Перайсці да зместу

Руслан і Людміла (апошняя рэдакцыя)/Эпілог

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песня шостая Руслан і Людміла (апошняя рэдакцыя)
Паэмы
Аўтар: Аляксандр Пушкін
1820
Арыгінальная назва: Руслан и Людмила
Пераклад: Андрэй Александровіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Эпілог


Так, жыхар свету раўнадушны,
На ўлонні лёгкай цішыні
Я славіў ліраю паслушнай
Паданні пра былыя дні.
Спяваў і забываў пра крыўды
Заклятых ворагаў сваіх,
І здрады ветранай Дарыды,
І шэпты плеткароў дурных.
На крылах вымыслу мой розум
Ляцеў за край зямлі маёй;
Між тым нябачнаю пагрозай
Звісала хмара нада мной!..
Я прападаў… Святы ахоўнік
Пары бурлівай маладой,
О дружа, ўцешнік ты цудоўны
Душы расслабленай маей!
Ты умаліла непагоду,
Ты сэрцу зноў вярнула мір;
Ты захавала мне свабоду,
Юнацтва палкага кумір!
Забыты ўвагаю людскою,
Пакінуў неўскіх хваляў плынь,
Цяпер жа бачу прад сабою
Я гор Каўказскіх высачынь.
Над іх вяршынямі крутымі,
На схіле хмурых верхавін,
Жыву пачуццямі аднымі
І дзіўным хараством карцін
Прыроды дзікае і сумнай;
Як і раней, душа ўвесь час
Тамлівай апавіта думай —
Ды жар паэзіі пагас.
Дарма шукаю захапленняў:
Прайшла пара вясёлых сноў,
Кахання, вершаў, чулых слоў,
Пара сардэчнага гарэння!
Адплыў уцех кароткі дзень
І знікла ад мяне, як цень,
Багіня ціхага натхнення…