Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/РУЧЭЙ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Адлёт жураўлёў РУЧЭЙ
Аўтар: Якуб Колас
1909
На полі вясною


РУЧЭЙ

Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць і грыміць
Срэбразвонны ручэй.

Як матулька, вярба
Хіліць голаў над ім.
І глядзяцца кусты
Пышным верхам сваім.

Абступаюць яго
Шаптуны-чараты,
І вяночкі яму
Выплятаюць квяты.

Часам зорка-дзяўча
Кіне вокам здалёк,
І хмурынка ня раз
Зазірне ў ручаёк.

І схіляе трава
Над ім пасмы-брыжы.
А ён, жэўжык-пястун,
Гучным сьмехам дрыжыць.

То заскочыць у гай,
То курган абаўе,
Дзе сярдзіта бубніць,
Дзе лагодна пяе.

Люба слухаць той сьпеў,
Так ён лашчыць твой слух,
І пад песьні яго
Адпачыне твой дух.

1909 г.