Перайсці да зместу

Рэволюцыйным шляхам (1928)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Публіцыстыка
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Рэволюцыйным шляхам

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

Перад намі невялічкі зборнік апавяданьняў з жыцьця Заходняй Беларусі Л. Родзевіча „Рэволюцыйным шляхам“. Зборнік тым ня менш дае поўны і яскравы малюнак вёскі ў Заходняй Беларусі. З аднаго боку стаяць пан, ксёндз, поліцэйскі, асаднік, з другога боку стаіць шматмільёная маса сялянства і батрацтва. Паміж гэтымі соцыяльнымі групамі ідзе барацьба. Заходняя Беларусь — пляцдарм гэтай барацьбы.

Пераможцаю ў даны момант зьяўляецца невялічкая група эксплёататараў. ім пакуль што добра жывецца. „Ім добра. Яны поўныя ўладары ўсяго акружаючага, у іх руках пружына ўлады… Вось чуваць, як людцы звозяць збожжа… Усё і ўсюды адчувае ўправу, неабмежаванае панаваньне ўладароў „крэсаў“ (стар. 86-87). Яны банкетуюць, бо праца „быдла“ дае ім магчымасьць жыць ня думаючы аб працы. Яны жывуць працаю чужых мазольных рук, каторыя дзень і ноч працуюць на іх.

Ня так жывецца сапраўдным тварцом каштоўнасьцяй у Заходняй Беларусі. Бізуны, зьдзек, падаткі, турма. „Селянін Заходняй Беларусі добра ведае, дзе знаходзіцца вастрог і поліцэйскі пастарунак і іх ніколі не забудзе… Кожны парадачны чалавек прагібеў год-два ў вастрозе. А калі не сядзеў ніколі, значыць, грош яму цана, значыць, — гне ў панскі бок, вось такая ўмацавалася ў нас памоўка“. Так жывецца селяніну. Ён і па-за сьценамі турмы жыве, як у турме.

Зразумела, што „помста ходзіць па Заходняй Беларусі“. Гэтая помста запаўняе пачуцьці працоўнай вёскі і ляжыць ў аснове яе адносін да панства. Панства добра разумее, што яно жыве на вулькане. Яно добра разумее, што селянін Заходняй Беларусі не супакоіцца, пакуль панская зямля не пападзе ў яго рукі. Вось чаму ня сьпіцца спакойна пану на „крэсах“. Вось чаму ён і ўва сьне бачыць „Муху“.

А ў падпольлі глыбока захавала свае організацыі компартыя. Яна мае вялікую моц, бо яна на сваім штандары напісала вялікія лёзунгі барацьбы да канца за інтарэсы працоўных. Яе падтрымліваюць мільёны працоўных. Яна працуе над тым, каб пачуцьцё помсты замяніць сьвядомасьцю клясавай барацьбы; яна цэмэнтуе сялянства наўкола пролетарыяту; яна організуе масы і гатовіць іх, да ўступленьня ў астатні рашучы бой.

Пераможца эксплёататар Заходняй Беларусі няхай ня чытае кніжачкі Л. Родзевіча, бо яна сапсуе яму апэтыт, бо яна скажа яму, што ўлада яго нядоўгавечна. Але пролетары і селянін Беларусі як Савецкай, так і Заходняй, прачытаюць кніжачку з задавальненьнем.

У. Ігнатоўскі.