Перайсці да зместу

Рыкі-Цікі-Таві (Кіплінг/Багун)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рыкі-Цікі-Таві
Аўтар: Джозеф Рэдзьярд Кіплінг
1893
Арыгінальная назва: Rikki-Tikki-Tavi
Пераклад: Міхась Багун
Крыніца: Рыкі-Ціві-Таві: Для дзяцей малод. узросту / Пер. М.Багуна - Мн. : Белдзяржвыд БССР. Юндзетсектар, 1934
Апавяданне з "Кнігі Джунгляў"

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гэта — апавяданне пра вялікую вайну, якую адзін на адзін вёў Рыкі-Цікі-Таві ў ванным пакоі вялікага дома ў пасёлку Сігаулі.

Дарзі, птушка-кравец, дапамагала яму, і Чучундра, мускусная пацучыха — тая, што ніколі не выбежыць на сярэдзіну пакоя, а ўсё крадзецца пры самай сцяне, — давала яму парады. Але па-сапраўднаму ваяваў ён адзін.

Рыкі-Цікі-Таві быў мангуст[1].

І хвост і шэрсць былі ў яго, як у маленькага катка, а галава і ўсе звычкі — як у ласачкі. Вочы ў яго былі ружовыя, і кончык яго непакойлівага носа таксама быў ружовы. Рыкі мог пачасацца, дзе надумае — усё роўна якой лапкай: ці пярэдняй, ці задняй. І так мог ён распушыць свой хвост, што хвост рабіўся падобны на круглую даўгую шчотку. І яго баявы кліч, калі ён імчаўся ў высокіх травах, быў рыкі цікі -цікі -цікі -чк!

Ён жыў з бацькам і з маткай у вузкай лагчыне. Але аднаго разу ўлетку пачалася паводка, і вада панесла яго ўздоўж прыдарожнай канавы. Ён брыкаўся і варочаўся як мог. Нарэшце яму ўдалося ўзабрацца на купку травы, што праплывала міма, і там ён трымаўся датуль, пакуль не страціў прытомнасць. Ачуняў ён на гарачым прыпёку ў садзе, пасярод дарожкі, увесь замурзаны, а нейкі хлопчык у гэты час сказаў:

— Мёртвы мангуст! Давай пахаваем яго!

— Не, — сказала хлопчыку маці. — Возьмем мы яго ды абсушым. А можа, ён яшчэ жывы.

Яны ўнеслі яго ў дом, і нейкі Вялікі Чалавек узяў яго двума пальцамі ды сказаў, што ён зусім не мёртвы, а толькі захлынуўся ў вадзе. Таму яго закруцілі ў вату і пачалі адаграваць каля агню. Ён расплюшчыў вочы і чхнуў.

— А цяпер, — сказаў Вялікі Чалавек, — не палохайце яго, і мы паглядзім, што ён будзе рабіць.

Няма на свеце нічога цяжэйшага, як спалохаць мангуста, бо ён увесь — ад носа да хваста — напоўнены цікавасцю. «Шныпарыць і Выведваць» — напісана на сямейным гербе ў мангустаў, а Рыкі-Цікі быў чыстакроўны мангуст. Ён прыгледзеўся да ваты, сцяміў, што яна не прыдатная для яды, абабег наўкол усяго стала, сеў на заднія лапы, упарадкаваў сваю шэрстку, а тады ўскочыў хлопчыку на плячо.

— Не бойся, Тэдзі, — сказаў Вялікі Чалавек. — Гэта ён хоча з табой пасябраваць.

— Ай, ён казыча мне шыю! — ускрыкнуў Тэдзі.

Рыкі-Цікі зірнуў яму за каўнер, панюхаў ягонае вуха і, спусціўшыся на падлогу, пачаў церці сабе нос.

— Дзіўна! — сказала Тэдзева маці. — І гэта называецца дзікі звярок! Па-мойму, ён таму такі ручны, што мы былі добрыя да яго.

— Мангусты ўсе такія, — сказаў яе муж. — Калі Тэдзі не будзе падымаць яго з падлогі за хвост і не надумае садзіць яго ў клетку, ён астанецца ў нас і будзе круціцца каля дома... Дамо яму чаго-небудзь з'есці.

Яму далі маленькі кавалачак сырога мяса. Мяса яму страшэнна спадабалася. Пасля снедання ён зараз жа пабег на веранду, прысеў на сонейку і распушыў сваю шэрстку, каб высушыць яе да самага карэння. І адразу ж яму стала лепш.

«У гэтым доме ёсць нямала такога, што я павінен выведаць як мага хутчэй. Маім бацькам за ўсё жыццё не даводзілася выведаць столькі. Астануся тут і выведаю ўсё, як ёсць».

Увесь гэты дзень ён толькі і рабіў, што шныпарыў па ўсім доме. Ён ледзь не патануў у ванне, ён ткнуўся носам у чарніла і зараз жа пасля гэтага апёк сабе нос аб цыгару, якую паліў Вялікі Чалавек, бо ўзабраўся да Вялікага Чалавека на калені — паглядзець, як пішуць пяром на паперы. Увечары ён прыбег у Тэдзеву спальню, каб паглядзець, як запальваюцца лямпы. А калі Тэдзі ўлёгся ў ложак, Рыкі-Цікі прыкархнуў каля яго, але выявілася, што ён — неспакойны сусед, бо пры кожным шолаху ён усхопліваўся, прыслухоўваўся і бег даведвацца, у чым справа. Бацька з маткай зайшлі перад сном праведаць свайго сына, які ўжо спаў, і ўбачылі, што Рыкі-Цікі не спіць, а сядзіць у яго на падушцы.

— Не падабаецца мне гэта, — сказала Тэдзева маці. — А што, калі ён укусіць хлопчыка?..

— Не бойся, — сказаў бацька. — Гэтая звярына абароніць яго лепш за ўсякага сабаку. Калі, напрыклад, запаўзе сюды змяя...

Але Тэдзева маці не хацела і думаць пра такія жахі.

Снедаць раніцой Рыкі прыехаў на веранду верхам на Тэдзевым плячы. Яму далі банан і кавалачак яйка. Ён перабываў на каленях ва ўсіх, бо добры мангуст ніколі не губляе надзеі зрабіцца мангустам хатнім. Усе яны з маленства мараць пра тое, што яны будуць жыць у чалавечых дамах і бегаць з пакоя ў пакой.

Пасля снедання Рыкі-Цікі выбег у сад — паглядзець, ці няма там чаго надзвычайнага. Сад быў вялікі, толькі напалову расчышчаны. Ружы раслі ў ім вялізныя, і апельсінавыя дрэвы, і лімонныя, і густыя зараснікі высокай травы. Рыкі-Цікі нават аблізнуўся.

— Нядрэннае месца для палявання! — сказаў ён.

І ледзь толькі падумаў пра паляванне, як хвост у яго надзьмуўся, што круглая шчотка. Ён шпарка абабег навакольную мясцовасць, нюхнуў тут, нюхнуў там, і раптам да яго данесліся з цярноўніку нечыя засмучоныя галасы. Гэта былі Дарзі, птушка-кравец, і яго жонка. У іх было прыгожае гняздо: яны сшылі яго з двух вялікіх лістоў тонкімі валакністымі дубчыкамі і напоўнілі мяккім пухам і бавоўнаю. Гняздо гушкалася ва ўсе бакі, а яны сядзелі на беражку яго і ўголас плакалі.

— Што здарылася? — спытаў Рыкі-Цікі.

— Вялікае няшчасце! — адказаў Дарзі. — Адно з нашых птушанятак вывалілася ўчора з гнязда, і Наг праглынуў яго.

— Гм, — сказаў Рыкі-Цікі, — гэта вельмі сумна... Але я тут нядаўна... Я нетутэйшы... Хто такі Наг?

Дарзі і яго жонка шмыгнулі ў гняздо і нічога не адказалі, бо з густой травы, з-пад куста пачулася прыцішанае сіпенне — страшны, халодны гук, які прымусіў Рыкі-Цікі адскочыць назад на цэлых два футы. Потым з травы ўсё вышэй і вышэй, вяршок за вяршком, пачала падымацца галава Нага, вялікай чорнай кобры[2], — і меў гэты Наг пяць футаў у даўжыню — ад галавы да хваста.

Калі трэцяя частка яго тулава паднялася над зямлёй, ён спыніўся і пачаў гойдацца, як адуванчык пад ветрам, і глянуў на Рыкі-Цікі сваімі злоснымі змяінымі вочкамі, якія астаюцца заўсёды аднолькавымі, пра што б ні думаў Наг.

— Ты пытаеш, хто такі Наг? Глядзі на мяне і дрыжы! Бо Наг — гэта я...

І ён раздзімаў свой капюшон яшчэ больш, і Рыкі-Цікі ўбачыў на капюшоне акулярную метку, якраз такую, як стальная пятля ад стальнога кручка.

Рыкі зрабілася страшна — на хвіліну. Але больш як адну хвіліну мангусты наогул нікога не баяцца, і хоць Рыкі-Цікі ніколі не бачыў жывой кобры, бо матка карміла яго мёртвымі, — ён добра разумеў, што мангусты на тое і існуюць на свеце, каб ваяваць са змеямі, перамагаць іх і есці.

Гэта было вядома і Нагу, і таму ў глыбіні яго халоднага сэрца быў страх.

— Ну дык што! — сказаў Рыкі-Цікі, і хвост у яго пачаў надзімацца зноў. — Ты думаеш, калі ў цябе акуляры на капюшоне, дык ты маеш права глытаць птушанят, якія вываляцца з гнязда?

Наг думаў у гэты час пра другое і пільна прыглядаўся, ці не варушыцца трава за спіной у Рыкі. Ён ведаў, што, калі ў садзе з'явіліся мангусты, значыць, і яму і ўсяму змяінаму роду хутка прыйдзе канец. Але цяпер яму патрэбна было адцягнуць увагу ворага. Таму ён крышку нагнуў галаву і, схіліўшы яе набок, сказаў:

— Давай пагаворым. Ты ж птушыныя яйкі ясі, хіба не праўда? Дык чаму ж мне не паласавацца птушкамі?

— Ззаду! Ззаду! Агляніся назад! — спяваў у гэты час Дарзі.

Але Рыкі-Цікі добра разумеў, што вылупліваць вочы ўжо няма калі. Ён падскочыў як мага вышэй і ўбачыў унізе пад сабою сыклівую галаву Нагайны, злоснай жонкі Нага. Яна падкралася ззаду, пакуль Наг размаўляў з ім, і хацела яго прыкончыць. Яна таму і сіпела, што Рыкі ўцёк ад яе. Падскочыўшы, Рыкі бухнуўся прама да яе на спіну, і калі б ён быў крышку старэйшы, ён ведаў бы, што цяпер самая пара пракусіць ёй спіну зубамі: раз куснуў — і гатова! Але ён баяўся яе страшнага джала. Усё ж ён куснуў яе, але не так моцна, як трэба было, і адразу ж адскочыў ад выгінаў яе хваста, пакінуўшы яе разлютаванай і параненай.

— Брыдкі, брыдкі Дарзі! — сказаў Наг і выцягнуўся ўгору колькі мог, каб дастаць да гнязда, што вісела на шыпшынавым кусце. Але Дарзі знарок будуе сваё гняздо так высока, каб змеі не дасталі да яго, і гняздо толькі загойдалася на суку.

Рыкі-Цікі адчуваў, што вочы ў яго робяцца ўсё чырванейшыя і гарачэйшыя, а калі вочы ў мангуста чырванеюць, гэта значыць — ён вельмі злосны. Ён сеў на хвост і на заднія лапы, як маленькі кенгуру, і, паглядзеўшы на ўсе бакі, забалбатаў ад злосці. Але ваяваць не было з кім: Наг і Нагайна шмыгнулі ў траву і зніклі. Калі змяі здарыцца прамахнуцца, яна не гаворыць ніводнага слова і не паказвае, што яна збіраецца рабіць. Рыкі-Цікі нават не спрабаваў даганяць іх, бо ён не быў упэўнены ў тым, што зможа справіцца з абодвума ворагамі адразу. Ён пабег трушком у напрамку да дома, сеў на пясчанай сцежачцы і глыбока задумаўся. Ды і было над чым падумаць.

Калі табе прыйдзецца чытаць старыя кнігі па прыродазнаўству, ты прачытаеш, быццам укушаны змяёй мангуст зараз жа пачынае шукаць нейкую травіну, якая быццам бы вылечвае яго ад укусу. Гэта няпраўда. Перамога мангуста над кобрай — у шпаркасці яго вачэй і лап. У кобры — укус, у мангуста — скачок.

І таму, што ніякае вока не прасочыць руху змяінай галавы, калі яна хоча куснуць, гэты скачок мангуста больш дзіўны, чым усякія чараўнічыя травы.

Рыкі-Цікі добра разумеў, што ён яшчэ малады і ненапрактыкаваны. Таму яму і было так радасна думаць, што ён злаўчыўся ўцячы ад нападу ззаду. Ён адчуў вялікую пашану да сябе, і калі па садовай дарожцы падбег да яго Тэдзі, ён быў не супроць таго, каб дазволіць хлопчыку пагладзіць сябе. Але якраз у той момант, калі Тэдзі нахіліўся над ім, нешта прамільгнула, выкручваючыся ў пыле, і цененькі галасок вымавіў: «Сцеражыся! Я — смерць!»

Гэта была Карайт, пыльна-шэрая змейка. Джала ў яе такое ж атрутнае, як і ў кобры, але таму, што яна маленькая, ніхто і не глядзіць на яе, і такім чынам яна робіць людзям яшчэ больш шкоды.

Вочы ў Рыкі-Цікі зноў зрабіліся чырвоныя, і ён, падскокваючы, падбег да Карайт той асаблівай няроўнай хадою ўразвалку, якая дасталася яму ад ягоных прародзічаў. Хада пацешная, але вельмі зручная, таму што дае вам магчымасць зрабіць скачок пад любым патрэбным вуглом. А калі сутыкаешся са змеямі, гэта сама важнае. Паядынак з Карайт быў яшчэ больш небяспечны для Рыкі, чым бойка з Нагам, бо Карайт, такая маленькая, такая вёрткая і спрытная, што, калі толькі Рыкі не ўвап'ецца ў яе ззаду зубамі крышку ніжэй галавы, Карайт абавязкова ўджаліць яго або ў вока, або ў губу.

Але ж Рыкі гэтага не ведаў. Вочы ў яго зусім пачырванелі, ён ужо ні пра што не думаў — ён ішоў і пагойдваўся то ўзад, то ўперад, шукаючы, куды б яму лепш ушпіліцца зубамі. Карайт наляцела на яго, каб уджаліць. Рыкі адскочыў убок і хацеў ужо быў пусціцца наўцёкі, але праклятая пыльна-шэрая галоўка нагнала яго, і каб скінуць яе са спіны, яму прыйшлося перакуліцца ў паветры. Яна не адставала і імчалася за ім па пятах.

Тэдзі павярнуўся да дома і крыкнуў:

— Ідзіце паглядзіце: наш мангуст забівае змяю!

І Рыкі-Цікі пачуў, як войкнула Тэдзева матка. Бацька хлопчыка выбег з кіем, але якраз у гэты час Карайт зрабіла няўдалы скачок — скочыла далей, чым трэба, — і Рыкі-Цікі ўскочыў на Карайт і ўшпіліўся зубамі крышку ніжэй яе галавы, а потым адкаціўся ад яе. Карайт адразу перастала варушыцца, і Рыкі-Цікі падрыхтаваўся ўжо з'есці яе, пачынаючы ад хваста (такі абедзенны звычай у мангустаў), як раптам успомніў, што мангусты ад сытнай ежы цяжэюць і што, калі ён хоча захаваць свой спрыт і сілу, ён павінен аставацца худы. Ён адышоўся і пачаў купацца ў пыле пад кустом клешчавіны, а Тэдзеў бацька накінуўся з кіем на мёртвую Карайт.

«Навошта гэта? — думаў Рыкі. — Я ж ужо прыкончыў яе».

І тут да Рыкі-Цікі падбегла Тэдзева матка, падняла яго прама з пылу і пачала моцна прыціскаць да сябе, крычучы, што ён выратаваў яе сына ад смерці, а Тэдзі зрабіў вялікія вочы, і ў ягоных вачах быў спалох. Мітусня спадабалася Рыкі, але чаму яна адбылася, ён, вядома, зразумець не мог. Можа, Тэдзева матка лашчыць яго за тое, што ён выкачаўся ў пыле? Ва ўсякім выпадку, усё гэта было вельмі прыемным.

Калі селі абедаць, Рыкі-Цікі, гуляючы па абрусе сярод шклянак віна, мог бы тройчы напакаваць сабе бруха найсмачнейшымі прысмакамі, але ён успомніў пра Нага і Нагайну, і хоць яму было вельмі прыемна, што Тэдзева маці ціскае і гладзіць яго і што Тэдзі садзіць яго да сябе на плячо, але вочы ў яго штохвіліны чырванелі, і ён кідаў свой ваяўнічы кліч:

— Рыкі-цікі-цікі-цікі-чк!

Тэдзі ўзяў яго да сябе ў ложак. Хлопчыку хацелася, каб Рыкі абавязкова спаў у яго пад самым падбародкам, на грудзях. Рыкі быў добрага выхавання мангуст і не мог ні ўкусіць, ні абдрапаць яго, але ледзь толькі Тэдзі заснуў, ён злез з ложка і пайшоў вандраваць па доме.

Упоцемку ён наткнуўся на мускусную пацучыху Чучундру, якая падкрадвалася бліжэй да сцяны.

У Чучундры разбітае сэрца. Яна енчыць і ные ўсю ноч і ўсё хоча набрацца адвагі, каб выбегчы на сярэдзіну пакоя. Але адвагі ў яе ніколі не знаходзіцца.

— Не губі мяне, Рыкі-Цікі! — закрычала яна і ледзьве не заплакала.

— Той, хто забівае змяю, ці будзе вазіцца з нейкім там мускусным пацуком! — пагардліва сказаў Рыкі-Цікі.

— Хто забівае змяю, той ад змяі і загіне! — яшчэ сумней сказала Чучундра. — І хто ведае, ці не заб'е мяне Наг, памыліўшыся? Ён падумае, што я — гэта ты...

— Знайшла чаго баяцца! — сказаў Рыкі-Цікі. — Наг у садзе, а цябе там ніколі не бывае...

— Мая стрыечная сястра — пацучыха Чуа — казала мне... — пачала Чучундра і змоўкла.

— Што ж яна казала?

— Цсс... Наг пачуе нас, ён — усюды. Няхай бы ты сам пагутарыў з маёй сястрой у садзе.

— Але ж я яе не бачыў. Ну, дык гавары! Ды хутчэй, Чучундра, а не — дык я цябе ўкушу!

Чучундра села, падкурчыўшы ногі, і пачала плакаць.

Плакала яна так доўга, што з вусоў у яе пакаціліся слёзы.

— Я такая няшчасная! — лямантавала яна. — У мяне ніколі не ставала смеласці выбегчы на сярэдзіну пакоя. Цссс! Але хіба ты не чуеш, Рыкі-Цікі? Лепш ужо мне нічога не гаварыць.

Рыкі-Цікі прыслухаўся. У доме была цішыня, але яму здалося, што да яго ледзь-ледзь даносіцца найлягчэйшае трр-трр, як быццам па шкле прайшла аса. Гэта шархацела змяіная скура па цаглянай падлозе.

«Або Наг, або Нагайна! — вырашыў ён. — Нехта з іх паўзе ў ванны пакой па рыштку для сцякання вады...»

— Праўда твая, Чучундра. Мне трэба было б пагаманіць з тваёй Чуа.

Ён пракраўся ў Тэдзеў пакой для ўмывання, але там нікога не было. Адтуль ён прабраўся ва ўмывальны пакой Тэдзевай маткі. Там у атынкаванай гладкай сцяне, каля самай падлогі, была вынята цагліна для спуску вады, і калі Рыкі прабіраўся па каменнаму беражку таго паглыбення, у якое ўстаўлена ванна, ён пачуў, як за сцяной у ззянні месяца шэпчуцца Наг і Нагайна.

— Калі ў доме перастануць жыць людзі, — гаварыла Нагайна мужу, — ён таксама пойдзе адсюль, і сад зноў будзе наш. Ідзі ж, не хвалюйся і памятай, што перш-наперш ты павінен укусіць Вялікага Чалавека, які забіў Карайт. А потым вяртайся да мяне, і мы ўдваіх прыкончым Рыкі-Цікі.

— Але ці будзе нам якая, хоць найменшая, карысць, калі мы заб'ём іх?

— Ды што ты! Вялізная! Калі дом быў пусты, хіба тут вяліся мангусты? Пакуль у доме ніхто не жыве, мы з табою — цары ўсяго саду: ты цар, я царыца. І не забудзься, што калі на градзе з дынямі вылупяцца з яек нашы дзеці (а гэта можа здарыцца і заўтра), ім патрэбен будзе спакой і ўтульнасць.

— Пра гэта я і не падумаў, — сказаў Наг. — Добра, я іду. Але, здаецца, няма ніякага сэнсу выклікаць на бой Рыкі-Цікі. Я заб'ю Вялікага Чалавека і яго жонку, а таксама, калі мне ўдасца, яго сына — і выпаўзу ціхенька. Тады дом стане пусты, і Рыкі-Цікі сам пойдзе адсюль.

Рыкі-Цікі ажно ўвесь дрыжаў ад абурэння і злосці.

У адтуліну прасунулася галава Нага, а за ёй і ўсе пяць футаў яго халоднага тулава. Рыкі-Цікі хоць і быў разлютаваны, але ўсё ж жахнуўся, калі ўбачыў, якая вялізная гэта кобра. Наг скруціўся ў кальцо, падняў галаву і прыглядаўся да цемры ваннага пакоя — Рыкі-Цікі мог бачыць, як цьмяна пабліскваюць яго вочы.

«Калі я заб'ю яго цяпер, — меркаваў Рыкі-Цікі, — пра гэта зараз жа даведаецца Нагайна. Біцца ж у адкрытым месцы мне вельмі нявыгадна: Наг можа мяне адолець. Што мне рабіць?»

Наг пагойдваўся ўправа і ўлева, а потым Рыкі-Цікі пачуў, як ён п'е ваду з вялікага збана, якім карысталіся, наліваючы ванну.

— Цудоўна! — сказаў Наг, прагнаўшы смагу. — У Вялікага Чалавека быў кій, калі ён выбег, каб забіць Карайт. Можа, гэты кій пры ім і цяпер. Але калі сёння ўранку ён прыйдзе сюды мыцца, ён будзе, вядома, без кія... Нагайна... ты чуеш мяне?.. Я пачакаю яго тут у халадку да раніцы.

Нагу ніхто не адказаў, і Рыкі-Цікі зразумеў, што Нагайна адпаўзла. Наг абвіўся вакол вялікага збана каля самай падлогі і заснуў. А Рыкі-Цікі стаяў ціха, як смерць. Праз гадзіну ён пачаў пасоўвацца да збана — мускул за мускулам. Рыкі прыглядаўся да шырокай спіны Нага і думаў, куды ўшпіліцца зубамі.

«Калі я ў першы ж момант не перакушу яму шыю — у яго ўсё яшчэ хопіць сілы змагацца са мной, а калі ён пачне змагацца — о, Рыкі!..»

Ён паглядзеў, якая тоўстая шыя ў Нага, — не, яму з гэткай шыяй не справіцца. А грызнуць дзе-небудзь бліжэй да хваста — толькі яшчэ горш раззлаваць ворага.

«Астаецца галава, — вырашыў ён. — Галава над самым капюшонам. І калі ўжо ўчапіцца ў яе, дык не выпускаць нізавошта...»

І ён скочыў. Галава змяі ляжала крышку наводшыб: пракусіўшы яе зубамі, Рыкі-Цікі мог прыперціся спінаю да выступу глінянага збана і не даць галаве падняцца з зямлі. Такім чынам ён выйграваў толькі секунду, але ўжо гэтую секунду ён выкарыстаў як толькі мог. А потым яго падхапіла і бразнула вобземлю, і пачало шкуматаць на ўсе бакі, як пацука шкуматае сабака, і ўгору, і ўніз, і вялікімі кругамі, але вочы ў яго былі чырвоныя, і ён не адваліўся ад змяі, калі яна малаціла ім па падлозе, раскідаючы ва ўсе бакі бляшаныя тазікі, мыльніцы, шчоткі, і біла яго аб берагі металічнай ванны.

Ён сціскаў сківіцы ўсё мацней і мацней, таму што хоць і думаў, што прыйшла яго смерць, але вырашыў сустрэць яе, не расціскаючы зубоў. Гэтага патрабаваў гонар яго роду.

Галава ў яго кружылася, яму рабілася моташна, і ён адчуваў сябе так, быццам увесь быў пабіты на кавалкі. Раптам у яго за спіной быццам грукнуў пярун, і гарачы віхор наляцеў на яго і збіў яго з ног, а чырвоны агонь абсмаліў яму шэрстку. Гэта Вялікі Чалавек, пабуджаны шумам, прыбег з паляўнічай стрэльбай, стрэліў адразу з абодвух ствалоў і папаў Нагу ў тое месца, дзе канчаецца ягоны капюшон. Рыкі-Цікі ляжаў, не расціскаючы зубоў, і вочы ў яго былі заплюшчаныя, бо ён лічыў сябе за мёртвага. Але змяіная галава ўжо больш не варушылася. Вялікі Чалавек падняў Рыкі з падлогі і сказаў:

— Гэта зноў мангуст. Той самы. На гэты раз, Эліс, ён выратаваў ад смерці нас: і цябе, і мяне.

Тут увайшла Тэдзева маці з вельмі белым тварам і ўбачыла тое, што асталося ад Нага, а Рыкі-Цікі сяк-так давалокся да Тэдзевай спальні і ўсю ноч толькі і рабіў, што пацягваўся, быццам хочучы праверыць, ці праўда, што яго цела разбіта на сорак кавалкаў, ці гэта яму толькі так здалося ў бойцы.

Калі прыйшла раніца, ён увесь нібы адубеў, але быў вельмі задаволены сваімі ўчынкамі.

«Цяпер я павінен прыкончыць Нагайну, а гэта цяжэй, чым справіцца з тузінам Нагаў... А тут яшчэ яйкі гэтыя, пра якія яна гаварыла. Я нават не ведаю, калі з іх будуць вылузвацца змеяняты... Пайду і пагаманю з Дарзі».

Не чакаючы снедання, Рыкі-Цікі з усіх ног кінуўся ў куст цярноўніку. Дарзі сядзеў у гняздзе і з усёй моцы распяваў вясёлую пераможную песню.

Увесь сад ужо ведаў пра пагібель Нага, бо прыбіральшчык выкінуў яго цела на сметнік.

— Ах ты, дурны жмут пер'я! — сказаў Рыкі-Цікі злосна. — Хіба цяпер пара для песень?

— Памёр, памёр, памёр Наг! — заліваўся Дарзі. — Адважны Рыкі-Цікі ўчапіўся ў яго зубамі і не выпусціў! А Вялікі Чалавек прынёс кій, які робіць бам, перабіў Нага напалам, напалам, напалам! Ніколі ўжо Нагу не жэрці маіх дзетак!

— Усё гэта так, — сказаў Рыкі-Цікі. — Але дзе ж Нагайна?

І ён уважліва агледзеўся на ўсе бакі.

А Дарзі далей заліваўся:

— Нагайна прыйшла да рыштка, па якому сцякае вада, і паклікала Нага Нагайна да сябе, але прыбіральшчык узяў Нага на канец кія і выкінуў Нага на сметнік.

Слаўся ж, слаўся, вялікі чырванавокі герой Рыкі-Цікі...

І Дарзі зноў паўтарыў сваю пераможную песню.

— Дабрацца б мне да твайго гнязда, я выкінуў бы адтуль усіх птушанят! — закрычаў Рыкі-Цікі. — Хіба ты не ведаеш, што на ўсё свой час? Табе добра спяваць наверсе, а мне тут унізе ваяваць. Дык сціхні ж ты хоць на хвіліну.

— Добра! Я гатоў сціхнуць для цябе — для героя, для цудоўнага Рыкі! Што хоча Пераможца лютага Нага?

— Трэці раз у цябе пытаюся: дзе Нагайна?

— На сметніку яна, каля стайні, галосіць па Нагу яна... Вялікі белазубы Рыкі...

— Пакінь мае белыя зубы ў спакоі! Ці не ведаеш ты, дзе яна схавала яйкі?

— Каля самага беражка на градзе з дынямі, пад плотам, дзе сонца ўвесь дзень да захаду... Шмат тыдняў мінула з таго часу, як закапала яна гэтыя яйкі...

— І ты нават не падумаў сказаць мне пра гэта! Дык пад плотам каля самага беражка?

— Рыкі-Цікі не пойдзе ж глытаць гэтыя яйкі!

— Не, не глытаць, але... Дарзі, калі ў цябе асталося хоць каліва розуму, ляці зараз жа пад стайню і зрабі выгляд, нібы ў цябе перабіта крыло, і няхай Нагайна гоніцца за табой да гэтага куста, разумееш? Мне трэба падабрацца да грады, дзе дыні, і калі я пайду туды цяпер, яна заўважыць.

Розум у Дарзі быў птушыны. У яго маленечкай галоўцы ніколі не змяшчалася больш, як адна думка адразу. І з той прычыны, што ён ведаў, што дзеці Нагайны выводзяцца, як і яго птушаняты, з яек, яму здалося, што знішчыць іх не зусім далікатна. Але яго жонка была разумнейшая. Яна ведала, што кожнае яйка кобры — гэта тая ж кобра, і таму зараз жа вылецела з гнязда, а Дарзі пакінула дома: няхай грэе малых і гарлае свае песні пра пагібель Нага. Дарзі быў шмат у чым падобны на любога іншага мужчыну.

Прыляцеўшы на сметнік, яна пачала варушыцца за два крокі ад Нагайны і пры гэтым на ўвесь голас крычала:

— Вой, у мяне перабіта крыло! Хлопец, што жыве ў доме, кінуў у мяне камень і перабіў мне крыло!

І яна з яшчэ большым адчаем залопала крыламі.

Нагайна падняла галаву і засіпела:

— Гэта ты папярэдзіла Рыкі-Цікі, што я хачу ўкусіць яго? Дрэннае ж ты выбрала месца кульгаць!

І яна пасунулася па пыльнай зямлі да жонкі Дарзі.

— Хлопец перабіў яго каменем! — крычала жонка Дарзі.

— Добра, можа, табе будзе прыемна даведацца, што, калі ты памрэш, я разлічуся з гэтым хлопцам па-свойму. Сёння з самага ранку мой муж ляжыць на гэтым сметніку, але яшчэ да захаду хлопчык, што жыве ў доме, таксама будзе ляжаць вельмі ціха... Але куды ж ты? Ці не думаеш ты ўцячы? Усё роўна ад мяне нідзе не дзенешся! Дурная, паглядзі на мяне!

Але жонка Дарзі добра разумела, што якраз гэтага ёй і не трэба рабіць, бо варта толькі якой-небудзь птушцы глянуць змяі ў вочы, як на птушку са страху находзіць слупняк, і яна ўжо не можа паварушыцца.

Жонка Дарзі рванулася прэч, жаласна папіскваючы і бездапаможна лапочучы крыламі. Над зямлёй яна не ўзляцела ні разу, а Нагайна імчалася за ёй усе шпарчэй.

Рыкі-Цікі пачуў, што яны бягуць ад стайні па садовай дарожцы, і кінуўся да грады з дынямі, па той бок яе, што каля самага плота. Там у разапрэлай зямлі, якая пакрывала дыні, ён знайшоў дваццаць пяць змяіных яек, вельмі добра схаваных, — кожнае такой велічыні, як яйка бантамкі[3], — толькі замест шкарлупіны яны былі пакрыты белаватай скуркай.

— Яшчэ дзень, і было б позна! — сказаў Рыкі-Цікі, бо ён убачыў, што ўсярэдзіне ляжаць, скруціўшыся, маленькія кобры. Ён ведаў, што з той самай хвіліны, як яны вылупяцца з яек, кожная можа забіць чалавека або мангуста. Ён пачаў хутка-хутка надкусваць вяршкі яек, стараючыся зачапіць і галоўкі змеянят, і ў той жа час ён не забываўся капануць граду то там, то тут, каб не пакінуць якога-небудзь яйка незаўважаным.

Асталося ўсяго тры яйкі, і Рыкі-Цікі пачаў ужо хіхікаць ад радасці, калі жонка Дарзі крыкнула яму:

— Рыкі-Цікі! Я завяла Нагайну пад дом, і Нагайна папаўзла на веранду. О, хутчэй! Хутчэй! Яна надумала забойства!

Рыкі-Цікі надкусіў яшчэ два яйкі, а трэцяе ўзяў у зубы і памчаўся пад веранду. Тэдзі, яго маці і бацька сядзелі на верандзе за снеданнем. Але Рыкі-Цікі заўважыў, што яны нічога не елі. Яны сядзелі нерухома, як каменныя, і твары ў іх былі белыя. А па цыноўцы, каля самага крэсла Тэдзі, выгіналася кольцамі Нагайна. Яна падпаўзла так блізка, што магла ў любы момант уджаліць голую нагу Тэдзі. Пагойдваючыся ў розныя бакі, яна спявала пераможную песню.

— Сын Вялікага Чалавека, які забіў Нага, — сыкала яна, — пачакай крыху, сядзі і не зварухніся. Я яшчэ не гатова. І вы ўсе трое сядзіце цішэй. Калі вы паварушыцеся, я ўджалю яго. Калі вы не паварушыцеся, я таксама ўджалю. О, неразумныя людзі, забойцы Нага!

Тэдзі, не адрываючыся, упіўся вачамі ў бацьку, а бацька толькі і мог шаптаць:

— Сядзі і не варушыся, Тэдзі. Сядзі і не варушыся!

Тут падбег Рыкі-Цікі і крыкнуў:

— Павярніся да мяне, Нагайна, павярніся і давай змагацца!

— Усё ў свой час! — адказала яна, не гледзячы на Рыкі-Цікі. — З табою я разлічуся потым. А пакуль што паглядзі на сваіх любых сяброў: як яны прыціхлі і якія ў іх белыя твары. Яны спалохаліся, яны не смеюць паварушыцца. І калі ты зробіш хоць адзін крок, я ўджалю.

— Паглядзі на сваіх змеянят, — сказаў Рыкі-Цікі, — там, каля плота, на градзе з дынямі. Ідзі і паглядзі, што з імі стала.

Змяя зірнула ўбок і ўбачыла на верандзе яйка.

— О! Дай яго мне! — закрычала яна.

Рыкі-Цікі паклаў яйка паміж пярэднімі лапамі, і вочы ў яго зрабіліся чырвоныя, як кроў.

— А які выкуп за змяінае яйка? За маленькую кобру? За кобру-царэўну? За сама, сама апошнюю ў родзе? Астатніх на градзе з дынямі ўжо жаруць мурашкі.

Нагайна павярнулася да Рыкі-Цікі. Яйка прымусіла яе забыцца на ўсё, і Рыкі-Цікі бачыў, як бацька Тэдзі працягнуў вялікую руку, ухапіў Тэдзі за плячо, правалок яго па стале, застаўленым кубкамі і шклянкамі, у такое месца, дзе змяя не дастане яго.

— Ашукаў! Ашукаў! Ашукаў! Рык-чк-чк! — дражніў яе Рыкі-Цікі. — Хлопчык застаўся цэлы, а я, я, я сёння ўночы злавіў твайго Нага за каршэнь... там, у ванным пакоі... ага!

Тут ён пачаў падскокваць і прыціскацца галавою да падлогі.

— Наг размахваў мной ва ўсе бакі, але не мог скінуць мяне з сябе! Ён ужо быў нежывы, калі Вялікі Чалавек рассек яго кіем на дзве часткі. Забіў яго я, Рыкі-Цікі-чк-чк! Выходзь жа, Нагайна. Выходзь і біся са мной. Табе нядоўга асталося быць удавой!

Нагайна ўбачыла, што Тэдзі ёй ужо не забіць, а яйка ляжыць у Рыкі-Цікі паміж лапамі.

— Аддай мне яйка, Рыкі-Цікі... Аддай мне маё апошняе яйка, я пайду і не вярнуся ніколі, — сказала яна, апускаючы свой капюшон.

— Так, ты пойдзеш і ніколі не вернешся, Нагайна, бо табе хутка ляжаць побач з тваім Нагам на сметніку. Хутчэй жа змагайся са мною. Вялікі Чалавек пайшоў па стрэльбу ўжо. Змагайся ж са мною, Нагайна!

Рыкі-Цікі бегаў кругом Нагайны на такой адлегласці, каб яна не магла яго зачапіць, і яго маленькія вочкі былі, як гарачае вуголле.

Нагайна скруцілася ў клубок і з усёй сілы наляцела на яго. А ён адскочыў угору — і назад. Зноў, і зноў, і зноў паўтараліся яе напады, і кожны раз яе галава стукалася з размаху аб цыноўку, і яна зноў скручвалася, як пружына ў гадзінніку. Рыкі-Цікі танцаваў па крузе, жадаючы абысці яе ззаду, але Нагайна кожны раз паварочвалася, каб сустрэць яго тварам у твар, — і ад гэтага яе хвост шалясцеў па цыноўцы, як сухое лісце пад ветрам.

Ён і забыўся пра яйка. Яно ўсё яшчэ ляжала на верандзе, і Нагайна падкрадвалася да яго ўсё бліжэй і бліжэй. І нарэшце, калі Рыкі-Цікі прыпыніўся, каб аддыхнуць крыху, яна падхапіла яйка і, слізгануўшы па сходках веранды, панеслася як страла па дарожцы. Рыкі-Цікі — за ёй. Калі кобра ўцякае ад смерці, яна выгінаецца так, як дубец, якім хвошчуць конскую шыю.

Рыкі-Цікі ведаў, што ён павінен дагнаць яе, інакш усе трывогі пачнуцца спачатку. Яна неслася да цярноўніку, каб шмыгнуць у густую траву, і Рыкі-Цікі, прабягаючы, пачуў, што Дарзі ўсё яшчэ распявае сваю недарэчную пераможную песню. Але жонка Дарзі была разумнейшая за яго. Яна вылецела з гнязда і залапатала крыламі над галавой Нагайны. Калі б Дарзі прыляцеў ёй на дапамогу, яны, можа, прымусілі б кобру звярнуць з дарогі. Цяпер жа Нагайна толькі крышку апусціла свой капюшон і паўзла далей нацянькі. Але гэта лёгкая затрымка наблізіла да яе Рыкі-Цікі, і, калі яна шмыгнула ў нару, дзе жылі яна і Наг, белыя зубы Рыкі ўчапіліся ёй у хвост, і Рыкі праціснуўся туды следам за ёю, а, дапраўды, не ўсякі мангуст, нават сама разумны і стары, адважыцца пайсці за кобрай у нару. У нары было цёмна, і Рыкі-Цікі не мог адгадаць, дзе яна пашыраецца настолькі, што Нагайна павернецца і ўджаліць яго. Таму ён люта ўчапіўся ў яе хвост і, карыстаючыся лапамі, як тармазамі, з усёй моцы ўпіраўся ў мокрую цёплую зямлю.

Хутка трава перастала хістацца каля ўвахода ў нару, і Дарзі сказаў:

— Загінуў Рыкі-Цікі! Мы павінны праспяваць яму пахавальную песню. Бясстрашны Рыкі-Цікі загінуў. Нагайна заб'е яго ў сваім падзямеллі. У гэтым няма ніякага сумнення.

І ён заспяваў вельмі сумную песню, якую склаў у той жа момант, але толькі ён дайшоў да сама сумнага месца, як трава над нарой заварушылася зноў, і адтуль, увесь заквэцаны ў гразь, выбраўся, аблізваючы вусы, Рыкі-Цікі. Дарзі ўскрыкнуў не вельмі голасна і спыніў сваю песню.

Рыкі-Цікі абтрос з сябе пыл і чхнуў.

— Усё скончана, — сказаў ён. — Удава ніколі ўжо не выйдзе адтуль.

І чырвоныя мурашкі, што жывуць паміж сцяблоў травы, пачалі спускацца ў нару, каб даведацца, ці праўду ён гаворыць.

Рыкі-Цікі скруціўся ў клубок і тут жа, у траве, не сыходзячы з месца, заснуў — і спаў, і спаў, і спаў да самага вечара, бо нялёгкая была яго работа ў той дзень.

А калі прачнуўся, ён сказаў:

— Цяпер я пайду дадому. Ты, Дарзі, паведамі кавалю, а ён паведаміць усяму саду, што Нагайна памерла ўжо.

Каваль — гэта птушка. Гукі, якія выходзяць з яе горла, зусім як удары малаточка па медным тазе. Гэта таму, што яна служыць за вяшчальніка ў кожным індускім садзе і паведамляе навіны кожнаму, хто хоча слухаць яе.

Ідучы па садовай дарожцы, Рыкі-Цікі пачуў яе першую трэль — як удары ў маленькі абедзенны гонг. Гэта азначала: «Маўчыце і слухайце!» А потым звонка і цвёрда:

— Дзінг-донг-ток! Наг памёр! Донг! Нагайна памерла! Дзінг-донг-ток!

І адразу ўсе птушкі ў садзе заспявалі і ўсе жабы заквакалі, бо Наг і Нагайна жэрлі і птушак і жаб.

Калі Рыкі-Цікі падышоў пад дом, Тэдзі, і Тэдзева матка (яна ўсё яшчэ была вельмі белая), і Тэдзеў бацька кінуліся яму насустрач і ледзь не заплакалі. У гэты вечар яму надавалі столькі ўсякай ежы, што ён і еў бы больш, ды не мог, а калі прыйшоў час спаць, ён усеўся Тэдзі на плячо і выправіўся ў ложак разам з ім. Там убачыла яго Тэдзева маці, якая прыйшла праведаць сына ўвечары.

— Гэта наш збаўца! — сказала яна мужу. — Падумай толькі: ён выратаваў і Тэдзі, і цябе, і мяне.

Рыкі-Цікі адразу ж прачнуўся і нават падскочыў, бо сон у мангустаў вельмі чуткі.

— А, гэта вы! — сказаў ён. — Чаго ж вам яшчэ непакоіцца: ніводнай жывой кобры не асталося, а каб і асталося — дык я ж тут.

Рыкі-Цікі меў права ганарыцца сабою. Але ўсё ж ён вельмі не задаваўся і, як сапраўдны мангуст, ахоўваў гэты сад і зубам, і кіпцем, і скачком, і наскокам, так, што ніводная кобра не смела паткнуцца сюды цераз агароджу.


Хвалебная песня,

якую птушка-кравец Дарзі спяваў у славу Рыкі-Цікі-Таві



          Хто яшчэ гэтак жыве —

          У небе я песні пяю.

          Тут, на зямлі, я — кравец —

          Гнёзды і шыю, і ўю.

          Тут, на зямлі, і ў небе над ёй

          Шыю я, ўю і пяю!

 

          * * *

 

          Радуйся, маці! Цяпер

          Над птушанём не дрыжы:

          Наг — крыважэрлівы звер —

          Ў цеснай магіле ляжыць.

          Крывасмок, што таіўся ў ружах,

          У цеснай магіле ляжыць.

 

          * * *

 

          Хто быў — спявайце грамчэй! —

          Карай для гадзіны злой.

          — Рыкі — яскравасць вачэй,

          Цікі — бясстрашны герой,

          Рыкі-Цікі-Цікі, герой наш вялікі,

          Наш агнявокі герой!

 

          * * *

 

          Слава знішчальніку змей,

          Радасць прынёсшаму нам.

          Песню спявай, салавей.

          Не, заспяваю я сам.

          Славу пяю я вялікаму Рыкі,

          Кіпцям яго смелым, зубам яго белым,

          Агнёва-чырвоным вачам!

 

(Тут песня перарываецца, бо Рыкі-Цікі-Таві перашкодзіў спеваку далей спяваць яе.)

  1. Мангуст — парода пацукоў, пашыраная ў Індыі. Мускусны пацук вядзецца галоўным чынам у Паўночнай Амерыцы.
  2. Кобра — атрутная змяя. На шыі ў яе малюнак, падобны да акуляраў. Калі яна злуецца, яна раздзімае шыю так, што атрымліваецца нешта накшталт капюшона.
  3. Бантамка — курыца дробнай пароды.