8 лютага 1928 г. пад рэдакцыяй каталіцкага ксяндза Адама Станкевіча, ідэйнага правадыра беларускай хрысьціянска-дэмакратычнай партыі, што зь вялікім захапленьнем узіраецца на буйны ўздым беларускага нацыянальнага адраджэньня. Але разам з тым ён з трывогаю ўзіраецца на яго будучыню, на будучыню беларускага народу. Ставіць запытаньне: а што-ж мы, беларускія каталіцкія ксяндзы, што мы робімо ці што зрабілі, каб прыняць чынны ўдзел у беларускім адраджэнскім руху; што мы робімо ці што мы зрабілі, каб пакіраваць гэны рух на добрую дарогу, на дарогу Хрыста?.

У гэтым рыторычным пытаньні ксяндза Д. Анісько хаваецца шчырае прызнаньне: беларускі адраджэнскі рух узьнік, буйна ўзрастае й пашыраецца паміма ўдзелу ў ім каталіцкага касьцёлу. Тое-ж самае можна сказаць і аб праваслаўнай царкве на Беларусі. Як праваслаўныя папы, так і каталіцкія ксяндзы не прымалі й не прымаюць ніякага чыннага ўдзелу ў беларускім адраджэнскім руху; як праваслаўная царква, так і каталіцкі касьцёл ня маюць ніякага ўплыву на буйны ўзрост і пашырэньне беларускага нацыянальнага адраджэньня. Так было, прынамсе, аж да 1928 г.!

3. Беларускія рэлігійныя часопісі

[правіць]

Аб сучасным становішчы рэлігійнае справы на Беларусі, аб тым ці іншым удзеле каталіцкага касьцёлу і праваслаўнае царквы ў беларускім адраджэнцкім руху, знаходзімо шмат надта цікавых і вельмі каштоўных вестак у беларускіх рэлігійных часопісях — каталіцкіх, праваслаўных і вуніяцкіх — якія за апошнія некалькі гадоў пачалі выходзіць у Вільні. Гэтыя часопісі: „Хрысьціянская думка“ — беларуская рэлігійная часопісь, „Сьветач Беларусі“ — царкоўна-нацыянальны орган праваслаўных беларусаў, „Царква і народ“ — беларуская праваслаўная часопісь, „Голас праваслаўнага беларуса“, „Да злучэньня“ — беларуская рэлігійная часопісь. Апрача таго, дзеякія весткі знаходзімо у наступных часопісях: „Праваслаўны беларус“, „Беларуская крыніца“, „Шлях моладзі“ ды ў іншых беларускіх выданьнях і публікацыях, што выходзяць у Вільні (напрыклад, календары).

4. Узрост нацыянальнае сьвядомасьці і пашырэньне рэлігійнага індэфэрэнтызму ў народзе

[правіць]

Першае і аснаўное, што аднагалосна сьцьвярджаюць усе беларускія рэлігійныя часопісі — гэта бязупынны заняпад рэлігійнасьці ў народзе, пашырэньне індэфэрэнтызму ў адношаньні да рэлігійнае справы.

У часопісі „Сьветач Беларусі“, напрыклад, знаходзімо наступнае прызнаньне: на кожным эпархіяльным зьездзе ад сельскага духавенства ідуць скаргі, што рэлігійнасьць у народзе ўпадае, што бязбожніцтва ўсё больш і больш апановывае народныя масы6. — У апошні час сьведамасьць беларускага народа моцна ўзрасла, але разам узрасла і рэлігійная індэфэрэнтнасьць. А далей гэна часопісь сьцьверджае, што на Беларусі ўсьцяж адбываецца няўпынны заняпад жыцьця рэлігійнага,— „сталы заняпад рэлігійнасьці ў народзе“,— „маральная распушчанасьць і зьдзічэласьць вёскі“, — „індэфэрэнтызм і бязбожжа запанавалі сярод шырокіх масаў“. „Сьветач Беларусі“ рашуча падкрэсьлівае, што ўсе гэтыя сьцьверджаньні зьяўляюцца наяўным выяўленьнем праўды жывой рэчаістасьці. Выражаючы шчырыя пажаданьні свае, мы, аднак, ліцамерыць фарысейскі ня можам. Ліцамерыць і маніць лёгка, але горкую праўду гаварыць у вочы цяжка і то вельмі цяжка. Аднак, мы выбіраем гэтае апошняе, бо гэтага вымагае трагічная сапраўднасьць…, — трагічнае палажэньне жыцьця царкоўнага на Беларусі,— „Нідзе большага развалу рэлігійнага жыцьця, як у нас, на Віленскай епархіі, няма“. І далей: „Калі ж сяньня і гаворыцца аб праваслаўным народзе, то трэба ведаць, што народ гэты — гэта бадай толькі і будуць адны старыкі, 10—20% усяго праваслаўнага насельніцтва, злучаныя з царквой толькі традыцыйным фармалізмам. Моладзь-жа ня толькі індэфэрэнтна адносіцца да царквы, але большасьць яе часта супраць царквы настроена варожа“.— „На Беларусі сяньня па цэрквах падчас службы спатыкаем толькі па некалькі чалавек“ – сьцьвярджае часопісь „Царква і Народ“,— „у нашай вёсцы так застрашываюча шырыцца атэізм і маральны заняпад“.— „Усходняя Беларусь стаптана ботам чырвонага атэізму. Маладое пакаленьне там ужо ня ведае цяплыні і жыватворчых сілаў царквы. Праваслаўная Зах. Беларусь свае царквы яшчэ мае, але вернікі яе з кожным днём таяць, як сьнег на вясьне. Наша вёска сяньня знае і вітае ўсялякія камунізмы, анархізмы, нігілізмы, атэізмы… і толькі праваслаўны сьвяшчэньнік тут адзін бязрадны“18.— „Нашая моладзь чамусьці да малітвы адносіцца няпрыхільна“19 — „Масы народныя, дзякуючы шматлікім і рознаякім уплывам, пераважна варожым царкве, адносяцца ад духавенства з засьцярогамі, а нават часта зусім беспадстаўна, і ня прыхільна“. — Беларускі народ ня толькі стаў індэфэрэнтны ў адношаньні да рэлігійнае справы, але больш таго — да ўсялякае царкоўнае акцыі адносіцца з засьцярогаю, а то і варожа. — „Людзі цяпер ня маюць ніякіх сьвятасьцяў і ўстояў“22.— „Нарастаючая і магутнеючая дэмаралізацыя можа выліцца ў формы больш вострыя, небясьпечныя ня толькі для царквы, але і для публічнага супакою. Гэты пагляд наш ня ёсьць адасобляным тэндэнцыйным маляваньнем сітуацыі на чорна, але гэта зусім трэзвае і аб’ектыўнае сканстатаваньне фактаў“.

Гэткія ёсьць сумныя вынікі, як сьцьверджае „Сьветач Беларусі“, амаль тысячагадовае дзейнасьці праваслаўнае царквы на Беларусі.

У аналёгічным становішчы знаходзіцца і каталіцкі касьцёл на Беларусі.

У часопісі „Хрысьціянская думка“, напрыклад, знаходзімо гэткія-ж самыя прызнаньні фактаў жывой рэчаістасьці. — „Цяпер, пасьля вайны, людзей агарнула нейкая рэлігійная роўнадушнасьць. Перад вайной, здаецца, гэтак ня было. Другі лічыцца каталіком, а таго каталіцызму ў яго як ў якога дзікуна. Людзі жывуць, можна сказаць, выключна толькі дачаснасьцю“.— „На нашай рэлігійнай ніве з кожным годам усё больш і больш распаўсюджваецца ды ўсё глыбей закараняецца бязьверра ня толькі сярод малодшага пакаленьня, але нават сярод тых, каторым ужо больш трэба думаць аб жыцьці загробным, чымся аб дачасным“. — У рэлігійным жыцьці беларускага народу даецца заўважыць індэфэрэнтызм, ці іначай сказаць: рэлігійная роўнадушнасьць. Другі ёсьць каталіком толькі з прызвычаяньня, ён верыць толькі павярхоўна, там няма сталага і цьвёрдага перакананьня рэлігійнага.— „На правінцыі ёсьць ужо многа, якія пабачыўшы ў беларускіх часопісях артыкул, маючы штось супольнае з рэлігійным хрысьціянствам, ня чытаючы касуюць яго, або вырываюць зусім тыя карткі, на якіх ён надрукаваны“.

Ня іначай піша і вуніяцкая часопісь „Да злучэньня“, якая на руінах праваслаўя і каталіцызму на Беларусі імкнецца пабудаваць нешта новае, аб’еднанае і злучанае, вунійнае. Але таксама ня можа пахваліцца сваімі посьпяхамі. З трывогаю пытае: „Чаму цяпер адносна да вуніі паўстаў цэлы хаос розных паглядаў, няма яснасьці і праўды?“ — Дае такі адказ: „Бо людзі паставілі на першым мейсцы ня Бога, а стварэньне, інтарэс земскі. Загубілі людзі паняцьце аб царкве Хрыстовай“.

5. Узрост і пашырэньне рэлігійнага сэктанства

[правіць]

Амаль усе беларускія рэлігійныя часопісі — праваслаўныя, каталіцкія і вуніяцкія — аднагалосна сьцьвярджаюць сталы і няўпынны заняпад рэлігійнасьці ў народзе, узрост індэфэрэнтызму і навет поўнага атэізму, пашырэньня бязбожніцтва. Але разам з тым прызнаюць і сьцьвярджаюць, што няўпынна ўзрастае і пашыраецца ў народзе рэлігійнае сэктанства. Напрыклад: шмат адкуль з нашага краю надыходзяць весткі, а такжа спатыкаем часта ў газэтах, што сярод беларусаў шмат дзе праводзяць сваю работу розныя рэлігійныя сэкты, як баптысты, мэтадысты і інш. і што сэкты гэныя сярод нашага народу сям-там маюць сякі-такі посьпех. Галоўнымі асяродкамі працы гэных сэктаў зьяўляецца Берасьцейшчына, Ваўкавышчына, Баранавіччына, Валожыншчына і часткова апошнім часам Дзісеншчына. Праўда, сэктанства больш пранікае да беларусаў праваслаўных, аднак, паводле апошніх вестак, хоць куды ў меншай меры, але пранікае і да беларусаў-каталікоў, асабліва там, дзе гэытя апошнія жывуць у перамешку з праваслаўнымі. — А часопісь „Сьветач Беларусі“ сьцьвярджае, што нават „па ўсей Беларусі, у кожнай вёсцы маем гнёзды сэктанства, народ яго ўсё больш не баіцца, у сэктанства пачынаюць перахадзіць псаломшчыкі і царкоўныя старасты“.

Рэлігійнае сэктанства на Беларусі, паводле Хр. Д. — „гэта сумная і шкодная для нас зьява — пустошыць касьцёл і наш народ, шкодзячы ягонаму правідловаму разьвіцьцю“.— „І вось, паўстае пытаньне нашае будучыні“, — чытаемо ў часопісі „Царква і Народ“. — „Хіба трэ быць хворым оптымістам, каб бачыць яе яснай“.

6. Хіба ўзрост і пашырэньне сэктанства азначае заняпад рэлігійнасьці ў народзе?

[правіць]

На тэрыторыі Савецкай Беларусі, напрыклад, ёсьць гэткія рэлігійныя сэкты: эвангелісты, баптысты, адвэнтысты, шарсьцінцы і багамолы. Апошнія дзьве — шарсьцінцы і багамолы — чыста беларускія. Першую з іх заснаваў у 1923 г. былы праваслаўны аўтарнік Хвёдар Рафановіч; цэнтр яе знаходзіцца ў Шарсьціне, Гомельскай акругі, скуль паходзіць і назва сэкты. Асноваю навучаньня гэтае сэкты зьяўляецца вера ў канец сьвету і ў новы прыход Хрыста-Спасіцеля. З боку маральна-этычнага прапануе частыя пасты і аскетызм, а гэта дзеля таго, кааб ачысьціцца ад грахоўнасьці сьвецкага жыцьця. Другая сэкта — багамолы — узьнікла ў 1919 г. у адным з найбольш глухіх куткоў Беларусі, сярод балот і лясоў, у вёсцы Багучычы, Каралінскага раёну, Мазырскае акругі. Багамолы рашуча адмаўляюцца ад папа, уважаючы яго за служку антыхрыста; яны уважаюць, што ня мае права адпускаць грахі той, хто сам ня менш грэшны, чымся ўсе іншыя людзі. Кожны сам, дзеля гэтага, няхай зьвяртаецца да Бога з сваімі просьбамі і жаданьнямі. Згэтуль і назва сэкты — Багамолы: самі моляцца да Бога.

„Цяпер на Беларусі сэктантаў трохі развялося“ — сьцьвярджаюць дасьледчыкі рэлігійнае справы. — „Сэктанцкі рух расьце. — Праўда, павялічваецца не на ўсе сэкты, і не ва ўсіх сэктах аднолькавая колькасьць сэктантаў, бо тут справа залежыць і ад самой сэкты, наколькі яе веравызнаньне прыстасавана да сучасных умоў, ад пастаноўкі рэлігійнай прапаганды сэктантаў і, галоўнае, ад пастаноўкі антырэлігійнай прапаганды“. Гэта самае сьцьверджае і А. Агіенка. Ён кажа аб вялікіх уплывах сэктанскае прапаганды ў работніцкім асяродзьдзі. Аказваецца, што сярод работнікаў ёсьць нават такія, якія „пад уплывам пропавядзі сектантаў думаюць, што бяз веры ў Бога нельга пабудаваць сацыялізм. Веруючым хрысьціянам здаецца пры гэтым, што сацыялізм можна пабудаваць, кіруючыся Евангеллем“. — А некаторыя, таксама галоўным чынам пад уплывам сэктанскіх прапаведнікаў, кажуць, што бяз веры ў Бога нельга пражыць, што з рэлігіяй трэба не змагацца, а, наадварот, падтрымліваць яе, таму што толькі рэлігія вучыць дабру і добраму жыцьцю.

7. Заняпад праваслаўнае царквы і каталіцкага касьцёлу на Беларусі

[правіць]

Сьцьверджаныя факты ўзросту і пашырэньня рэлігійнага сэктанства на Беларусі ні ў якім разе нельга ўважаць за прыкмету ўзросту рэлігійнага індэфэрэнтызму ў народзе, ні атэізму, а тым больш нельга ўважаць за прыкмету пашырэньня „маральнага зьдзічэньня“, як гэта сьцьвярджаюць беларускія праваслаўныя, каталіцкія і вуніяцкія часопісі. Гэта наяўна сьведчыць аб нечым іншым — аб тым, што распадаецца і занепадае на Беларусі праваслаўе, каталіцызм і вуніяцтва, якія аж да апошняга часу былі афіцыяльным веравызнаньнем беларускага народу.

8. Дзьве веры ў народзе: адна — традыцыйная, а другая — афіцыйная

[правіць]

„У беларускага сяляніна“, — кажа М. Р. — „ёсьць дзьве веры: вера прашчураў, — пераходзячая дарогай традыцыі з пакаленьня ў пакаленьня — і вера новая — хрысьціянская, якая зьяўляецца ў яго паняцьці афіцыяльнай, мала дзеючый на яго маральна-псыхічнае жыцьцё. Хрысьціянская этыка для беларуса з’яўляецца „кодэксам карным“ інстытуцыі боскай. Беларус ня робіць зла, бо баіцца пекла. А калі-б ня было пекла і „кодэксаў“, то таксама не рабіў-бы зла, бо яму не дазваляла-б на гэта этыка народная — традыцыйная. Глыбокага зразуменьня хрысьціянскай навукі ў беларуса няма (хіба ўчуццёвасьць толькі); ён яе разумець ня можа, бо яна сяньня плыве да яго ў незразумелай форме, у чужой мове. Словам, беларус не з свае віны, мае сяньня дзьве веры“.

Ды пэўна-ж, якая можа быць віна беларускага сяляніна ў тым, што ён моцна трымаецца свае народна-традыцыйнае этыкі і не зьвяртае ніякае ўвагі на тое, што кажа яму з амбоны каталіцкі ксёндз ці-то праваслаўны поп: жыве сваім розумам; а тое, што кажуць ксяндзы і папы — вось дзіва, на тое вучыліся яны ў сэмінарыях, каб так казаць…

Далей аўтар прыводзіць вельмі характэрны прыклад, як на беларускае вёсцы адбываюцца калядныя сьвяты. Адзначае, пры гэтым, што „калядныя сьвяты цалкам перанесяны з далёкага сьвету паганскага ў сучаснасьць; праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл старалісе афарбаваць іх у хрысьціянскі колар і ўлажыць хрысьціянскі зьмест, але народныя традыцыі, асабліва духовыя перажываньні, глыбока закараніліся ў душу паасобных адзінак, а таксама і ў душу цэлага народу“.— „Паганскі элэмэнт калядных сьвят“, — ён кажа, — „міма ўсёцэлага схрыстыянізаваньня народу нашага, ператрываў да сяньня, хоць з імглістымі фірмамі, але за тое з зместам вельмі выразным. Касьцёл і царква, як установы на нашых землях з чужым кіраўнічым элэмэнтам, а таксама чужыя цывілізацыя, за чатыры-пяць апошніх вякоў не патрапілі вырваць з дужы народу таго, што было сьвятым і неабходным у жыцьці духовым беларуса. Усе традыцыі з жыцьця духовага, міма ўсялякага глуму, захаваліся да сяньня“.

Гэтак выглядае справа рэлігійнага жыцьця беларускага народу ў рэальнай сапраўднасьці. Беларускі народ, нягледзячы на ўзмоцненае прышчапленьне яму ў цягу стагодзьдзяў каталіцка-праваслаўнага хрысьціянства, аж па сяньняшні дзень захаваў сваю народна-традыцыйную веру, веру сваіх продкаў, сваю самабытную форму рэлігійнага культу. Беларускі народ мае сваю народна-традыцыйную этыку, якая нічога супольнага не мае з афіцыйным касьцёльна-царкоўным навучаньнем на Беларусі.

Праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл на Беларусі, такім чынам, зьяўляюцца культурна і псыхалёгічна чужымі для беларускага народу — гэта ёсьць чужая беларускаму народу цывілізацыя, з чужой мовай і каталіцка-праваслаўным аўтарніцтвам: няма між імі ні супольнага разуменьня, ні супольнага паразуменьня. Гэта сьцьвярджаюць аднагалосна ўсе беларускія рэлігійныя часопісі.

9. Рэлігія і палітыка

[правіць]

Ёсьць людзі, а такіх ёсьць нямала, якія ўважаюць, што рэлігія нічога супольнага не мае з палітыкай. І ўзапраўды: што, здавалася б, можа быць супольнае з палітыкай вера ў Бога, ў несьмяротнасьць душы, у вечнае загробнае жыцьцё. Асабліва хрысьціянская рэлігія, у аснове якой ляжыць навучаньне аб тым, што ўсе вечныя і сьвятыя праўды — зьяўляныя Богам праўды — паходзяць „не от міра сего“; што гэта рэлігія не можа мець супольнае з усім тым тленным і дачасным, аб чым клапоціцца палітыка, чым займаецца дзяржаўная ўлада? Хіба-ж гэта няясна кожнаму, што для ўзапраўднага хрысьціяніна адзіная ёсьць толькі ўлада на сьвеце — гэта ўлада Бога? Як гэта магчыма, каб хрысьціянскі аўтарнік, каб праваслаўны поп ці-то каталіцкі ксёндз, каб слуга Богу ў адзін і той самы час быў слугою палітычнае ўлады, слугою дзяржавы?

Аднак, хто ўважліва прыглядаецца да рэлігійнага жыцьця на Беларусі, той ня можа ня бачыць, што ўсё гэта, здавалася б зусім немагчымае, зьяўляецца ня толькі магчымым, але нават больш таго: усё гэта ўжо з даўнейшых часаў існуе ў жывой рэчаістасьці. Рэлігія і палітыка на Беларусі — гэта ёсьць дзьве пасудзіны, якія маюць супольнае дно: узаемна сябе працінаюць і дапаўняюць.

З сацыяфонічнага гледзішча інакш і быць ня можа. Паколькі рэлігійная справа зьяўляецца адным з элемэнтаў суспольнага жыцьця, то ні ў якім разе ня можа быць выдзялена з усяго складанага комплексу суспольнае дзейнасьці. Уся сутнасьць рэлігійнае справы на Беларусі палягае ў тым, якую палітыку зьдзяйсьняе, напрыклад, праваслаўная царква і якую палітыку зьдзяйсьняе каталіцкі касьцёл — беларускую ці антыбеларускую?

Сяньня беларуская нацыянальная палітыка выяўляецца ў тым, што беларускі народ вядзе змаганьне за сваё нацыянальнае адраджэньне і сацыяльна-палітычнае вызваленьне; вядзе змаганьне за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Як адносяцца да беларускае нацыянальнае палітыкі праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл на Беларусі: мо’ ідуць яны разам зь беларускім народам і зьдзяйсьняюць яго нацыянальную палітыку? Ніхто ня стане цьвердзіць, што праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл на Беларусі праводзяць беларускую нацыянальную палітыку. Кожнаму ясна і зразумела: праваслаўная царква праводзіць рускую нацыянальную палітыку на Беларусі. І ўсё гэта адбываецца ў той час, калі беларускі народ — бяз розьніцы веравызнаньняў, — выставіўшы баёўны покліч волі і дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі, вядзе напружанае змаганьне на два фронты: проці Польшчы і проці Расеі, каб скінуць зь сябе ярмо іх гвалтоўнага панаваньня.

Зусім зразумела, дзеля гэтага, што праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл на Беларусі, зьяўляючыся палітычнымі экспазытурамі Польшчы і Расеі, ня могуць карыстацца пашанаю з боку беларускага народу: яны самі сябе ставяць пад удары беларускага вызвольна-адраджэнскага руху. І кожны сьвядомы беларус, кожны ўзапраўдны беларускі незалежнік, ня можа іначай адносіцца да праваслаўнага папа ці-то да каталіцкага ксяндза, як толькі з пэўнай засьцярогаю; а ў тым прыпадку, калі ўбачыць іх актыўную дзейнасьць на карысьць Расеі або на карысьць Польшчы, ня можа не ўважаць іх за сваіх ворагаў, за ворагаў беларускага народу.

Вядома, гэта яшчэ не азначае таго, што беларускі народ ужо гэтым самым нібы-то выступае проці рэлігіі. Індэфэрэнтызм або нават варожасьць беларускага народу ў адношаньні да праваслаўнае царквы і да каталіцкага касьцёлу на Беларусі, — гэта яшчэ не азначае ні рэлігійнага індэфэрэнтызму ў народзе, ні яго бязбожніцтва. Мусімо адрозніваць рэлігію ад конфэсіі. Рэлігія ёсьць нешта больш глыбокае і шырокае, чымся конфэсія. Гэта можа пацьвердзіць кожны, хто ўзапраўды мае рэлігійную сьвядомасьць. Рэлігія — гэта вера ў Бога, а конфэсія — гэта арганізацыя культу.

Для сацыёляга, які займаецца навуковым досьледам і вывучэньнем людзкога суспольства, як і для грамадзка-палітычнага дзеяча, які тэорэтычныя здабыткі сацыялёгічнага веданьня рэдукуе на практычную дзейнасьць, вагу і значаньне мае пэўна-ж не рэлігія, а конфэсія. У абставінах беларускае рэчаістасьці гэта азначае: вагу і значаньне мае той факт жывой рэчаістасьці, хто і як арганізуе рэлігійны культ на Беларусі.

10. Каталіцкі касьцёл і праваслаўная царква на Беларусі — башты асыміляцыі беларускага народу

[правіць]

Беларускі народ мае здэфармаваную сацыяльную структуру; зьяўляецца няпоўным суспольствам. Гэта ёсьць вынік мінуўшчыны: шматгадовага панаваньня Польшчы і Расеі, гнёту і паняволяньня, калёніяльнага становішча Беларусі. Усе вышэйшыя функцыі культурнага, гаспадарчага і палітычнага жыцьця беларускага народу выконваюцца не беларусамі, а чужанцамі — рускімі, палякамі, жыдамі; калі інады і сустрачаецца між імі беларус, то гэта, як звычайна ўжо так бывае, — „тоже белорус“ і „тэж бялорусін“: родам беларус, а культурна і псыхалёгічна — рускі або паляк. Гэта ёсьць беларускія рэнэгаты. Яны зьяўляюцца сьляпым аружжам у руках польскіх і рускіх вялікадзяржаўнікаў на Беларусі; найбольшыя ворагі беларускага народу: праз іх польска-расейскія гнабіцялі зьдзяйсьняюць на Беларусі свае вялікадзяржаўніцкія імкненьні, раскладаюць, дэмаралізуюць і асымілююць беларускае народнае суспольства.

З усёя яскравасьцю гэта выяўляецца і ў справе арганізацыі рэлігійнага культу на Беларусі: каталіцкі касьцёл і праваслаўная царква зьяўляюцца ўжо з даўнейшых часаў найбольш умацаванамі баштамі польскага і расійскага вялікадзяржаўніцтва; служаць іх мэтам асыміляцыі беларускага народу. Гэта-ж праз каталіцкі касьцёл дапялі польскія імпэрыялісты таго, што беларус католік пачаў уважаць сябе паляком; гэта-ж праз праваслаўную царкву польскія імпэрыялісты дапялі таго, што беларус праваслаўны пачаў уважаць сябе рускім. Дык што яшчэ болей?

Аж па сяньняшні дзень арганізацыя рэлігійнага культу знаходзіцца на Беларусі ў руках чужынцаў, знаходзіцца ў руках польска-расейскіх вялікадзяржаўнікаў. Гэта аднагалосна сьцьвярджаюць усе беларускія рэлігійныя часопісі.

11. Тры галоўныя прычыны заняпаду праваслаўнае царквы і каталіцкага касьцёлу на Беларусі

[правіць]

Праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл на Беларусі, як сьцьвярджаюць беларускія рэлігійныя часопісі, перажываюць востры крызыс; знаходзяцца ў становішчы поўнага заняпаду.

Галоўныя прычыны гэтае зьявы ёсьць тры:

І. Супярэчнасьць паміж народна-традыцыйным сьветапоглядам і касьцельна-царкоўным навучаньнем.

ІІ. Праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл на Беларусі — з іх чужой моваю і чужым рэлігійным культам — зьяўляюцца культурна і псыхалёгічна чужымі для беларускага народу, у выніку чаго існуе адчужанасьць паміж праваслаўна-каталіцкім аўтарніцтвам і беларускім народам.

ІІІ. Залежнасьць вышэйшай гіерархіі праваслаўнае царквы і каталіцкага касьцёлу на Беларусі ад чужых уладаў, якія абярнулі праваслаўную царкву і каталіцкі касьцёл у зброю іх нацыянальна-палітычнае экспансіі на Беларусі ў выніку чаго істнуючая адчужанасьць паміж праваслаўна-каталіцкім аўтарніцтвам і беларускім народам абяртаецца ў няпрыхільнасьць і адкрытую варажнечу; з узростам і пашырэньнем беларускае нацыянальнае сьвядомасьці гэта адчужанасьць, гэта непрыхільнасьць, гэта варожае адношаньне беларускага народу да праваслаўна-каталіцкага аўтарніцтва пашыраецца на царкву, на касьцёл, як на палітычныя экспазытуры гнабіцельскіх урадаў на Беларусі.

Гэткая ёсьць лёгіка фактаў жывой рэчаістасьці.

12. Прычыны ўзросту і пашырэньня рэлігійнага сэктанства на Беларусі

[правіць]

Вельмі цікавая і характэрная зьява: праваслаўныя, каталіцкія і вуніяцкія беларускія часопісі ўважаюць, што ўзрост і пашырэньне рэлігійнага сэктанства на Беларусі зьяўляецца вынікам пашырэньня маральнага заняпаду ў народзе, бязбожніцтва, матэрыялізму і нават бальшавізму. Але інакш узіраюцца на гэту справу бальшавікі: яны ўважаюць, што рэлігійнае сэктанства, як і кожная праява рэлігійнае сьвядомасьці, зьяўляецца найвялікшай шкодаю. Гэта „опіум для народа“.

Рэлігійнае сэктанства на Беларусі існавала з даўнейшых часаў. Але ніколі не дасягала такога посьпеху, як у сучаснасьці.

Д. Хайтун і П. Капаевіч, якія наўмысна ўзяліся за навуковае вывучэньне сэктанства на Беларусі, прыходзяць да выснаўку, што ўсясьветная вайна прабудзіла ў народзе пачуцьцё імкненьня да вышэйшае моцы, да ўсемагутнага Бога. Яны кажуць: „У выніку імпэрыялістычнай вайны, голаду, разрухі, выкліканых вайной, сярод самай адсталай часткі насельніцтва зьяўляецца містычны настрой, думка, што пры моцнай веры ў Бога, Бог, калі яму добра памаліцца, супакоіць край, спыніць вайну, паможа зьнішчыць разруху“.— „Мы стаімо цяпер перад фактам росту сэктанскіх арганізацый“.

Пэўна-ж, выходзячы з тэй аснаўной засады, што ў абставінах бальшавіцкае дыктатуры сэктанства зьяўляецца контр-рэвалюцыйнай зьяваю, Д. Хайтун і П. Капаевіч уважаюць, што павінен быць і той клясавы вораг, які ўжывае рэлігійнае сэктанства для сваіх буржуазна-капіталістычных мэтаў. Яны кажуць: „Сусьветная буржуазія, а таксама нэпманаўскія і кулацкія элемэнты ў СССР скарыстоўваюць усе труднасьці нашага сацыялістычнага будаўніцтва для ўцягненьня ў свае шэрагі ўсіх ворагаў савецкае ўлады і няўстойлівых элемэнтаў для ўзмацненьня сэкт — штабаў контрэвалюцыйнай дзейнасьці“. — „Адначасова з гэтым мы маем і шэраг іншых прычын росту сэктанства: эканамічны ўплыў кулакоў на беднату, скурніцтва, нашу слабую пастаноўку палітыка-асьветнай работы і ў прыватнасьці антырэлігійнай прапаганды, а таксама добрую арганізацыю сэктантамі рэлігійнай агітацыі і прапаганды“.

Але што найбольш абурвае бальшавікоў супраць сэктантаў, дык гэта тое, што сэктанты, уцягваючы ў свае шэрагі сялянства (у сэктанскіх арганізацыях пераважаюць сераднякі, якіх налічваецца 55%, і беднякі, якіх налічываецца 28,6%, а так-званых кулакоў усяго толькі 16%), спыняюць усялякія ўплывы бальшавікоў на бядняцка-сярэдняцкія элемэнты вёскі. Нават больш таго: „сэктанты самі сябе лічаць настаўнікамі, якія выбаўляюць заблудшых авец, настаўляюць іх на ісьцінны шлях“.

Вось-жа: „Каб спыніць рост сэктанскага руху, трэба вясьці належную антырэлігійную прапаганду сярод працоўнага насельніцтва, асабліва сярод сялянства“.— „А дзеля таго каб лягчэй вясьці наступ на сэктанства, ды наогул на рэлігію, трэба яднаць усе нашы сілы, усіх бязбожнікаў, у адну арганізацыю — саюз бязбожнікаў, і ячэйкі гэтага саюзу трэба арганізоўваць, пры кожным прадпрыемстве, у кожнай вёсцы, усюды, дзе ёсьць групы бязбожнікаў“. Як бачымо з гэтага, рэлігійнае сэктанства на Беларусі ня ёсьць такая ўжо простая зьява, як гэта мо’ спачатку здаецца. Патрабуе дакладнага і ўсебаковага вывучэньня, каб можна было вынясьці тое ці іншае канчатковае суджаньне.

Трэба мець на ўвазе, пры гэтым, што і бальшавізм, як сваеасаблівае прыстасаваньне сацыяльна-палітычнага навучаньня Маркса і Энгельса да рускіх нацыянальна-палітычных абставін, як ператварэньне марксізму ў ленінізм і сталінізм, — мае ў сабе нешта спэцыфічна рускае: зьяўляецца сваеасаблівай рэлігійнай сэктай. З усей яскравасьцю аб гэтым сьведчыць арганізацыя культу: іх рэлігійны піетызм перад маўзалеем Леніна ў Маскве, іх ленінскія чырвоныя куткі ва ўсіх дзяржаўных установах, дзе калісьці былі праваслаўныя часоўні з іконамі сьвятых угоднікаў; а іх маніфэстацыі хіба не прыпамінаюць нам царкоўна-касьцёльныя працэсіі з харугвамі ды вобразамі; а іх догматызм і аўтарытарызм у навучанні, у іх дзейнасьці: усё мае быць так, як сказана ў прарокаў бальшавіцкага веравызнаньня!

Рускі бальшавізм — гэта сваеасаблівая руская рэлігійная сэкта; мае сваю гіерархію, якая на Беларусі зьяўляецца ня менш чужой для беларускага народу, чымся касьцельна-царкоўная гіерархія. Уся розьніца палягае толькі ў тым, што бальшавіцкая гіерархія, каб дасягнуць свае мэты і найбольшага посьпеху ў пашырэньні сваіх уплываў сярод народных гушчаў, прызнае роўнапраўнасьць моваў: на Беларусі ўжывае беларускую мову, на Украіне — украінскую, а ў Грузіі, напрыклад, — грузінскую. На беларускую мову перакладзены ўжо амаль усе творы Маркса, Энгельса, Леніна, Сталіна. На тэрыторыі Вялікай Беларусі (БССР і так званая Западная обласьць) узмоцненым тэмпам адбываецца беларусізацыя ўсіх праяваў беларускага культурнага жыцьця; гэна бальшавізацыя адбываецца пад сьцягам беларусізацыі.

Аснаўная і галоўная сутнасьць бальшавіцкае беларусізацыі ўсім добра ўжо вядома і палягае ў тым, што беларуская мова абернута ў спосаб ці то ў прыладу замацаваньня бальшавіцкае ўлады на Беларусі; мова — беларуская, а зьмест — усерасейскі, вялікадзяржаўніцкі.

13. Беларусізацыя, як спосаб здабыцьця народу

[правіць]

Дзеля вырашэньня існуючага крызісу праваслаўнае царквы і каталіцкага касьцёлу на Беларусі, дзеля актывізацыі іх дзейнасьці і набліжэньня царкоўна-касьцёльнага аўтарніцтва да народу, ёсьць адзін вельмі добры спосаб, як запэўняюць беларускія рэлігійныя часопісі, гэта — беларусізацыя. „Беларуская крыніца“, орган беларускае хрысьціянска-дэмакратычнае партыі, у кіраўніцтва якой уваходзяць беларусы каталіцкага і праваслаўнага веравызнаньняў, уважае, што „праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл, якія зьяўляюцца сяньня параванам маскоўшчыны і польшчыны, — ня могуць і не павінны быць так-жа якім параванам, ці прыладаю беларускасьці, бо яны маюць свае асаблівыя мэты — служэньне ў народзе справе хрысьціянскай веры і маральнасьці. Ісьці-ж да гэтых высокіх мэтаў як царква, так і касьцёл павінны пры помачы мовы і культуры таго народу, сярод якога яны працуюць“.

Беларуская мова і беларуская культура, як бачымо з гэтага сьцьверджаньня „Бел. крыніцы“, зьяўляюцца толькі спосабам ці-то прыладаю, каб ажывіць заняпаўшую дзейнасьць праваслаўнае царквы і каталіцкага касьцёлу на Беларусі. А ў часопісі „Царква і народ“ знаходзімо яшчэ больш выразнае прызнаньне: „беларусізацыя царквы і касьцёла — гэта спосаб здабыцьця народу“!

Беларусізацыя праваслаўнае царквы і каталіцкага касьцёлу на Беларусі мае выявіцца ў наступных формах:

1. Ужываньне беларускае мовы ў дадатковым набажэнстве, але захоўваецца пры гэтым стара-баўгарская мова ў праваслаўнай царкве і латынская мова ў каталіцкім касьцёле, як мовы галоўнае багаслужбы.

2. Навучаньне рэлігіі ў школе для беларускіх дзяцей мае адбывацца ў беларускай мове.

3. Выдаваньне ў беларускай мове адпаведнае касьцёльна-царкоўнае літаратуры.

4. Усё каталіцка-праваслаўнае аўтарніцтва на Беларусі павінна складацца з людзей, якія паходзяць зь беларускага народу.

5. Беларусізацыя каталіцкіх і праваслаўных сэмінарыяў на Беларусі. Рэшта ўсё застаецца па-старому: захоўваюцца ў поўнай ненарушальнай суцэльнасьці ўсе догматы касьцёльна-царкоўнага навучаньня і ўся іх вонкавая абраднасьць. Існуючае канонічнае права каталіцкага касьцёлу і праваслаўнае царквы і надалей застаюцца абавязковым для беларускага аўтарніцтва.

І ў гэткі спосаб яны хочаць здабыць сабе розум і сэрца беларускага народу!

14. А далей што?

[правіць]

„Сьветач Беларусі“ ўважае, што праваслаўная царква на Беларусі павінна стаць сымбалем беларускасьці.

Але інакш узіраецца на справу „Хрысьціянская думка“: уважае, што еднасьць беларускае мовы ў праваслаўнай царкве і каталіцкім касьцёле прывядзе з часам да поўнае касьцельна-царкоўнае еднасьці, да вуніі.

Узьнікае пытаньне: ці беларусізацыя праваслаўнае царквы і каталіцкага касьцёлу на Беларусі зьяўляецца толькі першым крокам на шляху да стварэньня беларускага нацыянальнага веравызнаньня?