Рэзалюцыя Беларускай Рады на засяданьні 18 лютага 1918 г. у Вільні
Рэзалюцыя Беларускай Рады на засяданьні 18 лютага 1918 г. у Вільні Дакумент Аўтар: Антон Луцкевіч 18 лютага 1918 |
Прымаючы пад увагу:
1) што бытнасьць падтрымліваных “энтэнтай” дзеля яе палітычных мэт чужацкіх — польскіх — войск1 на адвечна Беларускіх землях можа ў будучыні аказацца прэцэдэнсам дзеля анэксіі гэтых зямель да Польскага каралеўства або дзеля дамаганьня тэрытарыяльных кампэнсацый у постаці беларускага Беластоцкага округа;
2) што, абвяшчаючы прылучэньне часьці закардоннай Беларусі да Польскай манархіі, польскія войскі выяўляюць гэтак захватныя тэндэнцыі на беларускія землі, і іх чыннасьць з гэтага погляду перастае ўжо быць самаабаронай палякаў ад бальшавіцкай анархіі і прыбірае характар вялізнай палітычнай авантуры, каторая йдзе супроць найбольш жыцьцёвых інтарэсаў беларускага народу і супроць яго жаданьня незалежнасьці;
3) што расейскія войскі, каторыя па загаду расейскага ўраду аружнай сілай перашкодзілі ўтварэньню беларускай нацыянальнай арміі, самі не здалелі ўдзяржаць беларускія землі і блізка зусім пакінулі іх, — значыць, ня споўніўшы перад імі сваіх павіннасьцей і абяцанак;
4) што Беларусь ад ХІІІ да канца ХVІІІ сталецьця была незалежна, творучы разам зь літвінамі асобную дзяржаву (Вялікае Княства Літоўскае), і — пасьля прылучэньня яе гвалтам да Расеі — праз 120 гадоў няволі і ўціску не пакідала дабівацца незалежнасьці нават з аружжам у руках (1812—1905 гг.);
5) што бальшавіцкі ўрад далей вёў палітыку гвалтаў над беларускім народам, даючы яркае выражэньне гэтага ў разгоне Беларускага Кангрэсу ў Мінску, —
Беларуская Рада, аб’яўляючы разарванай дзяржаўную зьвязь між Беларусьсю і Расеяй, высказывае свае дамаганьні:
1) каб польскія войскі чым хутчэй выйшлі зь беларускіх зямель, на каторых беларускія краёвыя арганізацыі возьмуць пад сваю апеку і меньне, і жыцьце жыхароў;
2) каб пакінутыя на няміласьць долі Беларускія землі за фронтам былі ўраз жа далучаны да акупаванай часьці Беларуска–Літоўскага краю дзеля арганізацыі тут незалежнага дзяржаўнага быту;
3) каб сумежныя з Польшчай спрадвечна Беларускія землі (Беласток—Гродня) ні ў якім здарэньні не былі выключаны з рэшты Краю дзеля далучэньня да Польскага Каралеўства.
Беларуская Рада, апіраючыся на рэзалюцыі Беларускай Канфэрэнцыі ў Вільні 25—26—27/І.1918 (адносныя пункты да гэтага далучаюцца) і на пастанове разагнанага бальшавікамі Беларускага Кангрэсу ў Мінску 19—31/ XII. 1917, зьвяртаецца да ўсіх гасударств, прызнаўшых прынцып самаадзначэньня нацыянальнасьцей, а ў першы чарод да Нямеччыны, каторая мае найболей супольных зь Беларуска–Літоўскім кра- ем эканамічных інтарэсаў, з прызывам аказаць помач у справе адбудовы дзяржаўнай незалежнасьці колішняга Літоўска–Беларускага гасударства (Вялікага Княства Літоўскага), — не ўзіраючыся ў цяперашні разьдзел яго ліняй фронту.
Вільня, 18 лютага 1918 г.
Антон Луцкевіч
Дамінік Сямашка
протаіярэй М. Галянкевіч, ксёндз Владыслаў Талочка, Казімер Фалькевіч, Іван Луцкевіч, Дулька, Я. Туркевіч, Язэп Салавей, Янка Станкевіч, М. Пэрскі, М. Родзевіч