Перайсці да зместу

Рускі (Гарэцкі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рускі
Апавяданне
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
1915
Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Ruski.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А таму хвораму на грудзі салдату-беларусу, што прывезлі з аўстрыйскага фронту, болей выпадае ляжаць у бальніцы для нервовахворых, чым тут, у нас. Ён ляжыць на Саксанавым месцы.

Наша палата празвала яго Рускім, бо ён, калі яго забірае хвароба, крычыць шмат разоў бесперастанку:

— Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..

На выгляд гэта ёсць даволі здаровы мужчына. Ён сярэдняга росту, добрага складу, шыракаплечы, і грудзі ў яго звычайныя. На твары ніякай хваравітасці не відаць, — пэўна ж, калі ўважаць на тое, што чалавек прыехаў не з гасцей, а з акопаў. І толькі ў вачах гаротніка ё штосьці такое, што выдае цяжкую хваробу, і муку, і безнадзейнасць. Вочы ў яго праваліліся, зрабіліся маленькімі. Галоўнае ж, яны страшэнна змарнаваныя, нейкія змятыя, сцёртыя. Трэба прыгледзецца да іх, і тады відаць у іх боль.

Дзіўная гісторыя з гэтым нешчаслівым чалавекам выйшла.

З пэўнасцю можна сказаць, што да вайны ці, лепей кажучы, да мабілізацыі — Рускі быў звычайным земляробам Магілеўскае губерні: быў здаровы, але крышку павольны; здольны ад прыроды, але цёмны, грубы. Апрануты па-салдацку, ён нічым не змяніўся, толькі прытарнаваўся да свайго новага жыцця.

І на пазіцыі, у часе доўгага і спакойнага стаяння ў зацішку малаважнага фронту, болей за другіх сваіх таварышаў любіў Рускі туляцца па пустых, кінутых сялянскіх дварах і поркацца там шукаючы пажытку.

Увечары, першым змрокам, ішоў ён цягацца па зрытым акопамі палях, знаходзіў пустое бульбявішча — капаўся там сваёю маленькаю пехацінскаю лапатачкаю дзеля якога дзесятку непадабраных гаспадаром і свіннямі бульбін. Хаця яму за гэта дакаралі, не кідаў свайго блукання ў цёмным полі, і тая памаўзлівасць згубіла яго.

Аднойчы Рускі, няўпрыцям для самога сябе, забрыў лішне далёка ў бок аўстрыяцкіх пазіцый, за сваю перадавую старожу, і так забавіўся, шукаючы пажытку, што было ўжо зусім цёмна.

Троху спалоханы, асцярожна плёўся ён назад, заткнуўшы лапатачку за пояс і маючы ў адной руцэ кацялок з накапанаю бульбаю, а ў другой — стрэльбу на ўсякую неспадзяванку.

Толькі ўзняўся ён на нейкі невялічкі ўзгорачак, як знянацку ашаламеў: перад ім стаяў аўстрыяк… Абодва разам прыселі да зямлі: Рускі прысеў ад страху, а той, мусіць, таксама. Дзеелася адзін момант, а здалося дужа доўга. Аўстрыяк тады першы кажа:

— Руськый! Я маю горілку…

— Я табе нічога не зраблю! — адказаў Рускі зусім лагодна і смела ўстаў і пайшоў да яго бліжэй.

Аўстрыяка таксама падняўся, разы два ступіў і падаў руку. Ворагі прывіталіся, як даўныя сябры. Потым ізноў селі, толькі ўжо побач — і стрэльбы паклалі, кожны пры сваім баку.

Хаця блізу што зусім не гаманілі, бо языкі варочаліся туга, дый мала чаго яны разумелі ў словах той таго, але так выйшла неўзабаве, што выпілі аўстрыякаву гарэлку, заелі яго падсітным хлебцам і закурылі па кручонцы з махоркі Рускага. Гарэлкі было — адно толькі званне: па чарцы, можа, ці па дзве на брата. Пілі нагбом — спярша аўстрыяк, а тады Рускі. Калі зрабілі ўсё і трэба было расхадзіцца, пачулі нейкую прыкрасць. Ды аўстрыяк падбодрыўся і сказаў:

— Чы веды менэ до Русіі, чы разойдэмся.

Рускі паскроб ля вуха, як бы й запраўды разважаў, што тут рабіць. Паглядзеў, задраўшы галаву, і адказаў:

— Не, братка, ідзі да сваіх.

Аўстрыяк быццам трохі, нябачна, замаркоціўся. Але падаў руку. Рускі паціснуў яе. І завярнуліся ў свае бакі.

Аўстрыяк адыходзіў шпарчэй. Рускі павалюхаў марудна і няскладна, як мядзведзь. Яго прыціснула тое, што не меў часу падумаць, як гэта што было. Ён хапаўся ўцяміць, ці ўсё добра ён рабіў. І калі раптам бліснула яму ў галаве, і ён, каб не спазніцца і каб пасля не шкадаваць, што быў варонаю, ён, ужо ступіўшы разоў дзесяць, сказаў сам сабе: «Э, што ж я за ваяка». І не сказаў, толькі бліснула яму так у галаве… Павярнуўся, злажыўся стрэльбаю і без дум паціснуў пальцам:

— Так!

Гул быў глухі і невялікі. Аўстрыяк спачатку зарыўся носам і бразнуў бляшчанаю пляшкаю, з якой пілі гарэлку, аб сваю стрэльбу. Потым перавярнуўся дагары тварам — і вельмі жалосна і з працягам застагнаў.

Калі Рускі падбег і нахіліўся над яго чубатаю шапачкаю і даўна падстрыганымі вусамі, дык у цямноце мала чаго ўбачыў, але пачуў, як ён яшчэ дадаў, гаворачы быццам аб нейкім трэцім:

— Што ж цій москаль наробыв… Застанэцца моя жынка і діты…

Безнадзейная крыўда чулася ад яго; апошнія словы ледзь выдыхнуў, бо ўжо канаў. Раскінуў рукі і ногі. Рускаму здалося, што смяротная пялёнка, як у той курыцы, засцілае яго жаўтаватыя бялкі.

— А колькі ж іх маеш? — з апалым сэрцам спытаўся Рускі і мімаволі, выглядаючы сабе падмацаванне, агледзеўся наўкол, у ночным змроку.

— Ді-ты…

Забіты яшчэ раз пацягнуўся, замкнуў паволі вочы і быў гатоў.

Рускі перахрысціўся над мёртвым і палез у яго кішэню ў штанах. Выцягнуў адтуль пакамечаны ад доўгага часу і замаслены ліст у канверце. Болей нічога не было, і ён расчаравана ці нездаволена падраў яго на колькі частак. Абдумаўшыся, падняў іх з зямлі, каб пасля скурыць. І зноў кінуў. Аж рукі трохі дрыжэлі, і было брыдка, што так блазнуе, быццам не ворага забіў, а якога свайго. Смялей памацаў у яго за пазухаю, ува ўсіх кішэнях і ў шапцы і ізноў нічога добрага не знайшоў. Аглядаючы яго боты, ці варта здзіраць, глянуў незнарок у цямноту ночы, спалохаўся… Схапіў кацялок з бульбаю ў адну руку, дзве стрэльбы за раменне — у другую і пусціўся бегчы што ёсць духу да сваіх.

У роце яму не далі веры, што забіў аўстрыяка, і думалі, што прост у полі дзе знайшоў гэтую аўстрыяцкую стрэльбу. Але, праўда, была яна нядаўна ношаная, «цёплая» і пачышчаная. Можа, і забіў.

Толькі чалавек з гэтага часу перамяніўся. Быў дужа маркотны, кінуў брадзіць па дварах і бульбоўніках, упадабаў ляжаць на зямлі з раскінутымі нагамі і рукамі… Урэшце зазябіў сабе грудзі, і яго адправілі з пазіцый і прывезлі спярша ў нейкі паўднёвы горад, а потым у наш шпіталь, глыбей у тыл.

Тут не ведаюць, як яго разумець. Доктар Гэрмэер, немец з Дзвінску, якога мы ўсе не любім, лічыць Рускага за прыкідаку, іначай не заве, як «сімулянтам», і нават у вочы яму кажа:

— Ты, прахвост, прыкідаешся! Ты ўсё гэта выдумаў! Падлечым табе грудзі і ўсё роўна паедзеш ізноў на фронт.

Другі доктар, старшы, на прозвішча Квяткоўскі, а родам, як кажуць, з-пад Баранавіч, старанна лечыць яму грудзі рознымі ўдыханнямі і паветранымі ваннамі, а на яго нервы зважае мала і быццам не чуе, калі таго пачынае забіраць хвароба:

— Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..

— Ну-ну-ну, гэта не столь важна, — гаворыць старшы доктар Рускаму, пераходзячы на другіх хворых і раненых.

«Не столь важна! Не вельмі важна, гм!» — думаю сабе я.

Я на свае вушы чуў ад Рускага аб тым, як ён забіў беднага аўстрыяка, і спярша таксама не паверыў: ці мала хітрых бестый бывае паміж салдат. Аднак, я на свае вочы бачыў, у першую ж яго ноч у нашым шпіталі, як ён горка плакаў і жаліўся, што яму ўсё нешта здаецца. Няшчасны, нягледзячы на бром і падскурнае ўпырсківанне, заліўся слязьмі так шчыра і жалосна і так доўга, што ніяк не можна было яму не верыць…

1915